Вы тут

Як апантаныя настаўнікі ствараюць для сельскіх дзяцей унікальныя магчымасці


«Кажуць, што ў жыцці чалавека ёсць два шчаслівыя дні: дзень, калі ён нарадзіўся, і дзень, калі зразумеў, навошта. Дык вось, я вельмі спадзяюся, што другі дзень для мяне ўжо наступіў!» — свеціцца ад шчасця Вольга ЦЯПКІНА, удзельніца трэцяга набору праграмы «Настаўнік для Беларусі!»


Летні інтэнсіў для ўдзельнікаў трэцяга набору магутнай эмацыянальнай і інтэлектуальнай перазагрузкай.

Мой шанц!

Як высветлілася, дзяўчына даўно марыла пра работу педагога. Неаднойчы спрабавала летам уладкавацца ў аздараўленчы лагер у сваім раёне, але туды бралі толькі студэнтаў педагагічных спецыяльнасцяў. А ў Вольгі — эканамічная адукацыя: яна скончыла Фінансава-эканамічны каледж і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Пяць гадоў працавала бухгалтарам. Прызнаецца, што калі рабіла свой прафесійны выбар у 17 гадоў, знаходзілася пад уплывам пэўных стэрэатыпаў, таму каштоўны час быў упушчаны. Здаровы сэнс падказваў, што з марай трэба развітацца, але дзяўчына працягвала шукаць магчымасці, розныя курсы для самаразвіцця. І раптам…

— Мне трапіла на вочы абвестка ў адным з тэлеграм-каналаў пра набор у праект «Настаўнік для Беларусі». Там згадвалася, што стаць яго ўдзельнікамі могуць не толькі выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў і вопытныя настаўнікі — праграма даступная для ўсіх уладальнікаў дыпломаў аб вышэйшай адукацыі — трэба толькі прайсці перападрыхтоўку ў магістратуры БДПУ. Я падумала — гэта мой шанц! Так я стала магістранткай, дарэчы, сур’ёзна рыхтавалася да экзамену, на якім атрымала «васьмёрку», — расказвае 24-гадовая Вольга. — Прайшла ўсе этапы адбору. Адным з патрабаванняў было правесці сяміхвілінны ўрок. Давялося імправізаваць і крэатывіць, бо я ж не педагог (смяецца — Аўт.). Прапанавала на суд экспертаў урок па фінансавай адукаванасці. Потым быў Летні інтэнсіў для ўдзельнікаў трэцяга набору. Для мяне, чалавека, які прызвычаіўся жыць па інструкцыі, бо такая спецыфіка бухгалтарскай работы, усё было дзіўна. У галаве адбываўся кагнітыўны дысананс, калі табе кажуць: самі вырашайце, што будзеце рабіць далей. Можна было выбіраць любы навучальны ці развіццёвы блок, які зацікавіў. А мне, шчыра кажучы, было цікава ўсё. І ў любы момант можна было пайсці з адраго занятку туды, дзе табе цікавей. У пэўным сэнсе выпрабаваннем для мяне стала работа ў групе. Адной камунікабельнасці і ўмення чуць іншага аказалася недастаткова. Трэба было яшчэ і асабістыя інтарэсы падпарадкоўваць калектыўным. Таму для мяне інтэнсіў стаў сапраўдным скачком уверх. Магчымасцю пазнаць сябе і свае магчымасці…

Сама Вольга родам з Вілейкі. Кажа, што для яе было прынцыповым момантам пайсці працаваць настаўніцай менавіта ў сельскую школу — туды, дзе больш за ўсё патрабуюцца педагогі, і дзе, на жаль, не затрымліваецца моладзь. Школа для яе знайшлася ў Чэрвеньскім раёне.

— І вось з 1 верасня я — настаўніца пачатковых класаў, буду працаваць у вучэбна-педагагічным комплексе «Грабёнкаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа», — усміхаецца шчаслівая Вольга. — Мае вучні — 13 другакласнікаў. Я веру, што гэта менавіта той узрост, калі можна даць штуршок развіццю асобы. Калі дзеці павераць, што яны могуць усё, калі яны вырастуць упэўненымі ў сабе людзьмі, калі не будуць сумнявацца ў сваіх сілах і магчымасцях, то праз колькі гадоў наш свет абавязкова зменіцца ў лепшы бок.

