Вы тут

Інклюзіўнае асяроддзе. Новы трэнд у грамадстве пашырае магчымасці


На выкананне мерапрыемстваў у падпраграме «Даступнае асяроддзе. Жыццядзейнасць інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» дзяржпраграмы «Сацыяльная абарона» запланавана ўкласці больш за Br300 мільёнаў рублёў.


Фота: pixabay.com

«Пытанні сацыяльнай палітыкі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю заўсёды былі і застаюцца актуальнымі для грамадства. У Беларусі каля 6 % насельніцтва — людзі з інваліднасцю. Гэта немалая лічба, за якой стаяць рэальныя лёсы. Мы абавязаны стварыць такія ўмовы, каб жыццё ў гэтых людзей было камфортным. Праекты ў гэтым кірунку рэалізоўваюцца ў нашай краіне з 2007 года ў рамках дзяржпраграм. Да нядаўняга часу даступнае асяроддзе асацыявалася перш за ўсё са з'яўленнем поручняў і пандусаў, шырокіх дзвярэй. Але сёння гэтага недастаткова. Задача на найбліжэйшую пяцігодку — павялічыць колькасць аб'ектаў, якія будуць не часткова даступнымі, а цалкам камфортнымі для знаходжання ўсіх людзей», — сказала кансультант упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана КАПУРА.

Для гэтага і была распрацавана і зацверджана падпраграма «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» дзяржпраграмы «Сацыяльная абарона». Мэта яе — забяспечыць даступнае асяроддзе з улікам комплекснага падыходу. Гэта азначае забеспячэнне аб'ектаў не толькі пандусамі, але і падлогавай тактыльнай пліткай, універсальнымі таблічкамі са шрыфтам Брайля на будынках, маўленчымі інфарматарамі, мнемасхемамі, кантраснымі маркіроўкамі шкляных дзвярэй і дзвярных ручак, уладкаванымі ліфтамі і санвузламі, парковачнымі месцамі для асабістага транспарту людзей з інваліднасцю, зручным грамадскім транспартам (з паніжанай падлогай, з інфармацыйным табло і галасавымі абвесткамі), поўным уладкаваннем прылеглай да аб'ектаў тэрыторыі, каб інваліды маглі бесперашкодна перамяшчацца як унутры будынкаў, так і паміж імі.

Святлана Капура прывяла прыклады цалкам даступных, па-сапраўднаму камфортных для ўсіх і прадуманых да дробязяў аб'ектаў: будынак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, аўтавакзал у Брэсце, Нацыянальны аэрапорт і Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа.

«Да 2025 года нам неабходна павялічыць колькасць даступных для ўсіх грамадзян аб'ектаў да 23 %. Самае асноўнае пры гэтым — што дадзеную работу нам трэба выконваць у міжведамасным узаемадзеянні, у тым ліку прыцягваючы грамадскія аб'яднанні», — сказала Святлана Капура.

Намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксей АНАНІЧ адзначыў, што ўжо з мая ў Беларусі пачалі дзейнічаць будаўнічыя нормы «Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб», якія прымяняюцца пры праектаванні даступнага асяроддзя, будынкаў рознага прызначэння і агульнадаступных адкрытых тэрыторый з улікам прынцыпаў універсальнага дызайну. Важна тое, што гэтыя патрабаванні цяпер трэба абавязкова выконваць. Аляксей Ананіч растлумачыў, што пад фізічна аслабленымі асобамі маюцца на ўвазе не толькі інваліды. Гэта велізарная доля насельніцтва: часова маламабільныя (напрыклад, з-за хваробы, траўмы), цяжарныя, жынчыны з малымі на руках або ў калясках, дзеці дашкольнага ўзросту, састарэлыя грамадзяне.

«Сёння ўжо будуюцца аб'екты, якія адпавядаюць усім новым нарматыўным патрабаванням, прынятым у Міністэрстве для стварэння безбар'ернага асяроддзя, — дадаў намеснік міністра. — Забудоўшчыкі гатовыя ісці за новым трэндам у грамадстве — рабіць асяроддзе пражывання даступным для ўсіх катэгорый грамадзян».

