Вы тут

У Маскву, з роднымі песнямі


Народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка” з Тальяці паўдзельнічаў у свяце “Купалле”, што ладзілася ў Маскве: у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі.


Людміла Дзёміна і яе "Купалінка" ў Маскве

Хоць Купалле адышло, але ж водгулле яго дакацілася на пачатку жніўня й да Масквы. Запланаванае раней свята “падвісла” (у ліпені сталіца Расіі з-за ковіда “была закрыта”), ды вырашылі ўсё ж правесці яго актывісты НКА Беларусы Масквы – суполкай кіруе Ала Тужылкіна. Падтрымалі праект і кіраўнік ФНКА Беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч, яго намеснік і выканаўчы дырэктар, Герой Расіі Аляксандр Дарковіч, Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, дэпартамент нацыянальнай палітыкі й міжрэгіянальных сувязяў Масквы (кіраўнік Віталь Сучкоў), Дом народаў Расіі (дырэктар Андрэй Бярэзін). Зацікаўленых у тым, каб адсвяткаваць Купалле, было шмат, і нас у святочнае кола – запрасілі.

Дабіраліся ў Маскву з аэрапорта Самары Курумоч імя С. П. Каралёва, і хоць самалёт затрымаўся гадзіны на дзве, але ж Аляксандр Дарковіч нас дачакаўся. Размясціліся некаторыя ў гасцініцы “Палессе” пры беларускім Пасольстве (і там нас чакаў падарунак з Бацькаўшчыны, ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў: два сцэнічныя касцюмы), іншыя – у гасцінічным комплексе “Измайлово”. Раніцай былі ўсе ў пасольскім Дзелавым і культурным цэнтры. Там ладзілася выстава “Сустрэча”, праводзіліся майстар- класы па звіванні вянкоў, вырабе абярэгаў, значкоў “Купалле”, па макрамэ ды іншыя. Пакуль падыходзілі госці, у фае распачаўся канцэрт. Выступалі артысты з Таганрога ды наш гурт “Купалiнка”. Спявалі мы песні, што нядаўна ўзялі ў рэпертуар ад беларускіх аўтараў. Пасля таго фае-канцэрту й вельмі смачнага абеду эпіцэнтр свята перамясціўся ў прыгожую ды ўтульную залу.

На пачатку далейшае дзеі быў цікавы аповед пра Купалле, яго традыцыі ў Беларусі. Выступалі дзіцячы харэаграфічны гурт з Таганрога, салістка Імперскага Рускага балета, ансамбль з горада Чэхаў, казачы ансамбль “Люди вольные”. І наша чарга надышла: беларуская “Купалінка” прывезла з Тальяці, паказала ўрывак з тэатралізавана-музычнага прадстаўлення “Купалiнскi кірмаш”. Цёпла прымала выступленне публіка. Усмешкі артыстаў, цудоўныя касцюмы, высокае майстэрства, чыстая беларуская гаворка – мне як кіраўніцы казалі потым пра тое добрыя словы. Шквал апладысментаў выклікала песня “Ой, бабы, бабы…” – я спявала яе з курачкай і пеўнікам у руках (спецыяльна “для Масквы” змайстравалі мае нявестка і ўнучка: Таццяна і Марыя). Усе песні ў “Купалiнкі” – беларускамоўныя. І потым было прыгожае выступленне спевака й кампазітара Сяргея Костачкі, ён жа ў фінале выканаў гімн ФНКА Беларусаў Расіі.

Мы прывезлі з Масквы прыемныя ўспаміны, дыпломы, падзячныя лісты, акунуліся ў новую плынь жыцця. Удзячныя ўсім арганізатарам “Купалля” ды тальяцінцам, хто спрыяў нашай творчай вандроўцы. А разам са мной пабывалі ў Маскве, з роднымі песнямі ды на беларускім Купаллі салістка Алена Чурбакова (у гурце ўжо тры гады), Ганна Лугоўская, Таццяна Касірава, Марына Краева, Ірына Булгакава, Ксенія Соф’іна (яна толькі сёлета прыйшла да нас).

Людміла Дзёміна, кіраўніца гурта “Купалiнка”, г. Тальяці

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: У Маскву, з роднымі песнямі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.