Вы тут

Уладзімір Пярцоў: Асноўнай тэмай стане Год народнага адзінства


Дзень беларускага пісьменства — адна з найлепшых нагод для гутаркі з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Пярцовым. Гутаркі пра свята кнігі і цудоўныя сустрэчы, якія, без сумневу, адбудуцца сёлета ў Капылі, і не толькі. 


Фота: ont.by

— Уладзімір Барысавіч, раскажыце, калі ласка, як арганізацыйны камітэт выбірае гарады для святкавання Дня беларускага пісьменства? 

— Наша мэта — ахапіць самыя розныя куткі Беларусі. Дзе толькі не пабывала свята: Полацк, Навагрудак, Орша, Заслаўе, Глыбокае, Быхаў, Смаргонь, Ганцавічы.... Традыцыйна кожная вобласць прадстаўляе і адстойвае свой раён — выканаўчы камітэт прапаноўвае той ці іншы горад. Трэба падкрэсліць, што для арганізатараў гэта магчымасць не проста правесці свята, прысвечанае Дню пісьменства ў Беларусі, але і аб’яднаць вялікую колькасць самых розных сіл, што спрыяюць развіццю регіёна ў цэлым і раённага цэнтра ў прыватнасці. Не ў апошнюю чаргу гэта тычыцца добраўпарадкавання. Усё ж годна прымаць свята з абноўленымі вуліцамі і плошчамі, адрамантаванымі, а іншы раз новымі культурнымі аб’ектамі — у першую чаргу інтарэс органаў выканаўчай улады, якія каардынуюць сумесныя намаганні. Да таго ж тут трэба адзначыць высілкі прадстаўнікоў навуковай і творчай сферы. Гэтыя людзі маюць магчымасці і здольны заўважыць патэнцыял рэгіёна, раскрыць новыя старонкі развіцця краязнаўства і гісторыі. Менавіта яны даюць штуршок да фарміравання турыстычнай галіны. Вынікі тых ці іншых даследаванняў гэтых спецыялістаў карысныя і для горада, і для раёна. Нельга абмінаць і гэтую выгаду.

— Чаму сёлета святкаваць будзе менавіта Капыль? 

— Гістарычныя карані гэтага горада дазваляюць казаць пра багацце агульнай гісторыі Беларусі. Спадчына, і захаваная, і па розных прычынах страчаная, мае вялікую каштоўнасць для краіны, пацверджаную фактамі і падзеямі, набыткамі і артэфактамі. Як і многія гарады сучаснай Беларусі, Капыль дае ўяўленне пра тое, што сабой уяўляла дзяржава ў мінулым, асабліва датычна духоўнай спадчыны. Нельга не згадаць знакамітых асоб, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у фарміраванне айчыннай культуры. У іх ліку — літаратары Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч, Сцяпан Александровіч... Тут нарадзіліся заслужаныя дзеячы навукі Рэспублікі Беларусь Мікалай Андрэевіч Манак, доктар фізіка-матэматычных навук Аляксей Пятровіч Шкадарэвіч, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, доктар сельскагаспадарчых навук Іван Канстанцінавіч Копцік. Адзінаццаць ураджэнцаў Капыльскага раёна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, дванаццаць — Героя Сацыялістычнай Працы, а галоўны канструктар Мінскага аўтамабільнага завода Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі — звання «Герой Беларусі». 

— Ад чаго ніколі не адмовяцца арганізатары пры правядзенні свята пісьменства? 

— Святу ўжо не адзін дзясятак гадоў, і мы ганарымся гэтай традыцыяй. Насамрэч, у сучаснай незалежнай Беларусі не так шмат свят, супараўнальных са шматвекавымі традыцыямі іншых краін. Сучасныя звычаі — каштоўнасці, якія мы не можам згубіць і якія павінны па крупінках збіраць і прымнажаць. Добрая завядзёнка — прэзентацыі творцаў з усіх абласцей на інтэрактыўных пляцоўках. Традыцыйны круглы стол пісьменнікаў Беларусі і замежжа дае магчымасць не толькі абмеркаваць пытанні літаратуры, але і паразважаць на злабадзённыя тэмы. Неад’емная частка свята — праваслаўная экспедыцыя, якая праводзіцца напярэдадні Дня пісьменства. Падчас вандроўкі розныя людзі разважаюць на духоўныя тэмы, што ўплываюць і на напісанне твораў, і на фарміраванне асоб, якія ў далейшым напішуць гэтыя творы. Духоўнасць нават гістарычна ляжыць у аснове кнігі. Найцікавейшая частка свята — узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Ад гэтага мы не маем права адмовіцца. Астатняе — поле для эксперыментаў. Усё змяняецца, таму і мы гатовы да пэўных змен, калі на гэта будуць прычыны. Пакуль такіх няма. Канцэптуальна свята мае свае абрысы і звычаі, таму наўрад ці лагічна было б парушаць іх адно толькі дзеля навацый. 

