Вы тут

Прыродаахоўная дзейнасць падчас хрушчоўскай «адлігі»


Ідэя беражлівых адносінаў да прыроды прысутнічала на ўсіх гістарычных этапах развіцця беларускага народа. Але на працягу ХХ стагоддзя пад уплывам працэсаў індустрыялізацыі і ўрбанізацыі яго экалагічная свядомасць перажыла глыбінныя працэсы трансфармацыі. Найбольшую дынаміку яны набылі на мяжы 1948—1953 гадоў падчас рэалізацыі «сталінскага плана пераўтварэння прыроды», які не быў здадзены ў архіў і пасля яго смерці. У перыяд хрушчоўскай «адлігі» працэсы індустрыялізацыі і ўрбанізацыі набылі новую дынаміку.


У 1956 годзе акадэмік Рагавы выступіў за аднаўленне Бярэзінскага і Вялаўскага запаведнікаў. Фота Дзяніса Іўковіча.

Узрасла роля грамадства

Пасля смерці Сталіна функцыі аховы прыроды ў БССР ажыццяўлялі Галоўнае ўпраўленне паляўнічай гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР, а таксама Дзяржаўная інспекцыя па ахове рыбных запасаў і рэгуляванні рыбалоўства Саўнаргаса БССР. Падобная раскіданасць не спрыяла выпрацоўцы адзінай стратэгіі прыродакарыстання, асэнсаванню і вырашэнню найбольш вострых экалагічных праблем. У гэтай сітуацыі ў справе рэгулявання пытанняў прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя ўзрасла роля грамадства. Падчас публічных дыскусій навуковая грамадскасць атрымала права на крытыку дзяржаўнай палітыкі прыродакарыстання. Былі ўзноўлены скасаваныя ў сталінскія часы запаведнікі. Насельніцтву была дазволена самаарганізацыя ў сферах добраўпарадкавання, азелянення і самазабеспячэння прадуктамі харчавання. Экалагічная праблематыка пачала фарміраваць публічны дыскурс.

Штуршок першым грамадскім прыродаахоўным ініцыятывам дало рашэнне прэзідыума Акадэміі навук БССР аб стварэнні ў 1956 годзе пры аддзяленні біялагічных і сельскагаспадарчых навук Камісіі па ахове прыроды пад кіраўніцтвам віцэ-прэзідэнта І. С. Лупіновіча (на фота). Гэты крок быў адказам навуковай супольнасці перш за ўсё на парушэнні правілаў палявання і рыбнай лоўлі ў БССР, якія да сярэдзіны 1950-х гадоў набылі настолькі масавы характар, што пагражалі прыроднаму балансу рэспублікі. Развіццю браканьерства спрыяў не толькі сфарміраваны падчас сталінскай індустрыялізацыі спажывецкі тып адносінаў да прыроды, але таксама шматлікія нарыхтоўчыя канторы, якія часта парушалі правілы прыёму сыравіны.

І.С. Лупіновіч

У 1956 годзе вядучы беларускі глебазнаўца, акадэмік П. П. Рагавы выступіў за аднаўленне Бярэзінскага і Вялаўскага запаведнікаў, а таксама Галоўнага ўпраўлення па запаведніках пры Савеце Міністраў БССР. Неўзабаве гэтая прапанова атрымала развіццё ў артыкуле групы супрацоўнікаў Інстытута біялогіі Акадэміі навук БССР на чале з вядомым заолагам І. М. Сяржаніным.

Адразу пасля стварэння ў 1955 годзе ў барацьбу з браканьерамі ўключылася Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. На працягу 1957-га і ў першыя месяцы ­1958-га з дапамогай сябраў таварыства былі выяўлены больш за 450 выпадкаў парушэння правілаў палявання і рыбнай лоўлі.

Неўзабаве да беларускага прырода­ахоўнага руху далучыўся камсамол. Напрыканцы чэрвеня 1959 года Мінскі абкам ЛКСМБ прыняў пастанову аб удзеле камсамольцаў і моладзі вобласці ў ахове зялёных насаджэнняў. Пры абкаме быў створаны штаб «зялёных патрулёў», куды ўвайшлі спецыялісты, камсамольскія работнікі, садаводы-аматары, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Экалагічную культуру ў свядомасць школьнікаў укаранялі беларускія пісьменнікі. Рух у абарону роднай прыроды падтрымала і старэйшае пакаленне. Напрыклад, пенсіянер-садавод М. П. Ахрыменка выступіў у 1959 годзе з ініцыятывай стварэння Таварыства сяброў зялёных насаджэнняў. Неўзабаве пачалося правядзенне рэспубліканскіх месячнікаў «За ахову прыроды».

