Вы тут

«…Адростак народнай паэзіі»


Максім Гарэцкі, маючы на ўвазе беларускіх паэтаў-самавукаў, зазначаў, што напісанае імі, — «натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легенд і жартаў».


Хведар Чарнышэвіч, Максім Гарэцкі, Лявон Гмырак.

Максім жа Багдановіч у артыкуле «Белорусское возрождение» больш канкрэтны: «Упомянем еще Будьку, Гурло (крестьянин), Т. Гартного (рабочий-кожевник), Ф. Чернышевича (крестьянин), Л. Лобика (крестьянин), Янука Д. (крестьянин), К. Орла (народный учитель), Я. Журбу (народный учитель) и т. д. Внимательный читатель найдет много чего интересного в их не всегда искусной, но всегда безыскусственной поэзии, темы которой продиктованы окружающей жизнью». А ў артыкуле «За тры гады» ён пісаў: «Л. Лобік і Стары Улас далі некалькі дужа няхітрых, але верных і таму цікавых малюнкаў нашай вёскі». Пазнаёмім вас з трыма аўтарамі з гэтай кагорты.

Нягучна, але шчыра

Лявон Лобік нарадзіўся ў 1871 годзе ў вёсцы Кукавічы Капыльскага раёна. Скончыўшы Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў у роднай вёсцы, а пасля ў суседняй — Вялікай Раёўцы. Па словах Генадзя Каханоўскага, «рэвалюцыйныя падзеі сустрэў з акрылёнай душой, уступіў у сацыял-дэмакратычную групу Капыля, стаў яе актывістам: атрымліваў прапагандысцкую літаратуру, праводзіў сходы, распаўсюджваў забаронены друк».

Адбыўшы пакаранне, у Кукавічах займаўся антыўрадавай агітацыяй. Гэта прывяло да таго,  што сяляне захапілі ў мясцовага пана Патразоніна нарыхтаваныя дровы. Лявона Лобіка ўспрынялі завадатарам і зноў арыштавалі. У час рускай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў выслалі на тры гады ў Краснаярскі край, потым месца прызначэння замянілі на правінцыяльны гарадок Чорны Яр на Волзе.

Пасля вызвалення працаваў у Пінску, затым настаўнічаў у Кукавічах. Некаторы час быў сакратаром у нясвіжскага міравога суддзі.  Але ад рэвалюцыйных поглядаў не толькі не адмовіўся — актыўна далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху. Збіраючы грошы на беларускую справу, асмеліўся звярнуцца па дапамогу да… Патразоніна. Абураны такім нахабствам, той заявіў, каб у яго дом больш ніколі не ступала нага Лобіка.

Іншы грукнуў бы дзвярыма, а Лявон Сцяпанавіч спакойна запытаўся:

— А як наконт беларускіх календароў?

— Якія яшчэ календары?! — закрычаў Патразонін.

— Дай, пане, грошай на іх выданне.

— Ты ўжо зусім абнаглеў! У турме згнаю!

Слова стрымаў. Лявона Лобіка трэці раз арыштавалі. Пакаранне адбываў у Віленскай турме. Пасля вызвалення выступаў у «Нашай ніве» з вершамі, нататкамі, іншымі матэрыяламі. Дзякуючы яму, у беларускай літаратуры з’явіўся новы жанр — вершаванае апавяданне. Колькі напісаў такіх твораў — невядома, а былі надрукаваны тры: «Залом у жыце» (1911), «Лекар-вядзьмяр» і «Калядны вечар» (абодва 1912).

Самы дасканалы ў мастацкіх адносінах першы з іх. Ён, дарэчы, уключаны ў першы том трохтомнай «Анталогіі беларускай паэзіі». Лявон Лобік па-майстэрску выпісаў характар галоўнай гераіні Алены, якая пасля смерці мужа і траіх дзетак засталася з дачкой. Добра яшчэ, што жыта ўрадзіла. Ды прыйшла на палетак, а яно: «паломана дужа ляжыць, // Кукла завіта у жыце стаіць!..» Няйначай «суседка Таклюся» зрабіла залом.

Бабка-знахарка параіла: «Вырві залом і ў чарон палажы: // Будзе той сохнуць, як у коміне жыта, // Будзе цягацца ён сам, як забіты, // Покуль паморак яго не зграбе; // Смерці ж не будзе чакаць на цябе!» Аднак знахарка пра ўсё расказала Таклюсе. Тая прызналася Алене, што ніякага залому не рабіла. Жанчыны разышліся мірна-палюбоўна.

