Вы тут

Дзень беларускага пісьменства ў 2022 прымае Добруш! Чым знакаміты край?


Апошнія акорды ХХVІІІ Свята беларускага пісьменства прагучаць вечарам 5 верасня ў Капылі. Эстафету ад яго прыме горад Добруш, які стане сталіцай наступнага, ХХІХ. Ад Мінска далекавата, ажно 340 кіламетраў. Толькі што тая адлегласць, калі наперадзе, несумненна, такія цудоўныя, запамінальныя сустрэчы, якія былі і ў Капылі. Раней у іншых гарадах таксама ладзіліся гэткія ж маштабныя культурна-асветніцкія мерапрыемствы. Ды чаму б і не?! Умеем жа мы не толькі працаваць, але і адпачываць. А ўсім, хто жыве на добрушскай зямлі, тым больш інакш нельга.


Добрушскі краязнаўчы музей.

Як мяркуюць навукоўцы, сярод якіх быў і вядомы знаўца тапанімікі Вадзім Жучкевіч, у аснове назвы Добруш ляжыць слова «добр». Як скарочаны варыянт паняцця «добры». Ім нярэдка абазначалі і землеўладанне — «дабро». У Рэчыцкім павеце яно называлася «дабруша». Пра гэта сведчыць «Рэестр рэвізіі гаспадарчай Гомельскай воласці 1560 года». Гэтая дата і лічыцца афіцыйным годам заснавання горада Добруша. Аднак такі статус ён набыў не хутка.

Сялом працягваў лічыцца і калі ўвайшоў пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў склад Расійскай імперыі. Добруш як сяло імператрыца Кацярына ІІ падарыла фельдмаршалу графу Пятру Румянцаву-Задунайскаму. Хоць чаму здзіўляцца, калі ў тым дараванні, у якім згадваюцца многія сёлы і вёскі, толькі Гомель названы мястэчкам. Але менавіта дзякуючы яму, яго сыну Мікалаю Пятровічу, а пасля князю Івану Паскевічу, які ў Румянцавых яго прыдбаў, а таксама яго нашчадкам, Добруш пачаў хутка развівацца. Узнікалі розныя мануфактуры, а ў 1870 годзе, тады ўжо ў мястэчку, быў пабудаваны завод драўніннай масы. Праз год ён стаў папяровай фабрыкай — цяперашняя добра вядомая ў краіне «Герой Працы».

Усе гэтыя людзі, а таксама жонка Івана Паскевіча Ірына Іванаўна, у дзявоцтве Варанцова-Дашкава, назаўсёды ўпісаліся ў гісторыю Добруша. Асабліва Ірына Паскевіч, якая пасля смерці мужа шмат спрыяла паспяховай працы папяровай фабрыкі. Зразумела, што пры падрыхтоўцы да Свята беларускага пісьменства і іх не забудуць. Толькі галоўная ўвага будзе нададзена тым, хто мае непасрэднае дачыненне да нацыянальнай літаратуры. Як і прадстаўнікам іншых галін творчасці. Сяўба імі разумнага, добрага, вечнага спрыяе духоўнай прасветленасці, душэўнай чысціні. На Добрушскай зямлі — своеасаблівы мацярык, у якога, вобразна кажучы, два палюсы. Прытым абодва звязаны з вёскай Кармой.

Адзін з іх увасабляе іераманах Іаан Гашкевіч, мошчы якога ў 1997 годзе былі пастаўлены ў Свята-Пакроўскім храме вёскі Карма. Праз год з блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, адбылася кананізацыя Іаана Гашкевіча. Ён быў далучаны да ліку святых зямлі Беларускай як Іаан Кармянскі. Пры жыцці вызначаўся дабрынёй, міласэрнасцю і празорлівасцю. Прапаведуючы любоў да бліжняга, пацвярджаў гэта ўласным прыкладам. Нікому не лічыў лішнім нагадаць словы апостала Іакава «Вера без спраў мёртвая».

Калі Іаан Кармянскі ў вёсцы Карма знайшоў вечны спачын, то Іван Шамякін у ёй нарадзіўся. Няма неабходнасці нагадваць усе яго званні і ўзнагароды. Дастаткова сказаць, што народны пісьменнік Беларусі паводле афіцыйнага прызнання, ён застаўся па-сапраўднаму народным і неафіцыйна. Тыя ж, хто добра знаёмы з творчасцю Івана Пятровіча, цудоўна ведаюць, якое вялікае месца займае ў напісаным ім яго малая радзіма. І як паслядоўна прапаведаваў ён (вядома, паколькі абставіны былі іншыя, не адкрыта) хрысціянскія ісціны, якія, як нарэшце ўсе мы зразумелі, з’яўляюцца агульначалавечымі.