У сваім выбары Вольга ніколькі не сумняваецца. Кажа: «Я ведаю, што іду туды, дзе павінна быць, і дзе мяне, спадзяюся, вельмі чакаюць. Ведаю таксама людзей з дыпломам аб педагагічнай адукацыі і шчырым нежаданнем працаваць у школе. Мне здаецца, што наяўнасць дыплома ў рабоце з дзецьмі — не галоўнае...» Дарэчы, летам яна нарэшце ўсё ж такі атрымала першы педагагічны вопыт: спачатку ў анлайн-летніку, які ўдзельнікі трэцяга набору арганізоўвалі для дзяцей у рамках Летняга інтэнсіву, а ў жніўні працавала выхавальнікам у аздараўленчым летніку афлайн.

Чэрвеньская сустрэча ўдзельнікаў першага, другога набора, куратараў і метадыстаў.

— У Чэрвеньскі раён я пераязджаю з мужам. Мы разам ужо сем гадоў, хоць вяселле зладзілі толькі ў студзені бягучага года. Мой каханы чалавек мяне ва ўсім падтрымлівае. Ён па прафесіі — прамысловы альпініст, таму на месцы не сядзіць, ездзіць па Беларусі. Сказаў: «Мой дом там, дзе ты». Праўда, ён яшчэ не ведае, што яму давядзецца ўдзельнічаць ва ўвасабленні ўсіх маіх ідэй у школе, — смяецца Вольга. — Мы лёгкія на пад’ём. Дырэктар школы ўжо знайшла нам жыллё, куды мы пераязджаем разам з нашым катом. Ну не можам жа мы кінуць свайго сябра…

18 адважных

Днямі праграма «Настаўнік для Беларусі» адзначыла старт новага сезона. На святочным мерапрыемстве сустрэліся прадстаўнікі ўсіх трох яе набораў. За два гады праграма вырасла да 38 удзельнікаў і 29 школ-партнёраў з вёсак, аграгарадкоў, раённых цэнтраў з усіх абласцей Беларусі.

5.	Удзельнікі трэцяга набору, настаўнікі пачатковых класаў Ала ЛЯХОВІЧ, Алена ЛЕМАНТОВІЧ і метадысты Ірына АДАМОВІЧ і Таццяна БАГДАНОВІЧ.

Удзельнікі апошняга набору прайшлі чатыры этапы адбору, і са 109 кандыдатаў у новы навучальны год і трэці сезон праграмы (2021–2023 гады) ідуць 18 «настаўнікаў для Беларусі» (чатыры з іх без педагагічнай адукацыі ці без вопыту педагагічнай работы).

У новым навучальным годзе праграма прыходзіць у 17 школ, 12 з якіх — новыя школы-партнёры ў Пружанах, Косаве, Тураве, Фаніпалі, Оршы, Беразіно, аграгарадках Дзівін, Турэц, Сар’я, пасёлках Чысць і вёсцы Грабёнка. Яшчэ раней да праграмы далучыліся школы і гімназіі ў Дзяржынску, вёсцы Спонды, гарадскім пасёлку Глуск, аграгарадках Павіцце і Мікулічы.

На працягу двух гадоў удзельнікі праграмы працуюць у рэгіянальнай ці сельскай школе настаўнікамі. Яны вучаць і натхняюць, рэалізоўваюць праекты, адкрываюць новыя напрамкі і вераць у патэнцыял кожнага дзіцяці, у магчымасці яго росту і развіцця. Праграма аказвае ўдзельнікам куратарскую, метадычную, праектную і фінансавую падтрымку, фарміруе актыўную супольнасць настаўнікаў-лідараў, рэалізоўвае адукацыйныя спецпраекты.

