Вы тут

Добры майстар дзед Васіль


Сапраўдны мужчына павінен умець рабіць усё! Так лічыць Васіль Жарыкаў, які праводзіць у беларускай суполцы Ліепаі майстар-класы па лозапляценні.


Майстар Васіль Жарыкаў, яго творы і яго вучні ў Беларускім доме Ліепаі

У сябра Ліепайскай беларускай суполкі “Мара” Васіля Жарыкава 3 жніўня быў своеасаблівы “юбілей”. Сёлета, кажа, да трох троек у даце яго нараджэння (3-е чысло 1933 году) дадаліся тры васьмёркі (8-ы месяц, і яму споўнілася 88 гадоў), якія ў гарызанталі азначаюць бясконцасць.

Нарадзіўся ён у горадзе Добрушы, на Гомельшчыне. Маці, Лідзія Анісімаўна, родам з недалёкай адтуль вёскі Ігаўкі, працавала ў дзіцячай сталовай поварам, а бацька, Васіль Мікалаевіч, узначальваў пажарную ахову. І васьмі гадоў хлопчыку не было, як пачалася вайна. У верасні 1943-га Ігаўка была цалкам спалена фашыстамі. Пасля вайны адрадзілася, там быў калгас “Новы шлях”, з 2010-га – аграгарадок, цяпер агракамбінат “Новы шлях” спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Творчае стаўленне да жыцця ў нашага старэйшага сябра – нібы ў спадчыну ад бацькі. Той быў родам з Быхаўскага раёна Магілёўшчыны, удзельнік Першай сусветнай вайны. Пасля заканчэння авіявучылішча ваяваў у небе (лётчыкам-назіральнікам), атрымаў Георгіеўскі крыж. Васіль быў 15-м дзіцем у сям’і, меў 16 (!) братоў і сясцёр і, па словах сына, “умеў рабіць усё, у тым ліку й цалкам збудаваць дом”. Бурная эпоха вынесла юнака ў рэвалюцыянеры, ён арганізаваў пасля 1917-га ў вёсцы Ляжанка, на Быхаўшчыне, калгас і стаў яго старшынёй. А 1941-м, калі мужчын мабілізавалі, калгас перайшоў пад кіраўніцтва яго жонкі, Лідзіі Анісімаўны. Васіль Васілевіч памятае пачатковую школу ў Ляжанцы (там было за паўсотню хат), дзе ён закончыў першы клас. Расказвае: “Памятаю, быў верасень, жанчыны капаюць бульбу, дзяўчынка бяжыць, крычыць маёй маці: “Ліда, уцякай, цябе шукаюць!”. Прыехалі немцы на двух матацыклах і шукалі яўрэяў і камуністаў. Знайшлі нашу настаўніцу-яўрэйку, вывелі яе за хату, далі рыдлёўку, загадалі выкапаць сабе яму – і расстралялі. Цяпер шукалі маю маці. Вяскоўцы хуценька яе сабралі ў дарогу, далі хлеба, сала, яйкі – хто што мог, і яна пайшла з Ляжанкі ў Ігаўку. Так і ўратавалася: 200 кіламетраў пешшу ішла. Мяне ж пакінула ў бабулі”. У вайну хлопчык вельмі напужаўся, калі ў цёмную хату ўварваўся немец, пачаў крычаць “Партызан, партызан!”, страляць з аўтамата – спалохаўся так, што перастаў гаварыць. Вылечыла ўнука бабуля Лукер’я. Была яна траўніцай, “лячыла ўсю акругу й роды прымала”.

