Вы тут

Нацыянальная літаратурная прэмія


«Дзе ніткамі сказаў мы прышытыя да вечнасці». Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства


Сімвалічная назва кнігі паэзіі Віктара Шніпа «Белае, чорнае і залатое» («Мастацкая літаратура», 2020). «Белае — гэта чыстая папера, зіма, кужаль… Чорнае — гэта зямля, ноч, вуголле… Залатое — гэта спелае збожжа, зоры, пясок… У белым ёсць чорнае, а ў чорным ёсць белае, і ўсё гэта знітавана залатым… Пра што кніга? Пра тое, што было, што ёсць і што будзе», — значыцца ў анатацыі да выдання. Складаецца яно з чатырох раздзелаў.

У першым — «Сонца, якое не заходзіць» — вершы пра гісторыю Беларусі, пра людзей, якія сталі нашым гонарам: Францыска Скарыну, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і інш. У другім — «Музыка, якая не сціхае» — творы, напоўненыя гукамі прыроды: ветру, вады, травы і дрэў. Трэці раздзел пад назвай «Сцяжыны, якія не забываюцца» змяшчае белыя філасофскія вершы. У чацвёртым — «Раса, якая не высыхае» — хоку. Вобразы, да якіх звяртаецца аўтар, сімвалічныя для айчыннага паэтычнага поля: неба, аблокі, зямля, свет, Беларусь, родны край, снег, дождж, сонца, поўня, Млечны Шлях, дзень. Што да аўтарскага творчага метаду, то ён своеасаблівы, у нечым нагадвае замову, што гіпнатызуе, закалыхвае праз пэўныя паўторы ключавых дамінант, на якіх трымаецца верш:

 

Кніга гэта планета

на якой існуе жыццё

створанае намі

і ты любіш Кнігу

і ты сябруеш з Кнігай

дзе ніткамі сказаў

мы прышытыя да вечнасці

у якой жыве Слова

як сонца

якое не заходзіць

 

Якой павінна быць паэзія? «Паэтычнае “вар’яцтва” — выхад за межы, — пракаментаваў аўтар зборніка. — Але гэтае “вар’яцтва” павінна быць зразумелым для чытача, і сёння, і потым. Бо чытач — той, хто ідзе ўслед, і ты па-свойму адкрываеш яму яго ж свет. І ён расце ўслед за табой… Пасля нас будуць мільёны — і ім будзе што адкрыць. Як дрэва расце, жыве, і, акрамя таго, што дае плады, насенне, то яшчэ і стварае кісларод. Так і паэт дае чытачу кісларод…»

Сродкі, пры дапамозе якіх ствараюцца карцінкі, простыя. Кожны з малюнкаў — як шкельца ў калейдаскопе, а ўсе разам складаюць чароўны краявід родных прастораў у цёплай гаме, нягледзячы на тое, што ў многіх вершах — пра холад і шчымлівае адчуванне адзіноты (прыклады — з нізкі хоку «Зноў восень» з чацвёртага раздзела зборніка):

 

***

вялікі яблык

а ў ім паўнютка святла

з роднага саду

***

вецер у скверы

перабірае лісце

да зімы ёсць час

***

купы лістоты

восеньскія вулканы

спяць сярод сквера

 

Да ўзнагароды сваёй Віктар Шніп паставіўся спакойна, па-філасофску. «Не я, а кніжка ўганаравана гэтай адзнакай. Падзея мяне ўзрадавала, але не здзівіла. Першую сваю прэмію — усесаюзную, імя Уладзіміра Маякоўскага — атрымаў у 27 гадоў. Тады стаць лаўрэатам было нечакана… — згадаў аўтар. — У Грузіі, у Тбілісі, пакінуў для конкурсу вершы з падрадкоўнікам, іх перастварылі па-грузінску. Я не ведаў тых людзей, якія ўганаравалі мяне прэміяй, яны не ведалі мяне… Дай Бог, каб кожны паэт атрымаў калі-небудзь прэмію, гэта як лекі, як падтрымка…»

Але, вядома ж, узнагарода зазвычай знаходзіць таго, хто не шукае яе, а проста творыць, выяўляе сябе, перастварае сусвет праз тое, што яму дадзена…


Выпрабаванні, якія прывядуць… у Парыж

Лепшы твор прозы

Раман вядомага беларускага пісьменніка Віктара Праўдзіна з інтрыгоўнай назвай «Парыж, Эйфелева вежа і…» — пра наш супярэчлівы час. У фокусе ўвагі аўтара — лёс звычайнага чалавека ХХІ стагоддзя, які займаецца бізнесам, жыве звычайным жыццём сем’яніна. Пачынаецца твор, здавалася б, з банальнай гісторыі: Алесь Гурскі, галоўны герой, вяртаецца з камандзіроўкі — з ахапкам руж і пярсцёнкам з брыльянцікам для жонкі ў кішэні. А жонка, як высветлілася, зусім не чакала мужа так рана…

