Вы тут

Рызыка на ўласнай кухні, або Як засцерагчы дзіця ад траўмы?


Кватэра з небяспечнымі месцамі ў адным пакоі — так выглядаюць мадэльныя цэнтры па прафілактыцы дзіцячага траўматызму ў быце, створаны на базе ўстаноў аховы здароўя ў абласных і некаторых буйных гарадах Беларусі. Малыя ў першыя чатыры гады жыцця атрымліваюць траўмы, проста з дзіцячай непасрэднасцю спазнаючы навакольны свет. Задача дарослых — зрабіць такое вывучэнне максімальна бяспечным. Штогод у краіне траўміруецца больш за 8000 дзяцей, прычым большая частка выпадкаў — траўмы, атрыманыя ў быце.


Цэнтры абсталяваны прадметамі хатняга ўжытку і мэблі, якія могуць уяўляць патэнцыяльную рызыку для малых; цацкамі і дзіцячымі прыладамі. У адным пакоі адбудаваны фрагменты жылых памяшканняў: кухні, санвузла, спальні, прыхожай. Кожная з гэтых частак жылля паказвае, дзе малога падсцерагаюць непрыемнасці. У гэткай «міні-кватэры» наглядна дэманструецца, дзе павінны стаяць прас і патэльня, як павінны быць зачыненыя дзверы і вокны, куды пажадана класці дробныя цацкі. Дэманструецца магчымая небяспека ад халадзільніка, пліты, разеткі.

Галоўная мэта цэнтраў — навучыць бацькоў фарміраваць бяспечную прастору вакол дзяцей, каб яны ўмелі бачыць патэнцыяльную небяспеку і папярэджвалі магчымыя здарэнні да таго, як здарыцца няшчасце, адзначаюць спецыялісты. Адна з першых такіх устаноў, што адкрыліся ў краіне, знаходзіцца ў сталічным РНПЦ «Маці і дзіця», расказала Алена УЛЕЗКА, намеснік дырэктара па педыятрыі цэнтра:

— У нашым цэнтры мы збіраем на інтэрактыўныя заняткі па прафілактыцы дзіцячага траўматызму ўсіх жадаючых: і матуль, і цяжарных. Гэтая методыка карыстаецца поспехам сярод бацькоў, бо дарослыя часта проста не ўмеюць заўважаць рызыку, якая можа прывесці да траўмы ці гібелі малога. А тут яны, апроч усяго, не проста слухаюць пра рызыку, а могуць наглядна бачыць, дзе ў кватэры хаваецца небяспека для дзіцяці.

Пра тое, як бяспечна даглядаць дзяцей, бацькам і бабулям ды дзядулям расказваюць, як правіла, медыцынскія сёстры, якія самі прайшлі навучанне ў цэнтрах. Слухачы даведваюцца пра небяспеку праглынання дробных прадметаў, абварвання кіпенем, атручвання бытавымі хімічнымі рэчывамі ці таблеткамі, падзення з вокнаў ці спавівальных столікаў.

Спецыялісты часта раяць бацькам паглядзець на кватэру вачыма малога: апусціцца на карачкі і ацаніць, да чаго можна дацягнуцца. Так становіцца відаць, напрыклад, што са стала вытыркаюцца забытыя нажніцы або звісае шнур ад праса, пад канапу закацілася батарэйка ці таблетка, каля батарэі хаваюцца скінуты аловак і лісток ад хатняй расліны...

Нават калі «прасунутыя» бацькі пераўтварылі сваё жыллё ў цытадэль бяспекі яшчэ да нараджэння дзіцяці, трэба быць на варце ўвесь час, бо прычыны траўматызму хаваюцца яшчэ і ў свядомасці мам і татаў. Да гібелі могуць прывесці нават такія дробязі, як сумесны сон у ложку з бацькамі, надзетая на час сну шапачка з завязкамі ці моцна зафіксіраваная коўдра, «каб не раскрыўся, бо замерзне». Яшчэ бацькі часта не заўважаюць небяспекі ў новых для дзіцяці месцах (у гасцях у сяброў, бабулі, суседзяў). А бадай што самае фантастычнае апраўданне, калі нешта здараецца: «мы не думалі, што ён ужо гэта ўмее».

Найчасцей трапляюць у непрыемнасці менавіта самыя дасціпныя і цікаўныя малыя. Аднак нельга думаць, што пасля трох гадоў справа наладжваецца і за дзецьмі можна ўжо не сачыць так пільна. Згодна са статыстыкай, траўматызм малых ва ўзросце ад трох да шасці гадоў павялічваецца ў тры-чатыры разы, а ў падлеткаў — проста пік па калецтве сябе.

Дзякуючы шматгадовай рабоце медыцынскіх структур краіны, Беларусь займае 25-ы радок у сусветным рэйтынгу найбольш камфортных для мацярынства краін і ўваходзіць у 50 найлепшых краін свету па арганізацыі і вядзенні: цяжарнасці і родаў, падкрэсліла спецыяліст. Навучанне ў цэнтрах могуць прайсці не толькі будучыя і існуючыя мамы і таты, але і супрацоўнікі паліклінік, дзіцячых садкоў і іншых устаноў, дзе даглядаюць дзетак ранняга ўзросту.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.