Вы тут

Павольна і паспешна


Кожны з нас так ці інакш вандруе ў пошуках чаго-небудзь, няхай гэта будуць эмоцыі, уражанні, цікавыя падзеі або незвычайныя рэчы. «Натуральная і патрэба зафіксаваць, увасобіць свае ўяўленні аб прыгажосці і дабрабыце. На жаль, у сучаснай мітусні мы не заўсёды паспяваем звяртаць увагу на прыгожае і незвычайнае вакол. Стаць уважлівей да таго, што нас акружае, запрашае творчы тандэм Дзмітрыя Комлева і Марыны Баранчык-Красоўскай», — такім чынам арганізатары прадстаўляюць першую персанальную выстаўку гэтых двух маладых мастакоў. Экспазіцыя скульптуры, графікі і фатаграфіі розных перыядаў творчасці пад назвай «Два пачаткі. Вытокі зямнога» працуе ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва.


Марына Баранчык-Красоўская «Вартавы неба», 2021 г.

Аўтары імкнуцца паказаць у сваіх работах як простыя назіранні, так і  алегарычныя ўяўленні аб прыгажосці навакольнага свету. Адбываецца гэта шляхам злучэння ў вобразах зямнога і фантастычнага. Так, у творах пераважаюць прыродныя матывы з прымешкай міфалогіі, этнікі і сімвалізму.

Дзмітрый Комлеў і Марына Баранчык-Красоўская працуюць з рознымі матэрыяламі, але ў іх творах прасочваецца падобная тэматыка. У скульптуры гэта анімалістыка, дзе побач са знаёмымі глядач бачыць выдуманых істот фантастычнай прыгажосці. Графіка — адлюстраванне ўсяго жывога, што ўразіла творцу, у тым ліку вобраз чалавека. Дапаўняе экспазіцыю невялікі фотаматэрыял пейзажнага кірунку і некаторых жывых аб’ектаў.

— Мне вельмі імпануе спалучэнне станковага і дэкаратыўнага мастацтва, — адзначыла падчас адкрыцця выстаўкі «Два пачаткі. Вытокі зямнога» мастацтвазнаўца Ларыса Фількенштэйн. — Уласна кажучы, гэта канцэпцыя маёй галерыі «Брама», якой хутка споўніцца 30 гадоў.

Дзмітрый Комлеў «Паляванне», 2015 г.

Фрагмент экспазіцыі.

Марына Баранчык-Красоўская «Хамелеон», 2018 г.

Я не ведаю, ці маюць пра яе паняцце гэтыя маладыя мастакі і ці так яны фармулююць сваё своеасаблівае аб’яднанне, магчыма, што і ніяк не фармулююць. Аднак атрымалася прыгожае спалучэнне. Здорава, калі на сценах малюнкі, а ў прасторы не толькі традыцыйная станковая скульптура, але і дэкаратыўнае мастацтва, якое пэўны час лічылася другім сортам. З кожным разам мы пераконваемся, што гэта не так. Розныя стылі і віды мастацтва, якія традыцыйна не спалучаюць, даюць вельмі жывы і свежы, цікавы эфект. У гэтай зале найперш мы заўважаем вынаходлівасць творцаў.

Адзін з аўтараў — Дзмітрый Комлеў — нарадзіўся ў Мінску ў 1988 годзе. Скончыў Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (кафедра скульптуры). З 2006 года — удзельнік Рэспубліканскіх мастацкіх студэнцкіх і маладзёжных выставак, з 2007-га — творчых міжнародных пленэраў і сімпозіумаў. У іх ліку — гарадскі пленэр-практыка па камені «Легенды Лагойска» ў 2008-м і пленэр па камені «Трыумф жыцця» для асяроддзя горада (Бараўляны, 2016—2017 гг.). У экспазіцыі, што размясцілася ў галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, большая частка работ — аўтарства менавіта Дзмітрыя Комлева. Найперш звяртае на сябе ўвагу серыя, прысвечаная самым разнастайным птушыным гнёздам.

— Можна правесці шмат паралелей. Гняздо — дом і зараджэнне жыцця. Як людзі, птушкі будуюць розныя дамы. Важна паказаць уменне канкрэтнага або выдуманага віду пабудаваць гняздо з нічога, — адзначае мастак.

Аўтару ўдалося не паўтарыць самога сябе: кожная скульптура выключная і, як здаецца, недаўгавечная. Сапраўды, матыў нараджэння, унікальнасці і каштоўнасці крохкага жыцця прасочваецца ў большасці скульптурных, графічных і фотаработ маладога творцы. Глядач адчувае гэты жыццесвярджальны пасыл найперш у цёмным камені, светлым дрэве, іржавым зварным метале; у абстрактных і канкрэтных вобразах, у плаўных лініях і рэзкіх пераходах.

Марына Баранчык-Красоўская «Крок у цішыні», 2021 г.

Уражваюць не толькі скульптурныя кампазіцыі, але і графіка. У карцінах «Птушкі. Чайкі» (2016), «Птушкі. Відавая разнастайнасць» (2016), «Качка ў траве» (2021), «Кайманавая чарапаха» (2014), «Насякомыя на кветках» (2021) прасочваецца талент тонкага назіральніка, схільнага ўбачыць непрыкметныя дэталі, схаваныя ад вока мінака дробязі. Гэты так званы «незамылены погляд» вабіць сваёй дзесьці невыразнасцю, а часам і паспешнасцю, нібыта зафіксаваць кожны момант, схапіць той ці іншы вобраз было надзвычай складанай справай. Пры любых абставінах трэба спяшацца, паскарацца і адначасова ўмець чакаць. Відавочна, Дзмітрый Комлеў здольны і на тое, і на тое, і ўсё ж бліжэй яму — павольнасць, сузіранне, любаванне (што ясна выяўлена ва ўсіх фатаграфіях без выключэння).