Пішучы ў сваіх вершах пра жыццё народа, Лявон Лобік змагаўся з забабонамі, верыў у шчаслівы дзень, калі Беларусь стане свабоднай. Публікацыя ў 11 нумары за 1912 год найбольш цікавая:

«Шмат чаго крые наша зямля ў сваім нутры, — пісаў ён. — Вось каб у нашым павеце вучоныя прагледзелі зямлю, та ў ёй пэўна што знайшлі б шмат чаго цікавага і карыснага для людзей. Я хачу сказаць аб тым, што месцамі грунт дае ўраджай без навозу да 25 гадоў, а гэта знак таго, што тут у зямлі ёсць нейкія мінералы. Напрыклад, апавядае жыцель вёскі Круцоўшчыны Іван Ліхадзіеўскі, што недалёка ад іх вёскі ва ўрочышчы “Вузкія” некалі капалі зямлю пад стоўбікі і знайшлі слой солі, толькі чырвонага колеру, соль жа былі адкапалі і каля вёскі Цапры Грыцэвіцкай воласці… Калі б хто пацікавіўся праверыць маё пісанне, той хай пытаецца Івана Ліхадзіеўскага, каторы жыве ў вёсцы Круцоўшчыне Цімкавіцкай воласці, ён можа паказаць усе гэтыя месцы, пра каторыя я пішу». Канешне, гаворка ішла пра паклады калійнай солі. Іх нямала і на Капыльшчыне. Праўда, не столькі, каб пачаць прамысловую здабычу.

Лявон Лобік удзельнічаў у Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях. Пасля перамогі апошняй выступаў у часцях 2-й арміі Заходняга фронту. Агітаваў пераходзіць на бок народа. Аднак знаходжанне ў ссылцы не прайшло бясследна — захварэў на сухоты. Памёр у капыльскай бальніцы ў канцы сакавіка 1918 года. 

Дзеля лепшай долі

Паэтам-самавукам быў і Хведар Чарнушэвіч. Выступаў пад псеўданімамі: Хведар Таракан, Тараканчык, Татарынчык, Хведар, Тодар Ч-віч і іншымі. Спачатку пісаў па-руску. Аднак хутка перайшоў на родную мову. З 1908 года друкаваўся ў «Нашай ніве», беларускіх календарах, літаратурна-мастацкім альманаху «Маладая Беларусь». Асаблівую актыўнасць праявіў у 1910— 1913 гг. «Сваімі» для яго сталі і такія выданні, як «Дзянніца», заходнебеларускія газеты «Беларуская думка», «Родная страха».

Біяграфічных звестак пра Хведара Іосіфавіча таксама мала. Вядома толькі, што ён карэнны капылянін. Нарадзіўся ў пачатку 1880-х гадоў. Ніякай адукацыі не атрымаў. Затое добра авалодаў сакрэтамі шавецкай справы. У пошуках работы шмат вандраваў па Случчыне. У 1916 годзе падаўся на заробкі ў Пецярбург. Відаць, не без падказкі Цішкі  Гартнага. Але праз тры гады са сталіцай развітаўся. Жыў паблізу Нясвіжа. Калі адышоў у лепшы свет — таксама невядома.

Як паэт зарэкамендаваў сябе няблага. Як і ўсе тагачасныя творцы, не абыходзіў сацыяльнай праблематыкі. Публіцыстычныя матывы былі скіраваны ў рэчышча абуджэння народа ад нацыянальнага бяспамяцтва, далучэння да працы ў імя свабоды і будучыні.

Найбольш выразна грамадзянская пазіцыя лірычнага героя выяўлена ў вершах «Прачынайся, мой край!», «Пагудка», а ў «Песні каваля» працоўны рытм паўстае праз увасабленне зрухаў у жыцці грамадства, выкліканых рэвалюцыяй (твор напісаны ў 1910 годзе). Аднак не абышлося і без пэўнай інтанацыйнай пераклічкі з іншымі паэтамі, якія таксама прайшлі рабочую загартоўку (хоць бы з Цішкам Гартным):

 

Мой горан пылае,

І іскры ляцяць;

Я мех уздуваю

І буду каваць…

Працую, гарую,

Як моцы стае,

Гартую, муштрую

Жалеза мае…

 

У кузні ад рання да ночы стаю

І молатам лепшую долю кую! 

 

У лірычнага героя прагавітае жаданне «загнуць, закруціць» такую касу, з якой можна будзе выйсці ўночы, каб скасіць нядолю. Таму і стараецца, «у кузні ад рання да ночы стаіць». Апошнія два радкі першай страфы падаюцца рэфрэнам. Яны цалкам паўтараюцца і ў канцы другой. А ў трэцяй, заключнай, крыху зменены:

 

Я праўду і волю кахаю-люблю

І молатам лепшую долю кую!

 

Гэта ўзмацніла сацыяльную скіраванасць твора. Лепшая доля немагчыма без «праўды і волі». Лірычны герой Хведара Чарнышэвіча думкамі блізкі з помысламі найлепшых перадавых людзей свайго часу:

 

Я хацеў бы громам-бурай

Пранясціся ў ноч глухую,

Ваяваць з жыццём панурым,

Слаць маланку залатую.

