Вы тут

Флігель у Лошыцкім парку


Збудаванне ў мінскім прадмесці ўзвялі пры сядзібе гаспадары Любанскія ў канцы XІX стагоддзя, і флігель збярогся амаль у першародным стане. У савецкі час у ім жылі звычайныя кватэранаймальнікі, сёння там ладзяцца выставы.


Лошыцкая сядзіба восенню з вышыні птушынага палёту (VETLIVA.BY)

Першае дакументальнае сведчанне пра Лошыцкую сядзібу датуецца XVІ стагоддзем. На працягу некалькіх стагоддзяў ёю валодалі каля 15 заможных сем’яў. Сярод іх — князі Друцкія, граф Антоні Прушынскі ды іншыя. У 1877-м сядзіба перайшла да Івана Любанскага, пазней – да яго сына Яўстафія. Апошні пераўтварыў родавае гняздо ў адну з найпаспяховых гаспадарак Мінскай губерні.

Сёння наведнікаў сядзібы знаёмяць менавіта з побытам гаспадароў Любанскіх, згадваючы іншых уладальнікаў мімаходзь. Усё таму, што сядзібны дом у 2008-2014 гадах быў адрэстаўраваны на ўзор маёнткаў канца XІX — пачатку XX стагоддзя. У згаданы час у Лошыцы й жыў дэпутат Дзяржаўнай думы І склікання ад Мінскай губерні Яўстафій Іванавіч Любанскі ды ягоная жонка Ядзвіга з роду Кіневічаў. Партрэты гэтых гаспадароў дэманструюцца ў некалькіх пакоях сядзібнага до­ма. Любанскія аздобілі свой маёнтак эклектычна: кожны пакой меў свой непаўторны стыль. Рэстаўратары ў нашым часе аднавілі побыт Любанскіх. З-за стылёвай разнастайнасці маёнтак у Лошыцы ў нашыя дні лічыцца ўнікальным: як адзіны прыклад эклектычнай сядзібы канца XІX стагоддзя. Акрамя эклектыкі, стыляў і роспісаў на сценах у маёнтку, у добрым стане захавалася каля 15 печаў, адна з іх — яшчэ з часоў Прушынскіх.

Якой была Лошыцкая сядзіба 200 гадоў таму? Тое адлюстроўвае акварэль Юзэфа Пешкі з Кракава (1767—1831): яна вісіць у адным з пакояў маёнтка. Мастак бываў у менскай Лошыцы. На першым плане карціны бачым якраз не дом гаспадароў, а гаспадарчыя пабудовы й шляхцічаў на прагулцы. Адчуваецца: ім прыемна бавіць час на прыродзе. Наводдаль віднеецца дах сядзібнага дома.

Сёння маёнтак з усіх бакоў атачаецца паркам. Адна частка яго закладзена ў другой палове XVІІІ стагоддзя графам Станіславам Прушынскім і дапоўнена Яўстафіем Любанскім у канцы ХІХ стагоддзя, другая створана значна пазней: супрацоўнікамі беларускага філіяла Усесаюзнага інстытута раслінаводства (інстытутам, адзначым, на той час кіраваў акадэмік ВАСХНІЛ Мікалай Вавілаў). У нашы дні паркам апякуецца „Мінскзелянбуд”. На тэрыторыі 97-гектарнага сядзібна-паркавага комплексу шмат усяго цікавага: сядзібны дом, прысядзібны флігель, домік вартаўніка, руіны капліцы, млына, будынак бровара... У адрозненне ад апошніх амаль у некранутым стане збярогся флігель: Яўстафій Іванавіч Любанскі збудаваў яго у 1895 годзе. То была гаспадарчая пабудова: традыцыйна ў сутарэннях флігеля захоўвалі частку ежы, напояў. Першы паверх дзялілі паміж служкамі, якія працавалі ў флігелі, ды гасцямі. Другі паверх займаў аканом маёнтка.

Наведацца на сядзібу шляхцічаў не менш цікава, чым пабываць у палацы ці замку, якія здзіўляюць сваімі памерамі ды велічнасцю. Сядзібы сёння цікавыя для турыстаў, бо маюць немалыя прылеглыя тэрыторыі з садамі, паркамі, рознымі гаспадарчымі пабудовамі.

“Паколькі флігель — пабудова гаспадарчая, то некаль­кі пакояў першага паверха адве­дзена пад выставу гаспадарчых прадметаў таго часу: аўтэнтычнага меднага посуду, самавараў, керамічных вырабаў, а таксама прасаў. Побач з выставай — пакой кухаркі. Працы ў служак было шмат, і для адпачынку ім часам вылучалі невялічкае памяшканне”, — расказвае Васіль Сідаровіч, вядучы навуковы супрацоўнік музея “Лошыцкая сядзіба”.