Усе новаспечаныя «настаўнікі для Беларусі» атрымалі для работы ноутбукі ад глабальнай кампаніі плацёжных тэхналогій Visa.

Ініцыятарам, ключавым донарам, стратэгічным партнёрам праграмы і заснавальнікам фонда «Новая школа» стаў БПС-Сбербанк, які заключыў з Міністэрствам адукацыі пагадненне аб супрацоўніцтве. Далучыцца да яго могуць любыя кампаніі-донары, што пажадаюць зрабіць свой унёсак у развіццё якаснай адукацыі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У новым сезоне да праграмы далучыўся і міжнародны брэнд — глабальная кампанія плацежных тэхналогій Vіsa, якая аказала фінансавую падтрымку на закупку ноўтбукаў для новаспечаных «настаўнікаў для Беларусі». І не толькі…

Вучыцца ў дзяцей

Дарэчы, у рамках урачыстага старту новага сезона адбыліся прэм’ера і абмеркаванне дакументальнага фільма «Быць настаўнікам». Гэта гісторыя пра свядомы выбар, рашучасць і авантурызм, пра любоў, шчырасць і жаданне зрабіць па-іншаму. Гісторыя пра Варвару і Сяргея, якія, не маючы педагагічнай адукацыі, у верасні мінулага года зноў аказаліся ў школе, але ўжо ў ролі настаўнікаў…

Варвара ў школьныя гады марыла стаць ветэрынарам, актрысай, дальнобойшчыцай і... з’ехаць у Афрыку. У студэнцтве спявала ў хоры, валанцёрыла і падарожнічала. Летам 2016-га вырашылася паехаць ў Амерыку, каб пажыць і папрацаваць там па праграме «Work & Travel». Дзяўчына хацела пагрузіцца ў чужы свет і культуру не як турыст, а спазнаючы людзей, іх быт і філасофію жыцця.

Скончыўшы факультэт міжнародных адносін БДУ ў 2017-м з дыпломам перакладчыка і спецыяліста па міжнародных адносінах, яна з галавой акунулася ў валанцёрскую рамантыку. Спачатку адкрыла для сябе кінафестываль «Лістапад». Затым разам з педагагічным атрадам «Імпульс» з’ехала ў лагер, да берага Чорнага мора, каб паспрабаваць сябе ў ролі важатай. Сказаць, што зносіны з дзецьмі і падлеткамі ў такім фармаце яе вельмі ўразілі — нічога не сказаць. А калі Варвара Чарнавец даведалася пра праграму «Настаўнік для Беларусі», у яе з’явіўся шанц атрымаць «атрад» не на адну змену, а на цэлы навучальны год. Ці два!

Прайшоўшы вочны адбор, дзяўчына ні секунды не сумнявалася ў тым, што хоча пераехаць у вёску, далей ад сталіцы і інфраструктуры — для яе гэта быў новы цікавы досвед. А ў якасці прадмета для выкладання абрала англійскую мову і паступіла ў магістратуру, каб атрымаць веды па педагогіцы і методыцы выкладання. Цяпер яна працуе ў 2-й школе гарадскога пасёлка Глуск, што ў Магілёўскай вобласці. Як вы думаеце, ці магла такая яркая асоба не зацікавіць вучняў?

Вольга ЦЯПКІНА: «Праграма „Настаўнік для Беларусі“ — гэта мой шанц!»

Варвары падабаецца праводзіць урокі з дзецьмі, глядзець на свет іх вачыма і пашыраць іх і свой кругагляд. Але прызнаецца, што прызвычаіцца да школьнага распарадку было няпроста. Кожны дзень для яе адкрываюцца новыя дэталі ў настаўніцкай рабоце, пра якія яна нават не здагадвалася.

