Вы тут

Правільнае харчаванне дапамагае школьніку вучыцца


Школьны ўзрост — час фізічнага, інтэлектуальнага, маральнага станаўлення і актыўнага развіцця дзіцяці. Сёння школьнікі вымушаныя «перапрацоўваць» усё большы ціск інфармацыйнай плыні, які ўздзейнічае на іх не толькі ў школе, але і дома. Дадатковай нагрузкай на дзіцячы арганізм, акрамя школьнай праграмы, з’яўляюцца дадатковыя заняткі ў гуртках і спартыўных секцыях, таму вельмі важна, каб харчаванне дзяцей было збалансаванае і здаровае. Пра тое, як дамагчыся гэтага, расказалі дыетолаг Надзея Літвінава-Гразіён і дырэктар камбіната школьнага харчавання г. Мінска Надзея ЛУКАШЭВІЧ.


Фота: pexels.com

У ВЫЗНАЧАНЫЯ ГАДЗІНЫ

Многія бацькі лічаць, што ў справе харчавання школьніка галоўнае — даверыцца ўласнай інтуіцыі і здароваму сэнсу. Аднак важна ведаць і разумець прынцыпы рацыянальнага харчавання і правілы гігіены харчавання.

— Адзін з важных прынцыпаў — рэжым прымання ежы, — гаворыць дыетолаг. — Добраму апетыту, лепшаму страваванню і засваенню ежы спрыяюць колькасць яе прыёмаў, інтэрвалы паміж імі, размеркаванне харчовага рацыёну па энергакаштоўнасці і хімічным саставе, прадуктовы набор і нават маса ежы. А харчаванне ў вызначаныя гадзіны дапамагае паўнавартаснаму засваенню і прадухіляе страўнікава-кішачныя захворванні.

Па нашай просьбе дыетолаг вызначыла некалькі правілаў рацыянальнага харчавання:

  • харчавацца 4-5 разоў на дзень;
  • выключыць незапланаваныя перакусы паміж асноўнымі прыёмамі ежы;
  • перапынак паміж сняданкам і абедам, абедам і вячэрай павінен складаць 4-5 гадзін, інтэрвал паміж вячэрай і адыходам да сну — 3-4 гадзіны;
  • харчавацца лепш у строга ўстаноўленыя гадзіны, гэтае правіла адыгрывае вялікую ролю ў фарміраванні ўмоўна-рэфлекторных рэакцыі (выдзяленне сліны, страўнікавага соку);
  • працягласць прыёму ежы не павіна быць меншая за 20-30 хвілін;
  • важна старанна і нетаропка пражоўваць ежу;
  • есці трэба ў камфортнай абстаноўцы, не адцягваючы ўвагу на гаджэты ці кнігі. Рэкамендаванае размеркаванне энергетычнай каштоўнасці рацыёну пры чатырохгадзіным харчаванні: сняданак — 25 %, другі сняданак ці падвячорак — 20 %, абед — 35 %, вячэра — 15-20 %.

Што датычыцца збалансаванасці і гарманічнасці саставу рацыёну па ўсіх харчовых кампанентах (бялкі, тлушчы, вугляводы, мікранутрыенты), то ўтрыманне бялкоў, тлушчаў і вугляводаў варта падтрымліваць у суадносінах прыкладна 1:1:4. Утрыманне раслінных і жывёльных бялкоў павінна быць у суадносінах 2:3, а тлушчы — пераважна раслінныя. У харчаванні абавязкова павінны прысутнічаць разнастайныя малочныя, мясныя, рыбныя, яечныя стравы, гародніна, садавіна, арэхі, алей.

Яшчэ аднім важным прынцыпам харчаваня з’яўляецца беражлівая кулінарная апрацоўка, якая забяспечвае мікранутрыентную захаванасць прадуктаў пры прыгатаванні страў (запяканне, варэнне, гатоўка на пары), абмежаванне або выключэнне смажання і прыгатавання ў фрыцюры.

Гатаваць для дзяцей лепш са свежых прадуктаў з захаваннем сезоннасці, можна выкарыстаць і свежазамарожаныя інгрэдыенты.

КАШЫ — НАША ЎСЁ!

Самая распаўсюджаная памылка, на думку спецыяліста, — прапусканне сняданку.

— У адпаведнасці з апошнімі даследаваннямі, у тых, хто не прапускае сняданак, працэс абмену рэчываў адбываецца ў сярэднім на 7 % хутчэй, — гаворыць Надзея Літвінава-Гразіён.— А той, хто рэгулярна прапускае сняданкі, адпаведна запавольвае працэс абмену. Умела падабраны сняданак іграе важную ролю ў жыцці і здароўі дзіцяці і перашкаджае назапашванню лішняй вагі. Сняданак павінен быць лёгкі. А найлепшай крыніцай энергіі для мозга з’яўляецца сняданак, багаты на складаныя вугляводы, а гэта кашы.

