Вы тут

Час уцяпляцца! Вязанае аддзенне: трэнд гэтай восенні


З надыходам каляндарнай восені ўзнікае непераадольнае жаданне ўцяпліцца. Пераходны перыяд заўсёды складаны з пункту гледжання выбару адзення: раніцай на вуліцы даволі халаднавата, удзень значна цяплей. Як апрануцца так, каб было камфортна незалежна ад часу дня? Сапраўдная палачка-ратавалачка гэтай восенню — вязанае адзенне. У гэтым сезоне яно неверагодна папулярнае. Паліто, кардыганы, швэдары, пуловеры, камізэлькі, шапкі і шалікі... Сёлета іх можна сустрэць у шматлікіх калекцыях сусветна вядомых дызайнераў. Пры чым адметныя рысы вязаных трэндаў сезона восень—зіма 2021/2022 — аб’ёмныя формы, буйная вязка і фактурныя ўзоры. Такія ўтульныя рэчы ідэальна дапоўняць як офісны лук, так і камплект для рамантычнага спаткання. Самае галоўнае — гэта ваш асабісты камфорт. 


ВЕРХНЯЕ АДЗЕННЕ

Вязаныя паліто, понча, кейпы, накідкі і кардыганы. Універсальныя, практычныя і зручныя. Ідэальна падыдуць для модніц розных узростаў і камплекцыі. Абавязкова аб’ёмнай вязкі і свабоднага крою. Калі ёсць жаданне акцэнтаваць на сабе ўвагу, выберыце чырвоны колер ці насычаны зялёны. Калі аддаяце перавагу спакойным тонам, выбірайце базавыя: чорны, белы, шэры ці бэжавы. Важна памятаць, што верхняе адзенне павінна зберагаць цяпло, таму пры яго выбары звяртайце пільную ўвагу на склад нітак, з якіх зроблены гэтыя прадметы гардэроба.

ШВЭДАРЫ, ПУЛОВЕРЫ, ДЖЭМПЕРЫ

Ваўняныя і баваўняныя, доўгія і кароткія, «пад горла» і з выразамі, з дэкорам і прынтам, аб’ёмныя і свабодныя. Фасонаў вялікая колькасць. Модныя элементы гэтага сезона: пышныя рукавы і аб’ёмная вязка — крубчыкі, шышачкі, коскі. Чым больш рэльеф, тым лепей. Дарэчы, гэтыя практычныя прадметы гардэроба — сапраўдная модная інвестыцыя: іх можна насіць незалежна ад пары года. Дызайнеры прапануюць камплектаваць іх са спадніцамі, шортамі, нагавіцамі, джынсамі. 

ВЯЗАНЫЯ СУКЕНКІ 

У трэндзе сукенкі рознай фактуры: ад шчыльнай трыкатажнай вязкі да рэльефных варыянтаў. Даўжыня таксама розная: міні, міды і максі — на выбар. Пры гэтым, міні-сукенкі вельмі падобныя на швэдары. Стылісты рэкамендуюць насіць іх з батфортамі, высокімі ботамі да каленяў ці з чаравікамі на грубай падэшве. Для больш жаноцкіх па форме сукенак міды і максі ідэальна падыдуць невысокія чаравікі ці бацільёны. 

ВЯЗАНЫЯ КАСЦЮМЫ 

Такія касцюмы ў модзе не першы сезон, але па-ранейшаму карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод модніц, якія цэняць практычнасць і камфорт. Камплекты могуць быць разнастайнымі: з нагавіцамі, спадніцамі, шортамі. Выкананыя са шчыльнага трыкатажнага палатна, яны не толькі сагрэюць, але і выгадна падкрэсляць вашыя жаноцкія формы. 

КАМІЗЭЛЬКІ 

Камізэлькі, безумоўна, трэнд гэтага сезона. Стылісты раяць насіць іх з белымі сарочкамі аверсайз. Вельмі эфектна будзе выглядаць камплект, які складаецца з фактурнай вязанай камізэлькі, белай сарочкі і класічных нагавіц ці легінсаў з экаскуры. Таксама папулярныя зараз камфортныя камізэльмі з капюшонам. Вельмі аб’ёмная вязка і адсутнасць зашпількі надаюць лёгкасць і выразнасць. 

АКСЕСУАРЫ

Вязаныя шапкі, шалікі ды рукавіцы неад’емныя атрыбуты халоднага сезона. Таксама сярод трэндаў восень—зіма 2021/2022. Машыннай вязкі ці хэнд-мэйд, не мае значэння. Галоўнае, каб гэтыя прадметы гардэробу былі буйнай вязкі і мелі аб’ёмныя формы. З такімі моднымі акцэнтамі застацца незаўважанай вы проста не зможаце! Моднай і шчаслівай вам восені!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: pinterest.com, pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.