З мэтай аховы і рацыянальнага выкарыстання

Нарэшце ахову навакольнага асяроддзя ў якасці адной з функцый на арганізацыйным узроўні вызначыла дзяржава. З мэтай аховы і рацыянальнага выкарыстання прыродных багаццяў пастановай ад 29 жніўня 1960 года Савет Міністраў БССР стварыў у сваім складзе Дзяржаўны камітэт па ахове прыроды са структурнымі падраздзяленнямі ў выглядзе абласных інспекцый. Старшынёй камітэта быў прызначаны адзін з арганізатараў партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, Герой Савецкага Саюза І. М. Цімчук. Новаму камітэту былі перададзены Дзяржаўная інспекцыя па ахове рыбных запасаў і рэгуляванні рыбалоўства Саўнаргаса БССР, Галоўнае ўпраўленне лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР, а таксама Бярэзінскі запаведнік з шэрагам паляўнічых заказнікаў.

У адпаведнасці з накірункамі работы Дзяржкамітэт па ахове прыроды структурна складаўся з аддзелаў вывучэння і ўліку водных рэсурсаў; аховы водных рэсурсаў і воднагаспадарчых аб’ектаў; навукова-тэхнічнай інфармацыі; па ахове зямельных і лясных угоддзяў; па разглядзе праектаў і навукова-даследчай рабоце, а таксама ўпраўлення па справах паляўнічай гаспадаркі і запаведнікаў, Дзяржінспекцыі па ахове рыбных запасаў і рэгуляванні рыбалоўства «Белдзяржрыбвад». Камітэт рыхтаваў для ўрада праекты прыродаахоўных заканадаўчых актаў (напрыклад, «Аб помніках прыроды»); маніторыў шкодныя скіды прадпрыемстваў; кантраляваў будаўніцтва ачышчальных збудаванняў і каналізацыйных сістэм, рацыянальнае выкарыстанне лясоў, зарыбленне вадаёмаў, эрозію глебаў, будаўніцтва паркаў і сквераў; адкрываў паляўнічыя і рыбалоўныя сезоны.

У 1961 годзе кіраўніцтва камітэта пакарала штрафам Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання за неачышчаныя скіды ў Камсамольскае возера. У 1962 годзе камітэт хадайнічаў перад Упраўленнем харчовай прамыслова­сці Савета народнай гаспадаркі БССР аб тэрміновым закрыцці Шацкага крухмальнага завода за скід забруджаных вод у раку Шаць.

1961: прыняты закон «Аб ахове прыроды»

Напачатку Дзяржаўны камітэт па ахове прыроды разам з Дзяржаўнай санітарнай інспекцыяй Міністэрства аховы здароўя БССР зрабіліся аб’ектамі крытыкі ў СМІ «за нерашучыя дзеянні». Вынікам гэтай нерашучасці былі 23 тыс. кубаметраў забруджанай вады, якую штогод скідвалі праз ручай Сляпянка ў Свіслач МАЗ і МТЗ, 15 тыс. штогадовых кубічных метраў мазуту ў Заходняй Дзвіне з Віцебскай ЦЭЦ, тоны атрутнага крэазоту, якія спускаў Нова-Барысаўскі шпалапрапітачны завод у Бярэзіну.

Рэйд па праверцы забруджанасці беларускіх рэк, праведзены рэдакцыяй газеты «Советская Белоруссия» летам 1961 года, неўзабаве пасля з’яўлення пастановы Савета Міністраў БССР аб упарадкаванні выкарыстання водных рэсурсаў, выкрыў праблемы з ачышчальнымі збудаваннямі на будаўніцтве Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода і Салігорскага калійнага камбіната, якія забруджвалі Заходнюю Дзвіну і Случ.

