Вы тут

Пісьменнік — асоба, якая аб'ядноўвае краіны


5 верасня ў Капылі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства. Але мерапрыемствы свята пачаліся яшчэ да гэтай даты. 3 верасня ў Мінску адбыўся традыцыйны міжнародны круглы стол, які сёлета прайшоў пад назвай «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора». На сустрэчу ў Палацы Рэспублікі запрасілі творчую інтэлігенцыю — пісьменнікаў, аналітыкаў і журналістаў. Беларускія эксперты круглага стала прысутнічалі вочна, а вось прадстаўнікі іншых краін далучыліся да гаворкі дзякуючы анлайн-трансляцыі. Адзначым, што сустрэча атрымалася сапраўды інтэрнацыянальнай: сярод замежных гасцей былі жыхары Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы... Усяго да трансляцыі далучылася 15 краін.


Падчас круглага стала літаратары паспрабавалі вылучыць асноўныя праблемы сучаснага літаратурнага працэсу, асэнсавалі ролю пісьменніка ў ХХІ стагоддзі і выказалі асцярогі наконт асаблівасцяў развіцця культурнага поля. Асноўная тэма сустрэчы гучала так: пісьменнік — гэта асоба, якая аб'ядноўвае краіны. Як адзначылі самі ўдзельнікі круглага стала, абставіны і ўмовы негатыўныя, сумныя. Існуе шмат праблем і пытанняў, вырашэнне якіх пакуль не знойдзена. Аб асноўных тэзісах сустрэчы расказвае «Звязда».

Адзіная гуманітарная прастора

Да асэнсавання гэтага паняцця звярталіся амаль усе спікеры круглага стала. Зразумела, што ў кожнага ёсць асабістае бачанне сітуацыі. Але калі разглядаць карціну ў цэлым, пад адзінай прасторай літаратары мелі на ўвазе агульнае творчае поле. Эксперты адзначылі, што неабходна захоўваць найлепшыя традыцыі, у першую чаргу — мову. Яднанне, распрацоўка міжнародных творчых праектаў, удзел у такіх фестывалях, як, напрыклад, Дзень беларускага пісьменства — гэта тыя рэчы, якія дазволяць літаратуры пашырыць свае межы.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў адзначыў:

— Праблемы, якія ўзнікаюць вакол літаратуры, і агульныя пытанні гуманітарнай прасторы маюць патрэбу ў абмеркаванні экспертнай, кампетэнтнай супольнасцю. Тут прысутнічаюць не толькі пісьменнікі, але і публіцысты, крытыкі, журналісты — дзеля таго, каб сённяшняя сустрэча была максімальна эфектыўнай.

Ці патрэбна мяжа паміж літаратурай і палітычным працэсам?

Удзельнікі сустрэчы некалькі разоў закраналі тэму міжнародных зносін. Спікеры круглага стала адзначылі, што іх турбуе адразу некалькі аспектаў. Першы — раз'яднанасць з сучаснай культурай Заходняй Еўропы. Літаратары выказалі наступнае меркаванне: трэба звяртаць больш увагі на былыя краіны СССР. Блізкасць моў і супадзенне некаторых культурных кодаў трактуецца імі як добрая нагода для супрацоўніцтва. Доктар культуралогіі, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук Аляксандр Запясоцкі адзначыў:

— З вялікім шкадаваннем павінен сказаць, што супрацоўніцтва Расіі з Захадам будзе згортвацца.

Нам вельмі складана знайсці з імі агульную мову. А супрацоўніцтва з Усходам, у прыватнасці, з краінамі Азіі, пры нашым жыцці не зможа выйсці на яскравы, належны ўзровень. Мяркую, што культура і Расіі, і Украіны, і Беларусі не менш самакаштоўная. Таму трэба далей развіваць агульную ўзаемадзейнасць.

Пісьменнік і выдавецтва

Яшчэ адзін актуальны для літаратурнага працэсу аспект — выдавецкая дзейнасць. У пісьменніка як у прадстаўніка творчай прафесіі ёсць асноўная задача — ствараць якасныя творы. Але на практыцы атрымліваецца, што, акрамя напісання, літаратар павінен вырашаць і іншыя пытанні: як прасунуць твор у масы, як яго прарэкламаваць і, галоўнае, дзе надрукаваць? У краінах ЗША і Заходняй Еўропы гэтым займаюцца літаратурныя агенты, але на постсавецкай прасторы гэты інстытут яшчэ не сфарміраваўся. Таму і атрымліваецца, што пісьменнік павінен выконваць адразу некалькі роляў. Блогер і публіцыст Міхаіл Хазін выказаў цікавае меркаванне: у хуткім часе за фінансаванне кніг будуць адказваць дзяржавы. Менавіта яны возьмуць на сябе функцыю выдавецтваў і такім чынам значна спросцяць жыццё пісьменнікам.