 

Ён не прымаў абыякавасць і спакойнасць. Заклікаў народ на барацьбу супраць прыгнятальнікаў: «Гэй, прачынайцеся, сонныя людзі! // Стрэньце вы новае жыце свае: // Доля і радасць асвежыць вам грудзі! // Сонца ўстае!». Аднак, як засведчыў верш «Славянам», лепшага жадаў не толькі свайму народу, але і іншым, якія таксама павінны стаць на шлях вызвалення і свабоды.

Напісанне твора датуецца 1925 годам, калі ўжо было шмат пражыта і перажыта, думана і перадумана. Можна толькі здагадвацца, як гэта адбывалася, але са зместу твора відаць, што Хведар Чарнышэвіч не здрадзіў ідэалам рэвалюцыйнай маладосці, застаўся перакананым і ў тым, што свабода аднаго народа немагчыма без вольнасці іншых. Бадай, першым у беларускай паэзіі загаварыў пра славянскае адзінства:

 

Убогі, абняты паганаю доляй —

       Багатыя духам, браты!

Каму непраглядная цемра няволі

      Навеяла сон залаты!

Чаму нам не глянуць сябе навакола

      І раніцы пахам дыхнуць?

Ўзышоўшаму яснаму сонцу вясёлы

      Славянскі свой гімн зацягнуць?

Чаму нам не кінуць ўзаемнай нязгоды,

      Славяне? Брат брата абняць?

Каб людскае права народай свабоды

      Агульнай сям’ёй скарыстаць?!

Здабудзем жа веру ў нязломану сілу,

      Паставім, паднімем свой стан —

І будзе нам маткаю роднаю, мілай

     Вяліка дзяржава славян!

 

Моцныя ў творчасці Хведара Чарнышэвіча і лірычныя матывы, аб чым сведчаць творы «Лета», «Самагудка», «Зорка», «Вечар», «Веснавая мелодыя» і іншыя. Аднак нават тады, калі радаваўся пачатку новага дня, як у вершы «Сонца ўстае», увязваў гэта і ўвогуле з абуджэннем жыцця:

 

Лес зашумеў, як бы радасцю дзіўнай,

Птушкі шчабечуць песні свае,

Хвоі накрылісь акрасай чароўнай, —

       Сонца ўстае.

Гэй, прачынайцеся, сонныя людзі!

Стрэньце вы новае жыце свае:

Доля і радасць асвежыць вам грудзі!

      Сонца ўстае!

 

Безназоўны ж верш «***Зося суніцы збірала…» — як бы падгледжаная сцэнка з маладога жыцця: «Зоська суніцы збірала», а «Янка хадзіў па грыбах». Знячэўку сустрэліся, «жарты за жартамі міла сыпаць зачалі». А пасля… Памятая траўка…. «Зоська суніц не набрала», а «Янка патрушчыў грыбы». Ледзь прыкметныя іскрыначкі гумару яшчэ мацней засвяціліся ў другой частцы (яны пададзены пад нумарамі) верша:

 

Час пераходзіць памалу,

Ў жыцці чаго не спаткаць —

Зоська пшаніцу вязала,

Янка касіў сенажаль.

Праца йшла добра і гладка,

Кажды спачыць захацеў, —

Зоська карміла дзіцятка,

Янка палуднаваць сеў.

 

Напісаў Хведар Чарнышэвіч і паэмы «Нявольнік», «Навабранец», а «Кацярыну» Тараса Шаўчэнкі пераклаў на беларускую мову. Яна была выдадзена ў 1911 годзе ў Вільні асобнай кніжкай пад рэдакцыяй Янкі Купалы.

Вершы «Песня каваля», «Сонца ўстае», «*** Зоська суніцы збірала…», «Славянам» змешчаны і ва ўжо згаданай «Анталогіі беларускай паэзіі». На добры лад іх, а таксама творы, што раскіданы па розных выданнях, а таксама тое, што захоўваецца ў рукапісах, сабраць бы пад адной вокладкай. Неблагая кніжачка атрымалася б. Ды Хведару Чарнышэвічу яшчэ пашанцавала. Усё ж яго мастакоўская спадчына не згубілася. Чаго не скажаш пра ягонага аднафамільца, таксама ўраджэнца Капыля.

Рыгора Чарнышэвіча ў рэвалюцыйных колах ведалі па мянушцы Філосаф. Нарадзіўся ў 1888 годзе. Вершы пісаў не толькі ў гады маладосці, друкуючыся ў «Нашай ніве». Аб гэтым сведчаць некаторыя публікацыі 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў раённай газеце. Але ў адрозненне ад напісанага Хведарам Чарнышэвічам асаблівымі мастацкімі якасцямі вершы не вызначаюцца. Як склаўся яго далейшы лёс, невядома. Відаць, стаў ахвярай беззаконня. Так можна меркаваць на падставе ўспамінаў ягонай сястры Марыі. З ёю ў свой час сустракаўся Генадзь Каханоўскі. Марыя Іосіфаўна паведаміла яму, што брат памёр у 1937 годзе ў Сібіры.

Язэп ЛІТВІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.