Дзейнасць Дзяржаўнага камітэта па ахове прыроды Савета Міністраў БССР набыла трывалую юрыдычную глебу пасля таго, як 21 снежня 1961 года ­Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў закон «Аб ахове прыроды». У ім прыродаахоўная дзейнасць была вызначана ў якасці важнейшай дзяржаўнай задачы і справы ўсяго народа. Закон змяшчаў пералік аб’ектаў прыроды, якія падлягалі ахове, забараняў забруджванне вадаёмаў, самавольную высечку лясоў, знішчэнне рэдкіх відаў жывёл. Асобныя яго раздзелы былі прысвечаны арганізацыі запаведнікаў і заказнікаў, уліку і планаванню выкарыстання прыродных рэсурсаў, а таксама кантролю за аховай прыроды.

Падрыхтоўка закона «Аб ахове прыроды» актуалізавала выкананне пастановы Саветы Міністраў БССР ад 30 снежня 1959 года, якая дазваляла будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў толькі пры ўмове ажыццяўлення мерапрыемстваў па санітарнай ахове атмасферы ад забруджвання прамысловымі адходамі, а таксама азелянення. Так у Мінску на працягу 1961 года на газавае паліва былі пераведзены каля 50 прадпрыемстваў і 21 кацельная, у выніку чаго забруджванне паветра ў сталіцы зменшылася на 30 % у параўнанні з 1957 годам.

Вожык. 1963. № 1. С. 5.

Вожык. 1962. № 4. С. 9.

Сацыялістычнае спаборніцтва за чысціню азёр і рэк

У 1962 годзе па ініцыятыве калектываў прадпрыемстваў Рэчыцы ў рэспубліцы разгарнулася сацыялістычнае спаборніцтва за чысціню азёр і рэк. Па выніках года ганаровымі граматамі за ўкараненне ачышчальных збудаванняў былі ўзнагароджаны Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Магілёўскі завод штучнага валакна, Крычаўскі цэментна-шыферны завод і кардонная фабрыка «Раеўка», а работнікаў гэтых прадпрыемстваў прэміравалі. У 1962 годзе Саўнаргас БССР выклікаў на сацыялістычнае спаборніцтва за чысціню рэк Саўнаргасы Літоўскай ССР і Валгаградскай вобласці РСФСР.

Разам з тым санітарна-­эпідэмічнае ўпраўленне Міні­стэр­ства аховы здароўя БССР настойвала на больш маштабных і эфектыўных захадах па нармалізацыі экалагічнай сітуацыі ў рэспубліцы. Замеры зафіксавалі запыленасць і задымленасць паветра на Прывакзальнай плошчы, у раёне Чэрвенскага рынку, а таксама ў наваколлі хлебзавода № 1 г. Мінска, якія пера­ўзыходзілі нормы ў 4-6 разоў. У сталічным парку Чалюскінцаў канцэнтрацыя сярністага газу была больш за нарматыўную ў чатыры разы. У 4-5 разоў перавышала норму колькасць угарнага газу на сталічным Ленінскім праспекце, а таксама вуліцах Маскоўскай, Чкалава, Падлеснай, Я. Коласа. У 1963 годзе прамысловыя прадпрыемствы Мінска штодня выкідалі ў атмасферу 150 тон шкодных рэчываў.

Фота gpk.gov.by

Крычаўскі цэментавы завод за год выкідаў у паветра да 50 тон сыравіннага пылу. У Ваўкавыску пусцілі цэментавы завод таксама без пылазборніка.

З 3430 правераных у 1962 годзе Дзяржаўным камітэтам па ахове прыроды суб’ектаў гаспадарання рэспублікі, якія ўжывалі ваду для вытворчых патрэб, 1302 не мелі ачышчальных збудаванняў і штодня скідвалі ў вадаёмы тысячы кубоў брудных вод. Больш за тое, у тым жа го­дзе 360 прадпрыемстваў БССР не зменшылі, а павялічылі скіды вод без ачысткі. Напрыклад, мінскія прамысловыя прадпрыемствы штосутачна скідвалі ў Свіслач 202 тыс. кубічных метраў забруджаных вод. Працягвалі з нарастаючымі тэмпамі атручваць навакольныя вадаёмы і 76 % прадпрыемстваў Беларускай чыгункі.