Майстар Васіль Жарыкаў

У ліпені 1942-га вёсачка Ляжанка была ўшчэнт разбурана. Пасля вайны бацька Васілька ўладкаваўся працаваць на папяровую фабрыку ў Добрушы. Там хлопчык пайшоў у другі клас, а пасля дзясятага паступіў у ваеннае авіявучылішча штурманаў у Харкаў. Пасля вучылішча (1956) паслужыў у Германіі, потым у Рызе: там пасля вайны збудавалі Румбульскі аэрадром, былі эскадрыллі на той час найноўшых знішчальнікаў МиГ-19 і МиГ-21. У 1958-м малады штурман ажаніўся. Прычым жонку сабе знайшоў у Добрушы – у школе, куды звычайна заходзіў, прыязджаючы ў родны горад. Маладая настаўніца Тамара Васілеўна закончыла інстытут, выкладала рускую мову й літаратуру. Сужонкі пераехалі ў Рыгу, яна ўладкавалася ў школу настаўніцай, ён служыў, атрымаў званне старшага лейтэнанта. У 1960-м пайшлі вялікія скарачэнні Узброеных сіл СССР. Трапіў і ён у тую плынь, таму паступіў на мехфакультэт Рыжскага інстытута інжынераў грамадзянскай авіяцыі, знайшоў працу на авіярамонтным заводзе, там хутка зрабіў кар’еру: стаў на прадпрыемстве старшым інжынерам. Потым працаваў на іншых вытворчасцях (скажам, галоўным канструктарам праекта па аўтаматызацыі зборкі шарыкавых ручак), а ў 1974-89 годах – начальнікам галіновага канструктарска-тэхналагічнага аддзела ў знакамітым ВА “Радиотехника”: яно ж было найбуйнейшым вытворцам аудыётэхнікі ў Савецкім Саюзе. Крушэнне вялікай краіны заспела яго ўжо ў Расіі, у хуткім часе ён застаўся без працы і вярнуўся ў Рыгу: там жыла сям’я. У 2005-м пераехаў з жонкай у Ліепаю: тут, паводле яго слоў, бліжэй да мора, да таго ж была магчымасць нядорага набыць кватэру. Дарэчы, іх сын Ігар з 1995 года займаецца ў Ліепаі прыватнай практыкай (урач-псіхіятр), а дачка Алена – праграмістка ў Рызе, працуе ў адным з банкаў.

Летась улетку Васіль Васілевіч прыйшоў да нас, у беларускую суполку – бліжэй да землякоў. І прапанаваў стварыць гурток па пляценні з лазы для ўсіх ахвочых. Ён, асвоіўшы майстэрства ў дзяцінстве, між справамі заўсёды ім займаўся. “У вёсцы ж не абысціся без кошыкаў, бульбу ў іх зручна капаць, грыбы ці ягады класці, – расказвае Васіль Жарыкаў. – Вось і пачаў плесці простыя беларускія кошыкі. Памятаю, у 60-х жанчыны хадзілі з кошыкамі-сумачкамі. Я такую сплёў з электрапровада: прыгожая была, ды цяжкая. Трохі павучыўся – зрабіў з лазы. Так і паглыбляўся ў сакрэты лазы. Справа мне падабаецца, асабліва праца з лазовай стужкай. Многае сплёў і прадаўжаю: шкатулкі, хлебніцы, кошыкі, талеркі, аловачніцы…”. Майстар прызнаецца, што ўмее рабіць усё – дзякуючы прыкладу бацькі, які быў майстрам на ўсе рукі. А рэчы з лазы дзед Васіль робіць для душы і тым жыве, вырабы ж ідуць на падарункі родным і знаёмым. Калі я была ў яго ў гасцях, майстар паказаў неабходнае для лозапляцення абсталяванне: у доме, на лоджыі. Гэта розныя станкі, швейная машына (гаспадар можа й нешта пашыць па неабходнасці), варштат, стэлаж для лазы… Апошняя вынаходка майстра – істужачна-стругальны станок, які, лічыць ён, заслугоўвае патэнтавання. Дарэчы, Жарыкаў з калегамі ў часе працоўнай дзейнасці распрацаваў 12 вынаходак (розных станкоў), аднак іх не патэнтавалі – проста перадалі дзяржаве.

