Вы тут

Удзячнасць ад нашчадкаў


Беларусы Еўпаторыі ўручаюць медалі ветэранам, якія вызвалялі Беларусь ад захопнікаў, віншуюць іх з днямі нараджэння.


Аляксею Баннікаву – 95!

Не ўсё пакідае след у памяці нашай, а вось памяць ветэранаў, раней маладая ды “падзараджаная” эмацыйнымі ўзрушэннямі, зберагае шмат болю і праз дзясяткі гадоў. Пра тое расказваў нам нядаўна і адзін з ветэранаў, які вызваляў Беларусь: Андрэй Мікалаевіч Дзікан. Мы прыйшлі да яго дадому, уручылі медаль “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Прыняў з вялікай удзячнасцю. Родам ветэран з Чарнігаўшчыны (сяло Матвееўка, Сосніцкі раён), ваяваў на 1-м Беларускім фронце ў 70 арміі: 237 гвардзейскі стралковы полк 76 гвардзейскай стралковай дывізіі. Меў званне малодшы сяржант, быў тройчы паранены, і першы раз – у 1944-м пад Брэстам, калі фарсіравалі Буг. Перамогу сустракаць яму давялося ў гіпсе, і таксама на зямлі беларускай: пасля ранення “ў баях за вызваленне Еўропы” далечваўся ў шпіталі пад Віцебскам. Ваяваў сумленна і доблесна, ушанаваны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу” ды іншымі. Працуючы доўгія гады на Еўпатарыйскім рамзаводзе, заслужыў званне “Ветэран працы”. Разам з жонкай (не стала яе ў 2016-м) выгадаваў сына, з якім і жыве цяпер.

Нам Андрэй Мікалаевіч расказаў пра бой, які згадвае праз усё жыццё з пытаннем: выпадак гэта быў ці лёс? “Памятаю гарачае паветра бою… І быў я да мяжы тады выматаны. Калі наш кулямётны разлік уступіў у бой, я ў разліку быў нумарам 2. І вось на нейкае iмгненне толькі адвярнуўся па стужку, перавёў погляд – і ўбачыў: невідушчыя адкрытыя вочы салдата і куля ў лоб. І вось так я стаў кулямётчыкам нумар 1. Я імя таго хлопца не памятаю, а памяць толькі зберагла, што быў ён у нашым разліку нумар 1”.

Аляксандр Касаткін

Цяпер толькі шэсць ветэранаў з ліку тых, хто вызваляў Беларусь, у спісе жывых у Еўпаторыі. Аднаго з іх, Аляксея Андрэевіча Баннікава, мы з Пятром Пудавым як актывісты суполкі “Крым – Беларусь” віншавалі 9 жніўня з 95-годдзем – прыйшлі з кветкамі, падарункам. Раней, калі ўручылі беларускі медаль, ён казаў: ваяваў у складзе 16 паветранай арміі 2-га Беларускага фронту. На юбілей мясцовыя сацработнікі, наведваючы яго, уручылі й віншавальны ліст ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Пахваліўся ветэран, што й сваякі з пасёлка Чарнаморскае не забылі яго – падарылі-арганізавалі паездку на машыне па Еўпаторыі, па мемарыяльных месцах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Магчыма, і мае аповеды абудзілі ў ім такое жаданне. Як у Беларусі зберагаюць памяць пра вайну, шануюць ветэранаў – я расказвала, калі ўручалі медаль. І як у Еўпаторыі адкрылі 22 чэрвеня памятны знак “Пограничникам всех поколений”. Дык захацеў ён тое ўбачыць сам. Вярнуўся з паездкі ўзбуджаны, радасны. Дзяліўся з намі ўражаннямі. Паведаміў, што родам ён з Мардовіі: з сяла Усыпкіна Кадошкінскага раёна. Закончыў 9 класаў, а 20 кастрычніка 1943-га быў прызваны ў армію. Вучыўся ў 11-й школе малодшых авіяспецыялістаў (ШМАС), стаў стралком-радыстам. Выпускнікі паляцелі ў Казань на авіязавод, адтуль ужо на баявых самалётах узялі курс на Беларусь. Баявое хрышчэнне атрымаў пад Магілёвам у складзе 188 асобнай бамбардзіровачнай авіядывізіі (ОБАД). Вайну закончыў у заходняй Польшчы, у Познані. Пасля вайны – з 1946-га – яшчэ шэсць гадоў служыў у Тбілісі, звольніўся толькі ў 1951-м. Папрацаваў ветэран у Баку электрыкам, а ў 56-м як прыехаў у Еўпаторыю, то й застаўся: электрамеханікам паўвека працаваў у Крымскай комплекснай нафтагазаразведвальнай партыі.

