Вы тут

Калі сутыкнення не пазбегнуць... Нават канфлікт можа быць карысны


Кожны чалавек час ад часу аказваецца ў канфліктнай сітуацыі. Бывае, што ад яе канца можа залежаць будучыня як аднаго, так і некалькіх апанентаў. Пра тое, як варта дзейнічаць у спрэчцы, нам расказала Наталля Раднёнак — псіхолаг, экзістэнцыяльны тэрапеўт.


Калі канфлікт усё ж здарыўся, варта выразна разумець, з кім вядзецца спрэчка. У дадзенай сітуацыі сапернік можа быць упэўнены або няўпэўнены. У першым выпадку гэта шматслоўны чалавек, які не пазбягае высвятлення адносін, у другім — той, хто не раскрывае ўласных мэт, але пры гэтым можа ўпарта настойваць на сваім, хаваючы пад «прынцыповасцю» слабасць.

Псіхолаг распавяла пра тое, якіх правілаў неабходна прытрымлівацца падчас канфлікту.

— Самае першае і найлепшае, што можа зрабіць чалавек для спакойнага вырашэння, — адключыць эмоцыі і ўключыць розум. Тут добра дапамагае пытанне «для чаго я гэта раблю?». Варта выразна абазначыць для сябе, а таксама прыкладна агучыць іншаму мэту сутыкнення. Вельмі важна не дапусціць, каб эмоцыі бралі верх.

Акрамя таго, пры вырашэнні канфлікту неабходна выконваць шэраг іншых правілаў. Па-першае, не варта адразу аспрэчваць меркаванне, якое не супадае з вашым, капіраваць тон, рэзкасць і агрэсіўнасць правакатара ці адказваць на атаку тым жа.

Па-другое, важна праяўляць увагу да суразмоўніка, памяркоўнасць да яго асаблівасцяў. Не варта перарываць чалавека, калі ён агучвае тое, што вам ужо вядома. Замест гэтага найлепшым дзеяннем будзе прамы паўтор, інтэрпрэтацыя або абагульненне пачутага — такім чынам апанент зразумее, што яго словы дайшлі да супрацьлеглага боку.

Па-трэцяе, у момант, калі сапернік завершыць выказванне, неабходна спакойна агучыць думку пра тое, што яго пазіцыя «вельмі цікавая і яе можна было б прыняць».

Па-чацвёртае, важна пазбягаць сутыкненняў асабістага характару. Не варта прымаць ненарматыўную лексіку і абразы на свой кошт. Трэба разглядаць апанента такім, якім ён сябе паказвае, не спрабаваць заклікаць да захавання прыстойнасці.

Па-пятае, неабходна гаварыць з суразмоўнікам на зразумелай яму мове, пазбягаючы слоў-паразітаў. Не дэманстраваць сваю інтэлектуальную перавагу.

У дапаўненне да гэтага, у канфлікце не трэба спяшацца са зваротнай рэакцыяй, лепш за ўсё вытрымліваць невялікія паўзы. Мэтазгодна казаць суразмоўніку пра свае пачуцці і эмоцыі, выкліканыя яго словамі. Таксама важна пазбягаць закрытых поз (напрыклад, не складваць рукі на грудзях), не глядзець апаненту прама ў вочы — гэтае дзеянне можа выклікаць агрэсію.

— Канфлікт — гэта не дрэнна і не добра. Ён проста быў, ёсць і будзе. Усе людзі розныя, іх каштоўнасці таксама, у кожнага ёсць права не згаджацца. І гэта трэба прыняць. Таму сутыкненняў не варта баяцца і пазбягаць.

Наталля расказвае, што канфлікт у любым выпадку непазбежны, і неабходна навучыцца здабываць з яго карысць.

— Калі мы з чымсьці нязгодныя, мы сябе абмяжоўваем. Канфлікт дае выдатны шанц паглядзець на сітуацыю з розных бакоў, «пачуць», разгледзець свае каштоўнасці і каштоўнасці іншага. Разбіраючы спрэчныя сітуацыі, мы маем шмат магчымасцяў: акрэсліць сваю пазіцыю, даведацца межы іншага, умацаваць веру ў нешта, змяніць свае каштоўнасці, аб'яднацца і гэтак далей.

Па словах псіхолага, галоўнае — памятаць мэту і не забываць пра максімальную павагу да апанента.

— У любым канфлікце мы ўсведамляем і прымаем уласныя змены і змены іншага, — тлумачыць Наталля.

Лізавета МАЛЬЧУК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».