Вы тут

У беларусаў Комі новы кіраўнік


Валерый Лучанок прыязджаў гэтым летам з сям’ёй на Бацькаўшчыну ўжо як кіраўнік беларускай суполкі з Рэспублікі Комі: не толькі адпачыць, але і наладзіць дзелавыя кантакты для супрацоўніцтва.


Валерый Лучанок

У летнюю пару многія з беларусаў замежжа імкнуцца наведаць Бацькаўшчыну. Вось і Валерый Аляксандравіч – з іх ліку, да таго ж ён быў госцем рэдакцыі “Голаса Радзімы”. Прадставіўся ў часе гутаркі як карэнны беларус. Нарадзіўся ён у вёсцы Анаполле, што ў Чэрвеньскім раёне Міншчыны, пазней разам з бацькамі жыў у Смалявічах, бліжэй да Мінска.

Пра сябе наш госць мала расказваў, больш – пра беларусаў у Рэспубліцы Комі. Паводле афіцыйных дадзеных, там жыве цяпер каля 9 тысяч нашых супляменнікаў. І ў красавіку Валерый Аляксандравіч быў абраны старшынёй Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў Рэспубліцы Комі. “Наша аўтаномія ў Комі складаецца з 12 аддзяленняў, якія дзейнічаюць у 12 раёнах, – удакладніў Валерый Лучанок. – Дарэчы, ніякія іншыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у Комі, такой разгалінаванай структуры не маюць. Наша суполка і самая шматлікая, і была зарэгістравана самай першай: у 1997 годзе. Да таго ж у свой час нашы грамадскія актывісты дбалі таксама й пра яднанне ўсіх беларусаў Расіі: БНКА ў Рэспубліцы Комі стала адной з заснавальніц ФНКА Беларусаў Расіі”.

У гасцях ва Упаўнаважанага Аляксандра Румака – Валерый Лучанок, яго жонка і сын (1)

Гэтым летам Валерый Аляксандравіч са сваёй сям’ёй прыехаў на Радзіму не проста адпачыць, але і са “спецыяльнай місіяй”: наладзіць дзелавыя сувязі з тымі арганізацыямі, якія працуюць з беларускімі дыяспарамі за мяжой. На час нашай размовы Валерый Лучанок ужо сустрэўся з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацынальнасцяў Аляксандрам Румакам. Гаварылі пра тое, як адладзіць супрацу на перспектыву. Аляксандр Аляксеевіч падараваў госцю чатыры беларускія нацыянальныя касцюмы для творчага калектыва, дзяржаўную сімволіку, кнігі пра Беларусь, вырабы майстроў народных промыслаў.

Упаўнаважаны ўручае Валерыю Лучанку беларускі касцюм

Заўважым, што сродкі на падтрымку дзейнасці актыўных беларускіх суполак замежжа ў нашай краіне выдзяляюцца ў адпаведнасці з падпраграмай “Беларусы ў свеце” – важнай часткі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2021 – 2025 гады. Валерый Аляксандравіч рады такой падтрымцы. Казаў, што касцюмы перадасць артыстам народнага хора “Купалінка”, які дзейнічае пры беларускай аўтаноміі ў Комі ды не так даўно святкаваў 20- годдзе. Калектыў часта выступае на розных імпрэзах. Валерый Лучанок дзяліўся планамі: добра было б пашырыць песенны рэпертуар, прыцягнуць у хор больш моладзі. Да таго ж ён мае намер зладзіць гастролі “Купалінкі” па дзесяці раёнах Комі – тых, дзе ёсць аддзяленні аўтаноміі.

Расказаў госць і пра самы маштабны праект беларускай аўтаноміі ў Комі: акцыю “Ад Комі да Брэста – дарогай памяці і славы”. Распачалася акцыя год таму і яшчэ прадаўжаецца. Сабраны звесткі пра ўраджэнцаў Комі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі. Цяпер стаіць задача: увекавечыць іх імёны, выдаць Кнігу памяці.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: У беларусаў Комі новы кіраўнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?