У Глуск дзяўчына адправілася не адна. Яе партнёрам па праграме і калегам стаў Сяргей Макарэвіч, выпускнік БДЭУ. Хлопец доўга сумняваўся, падсвядома прымяраў на сябе ролю настаўніка. «А калі напярэдадні дэдлайну мне зноў трапіла на вочы паведамленне пра адбор, то я быў ужо маральны гатовы адважыцца ў ім паўдзельнічаць. Увогуле, для мяне ўдзел у праграме стаў своеасаблівым выклікам, — канстатуе ён. — Так, у мяне былі пэўныя веды, цікавасць і жаданне развівацца, але разам з тым былі і сумненні, ці атрымаецца ажыццявіць свае задумы. Ці здолею я дасягнуць пастаўленых мэт? Безумоўна, удзел у праграме — гэта не толькі гісторыі поспеху, але і пэўныя цяжкасці, якія даводзіцца пераадольваць штодня. Тым не менш, я спрабую ўспрымаць іх не як праблемы, якія абцяжарваюць і прымушаюць апусціць рукі, а як стымул, які дае магчымасць расці і ісці далей, нягледзячы ні на што». У школе Сяргей таксама выкладае англійскую мову.

Цікава, а як адважыўся дырэктар школы прыняць да сябе адразу двух маладых людзей без педагагічнага досведу?

— Пачуўшы пра прагаму «Настаўнік для Беларусі», я адразу ўявіла ў нашай школе маладога настаўніка-энтузіяста, крэатыўнага інтэлектуала з новым мысленнем і новым падыходам да адукацыйнага працэсу. Да таго ж, з-за пандэміі са школы сышлі нашы паважаныя і вопытныя педагогіі-пенсіянеры. Дзе знайсці настаўнікаў на 40 (!) гадзін па замежнай мове? Падала заяўку ў праграму і...атрымала адразу двух спецыялістаў, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 2 гарадскога пасёлка Глуск Алена СЛІЧОНАК. — Ці спраўдзіліся чаканні? Адназначна. Граматныя і старанныя, сучасныя і смелыя, яны любяць дзяцей, а дзеці любяць іх. Вядома, спачатку былі складанасці і нават слёзы. Варвара вельмі перажывала, што штосьці не атрымліваецца, не ведала, як матываваць да вучобы сельскіх дзяцей, якія не разумеюць, навошта ім замежная мова. А я супакойвала: «Рабі так, як рабілі твае любімыя настаўнікі, і не рабі тое, што табе не падабалася». Зразумела, хтосьці скажа, што «ім не хапае вопыту». Але ж ці гэта галоўнае? Сапраўдны педагог — той, хто вучыць і вучыцца разам з дзецьмі. І нашы «настаўнікі для Беларусі» менавіта такія. Мы самі вучымся ў іх па-іншаму рэагаваць на поспехі і няўдачы.

Заўважу, што Глуск — дастатковы камфортнае для моладзі месца. Варвара і Сяргей узрадаваліся, калі даведаліся, што ў нас можна наведваць басейн і трэнажорную залу, што ёсць Цэнтр культуры і адпачынку, можна ўзяць напракат і ролікі, і веласіпед, і скейт. Але яны не падазравалі, што ў іх проста не будзе на ўсё гэта часу (смяецца — Аўт.).

Ведаю, што у рабят шмат задумак і планаў, мяркую, што ўсё ў іх атрымаецца і па-за межамі гэтай праграмы. У дзіцячых сэрцах яны ўжо занялі сваё месца. А мы сваё партнёрства сёлета яшчэ пашыраем: удзельнікам праграмы «Настаўнік для Беларусі» стаў выпускнік нашай школы, а цяпер настаўнік хіміі Віктар Фясько, які зімой вярнуўся дамоў са сталіцы, дзе выкладаў у каледжы. Таксама да нас едзе настаўнік рускай мовы Ганна Алёхна, наша зямлячка, удзельніца другога набору. Таму дзякуй усім, хто столькі сіл аддае гэтаму выдатнаму праекту...»


Новы набор на чацвёрты сезон «Настаўнік для Беларусі» (2022 — 2024) стартуе восенню. Сачыць за навінамі праграмы можна на сайце http://teach4.by

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота арганізатараў праекта

Загаловак у газеце: Нераўнадушныя, сучасныя і крэатыўныя

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.