З пакоя кухаркі адразу трапляем у сталовую: найвялікае памяшканне флігеля. У правым куце ёсць печ, падобная да тых, што былі ў багатых дамах у XІX стагоддзі. Каля печы — купецкі буфет пачатку ХХ стагоддзя. У ім захоўвалі посуд, у які кухаркі сервіравалі ежу і напоі, згатаваныя ў печы, а потым падавалі на стол у цэнтры памяшкання для аканома і яго сям’і. Знайсці сваё месца за сталом дапа­ма­га­лі крэслы з фігуркамі на спінках: мужчыны звычайна садзіліся ў крэсла з птушкай наверсе, жанчыны выбіралі крэсла з кветкай. Для дзяцей служылі маленькія крэслы без адметных пазнак. “У сталовай у савецкія часы была ўзведзена перагародка, — паказвае на невялічкі выступ Васіль. — Флігель да нядаўняга часу быў падзелены на камунальныя кватэры: тут жыло па 57 ці больш сем’яў. Жыхары перабудавалі пакоі пад свае патрэбы. Некаторыя з іх і дасюль прыходзяць, узгад­ваюць Лошыцкі перы­яд жыцця, расказваюць пра свой побыт у флігелі, дзеляцца фотаздымкамі. Апошнія „кватэранаймальнікі” пакінулі флігель толькі ў 90-я гады. Пасля іх у будынку мелі рабочыя месцы супрацоўнікі „Мінскзелянбуда”. Тады ж яны дэмантавалі часовыя перагародкі ў пакоях, аднаўлялі печы”.

Флігель пры сядзібе – адметнае збудаванне (PEOPLE.ONLINER.BY)

Сталовая — апошні пакой інтэр’ернай часткі экспазіцыі. З яе трапляем у калідор, дзе, па словах майго гіда, можна пераканацца, як добра захаваўся і ўвесь флігель. Усе сцены, столь і цагляная падлога там — арыгінальныя, амаль у тым жа стане, што і ў пару гаспадароў Любанскіх. Дарэчы, рэстаўрацыю ў флігелі пакуль не праводзілі: быў толькі касметычны рамонт. Экскурсавод паказвае нізкі праход у калідоры: “Ёсць меркаванне, што яго вышыня была зменена ў савецкія часы, а пры Любанскіх мог ён быць яшчэ ніжэйшым. З дапамогай нізкага прахода служак прывучалі выконваць правілы этыкету: кланяцца пры ўваходзе ў асноўную частку дома гаспадара. У іншых пабудовах таго часу нізкія дзвярныя праёмы рабілі, каб утрымліваць цяпло, але ў нашым флігелі патрэбы такой не было: часта палілі печы”.

У калідоры знайшлося месца для калекцыі транспартных сродкаў. Як вядома, раней Лошыца была прадмесцем, загарадным маёнткам на паўднёвай ускраіне Мінска ў сутоках рэчак Свіслач і Лошыца, ля былой вёскі Лошыца 1-я. Канчаткова стала часткай Мінска толькі ў 1985-м. “У розныя гады, каб дабрацца на сядзібу, трэба было пераадольваць тры, а то і пяць кіламетраў, — тлумачыць Ва­сіль. — Калекцыя транспартных сродкаў паказвае, чым карысталіся госці на шляху да Лошыцкага маёнтка. Тут ёсць брычка безрысорная, брычка рысорная, сані... Яўстафій Любанскі быў чалавекам інавацыйным і меў інжынерныя і тэхнічныя навінкі. У архіўных дакументах ён згадваецца як уладальнік аўтамабіля, а на пачатку XX стагоддзя той быў не ў кожнага багацея”. Калекцыю ўдала дапаўняюць фотаздымкі жыхароў флігеля ўжо ў 60-70-я гады. Нават найменшыя з іх — даўно выраслі, некаторым з іх і цяпер прыемна бываць у Лошыцкім парку — маляўнічай мясціне свайго маленства.

Інтэр'ер сталовай

Па калідоры ідзем на лесвіцу, падымаемся на другі паверх, дзе жыў аканом Любанскіх. Сёння два яго пакоі выкарыстоўваюцца для выстаў. У першым дэманструецца выстава скульптуры й графікі Дзяніса Кандрацьева „Казка пад дахам”. У другім, нашмат больш прасторным, — экспазіцыя “Паркавая, 10: прадметы гарадскога побыту 1950-80-х гадоў у прысядзібным флігелі”. Музейшчыкі там стварылі вітальню, невялічкі гардэробны пакой, а таксама дзве гасцёўні 50-х і 80-х гадоў з атрыбутамі тых часоў: тэлевізарам, прайгравальнікам грампласцінак і піяніна. Побач — куток для дзяцей з цацкамі, бліжэй да выхаду на балкон месцяцца паліцы з кніжкамі па аграноміі ды аграхіміі, выдадзенымі ў савецкі час. А пасля агляду гэтых рарытэтаў наведнікі могуць патрапіць яшчэ й на вежу. “Гэта самы высокі пункт у Лошыцкім парку, — Васіль Сідаровіч паказвае наваколле з вышыні. — Адноўлена вежа паводле арыгінальных узораў і нядаўна ўпершыню адкрыта для наведнікаў. Раней адсюль можна было назіраць, што робіцца на тэрыторыі сядзібы, вакол яе, каб не дапусціць, напрыклад, пажараў. З вежы відзён і сядзібны дом”.

З вышыні лепш бачыцца й цудоўны парк, што атачае маёнтак. Удалечыні віднеюцца домік вартаўніка, парэшткі іншых сядзібных пабудоў, яшчэ далей — прыкрытыя шатамі дрэў сучасныя мінскія гмахі.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?