Праўда, па ўжо існуючых аб'ектах праблема застаецца. Справа ў тым, што не ўсе аб'екты могуць быць мадэрнізаваны і рэканструяваны з забеспячэннем патрабаванняў безбар'ернага асяроддзя.

«Асабліва гэта датычыцца жылых будынкаў, — сказаў Аляксей Ананіч. — Мы распрацавалі альбом-схему варыянтаў забеспячэння доступу ў такія аб'екты і размясцілі яго на сайце міністэрства. Але кожны аб'ект унікальны, і падыход патрэбен індывідуальны, універсальнага рашэння няма. Хочацца адзначыць, што за апошні год колькасць зваротаў да нас аб адступленні ад патрабаванняў нарматыўна-прававых актаў, якое дазволіла б фізічна аслабленым асобам трапляць у свае жылыя будынкі без перашкод, узрасла. Гэта значыць, стала больш праекціроўшчыкаў, заказчыкаў, якія глыбока прапрацоўваюць кожнае рашэнне».

Пры карэкціроўцы будаўнічых нормаў улічваецца жыццёвая практыка. Так, міністэрства сумесна з таварыствам інвалідаў прааналізавала сітуацыю, звязаную з пад'ёмнікамі, і прапрацавала магчымасць замяніць іх на пандусы, бо практыка паказала, што выкарыстоўваюцца пад'ёмнікі не паўсюдна.

«Таму ўстанавілі патрабаванне: абавязкова выкарыстоўваць на перападах вышынь на ўваходах у будынкі пандусы, і толькі калі гэта немагчыма — пад'ёмнікі», — сказаў Аляксей Ананіч.

Таксама пасля аналізу аб'ектаў, якія ўжо будуюцца, міністэрствам былі зменены будаўнічыя нормы па жылых і грамадскіх будынках.

«Зацвердзілі патрабаванне аб тым, што неабходна забяспечваць уваход з нулявой адзнакі зямлі. Гэта значыць, ганак там, дзе магчыма, уладкоўвацца не будзе. Тады фізічна аслабленыя асобы будуць мець больш просты доступ у будынкі», — растлумачыў Аляксей Ананіч.

Ён падкрэсліў: усе змены ўвязваюцца з магчымасцямі будаўнічай галіны. Перш чым прымаць нейкія рашэнні, аналізуюцца магчымасці вырабляць патрэбную прадукцыю, выконваць неабходныя работы.


Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Вольга Васілеўская:

— Мінск працягвае адаптацыю сацыяльнай інфраструктуры ў адпаведнаcці з новымі падыходамі і правіламі. Развіваецца сістэма аказання паслуг асобам з абмежаванымі магчымасцямі, а гэта ўжо не толькі пра адаптаванае навакольнае асяроддзе, гэта больш аб прыняцці грамадствам асоб з абмежаванымі магчымасцямі, павагу да іх і ўменне аказваць ім садзейнічанне. Для гэтага мы рэгулярна праводзім навучанне персаналу гасцініц, аб'ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання.

Першачарговай задачай у Мінску на найбліжэйшы час стане поўная адаптацыя адміністрацыйных будынкаў пад існуючыя нормы стварэння безбар'ернага асяроддзя, каб у людзей не ўзнікала праблем з доступам да дзяржаўных паслуг у мясцовых органах улады, а таксама да паслуг ва ўстановах аховы здароўя, фізічнай культуры і спорту, установах сацыяльнай абароны, у аб'ектах гандлю і грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання і гасцініцах. Гэта вялікі аб'ём работы, які нам трэба будзе зрабіць у найбліжэйшую пяцігодку, каб прыярытэтныя аб'екты жыццядзейнасці Мінска былі даступныя для ўсіх груп насельніцтва.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.