Вы тут

Свае людзі ў вялікай сям’і


У прадстаўнікоў розных народаў, якія жывуць у Беларусі, ёсць магчымасці не забываць, вывучаць родныя мовы, развіваць свае культурная традыцыі на беларускай зямлі.


На прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы

Сяброўская сустрэча

Адметны дзень выбралі арганізатары прэс-канферэнцыі для размовы на тэму “Шматаблічная Беларусь. Унёсак дыяспар у міжнацыянальны дыялог”. Якраз 30 ліпеня, калі ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень дружбы, сустракаліся з журналістамі ў Прэс-цэнтры мінскага Дома прэсы загадчыца сектара апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Бязручка, кіраўнікі нацыянальных суполак Беларусі.

Як адзначала ў часе размовы Алена Рыгораўна, прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў жывуць у краіне. І хоць гавораць яны часам на розных мовах – але ж усе разумеюць, як важна зберагчы тут мір, спакой, стабільнасць у грамадстве, як важна генераваць пазітыўны настрой у нашай вялікай шматнацыянальнай сям’і. Кожны з удзельнікаў сустрэчы, як і лідары іншых суполак, запэўніла прадстаўніца дзяржавы, мог бы шмат гаварыць пра тое, чым адметная іх дзейнасць, і як ім жывецца у Беларусі, як трапілі яны сюды. А таксама й пра тое, як праз апарат Упаўнаважанага беларуская дзяржава падтрымлівае грамадска-культурную працу такіх арганізацый. Сродкі на правядзенне розных імпрэз і святочныя буклеты, сцэнічныя касцюмы, нават выданне газет выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэта. І размяркоўваюцца – па справядлівасці, з улікам меркаванняў лідараў нацыянальных аб’яднанняў: у часе пасяджэнняў Кансультатыўнага міжэтнічнага савета, які працуе пры Упаўнаважаным. “Буклет для ўкраінскай дыяспары… Грузінскі нацыянальны касцюм… Азербайджанскі жаночы касцюм… Заказ для суполкі “Русь”… І гэтыя пазнакі ў журналісцкім блакноце сведчаць: аніхто ў нас не пакрыўджаны. І ў Год народнага адзінства, лічыць Алена Бязручка, вельмі важна зберагчы й падтрымаць падобныя традыцыі міжнацыянальнай згоды, супрацы. Таму й звярнулася да журналістаў з прапановай: часцей пісаць на гэтыя тэмы. Нагадала пра конкурс для медыярэсурсаў, асобных прадстаўнікоў СМІ, які праводзіць Мінінфармацыі сумесна з Упаўнаважаным. Зрэшты, і мы ж у ім паспяхова ўдзельнічалі, а “міжнацыянальная тэма” ў нас ёсць бадай што ў кожным тэксце.

Лідары, актывісты розных грамадскіх аб’яднанняў расказалі, як ладзяць сваю працу, на чым канцэнтруюць намаганні, як развіваюць свае культурныя традыцыі ды ўдзельнічаюць у супольных праектах, у грамадска-культурным жыцці Беларусі. Нагадаю, прэс-канферэнцыя прымеркавана была да Года народнага адзінства. У краіне зарэгістраваныя, вядуць працу больш за 200 нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, іх аргструктур, створаных прадстаўнікамі 25 нацыянальных меншасцяў. Пра свае суполкі, цікавыя справы, планы на будучыню расказалі старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Кангрэс азербайджанскіх абшчын” Націк Багіраў, намесніца старшыні грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Данута Сурмач, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра” Уладзіслаў Кадзіра ды яго нястомная супляменніца паважанага ўзросту, паплечніца па грамадскай працы – старшыня мінскай суполкі ўкраінцаў “Заповит” Галіна Калюжная. Дзяліліся досведам працы кіраўнік Грузінскага культурна-асветніцкага таварыства “Мамулі” Каха Пакацашвілі (нават самапіскі ад гэтай суполкі журналістам “на працяг сяброўства” падарылі), старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання “Русь” Мікалай Сяргееў, старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Алег Ратнікаў. Будзьце ўпэўнены, паважаныя сябры: мы вас пачулі, цікавыя моманты, вартыя ўвагі, запісалі – будзем да вас яшчэ звяртацца. Ну а больш падрабязна гэтым разам спынімся на тым, што расказвала ў часе сустрэчы настаўніца з Гродна Данута Сурмач.

Данута Сурмач

Палякі – але ж нашы!