Літаратура і моладзь

Шмат слоў гучала ў адрас моладзі, у прыватнасці яе абыякавасці да чытання. Спікеры вінавацяць у гэтым распаўсюджванне інтэрнэту, масавай культуры і нізкапробнай літаратуры. З апошнім тэзісам складана не пагадзіцца: сапраўды, дрэнная літаратура адбівае ўсялякую ахвоту да чытання. Але ніводны з удзельнікаў не прапанаваў метад, які б дазволіў зацікавіць маладога чытача. У гэтым выпадку відавочным робіцца канфлікт пакаленняў: дарослыя маюць уласны погляд на сусвет і транслююць яго праз свае кнігі. І крыўдзяцца, што моладзі гэта нецікава. Калі ўжо і разважаць аб падзенні папулярнасці літаратуры, нельга забывацца аб тым, што кнігі чытаюць і сёння, але ў большай ступені праз электронныя носьбіты.

Зараз сярод моладзі вялікай папулярнасцю карыстаецца сацыяльная праблематыка. Пра гэта ведае і дырэктар украінскага выдавецтва «САММІТ-КНІГА» Іван Сцяпурын:

— Я хацеў бы засяродзіць увагу на дзвюх кнігах, якія ўзнімаюць канкрэтныя гуманітарныя пытанні. Яны блізкія як нашым чытачам, так і ўвогуле ўсяму насельніцтву планеты, якое цяпер перажывае складаны перыяд. Першая кніга мае назву «Добра быць жанчынай» і распавядае аб ахвярах гвалту. Гісторыі, якія туды ўвайшлі, носяць дакументальны характар. Тэма наступнай кнігі прысвечана дзецям, якія жывуць у гарачых кропках. Напрыклад, у краінах, дзе моцна развіты наркабізнес. Кніга «Дзеці Вавілона» мае ўніверсальны міжнародны кантэкст.

Пераломны перыяд

Удзельнікі круглала стала адзначылі, што час цяпер няпросты. Але калі адкінуць праблемы пандэміі і засяродзіць увагу толькі на культурным полі, усё роўна застаецца шмат нявырашаных пытанняў. У якім напрамку будзе рухацца літаратурны працэс? Якія формы ён прыме? Ці гэта яго заняпад? Спікеры не даюць адназначнага адказу. Алё ёсць рэч, якая дапамагае знайсці выхад — адукацыя. Функцыя інстытутаў складаецца не толькі з вырошчвання будучых прафесіяналаў. Вышэйшыя ўстановы адукацыі фарміруюць вакол сябе асяродак, дзе інтэлектуалы могуць узаемадзейнічаць і рухаць культурны працэс разам. Рэктар БДУ Андрэй Кароль адзначыў, што ўніверсітэт — гэта неад'емная частка беларускага грамадства, стрыжань, праз які людзі могуць пачуць сябе.


Міраслаў Младэнавіч, прафесар Бялградскага ўніверсітэта, Сербія.

— На глабальным узроўні трывога і занепакоенасць усё больш узмацняюцца. З-за распаўсюджвання тэхналогій і безразважнага парушэння бяспекі чалавечага грамадства ўсё часцей прысутнічае скептычны настрой нават сярод творчай інтэлігенцыі.

Матэўш Ціскорскі, публіцыст і палітолаг, Польшча.

— На нашых вачах адзіная гуманітарная прастора завяршае сваё існаванне. У асноўным намаганнямі палітычных эліт некаторых краін. На жаль, з-за геапалітычных пытанняў пакутуюць і пісьменнікі, творы якіх перастаюць друкаваць.

Анастасія Марсіз, пісьменніца, Украіна.

— У нашай краіне пісьменнікам, на жаль, можа стаць кожны. Абсалютна не рэгламентуецца чысціня мовы: у творах сучаснай літаратуры можна заўважыць слэнг і нават нецэнзурную лексіку. Гэтыя творы складана назваць літаратурай... Назіраецца заняпад каштоўнасцяў.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».