Вы тут

Да Дня народнага адзінства гродзенскія рукадзельніцы стварылі новы від карты Беларусі


Задумка ўзнікла ў пачатку года, які быў абвешчаны Годам народнага адзінства. Такім чынам майстры вырашылі зрабіць падарунак гораду. Але да якой даты прымеркаваць? Адказ прыйшоў сам сабой: вядома ж, да 17 верасня — Дня народнага адзінства, які быў зацверджаны Указам Прэзідэнта ў чэрвені.


У праекце задзейнічана некалькі ўстаноў, кожная зрабіла свой унёсак. Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна пашылі аснову. Майстры Цэнтра рамёстваў «Спадчына» робяць аздабленні. Палатно даволі значных памераў — 2,5 метра на 1,5. Для зручнасці яго вывесілі на сцяну. Так можна добра разглядзець, што гэта карта Беларусі, якая складаецца з рознакаляровых абласцей.

Як расказала загадчыца аддзялення дзённага наведвання для сталых людзей Цэнтра сацабслугоўвання Ленінскага раёна Наталля Галаузава, работа над асновай ішла з красавіка да жніўня. Жанчыны падбіралі тканіну, абмяркоўвалі колер кожнага рэгіёна, шылі, рабілі акантоўку. Усе ўносілі свае ідэі і працавалі з вялікім захапленнем.

Нядаўна незвычайная карта краіны была перададзена ў цэнтр рамёстваў «Спадчына». Па словах загадчыцы цэнтра Марыны Чыкун, прафесійныя майстры зоймуцца яе дэталёвым аздабленнем. Ужо замацаваны льняныя стужкі з вышыўкай-арнаментам, невялікія вырабы з традыцыйных беларускіх матэрыялаў, карткі з назвамі брэндавых рамесных фестываляў.

— Мы хочам паказаць гарады Беларусі, дзе праходзяць розныя фестывалі і кірмашы з удзелам майстроў народнай творчасці. Гэта своеасаблівая карта брэндавых свят. Напрыклад, у Гродне — Фестываль нацыянальных культур, у Зэльве — «Ганненскі кірмаш». Сёлета на ім была прадстаўлена вялікая колькасць саламяных вырабаў. А вось свята «Кераміка Крэва» скіравана на ганчарнае рамяство. «Славянскі базар» у Віцебску наогул прадстаўляе шырокі спектр народных рамёстваў. На фестывалі «Наш Грунвальд», які праходзіць у Дудутках Мінскай вобласці, пануюць кавалі, там можна ўбачыць рыцарскія вырабы, рыцарскія даспехі. Аналагічны гэтаму фестываль «Ружанская брама» праходзіць у Брэсце. На свяце «Алексадрыя збірае сяброў» у Магілёўскай вобласці сёлета былі кірункі — вышыўка, ткацтва, рушнікі. Майстры з усёй краіны прадстаўлялі гэты від традыцыйнага рамяства. Есць свята льну — «Ільняная карусель», — расказала аб некаторых адрасах унікальнай карты Марына Чыкун.

Усе рамёствы будуць пазначаныя на карце ў мініяцюры. Штосьці ўжо знайшло сваё месца. Напрыклад, тканыя палоскі-абярэгі з беларускімі сімваламі. Іх робіць кіраўнік студыі ткацтва Алена Кандрацьева.

— Мая задача — паказаць розныя віды ткацтва. Узоры сімвалізуюць яднанне чалавека з прыродай — сонца, лісты папаратніку, ружа, берагіня, поле, каласы... Чалавек закладваў навакольны свет у сімволіку абярэгаў. Склалася і пэўная колеравая гама. У беларусаў былі папулярныя белены лён, чырвоны і чорны колеры, — патлумачыла майстрыха.

У выніку дапрацоўкі палатно набудзе больш яркі і маляўнічы выгляд, паведамілі ў цэнтры «Спадчына». Будуць створаны гіпсавыя лагатыпы свят, вакол размесцяцца міні-вырабы народных промыслаў. Напрыклад, саламяная зорка, рушнічок з хлебам, керамічная талерка і многае іншае. У Беларусі вельмі шмат брэндавых мерапрыемстваў, якія прэзентуюць рамесную дзейнасць.

Палатно робіцца з такім разлікам, што будзе папаўняцца і набываць новыя адрасы. Яно нясе і інфармацыйную функцыю, бо многія змогуць даведацца, дзе праходзяць фестывалі, і паўдзельнічаць у майстар-класах. Такіх аматараў цяпер нямала, кажа Марына Чыкун. Аб гэтым сведчыць і работа самога цэнтра рамёстваў. Тут працуюць гурткі па саломапляценні, вязанні, ткацтве, кераміцы, валенні шэрсці.

Ідэя праекта — паказаць багаты патэнцыял рамяства Беларусі на сучасным стане. Па словах ініцыятараў, палатно стане падарункам гораду да Дня народнага адзінства. Яго прэзентацыя адбудзецца падчас урачыстасцяў у абласной філармоніі ў Гродне 17 верасня.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Кераміка — на захадзе, саломка — на ўсходзе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.