Калі глядзіш цяпер, што творыцца у свеце, на магутныя хвалі мігрантаў з розных месцаў, то міжволі разумееш: мы ўсе даўно жывём у эпоху шматнацыянальнасці. Асабліва на постсавецкіх тэрыторыях. Што да Беларусі, то на зямлі нашай спрадвеку прыжываліся, знаходзілі паразуменне людзі розных нацыянальнасцяў. Ды й ці можа быць інакш, калі Бацькаўшчына – у самым цэнтры Еўропы. З усходу і захаду, з поўначы й поўдня “этнаўплывы” – ва ўсе часы былі. Вось і палякаў на тэрыторыі Беларусі шмат: гэта трэцяя па колькасці нацыянальная дыяспара ў Беларусі. Нават язык не паварочваецца назваць яе нацменшасцю, як тое прынята ў Еўрасаюзе. Ды польская нацыянальная меншасць на Беларусі вызнае сябе этнічнымі палякамамі і адначасова карэнным насельніцтвам Беларусі. Гэта прызнаецца ў нас на афіцыйным узроўні. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва (2019), каля 288 тысяч жыхароў Беларусі аднеслі сябе да польскай нацыянальнасці. А “Саюз палякаў на Беларусі” яднае каля 4,5 тысяч супляменнікаў. Сёння суполка ў структуры сваёй мае 65 абласных, гарадскіх, раённых і сельскіх аддзелаў. Найбольшая колькасць этнічных палякаў (каля 77%) жыве на Гродзеншчыне, асабліва шмат – у Воранаўскім раёне, на памежжы з Літвой.

І хоць палякаў у Беларусі шмат, але ж яны – нашы палякі! Пераважная большасць з іх, як кажуць спецыялісты, лінгвістычна беларусіфікаваная. Паводле апошняга перапісу, роднай мовай назвалі беларускую 54,5% палякаў. Пры тым 46% з іх беларускую мову скарыстоўваюць дома, у зносінах у сям’і, а іншыя размаўляюць па-руску. Цяпер толькі 6,7% палякаў у Беларусі роднай мовай лічаць польскую. І паколькі менавіта Гродзеншчына ў “польскім пытанні” наперадзе, то ў тым рэгіёне й дзейнічаюць з 90-х гадоў дзве школы (у Гродне і Ваўкавыску) з польскай мовай навучання: там усе прадметы выкладаюцца па-польску.

Данута Сурмач – этнічная полька, дырэктарка сярэдняй школы №36 з польскай мовай навучання ў Гродне. “Я маю шчасце сустракаць сваіх вучняў словамі: “Dzień dobry”. У адказ таксама чую “Dzień dobry”, прычым не толькі ад дзяцей з польскімі родавымі каранямі, але і ад тых, чые бацькі лічаць сябе ўкраінцамі, беларусамі, рускімі, грузінамі, немцамі, літоўцамі і нават езідамі – гэта прадстаўнікі народа з поўначы Ірака. Такі нацыянальны складнік нашай школы”, – гаварыла Данута Францішкаўна. Расказала, што ў школе вялікае значэнне надаецца полікультурнаму выхаванню. Прыкладам, яе школа ўдзельнічала ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі полікультурнага выхавання ўстановы адукацыі ў выхаваўчую прастору рэгіёна”. Паступова школа стала не толькі важным адукацыйным цэнтрам Гродзеншчыны, але й своеасаблівым цэнтрам польскай культуры: “На ўсе значныя для палякаў культурныя імпрэзы ў нас запрашаюцца бацькі, бабулі й дзядулі навучэнцаў. У нас навучаюцца дзеці розных нацыянальнасцяў. Усё гэта разам спрыяе выхаванню, дапамагае выпускнікам гарманічна адаптавацца ў полікультурным свеце, весці дыялог з прадстаўнікамі іншых культур”.

Ёсць на Гродзеншчыне й школы, дзе польская мова выкладаецца як асобны прадмет: у Лідскім, Свіслацкім, Шчучынскім раёнах. У 24 школах вобласці польская мова вывучаецца факультатыўна. Вывучыць яе можна і ў так званых Дамах польскіх (у Лідзе, Мінску, Івянцы, Барысаве, Баранавічах). Яны створаны пры многіх структурных падраздзяленнях “Саюза палякаў на Беларусі”.

Мэта дзейнасці згаданага Саюза не толькі ў тым, каб ствараць умовы для вывучэння польскай мовы. Энтузіясты развіваюць польскую нацыянальную культуру, паглыбляюць сяброўства й супрацу з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. Суполка ладзіць нямала сумесных культурных фэстаў, імпрэзаў і конкурсаў. Данута Сурмач назвала найбольш значныя, падтрыманыя беларускай дзяржавай. Большасць з іх ладзіцца, вядома ж, на Гродзеншчыне: фэст “Паланэз” у Слоніме, фэсты народнай творчасці “Казюкі” ды “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” у Гродне, фэст польскай культуры й побыту “Эйсмантаўскі фэст”, “Адкрыты конкурс беларускай і польскай музыкі імя Станіслава Манюшкі” ды іншыя. Ладзіць такія культурныя святы “Саюзу палякаў на Беларусі” дапамагаюць  выканкамы й райвыканкамы, а таксама супрацоўнікі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Свае людзі ў вялікай сям’і

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.