— Якія праекты можна лічыць цэнтральнымі сёлета? 

— Кожны раз мы імкнёмся прыўнесці нешта новае, але вельмі асцярожна, бо хочам захаваць напрацаванае. Асноўнай тэмай, як вядома, стане Год народнага адзінства. Гэтым разам араганізацыйны камітэт імкнуўся адлюстраваць знакавыя падзеі для краіны, гісторыка-культурную і духоўную спадчыну Капыля, якія аб’яднаны пісьменніцкім словам. Сярод такіх падзей — 80-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Цэнтральная пляцоўка пад назвай «Адзінства» будзе аформлена ў адпаведнасці з зададзенай тэмай: тут прадставяць газеты і часопісы 1921–1939 гадоў. Выстаўка друкаваных выданняў рыхтуецца сумесна Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальным гістарычным музеем і будзе называцца «17 верасня — Дзень народнага адзінства»: пакажуць унікальныя артэфакты таго часу, звязаныя з уз’яднаннем беларускага народа. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны музей прадставіць плашч і кабуру Сяргея Прытыцкага, які падпісваў у Маскве дакументы па ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Акрамя арыгінальных выданняў, арганізатары падрыхтуюць калажы з такімі публікацыямі, каб любы жадаючы мог узяць іх сабе на памяць. 

— Чым яшчэ запомніцца свята ў Капылі? 

— Ужо з’явіліся муралы ў гонар беларускіх пісьменнікаў Адама Русака, Алеся Адамовіча і Кузьмы Чорнага, помнік Цішку Гартнаму. У скверы стварылі Алею пісьменнікаў, дзе ўстаноўлена 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Капыльскім рэгіёне. На кожнай — QR-код, адсканаваўшы які, можна атрымаць доступ да біяграфіі літаратара, пазнаёміцца з яго творамі. На святочных пляцоўках будзе шмат розных імпрэз, якія правядуць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальная бібліятэка Беларусі... Арганізатары вельмі ўдзячны музейшчыкам за пэўныя праекты ў межах Дня беларускага пісьменства. Іх ініцыятывы даюць магчымасць аматарам з так званай правінцыі адкрыць нешта новае, цікавае, магчыма, з тых пластоў, тэматычных абсягаў, якія ім са свайго рэгіёна разгледзець цяжка. Усё ж не ва ўсіх ёсць магчымасць часта наведваць сталіцу. 

— Імпрэзы імпрэзамі, а што да друкаванай кнігі? Як яна будзе прадстаўлена на Дні беларускага пісьменства? 

— Гэта галоўны герой усёй дзеі. І раней, і сёлета ў Капылі. Многія мерапрыемствы праграмы — з удзелам, па ініцыятыве пісьменнікаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі. На Фестывалі кнігі і прэсы плануюць прадставіць найлепшыя мастацкія выданні, літаратуру адукацыйнага характару, энцыклапедычныя даведнікі. Будуць ладзіцца шматлікія прэзентацыі, не абыдзецца без аўтограф-сесій. Асобна вылучаць кнігі-юбіляры, а таксама — пераможцаў Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». Падкрэслю, што ААТ «Белкніга» арганізуе шырокі гандаль кнігамі — літаральна дзясяткі тысяч назваў кніжных навінак і найлепшых выданняў ранейшых гадоў.

— Якія змены ў сувязі з эпідэміялагічнымі абставінамі? 

— Па вялікім рахунку, акрамя выканання правіл, да якіх усе даўно прызвычаіліся, ніякіх строгіх абмежаванняў не будзе. Хіба што звернемся да анлайн-праектаў, да якіх таксама ўсе прывыклі. Так, традыцыйны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў, а таксама некаторыя іншыя мерапрыемствы будуць трансліравацца на нашых інфармацыйных рэсурсах. Але гэта дае магчымасць паўдзельнічаць у свяце нават большай, чым звычайна, колькасці творцаў. Многія праекты Дня беларускага пісьменства будуць суправаджацца ў сацыяльных сетках. 

— Уладзімір Барысавіч, ці можна нейкім чынам спрагназаваць колькасць сёлетніх удзельнікаў і наведвальнікаў у параўнанні з папярэднімі мерапрыемствамі? 

— Вельмі складана, прагнозы самыя розныя. Адбітак тут накладваюць і эпідэміялагічныя абставіны, і стаўленне людзей да масавых мерапрыемстваў. Але імкнёмся зрабіць усё, каб наша справа была накіравана на стварэнне і падтрымку традыцыйных каштоўнасцей, што дапамагаюць краіне развівацца. Раю ўсім чытачам планаваць свае першыя выхадныя дні ў верасні 2021 года з разлікам на паездку ў цудоўны куток Міншчыны. Усіх чытачоў газеты «Літаратура і мастацтва» — са святам! З Днём беларускага пісьменства ў Капылі!

Гутарыла Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.