Паміж палюсамі Іаан Кармянскі — Іван Шамякін годна адчуваюць сябе і іншыя знакамітыя ўраджэнцы Добрушчыны. Калі ёсць магчымасць, абавязкова прызнаюцца ў любові да яе. Паўлюк Прануза, адштурхоўваючыся ад хрэстаматыйных радкоў народнага песняра Якуба Коласа, адзін са сваіх вершаў так і назваў — «Мой родны кут…» Мікола Кусянкоў, які вядомы і як празаік, таксама ў сваёй творчасці неаднойчы вяртаўся да зямлі маленства, згадваючы родную вёску Перарост. Добрушскія рэаліі прысутнічаюць у прозе Леаніда Гаўрылкіна, Валянціны Кадзетавай…

Ураджэнец Добрушчыны і народны артыст СССР Леанід Рахленка, які зарэкамендаваў сябе і як рэжысёр. У многіх спектаклях Леанід Рыгоравіч засведчыў, які вялікі талент дала яму прырода. І як хораша развіў ён яго дзякуючы сваёй нястомнай творчай працы. Аднак у памяці ён застаўся найперш дзякуючы цудоўнаму выкананню ролі Гарлахвацкага. Да ўвасаблення гэтага персанажа з камедыі Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім» звярталіся і іншыя выканаўцы, але пры ўсім сваім майстэрстве яны не змаглі дасягнуць таго, чаго дасягнуў Леанід Рахленка. І не толькі на купалаўскай сцэне, з якой звязаў свой лёс, але і ў аднайменным фільме.

Зямляк дабрушчан і мастак Акім Шаўчэнка. Дарэчы, сярод шматлікіх палотнаў Акіма Міхайлавіча ёсць і такія, на якіх паўстаюць воблікі асобных беларускіх пісьменнікаў: «Янка Купала на жытнёвым полі», «Я. Купала і Я. Колас па дарозе ў Канеў», «Партрэт пісьменніка У. Карпава». Шырэй і глыбей спасцігнуць яго талент можна будзе, пазнаёміўшыся з кнігай «Акім Шаўчэнка», якую выдавецтва «Беларусь» выпускае ў серыі «Славутыя мастакі Беларусі». А расказаў пра Акіма Міхайлавіча мастацтвазнаўца Уладзімір Пракапцоў.

Малая радзіма Уладзіміра Іванавіча — таксама Добрушчына. Ён прысвяціў свае кнігі і іншым знакамітым мастакам. Пра творчасць некаторых расказаў ва ўступных артыкулах да альбомаў іх твораў. З’яўляецца і аўтарам шэрагу раздзелаў у «Гісторыі беларускага мастацтва». Напісанае ім, у параўнанні з іншымі аўтарамі, вызначаецца асабліва высокім прафесіяналізмам, уменнем зазірнуць у самую душу мастака, спасцігнуць нават тое, што знаходзіцца як бы за межамі твора, які разглядаецца і ацэньваецца. Гэта магчыма таму, што Уладзімір Пракапцоў і сам мастак. Ён паспяхова працуе ў станковым жывапісе. Жанры розныя: нацюрморт, пейзаж, тэматычная карціна. «М. Багдановіч. Апошні санет паэта», «В. К. Бялыніцкаму-Бірулі. Мелодыя адыходзячай ночы», «Адам Міцкевіч. Боль паэта»… І, безумоўна, у яго ёсць творы, у якіх прысутнічае своеасаблівая, непараўнальная з іншымі мясцінамі, мелодыя роднай зямлі, а гэта найперш Добрушчына.

Для падрыхтоўкі да чарговага ХХІХ Дня беларускага пісьменства — цэлы год. Што ўсё будзе зроблена годна, ніякага сумнення. Аднак хачу звярнуць увагу вось на што. Бываючы на гэтых мерапрыемствах у многіх райцэнтрах, упэўніваўся, якія адухоўленыя твары ў тых, хто наведваецца сюды. Хацелася б, каб так было заўсёды. А яно абавязкова спраўдзіцца, калі адкінем усё дробязнае і выпадковае. Калі зразумеем, што, нягледзячы на пэўныя разыходжанні ў меркаваннях, поглядах, ёсць галоўнае і куды больш важнае. Тое, што аб’ядноўвае нас (не можа не аб’ядноўваць!). Усе мы — БЕЛАРУСЫ. А беларусы не могуць не быць адзінымі.

То і пойдзем з ідэяй адзінства ад ХХVІІІ Свята беларускага пісьменства да ХХІХ!

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Загаловак у газеце: Ад Іаана да Івана

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».