Браканьерству — бой, але…

У 1960-м — першай палове 1962-га гадоў у БССР былі выяўлены 7637 парушальнікаў правілаў палявання і рыбнай лоўлі. Аднак многія з іх «з міласці» міліцыі і пракуратуры заставаліся беспакаранымі. З 1270 выкрытых леснікамі на працягу 9 месяцаў 1963 года выпадкаў парушэння правілаў і тэрмінаў палявання вінаватыя былі прыцягнуты да адказнасці толькі ў 63 выпадках.
У 1963 годзе намаганні Дзяржаўнага камітэта па ахове прыроды навесці парадак у сістэме прыродакарыстання былі азмрочаны фельетонам у газеце «Правда», прысвечаным яго старшыні І. М. Цімчуку. Карэспандэнт з Беларусі паведамляў, што І. М. Цімчук пераўтварыў Бярэзінскі запаведнік у персанальнае ўгоддзе, «... паводзіў сябе як пан, груба лаяўся, прыніжаў чалавечую годнасць людзей». «Правда» крытыкавала кіраўніка беларускага прыродаахоўнага ведамства таксама за цкаванне дырэктара Бярэзінскага запаведніка І. А. Пяхоты, якога за пратэсты супраць незаконных паляванняў мінскага начальства перавялі ў леснікі. Падобныя матэрыялы, якія з’яўляліся ў галоўнай партыйнай газеце краіны, былі прадметам абавязковага абмеркавання ў беларускім партыйным кіраўніцтве. У красавіку 1963 года ЦК КПБ паведаміў у Маскву, што «...І. М. Цімчуку было «указана» за грубае стаўленне да падначаленых», аднак І. А. Пяхоту, па словах супрацоўнікаў ЦК, панізілі слушна, за дрэннае кіраванне, а факты арганiзацыi паляванняў за дзяржаўныя сродкі не пацвердзіліся.

Першыя крокі Беларускага таварыства аховы прыроды

З мэтай захавання навакольнага асяроддзя, падтрымання разнастайнасці флоры і фаўны, а таксама захавання і ўмацавання здароўя насельніцтва было заснавана Беларускае таварыства аховы прыроды. Яго першы ўстаноўчы з’езд, які адбыўся 27 красавіка 1962 года, адкрыў намеснік старшыні Савета Міністраў БССР У. Е. Лабанок. Старшынёй прэзідыума новай грамадскай арганізацыі стаў прэзідэнт Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР І. С. Лупіновіч.

Знакаміты фізіёлаг, прафесар Мінскага медыцынскага інстытута А. А. Логінаў звярнуў увагу грамадства на першыя негатыўныя наступствы развіцця масавага спартыўнага турызму ў ваколіцах Мінска і возера Нарач у выглядзе кансервавых бляшанак, бітых бутэлек, абрыўкаў паперы, рэшткаў ежы, попелу ад вогнішчаў, дзясяткаў высечаных маладых дрэў.

Своеасаблівым адказам на гэтую крытыку быў абвешчаны ў красавіку 1963 года Беларускім таварыствам аховы прыроды сумесна з Міністэрствам асветы БССР і ЦК ЛКСМБ рэспубліканскі двухгадовы дзіцячы паход «За ахову прыроды». У рамках гэтай безумоўна важнай, але відавочна несувымернай сур’ёзнасці сітуацыі акцыі школьнікі саджалі дрэвы, падкормлівалі птушак, чысцілі лес ад галля, тушылі лясныя пажары, нават стваралі школьныя лясніцтвы, за што атрымлівалі граматы і каштоўныя падарункі.

На пленумах Беларускага таварыства аховы прыроды часта гучала крытыка пярвічных арганізацый, актыў якіх складаўся пераважна са школьнікаў і пенсіянераў. Студэнцкая і рабочая моладзь з невялікай ахвотай удзельнічала ў прыродаахоўнай дзейнасці. Напрыклад, у БДУ, дзе вучыліся звыш 5 тысяч студэнтаў, пярвічка таварыства складалася з 48 чалавек, а на Мінскім заво­дзе аўтаматычных ліній, дзе працавала шмат моладзі, яе не было ўвогуле. У якасці прыкладу ставілі Беларускае басейнавае ўпраўленне па ахове і ўзнаўленні рыбных запасаў і рэгуляванні рыбалоўства, дзе меліся каля 2 тысяч грамадскіх інспектараў камсамольскага ўзросту. Толькі за першае паўгоддзе 1964 года яны аштрафавалі браканьераў на 15714 рублёў, пераважна за лоўлю сеткамі.