Для Пятра Пудава, які двойчы са мной наведваў ветэрана, лёгка складвалася размова з ім. І Пётр Пятровіч у авіяцыі служыў, стралком-радыстам – і таксама пасля ШМАС! Мой паплечнік па суполцы “Крым – Беларусь” капітан у адстаўцы. Маці яго, Таццяна Ціханаўна Кондрыкава, была з Гомельшчыны: Чачэрскі раён, пасёлак Гудок. І Пётр памятае, як летнія вакацыі там праводзіў, а радня клікала яго: Пятрусь. З лёгкай тугой згадвае, што пасёлак быў у складзе Нісімкавіцкага сельсавета, і ў 1987-м зліквідаваны: магчыма, як і дзясяткі іншых паселішчаў па Гомельшчыне, Магілёўшчыне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гаворачы з ветэранам пра вайну, Пётр Пудаў згадаў: маці яго, як была дзяўчынай, фашысты вывезлі на прымусовыя работы ў Германію – там і працавала з 16 да 18 гадоў. Пасля Перамогі вярнулася дадому. Як жа моцна вайна ўкручана ў лёсы бадай што ўсіх беларусаў!

“На вайне пакутліва хутка сталеюць, гэта – цяжкая мужчынская праца!” Такімі словамі сустрэў нас Аляксандр Сяргеевіч Касаткін, калі мы прыйшлі да яго 3 ліпеня ўручыць медаль. Расказваў, што жыў да вайны ў Астраханскай вобласці, а ў 17 гадоў збег на фронт: у сакавіку 44-га. На першы Беларускі фронт прыбыў 1 чэрвеня, ваяваў у складзе 142 стралковага палка 47 гвардзейскай стралковай дывізіі. З баямі прайшоў чатыры краіны ў якасці камандзіра кулямётнага аддзялення, дайшоў да Берліна. І медалі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг” сведчаць пра тое. Асабліва дарагія для ветэрана юбілейныя медалі, дасланыя з Беларусі, якія ўжо не раз актывісты суполкі “Крым – Беларусь” урачыста ўручалі Аляксандру Сяргеевічу. На гэты раз і дадому прыйшлі з медалём… Слёзы радасці бачым на вачах ветэрана. Ён 33 гады праслужыў ва Узброеных сілах, яшчэ 22 быў настаўнікам у 2-й сярэдняй школе Еўпаторыі: выкладаў гісторыю, вёў пачатковую ваенную падрыхтоўку. Палкоўнік Аляксандр Касаткін, баявы шлях якога прайшоў і па Беларусі, правёў сотні ўрокаў мужнасці для вучняў горада. І, мяркую, само жыццё ветэрана стала добрым прыкладам для многіх яго выхаванцаў.

Андрэй Дзікан

Героі мінулай вайны яшчэ ёсць сярод нас, але ж яны сыходзяць. Таму ў Еўпаторыі плануецца закласці Алею памяці герояў. Пра тое гаварылі 17 чэрвеня на пасяджэнні гарадскога міжнацыянальнага савета – у ім я 14 гадоў, ад часу заснавання. Будучы “ў тэме”, адразу ўнесла прапанову: увекавечыць на Алеі памяці ўсіх ветэранаў, якія былі ў арганізацыі (адзінай такой у свеце!) Ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Крым – Беларусь”. Суполку зарэгістравала ў Еўпаторыі ў 2007-м, а ў 2018-м далучана яна да Мясцовай беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Крым – Беларусь”. Раней мы гаварылі пра тое і на асабістым прыёме ў кіраўніцы горада Алесі Харытоненкі: пра магчымасць увекавечыць памяць, можа й выбіць імёны на мармуровай пліце ўсіх ста ветэранаў-удзельнікаў вызвалення Беларусі, якія жылі ў Еўпаторыі. Хочацца верыць, што такі праект нам удасца рэалізаваць: гэта, як казаў паэт, патрэбна не мёртвым – гэта трэба жывым.

Дзіна Шаўчэнка, кіраўніца суполкі “Крым – Беларусь”, г. Еўпаторыя

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Удзячнасць ад нашчадкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».