Чым цікавая вынаходка? Нарыхтоўка якаснага матэрыялу, тлумачыць майстар, займае амаль тры чвэрці часу ў працэсу лозапляцення, але ж самае вялікае задавальненне – гэта плесці. Працуе майстар, калі фонам ідуць розныя тэлеканалы (рускія, беларускія, латышскія), гучаць песні. Ён любіць слухаць латышскія: слоў не ведае, але разумее музыку: “Той, хто спявае, нясе станоўчую энергію людзям, хоча нешта добрае зрабіць для тых, хто яго слухае”. Сам жа, прызнаецца, спявае “так сабе”, а ў дзяцінстве граў на слых на гітары й скрыпцы. “Сапраўдны мужчына павінен умець рабіць усё, і няма ніводнай задачы, якую ён не змог бы выканаць. І, скажам, для таго, каб зрушыць гару, трэба яе абысці, убачыць слабое месца – і з таго боку зрушваць”, – разважае Васіль Жарыкаў. Цяпер ён выношвае такі план: адкрыць свой сайт з урокамі лозапляцення. Ён сам вучыўся майстэрству з розных крыніц: кнігі, інтэрнэт, вывучаючы гатовыя вырабы – спецыяльна для таго й набываў. З гадамі дзед Васіль прыйшоў да высновы, што праца ўпрыгожвае жыццё, надае яму сэнс, да таго ж найбольшае задавальненне дае яму праца ў калектыве.

Паважаны, дарагі Васіль Васілевіч! З днём нараджэння Вас віншуе, доўгіх гадоў у здароўі ды бадзёрасці духу жадае – Ваша Ліепайская беларуская суполка “Мара”!

Анжэла Фаміна, г. Ліепая, Латвія

Дарэчы.

У Ліепайскай беларускай суполцы пабывала здымачная група з кампаніі “Igimax Micro”. Госці з Рыгі цікавіліся тым, як перыяд пандэміі паўплываў на дзейнасць грамадскай суполкі.

Аператар Ігар Заблоцкі з журналістам Максімам Гусаравым наведвалі не толькі Беларускі дом у Ліепаі: кампанія рэалізуе праект, зацверджаны Еўракамісіяй, пра тое, як перыяд пандэміі паўплываў на дзейнасць прадстаўнікоў нацменшасцяў у Латвіі. Кампанія прадстаўляе паслугі па вытворчасці фільмаў, відэафільмаў і тэлепраграм у Еўропе. Здымаючы фільм пра жыццё беларускай дыяспары да і ў часе пандэміі, група наведала і суполкі ў Екабпілсе, Рызе, Даўгаўпілсе, Вентспілсе.

У доме, дзе збіраюцца сябры суполкі “Мара”, гасцей вітаў ансамбль беларускай песні “Паўлінка” (ім кіруе Жанна Буйніцкая). Удзельнікі гурта былі ў розных касцюмах, дэманструючы шырокі асартымент убораў для выступаў. І малодшыя ўдзельнікі сустрэчы з 7-й школы Анісія Тамшэвіца і Міхаіл Філіпоўскіх спявалі беларускія песні ў беларускіх касцюмах. Жанна Буйніцкая распавяла на тэлекамеру пра культурныя імпрэзы суполкі да і ў часе пандэміі, пра маладзёжны праект “Латвія і Беларусь. Насустрач адзін аднаму”. А кіраўнік “Мары” Віктар Янцэвіч гаварыў аб працы суполкі ў цэлым, планах на будучыню. Ірына Янцэвіч, як педагог у дашкольнай адукацыйнай установе, дзялілася досведам: якой творчасцю ў суполцы заняты хлопчыкі і дзяўчынкі, пачынаючы з пяці гадоў. На сустрэчы сваю новую самаробку дэманстраваў канструктар, пенсіянер Васіль Жарыкаў. Прыстасаванне дае магчымасць з лазовых пруткоў рабіць якасны матэрыял для лозапляцення.

Рыжскіх гасцей азнаёмілі з Беларускім домам, частавалі гарбатай, кавай, бутэрбродамі.

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Добры майстар дзед Васіль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?