Вы тут

Беларускі саюз жанчын правёў акцыю «Збяром партфель разам»


Напярэдадні пачатку новага вучэбнага года Беларускі саюз жанчын правёў акцыю «Збяром партфель разам» ва ўсіх рэгіёнах краіны. Аб гэтым расказала яго першы намеснік Святлана СІТНІКАВА.


Фота: pixabay.com

— Мы аказваем дапамогу шматдзетным, няпоўным, малазабяспечаным сем’ям, сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі развіцця і дзеці з інваліднасцю. Партфелі для школьнікаў папоўніліся ручкамі, алоўкамі, сшыткамі ды іншымі неабходнымі канцылярскімі прыладамі. А таксама першакласнікам перадалі адзенне і спартыўны абутак. Сем’і, якія маюць патрэбу ў дапамозе па актыўным уключэнні дзяцей у школьнае жыццё, атрымалі грашовыя сертыфікаты, канцылярскія тавары, адзенне і прысмакі на агульную суму больш за 213 тысяч рублёў. Усяго дапамога аказана 3701 сям’і, у якіх парадавалі падарункамі 12 073 дзіцяці. Акрамя таго, навінкай бягучага года стала правядзенне розных урачыстых мерапрыемстваў з удзелам дзяцей і іх бацькоў: канцэрты, спектаклі, тэатралізаваныя паказы, экскурсіі, якія прайшлі па ўсёй краіне.

Дзень ведаў традыцыйна стаў падставай для добрых спраў, падкрэсліла начальнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра Яна ШАРАМЕЦЬЕВА.

— Валанцёрскія атрады, цэнтры, установы адукацыі штогод да пачатку вучэбнага года рыхтуюць канцылярскія тавары і салодкія падарункі для дзяцей з сацыяльных устаноў, дзіцячых дамоў, педагагічных цэнтраў, інтэрнатаў і перадаюць сабраныя падарункі напярэдадні 1 верасня. Таксама валанцёры арганізоўваюць інтэрактыўныя праграмы, конкурсы для першакласнікаў. Напрыклад, валанцёрскі клуб «Слон» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў распрацаваў інтэрактыўную праграму, падчас якой хлопцы і дзяўчаты дапамагаюць Бураціну трапіць у Краіну ведаў. У сталічнай школе № 56 супрацоўнікі Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра разам з настаўнікам правялі для першакласнікаў урок аб валанцёрстве, дапамозе родным і блізкім, клопаце пра сваю краіну і горад і прэзентавалі кнігу «Падарожжа ў Краіну Добрых Спраў», якую распрацаваў наш цэнтр, каб паказаць, што добрыя справы здольны здзяйсняць кожны.

Дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу» Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прадоўжыцца да 30 верасня. Аб гэтым расказаў яго спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Кацярына ШАРШУНОВА.

— Аказваем падтрымку сем’ям, якія знаходзяцца ў хісткім становішчы і дапамагаем сабраць канцылярыю, школьную і спартыўную форму, іншыя прылады для школьнікаў. Такую дапамогу ўжо атрымалі больш за 2347 дзяцей, большасць з якіх — з маламаёмных і шматдзетных сем’яў. Зараз сабрана больш за 15 тысяч рублёў пад такія патрэбы. Сёлета мы паспрабавалі новы фармат аказання дапамогі: у Брэсце і Баранавічах даём сертыфікаты на школьныя прылады ў буйных гандлёвых цэнтрах на суму ад 20 да 50 рублёў. Гэты фармат знайшоў добры водгук сярод сем’яў, якія маюць у гэтым патрэбу. Таксама мы закупляем і дорым канцылярскія наборы і школьную форму карэкцыйным і сацыяльна-педагагічным цэнтрам краіны, у Мінску — дзіцячаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Да канца нашай кампаніі плануем аказаць дапамогу больш чым 7 тысячам дзяцей.

З 2013 года Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі рэалізоўвае дабрачынны праект «У школу з добрым сэрцам». Падрабязней расказала сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, старшыня Цэнтральнага савета ГА «БРПА» Аляксандра ГАНЧАРОВА.

— Праект традыцыйна стартаваў 3 жніўня. Валанцёры руху «Добрае сэрца» арганізоўваюць збор школьнага адзення і абутку, канцылярскіх прылад, вучэбных дапаможнікаў, спартыўных тавараў і іншых рэчаў, неабходных дзецям з маламаёмных сем’яў для падрыхтоўкі да вучобы. Кожная рэгіянальная структура БРСМ праводзіць гэтымі днямі акцыі і гульнявыя праграмы для школьнікаў. Таксама аказваем дапамогу ўстановам адукацыі па падрыхтоўцы будынкаў да новага вучэбнага года. Мінская гарадская арганізацыя БРСМ выступіла з ініцыятывай дапамогі ў падрыхтоўцы сталічнай школы № 224. Калі традыцыйна праект доўжыўся да 3 верасня, то цяпер — да 6 верасня. Радуе, што ўсё больш і больш маладых людзей далучаецца да добраахвотніцкага руху.

Дар’я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».