Прытым вобразы чалавека — а ў графіцы гэта толькі адзін «Эцюд аголенай натуры» (2011) — арыгінальнасцю не вылучаюцца: прыгожыя жаночыя целы, варыянты паставы натуршчыц — і толькі. Ва ўсім гэтым не счытваецца асоба, яе характар і настрой. Гэта зусім не супярэчыць канцэпцыі аўтара, аднак эцюд выглядае лішнім у экспазіцыі, хоць, відавочна, служыць дапаўненнем да часткі, звязанай з цялесным і пачуццёвым (кампазіцыі з дрэва «Empty» 2019-га ды «Імгненне» 2021-га, выкананыя з выкарыстаннем каменю).

Праяўляе аўтар сябе як цікавы акварэліст: работы «Луток. Аржанка. Сойка» (2007), «Лань» (2009), «Хамелеон» (2010) адрозніваюцца адна ад адной і па колеравым рашэнні, і па кампазіцыі. Аднак кожная — нібы яркая (часцей у пераносным значэнні гэтага слова) ілюстрацыя да нейкага дзівоснага апавядання, якое яшчэ мусіць быць напісаным.

***

Марына Баранчык-Красоўская нарадзілася ў Мінску ў 1992 годзе. Вучылася ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя Аляксея Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра скульптуры). З 2018 да 2020 года выкладала скульптуру ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Удзельніца міжнародных фестываляў і конкурсаў. Шмат разоў прадстаўляла свае работы на міжнародным зімнім фестывалі «Гіпербарэя» ў Петразаводску.

Работы мастачкі больш фантастычныя — яна спрабуе паказаць новы свет, іншую рэальнасць, хоць і не такую далёкую ад знаёмай гледачу. Прыроду Дзмітрыя Комлева дапаўняе не меней жывы і насычаны космас Марыны Баранчык-Красоўскай.

— Мы з Дзмітрыем даўно знаёмыя: вучыліся разам у акадэміі, хоць ён на пару курсаў раней. Немагчыма было не заўважыць, што мы блізкія па духу, — расказала мастачка. — Дадзеная экспазіцыя рыхтавалася з вясны, і мы, натуральна, вельмі ўдзячны галерэі за магчымасць паказаць свае работы.

Дзмітрый Комлеў «Плынь».

Нешматлікія работы гэтага скульптура, за выключэннем адной гіпсавай, выкананы з бронзы. Матэрыял апраўдвае ідэю: Марына Баранчык-Красоўская стварыла пераважна масіўных істот, і найперш гэта выдуманыя звяры, адлюстраваныя ў кампазіцыях «Крок у цішыні» (2021), «Вартавы неба» (2021), а таксама гіпсавым «Ціхаходзе» (2020), які ідэйна нічым не адрозніваецца ад вышэйназваных. Героі ўнушальных маштабаў, з шасцю доўгімі канечнасцямі нагадваюць асаблівыя мікрасусветы, якія існуюць па сваіх законах. Звярнулася мастачка і да рэалізму, што выяўлена ў творах «Сябар» (2017), «Позех» (2017) і «Хамелеон» (2018). Тут ужо нават бегемот выглядае не вельмі вялікай жывёлай, не кажучы ўжо пра невялічкага хамелеона і звычайнага памеру таксу. Творчы почырк ва ўсіх шасці скульптурах адрозніваецца. Відаць, аўтар спрабуе сябе, а жанр анімалістыкі падыходзіць для такіх эксперыментаў як мага лепш. Агульнае адно — непрыхаваная любоў да жывога, і нават назва «Сябар» кампазіцыі з мілай таксай не выглядае банальнай ці непатрэбнай. Між іншым, пераканаўчыя вобразы Марыны Баранчык-Красоўскай маюць магчымасць стаць упрыгажэннем гарадской прасторы, на што сама мастачка, магчыма, спадзяецца, аб чым сведчыць у тым ліку ўдзел у спецыялізаваных спаборніцтвах, такіх як, напрыклад, адкрыты фестываль-конкурс снежна-ледзяных скульптур «Чароўны лёд Сібіры».

«Аўтарам выстаўкі важна не толькі выклікаць станоўчыя эмоцыі і пачуццё гармоніі ў гледача, але і звярнуць яго ўвагу на важнасць захавання таго, што нас акружае, заахвоціць беражліва ставіцца да прыроды, — прыкмячаюць стваральнікі экспазіцыі ў галерэі Леаніда Шчамялёва. — Умець атрымліваць асалоду ад кожнай дробязі і заставацца ў балансе з самім сабой — гэта галоўныя арыенціры, якія Дзмітрый Комлеў і Марына Баранчык-Красоўская імкнуцца выказаць у сваёй творчасці. Гэта запавет, які яны пакідаюць кожнаму наведвальніку», — адзначаюць арганізатары. Пазнаёміцца з праектам на Рэвалюцыйнай, 10 можна да 12 верасня.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».