Вы тут

Як экспертыза дапамагае ў лячэнні мочакаменнай хваробы


Згодна са статыстыкай, амаль кожны трэці пацыент уралагічных стацыянараў пакутуе на ныркова-каменную хваробу. Цвёрдыя крышталічныя рэчывы не толькі траўміруюць тканіны органаў, але могуць перакрыць мачаточнік, што прывядзе да поўнага адказу работы ныркі. Выхад адзін — выдаліць іх з арганізма. Камяні выходзяць як самастойна, так і праз хірургічнае ўмяшанне. Здаецца, праблема вырашана. Але ёсць верагоднасць, што працэс паўторыцца. Для таго каб засцерагчыся ад рэцыдыву, трэба ведаць хімічны склад свайго «брыльянта». Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці Святлана МІЗЯНКОВА, такі аналіз набывае ўсё большую запатрабаванасць.


Даследаваць нырковыя камяні ў Гродне пачалі пяць гадоў таму. Да гэтага падобны хімічны аналіз праводзілі толькі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Бараўлянах. Новая магчымасць выклікала інтарэс у гродзенцаў. Чаму? Як аказалася, вынікі аналізу дапамагаюць урачам-уролагам разабрацца ў прычынах мочакаменнай хваробы і падабраць пацыенту адпаведную дыету. Бо мала хто хоча зноў перажыць пакуты нырковых колікаў. А між тым рэцыдывы здараюцца ў 70 % пацыентаў.

Штогод тут робяць да ста аналізаў хімічнага складу «брыльянтаў» — так некаторыя называюць гэтыя камяні з-за іх цяжкай здабычы. А фарміруюцца яны, як правіла, у выніку парушэння абменных рэчываў, траўмы нырак альбо інфекцыйных захворванняў. Прадукты харчавання таксама адыгрываюць у гэтым значную ролю.

І хоць мочакаменная хвароба вядома яшчэ з часоў егіпецкіх мумій, толькі ў ХХ стагоддзі была даказана дыягнастычная карысць устанаўлення хімічнага складу нырковага каменя для лячэння і прафілактыкі.

Як патлумачыла Святлана Мізянкова, ёсць некалькі відаў камянёў. У першую чаргу гэта фасфаты — нерастваральныя солі фосфарнай кіслаты, а таксама аксалаты — солі шчаўевай кіслаты. Яны адрозніваюцца і па цвёрдасці, і па трываласці, і па медыкаментознай растваральнасці. Фасфатныя і аксалатныя камяні цяжка паддаюцца растварэнню лекавымі прэпаратамі ў арганізме. Вельмі часта сустракаецца сумесная прысутнасць фасфатаў і аксалатаў. Таксама выяўляюцца ў камянях солі мачавой кіслаты — ураты. Радзей сустракаецца ксанцін. І амаль заўсёды ў склад усіх відаў камянёў уваходзіць кальцый.

— Усе ведаюць аб карысці кальцыю. Але не думаюць аб тым, што яго лішкі могуць назапашваць солі. Менавіта гэты кампанент — адзін з асноўных у нырковых камянях, таму не варта ўжываць яго без асаблівай патрэбы, — заўважае суразмоўніца.

Святлана Мізянкова дэманструе багатую «калекцыю» камянёў з нырак. Усе яны розныя па форме: круглыя, плоскія, з выступамі, з шыпамі. Па колеры — ад чорнага да жоўтага, памер таксама розны. Ад невялікіх крупінак да «марскіх» каменьчыкаў.

— Мы праводзім аналіз камянёў, якія выдалены хірургічным шляхам альбо выйшлі самастойна. Вядома, яны адрозніваюцца памерамі. Камень, які выходзіць самастойна, не большы, чым зерне грэчкі ці проса. Хірургічныя могуць дасягаць 2-3 сантыметраў у дыяметры. Калі іх разбіць ультрагукавым апарат на дробныя кампаненты, яны выходзяць і самастойна. Для аналізу камяні расціраем у парашок і праводзім якасную рэакцыю і мікракрышталескапію. Па відзе крышталікаў і вызначаецца склад соляў. На падставе аналізу ўрач можа даць рэкамендацыі, якія прадукты лепш ужываць, а ад якіх варта адмовіцца, — расказвае эксперт.

Напрыклад, калі камень аксалатны, варта выключыць з рацыёну шакалад, какаву, буракі, шчаўе, шпінат. Калі выяўлены ўраты, нельга ўжываць у ежу шпроты, каву, бараніну, свініну. Таксама ёсць рэкамендацыі па малочных прадуктах.

Запатрабаванасць у такіх аналізах сярод насельніцтва ўзрастае, заўважае суразмоўца. Хоць гэта працэдура платная: адзін аналіз каштуе 60 рублёў. Людзі звяртаюцца як самастойна, так і па рэкамендацыі ўрачоў-уролагаў. З імі эксперты таксама праводзяць сустрэчы, каб расказаць аб сваіх магчымасцях. Дарэчы, гродзенскія судовыя эксперты распрацавалі метадычныя рэкамендацыі па даследаванні хімічнага складу ныркавых камянёў, якія ўключаны ў рэестр метадычных матэрыялаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Цяпер такія аналізы праводзяцца і на базе іншых абласных упраўленняў ДКСЭ.

Вядома, толькі аналізу хімічнага складу нырковага каменя для лячэння недастаткова. Перш чым скласці дыету, збіраецца ўвесь анамнез пацыента, усе біяхімічныя паказчыкі. Але тып каменя падкажа ўролагам, як з ім працаваць. Напрыклад, калі ў чалавека выяўлены іёны амонію, значыць, ёсць нейкі запаленчы працэс. У жанчын мочакаменную хваробу можа справакаваць цяжарнасць, таму што ідзе гарманальная перабудова арганізма. Дзякуючы даследаванням судовых экспертаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, можна не толькі карэкціраваць харчаванне пацыента, але і прызначыць лекавую тэрапію для растварэння камянёў.

— Мочакаменная хвароба памаладзела, — заўважае Святлана Мізянкова. — Раней на яе пакутавалі людзі сярэдняга і сталага ўзросту. Цяпер нямала пацыентаў, якім 30—40 гадоў. Звяртаецца больш мужчын. А самым маладым пацыентам была студэнтка 1 курса медуніверсітэта.

Здарыўся яшчэ такі выпадак. Жанчына прынесла нырковыя камяні ў слоічку з-пад крэму «Чорны жэмчуг». Відаць, ставілася да іх як да каштоўнасці. А магчыма, яе «жэмчуг» быў напамінам аб тым, што арганізм патрабуе ўважлівага стаўлення да свайго здароўя.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: «Чорны жэмчуг» шукайце ў нырках

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.