Вы тут

Святлана Палякова: Мне заўсёды шанцавала на працоўныя калектывы


Начальнік АПС «Баранавічы-15» Святлана Палякова — прадстаўнік дынастыі паштальёнаў. Усю сваю працоўную дзейнасць гэтай прафесіі прысвяціла яе маці — Марыя Дзмітрыеўна. Ды і малодшая сястра Наталля вырашыла пайсці па слядах маці і старэйшай сястры. Зараз яна працуе ў адным з сельскіх аддзяленняў сувязі Баранавіцкага раёна...


— Родам я з горада Баранавічы, дзе прайшло ўсё маё жыццё, — расказала Святлана Лявонцеўна. — Яшчэ дзяўчынкай часта прыбягала на пошту, дзе працавала мама, з інтарэсам назірала за тым, як працуюць маці і яе калегі. Марыла, што калі вырасту, абавязкова займуся гэтай адказнай і карыснай справай. Менавіта тады, у дзяцінстве, я цвёрда вырашыла звязаць сваё жыццё з поштай. І калі маці аб гэтым даведалася, то вельмі ўзрадавалася. Потым паштовым работнікам стала і мая родная сястра Наталля, яна маладзейшая за мяне на тры гады. І я, і сястра ў свой час скончылі Брэсцкае СПТВ № 51 сувязі — так тады называўся сучасны Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі.

Калі сястра паступіла ў СПТВ, я старалася дапамагчы ёй паспяхова асвоіць прафесійнае майстэрства. Ну, а мне, як вы здагадваецеся, усе неабходныя веды перадавала маці. У свой час яна дастаўляла людзям пісьмы, пенсіі, шматлікія газеты і часопісы. Гэта цяпер моладзь і людзі сярэдняга ўзросту актыўна карыстаюцца інтэрнэтам, а тады шмат чыталі перыядычных выданняў, і сумкі ў паштальёнаў былі даволі аб’ёмныя і цяжкія. Сёння, на жаль, выдавецкія тыражы значна меншыя. Але я вельмі ганаруся тым, што мы з сястрой працягваем матуліну справу, падтрымліваем нашу сямейную традыцыю.

Як адзначыла Святлана Лявонцеўна, за гады работы ёй давялося працаваць у розных аддзелах. Пачынала працоўную дзейнасць у шостым Баранавіцкім АПС у якасці аператара. Потым паслядоўна падымалася па прыступках службовай дзейнасці, напрацоўвала неабходны вопыт. У 2010 годзе Святлана Палякова ўзначаліла АПС «Баранавічы-15», дарэчы, адно з найбуйнейшых і найбольш складаных у горадзе, якое абслугоўвае даволі вялікі мікрараён — 11 тысяч кватэр.

— Мне заўсёды шанцавала на працоўныя калектывы, — падкрэсліла Святлана Лявонцеўна. — Усюды мяне сустракалі цёпла, дапамагалі ў рабоце. З усімі калегамі я старалася падтрымліваць добрыя зносіны, і аб усіх калектывах, дзе я працавала, у мяне засталіся толькі добрыя ўспаміны.

Не памылюся, калі скажу, што літаральна з першага працоўнага дня я пераканалася, што абрала найлепшую работу з усіх магчымых, што не памылілася ў выбары. Вы не паверыце, але я так любіла сваю работу, што выхадныя дні былі для мяне існым пакараннем. Мне заўсёды хацелася хутчэй пайсці на работу. Усё для мяне было цікавым, хвалюючым, незвычайным. Але найбольшае задавальненне — гэта зносіны з самымі рознымі людзьмі ў працэсе работы. Дарэчы, усім маладым паштальёнам, якія прыходзяць да нас на работу, я настойліва раю з самага пачатку дзейнасці набываць вопыт зносін з людзьмі, умець знайсці падыход да кожнага грамадзяніна. Гэта, на мой погляд, адзін са складнікаў паспяховай работы на пошце.

Калі, напрыклад, у аддзяленне прыйшоў кліент, як той казаў, не ў добрым настроі, трэба зрабіць усё магчымае, каб згладзіць сітуацыю, і перавесці размову ў добрае рэчышча. Кожны супрацоўнік пошты павінен быць камунікатыўным, ветлівым, прыязным. І такімі якасцямі валодаюць усе работнікі аддзялення «Баранавічы-15». Большасць з іх працуюць на пошце многія гады. А яшчэ вельмі важна любіць і паважаць сваю працу. Бо далёка не ў кожнага чалавека хопіць сілы і энергіі кожны дзень пры любым надвор’і абыходзіць дзясяткі, а то і сотні жылых дамоў, дастаўляючы карэспандэнцыю альбо грошы пенсіянерам.

Па словах Святланы Лявонцеўны, калі аддзяленне, якое яна ўзначальвае паспяхова выконвае ўсе планавыя паказчыкі, а водгукі кліентаў толькі станоўчыя, то сэрца напаўняецца радасцю за свой працоўны калектыў. Вельмі дружны і зладжаны, які неаднойчы прызнаваўся найлепшым у горадзе. Многія супрацоўнікі АПС «Баранавічы-15» не раз адзначаліся ганаровымі граматамі, падзякамі кіраўніцтва і грашовымі прэміямі. Шмат разоў узнагароджвалася і кіраўнік аддзялення. Але самая вялікая ўзнагарода для Святланы Паляковай — гэта падзяка кліента.

— Святлану Лявонцеўну я магу ахарактарызаваць як вельмі вопытнага, высокапрафесійнага работніка, які працуе ў нашай сістэме больш за 35 гадоў, — паведаміла намеснік начальніка Баранавіцкага вузла сувязі Вольга Борыс. — Яна валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, і ўсё гэта дае ёй магчымасць паспяхова выконваць свае службовыя абавязкі. Дадам, што яна вельмі адказны, добрасумленны, ініцыятыўны чалавек, у якім можна быць упэўненым ва ўсіх без выключэння справах. Дзякуючы багатаму прафесійнаму вопыту, яна, не памылюся, з’яўляецца найлепшым настаўнікам для маладых паштальёнаў. Святлана Лявонцеўна шчодра дзеліцца вопытам з маладымі калегамі. І мы, кіраўніцтва раённага вузла сувязі, за гэта ёй вельмі ўдзячны. Цяжка нават пералічыць, колькі спецыялістаў паштовай сувязі яна падрыхтавала за мінулыя гады. У калектыве свайго паштовага аддзялення яна карыстаецца і павагай, і любоў’ю калег.

Сяргей РУЧАНАЎ
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?