Шкодныя экалагічныя наступствы меліярацыі

Да сярэдзіны 1960-х гадоў зрабіліся відавочнымі адмоўныя бакі пасляваеннага меліярацыйнага будаўніцтва. З асушаных у БССР 928 тысяч гектараў зямель калгасы і саўгасы выкарыстоўвалі пад пасевы сельскагаспадарчых культур толькі 400 тыс. га, астатнія ж знаходзіліся пад малапрадукцыйнымі сенакосамі і пашамі. У дадатак да невялікай гаспадарчай эфектыўнасці меліярацыйнага праекта навукоўцы заўважылі яго шкодныя экалагічныя наступствы. Эканаміст С. А. Шкадзінскі ў 1965 годзе так апісваў вынікі меліярацыйнага будаўніцтва: «У выніку варварскіх меліярацыйных работ за некалькі апошніх гадоў у БССР знішчаныя малыя рэкі Волма, Морач, Тур’я, Лоша, Вясёлка, Нёманка, Лакнея, Салон і інш. Усяго 19 рэк, пераўтвораныя ў дрэнажныя канавы, назаўжды страцілі гаспадарчае значэнне і эстэтычнае хараство. Знікненне рэк суправаджалася з’яўленнем на палях Веткаўскага, Жыткавіцкага і іншых раёнаў паўднёвай часткі рэспублікі зыбучых пяскоў і пясчаных бур».

Тым не менш, у другой палове 1960-х гадоў маштабы меліярацыі павялічыліся. У перыяд з 1966 па 1970 год планавалася асушыць рэкордныя 1,5 млн га забалочаных зямель.

Ігнараванне экалагічных аспектаў меліярацыйных работ з боку «Палессевадбуду» выклікала новую хвалю грамадскай крытыкі. Сур’ёзнасць праблемы прымусіла вядомага спецыяліста ў галіне антрапагеннай эвалюцыі глебаў прафесара Н. Е. Рагозіна звярнуцца з яе падрабязным апісаннем непасрэдна да першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава.

Другі з’езд Беларускага таварыства аховы прыроды

20-21 красавіка 1966 года ў Мінску адбыўся другі з’езд Беларускага таварыства аховы прыроды. На ім канстатавалася, што за тры гады былі створаны 6 абласных, 10 гарадскіх, 11 раённых і 77 сельскіх аддзяленняў. Колькасць пярвічных арганізацый дасягнула лічбы 3895, у іх меліся 3105 юнацкіх секцый. Таварыства зрабілася сапраўды масавай арганізацыяй — агулам у ёй налічвалася каля паўмільёна сябраў, што складала 6 % ад агульнай колькасці насельніцтва БССР.

Разам з пералікам дасягненняў у выступах удзельнікаў з’езду прагучалі палохаючыя лічбы. На працягу 1964 года ў БССР былі незаконна высечаны 83,5 тыс. м3 калгаснага лесу, прычым толькі ў 10 % выпадкаў вінаватыя былі прыцягнуты да адказнасці. Прадпрыемствы Віцебска штодня скідалі больш за 40 тыс. м3 шкодных рэчываў у Заходнюю Дзвіну. Заводы і фабрыкі Гомеля злівалі на працягу сутак у Сож каля 20 тыс. м3 неачышчаных адходаў вытворчасці. Гэта толькі два прыклады з некалькіх дзясяткаў.
Па-ранейшаму востра стаяла праблема браканьерства. Толькі за 6 месяцаў сябры Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага таварыства аховы прыроды, афіцыйная колькасць якіх дасягнула 150 тысяч чалавек, адабралі ў браканьераў сапраўдны арсенал — больш за 500 стрэльбаў.

***

Такім чынам, перыяд хрушчоўскай «адлігі» быў часам узнікнення экалагічнага руху ў БССР, яго інстытуалізацыі ў выглядзе Дзяржаўнага камітэта па ахове прыроды Савета Міністраў БССР, а таксама Беларускага таварыства аховы прыроды.
Трэба адзначыць, што прыродаахоўная рыторыка вучоных, чыноўнікаў, актывістаў не заўсёды знаходзіла ўвасабленне на практыцы. Стварэнне прыродаахоўнага заканадаўства разам з адпаведнымі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі не азначала, што яно будзе працаваць у поўнай меры. У многіх выпадках эканамічная палітыка кіраўніцтва рэспублікі, якая базіравалася на канцэпцыі невычарпальнасці прыродных багаццяў, адсоўвала на другі план магчымыя экалагічныя наступствы.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук, прафесар

Іншыя матэрыялы аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».