Яшчэ адной памылкай дыетолаг лічыць даваць дзіцяці для перакусу прадукты, якія складаюцца з простых вугляводаў: цукеркі, шакалад, вафлі і іншыя прысмакі. Яны зусім не падыходзяць для паўнавартаснага перакусу. Паспрабуйце прапаноўваць дзіцяці карысную альтэрнатыву: яблычную пасцілу, цукеркі з арэхаў і сухафруктаў. Вядома, што ў сухафруктах таксама шмат цукру, але гэты факт згладжваецца павышаным утрыманнем у іх карысных макра- і мікраэлементаў, такіх як калій, хром і нават жалеза.

Даволі сур’ёзнай праблемай дыетолаг лічыць і дэфіцыт ужывання бялку дзецьмі. Пратэіны патрэбныя ўсім, бо гэта будаўнічы матэрыял для клетак. У адрозненне ад тлушчаў і вугляводаў, пратэіны не назапашваюцца ў арганізме. Дэфіцыт бялку — найбольш частая прычына зніжэння працаздольнасці, настрою і з’яўлення слабасці. Таму важна ўключаць у рацыён дзяцей бялкі, напрыклад, белае і чырвонае мяса, рыба. Але не забывайце і аб раслінных пратэінах, такіх як грэчка, шпінат, брусельская капуста.

Нярэдка бацькі, стаміўшыся на рабоце, вячэраюць дома паўфабрыкатамі. Гэта сапраўды зручна, бо для іх прыгатавання трэба зусім няшмат часу. Але ў такой ежы ёсць вялікі мінус — высокая каларыйнасць. Апошняе тлумачыцца тым, што вытворца часцей за ўсё дадае ў паўфабрыкаты субпрадукты, тлушч і абрэзкі, а гэта ўсё нездаровае, асабліва для дзяцей.

Таксама Надзея Літвінава-Гразіён лічыць недахопам грэбаванне гароднінай, садавіной і ягадамі. Яны — крыніца вялікай колькасці вітамінаў, мікраэлементаў і клятчаткі.

— Большасць сезонных прадуктаў — лёгкая для засваення і падыходзіць для здаровага харчавання, — кажа дыетолаг. — Рэкамендавана штодня ўжываць не менш за 300 грамаў садавіны і 400 грамаў гародніны.

РАПСАВЫ РОЎНА АЛІЎКАВЫ

Дарэчы, калі гаварыць аб харчаванні ў нашых школьных сталовых, то спецыялісты камбіната школьнага харчавання якраз распрацавалі меню для дзяцей з улікам сезоннасці, карысці і смаку.

— Меню фарміруецца абавязкова з улікам сезоннасці, — расказвае дырэктар камбіната школьнага харчавання. — І яно будзе мяняцца кожную чвэрць. Летам мы займаліся распрацоўкай меню на першую чвэрць, а гэта восеньскі перыяд, калі ў доступе дастатковая колькасць сезоннай гародніны. Таксама мы ўключылі рапсавы алей у запраўкі і прыгатаванне страў, які лічыцца вельмі карысным, бо аналагічны аліўкаваму. Новае школьнае меню атрымала высокую адзнаку цэнтра гігіены і з першага верасня будзе прымяняцца ў школах. На другую чвэрць мы будзем разглядаць новае меню, унясём карэктывы і прыбяром з меню непапулярныя стравы. Наша задача — стаць больш гібкімі, для таго каб маленькія беларусы хадзілі ў школьную сталовую з задавальненнем.

А вось зсабойку, на думку спецыяліста даваць дзецям не варта, таму што незразумела, што здарыцца з прадуктамі пры захоўванні ў цёплым класе. Сёлета ў школьных сталовых будзе прадстаўлена ў шырокім асартыменце не толькі гарачае харчаванне. Калі ў дзіцяці ёсць жаданне падсілкавацца, можна купіць што-небудзь у буфеце: прадукцыю туды падвозіць больш за сто пастаўшчыкоў, і прадукты дазволены санстанцыяй, то-бок дзіця ў школьнай сталовай не знойдзе газіроўкі і чыпсаў. Гэта будуць не толькі прысмакі, але і агароднінныя салаты, памідоркі чэры, яблычкі або любыя іншыя карысныя прадукты, якімі зручна перакусіць. Усё будзе ўжо мытае, тым больш што пры ўваходзе ў сталовую дзіця можа таксама памыць рукі і спакойна паесці за сталом.

Надзея Лукашэвіч запэўніла, што сур’ёзнага павышэння цэн на школьныя абеды не чакаецца і на кашальках бацькоў навінкі меню асабліва не адаб’юцца. Застаецца растлумачыць дзецям, чаму харчавацца правільна — гэта неабходнасць, а не самадурства дарослых.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.