Пад вокладкай кнігі напоўніцу разгортваецца жыццё і селяніна, і бізнесмена, і прадпрымальнікаў, і кіраўнікоў: ад галоўных рэдактараў газет і старшыні СПК, ад пастуха, пастушкі і трактарыстаў да чыноўнікаў з дэпутацкім мандатам. Аўтару не чужыя развагі пра чалавечыя адносіны, дзе ёсць месца і каханню, і здрадзе, пра адданую працу хлебаробаў, а таксама і пра людзей з нячыстым сумленнем. Аўтарская манера выяўляецца ў тым, што захапляльна, да апошняй старонкі ён трымае чытача ў напружанні. І гэта не дзіўна: Віктар Праўдзін — выпускнік Вышэйшай школы міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў СССР, працаваў у праваахоўных органах, цяпер — маёр міліцыі ў запасе. Кнігі пачаў пісаць яшчэ падчас службы ў міліцыі: неверагодных, непрыдуманых сюжэтаў хапала ў сапраўдным жыцці, «адваротны» бок якога давялося зведаць на практыцы. Назвы многіх яго папярэдніх твораў гавораць самі за сябе: «Боль, альбо Споведзь міліцыянера» (1996), «Эксгумацыя» (1997), «Шлях да Галгофы» (2003), «Таямніцы мінскіх скрыжаванняў» (2013), «Вяртанне з апраметнай» (1999), «Танцавальны марафон» (2001), «Нелюбімыя гінуць» (2003) і іншыя. Працаваў у літаратурных часопісах «Нёман» і «Полымя», галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

«…Ружы крывавымі плямамі рассыпаліся па падлозе… Перад ім стаяла Люся ў апратцы Евы… У беласнежных руках паднос, на ім два келіхі з чырвоным віном. У прыцемненай спальні да болю знаёмы барытон фальшыва напяваў любімую песню Алеся «Мільён алых руж».

Жончыны раскосыя вішнёва-чорныя вочы ад нечаканасці шырока расплюшчыліся і глядзелі на мужа спярша здзіўлена, потым з непрыхаваным страхам. Ад празмернага хвалявання прыгожыя поўныя грудзі прывабліва калыхнуліся, рукі нервова ўздрыгнулі, келіхі дзынкнулі і ледзь не кульнуліся ўслед за ружамі.

— Т-ты?.. — выдыхнула Люся…»

Выпрабаванне не для слабых: мала таго, што жонка аказалася здрадніцай, дык і спакусіў яе не які-небудзь Апалон з трэнажорнай залы, а… родны брат-блізнюк! Паступова перад чытачом разгортваюцца падзеі, што папярэднічалі гэтай сітуацыі, а таксама і тыя, што з яе вынікалі. Аўтар з майстэрствам псіхолага праводзіць свайго героя праз розныя выпрабаванні, пакутлівыя роздумы, згадкі дзяцінства, дзе не было самага галоўнага — матчынай любові… Чытач міжволі з першых старонак пачынае суперажываць галоўнаму герою, жыць яго праблемамі. Адметнасцю аўтарскага расповеду з’яўляюцца і прымаўкі, што да месца ілюструюць тую ці іншую сітуацыю: жыць — не толькі мёд піць; няма больш ката, як брат на брата; без справы жыць — толькі неба капціць…

Кропка аповеду ставіцца… у Парыжы, і чытач не будзе пачувацца расчараваным…


Якая яна, слава?

Лепшы твор публіцыстыкі

Адразу дзве кнігі Аляксандра Радзькова сталі пераможцамі ў намінацыі «Лепшы твор публіцыстыкі».

Больш чым чвэрць стагоддзя — з 1974 да 2003 года — аўтар аддаў Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А. А. Куляшова: працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, загадчыкам кафедры алгебры і геаметрыі; намеснікам дэкана фізіка-матэматычнага факультэта, прарэктарам па вучэбнай рабоце, першым прарэктарам, рэктарам. З 2003 да 2010 года А. Радзькоў займаў пасаду міністра адукацыі Беларусі.

Самае непасрэднае дачыненне да адукацыі мае і адно з выданняў — пад назвай «Мой фізмат» («Мастацкая літаратура», 2020). Кніга гэтая распавядае пра матэматыкаў і фізікаў — вучоных, выкладчыкаў універсітэтаў, настаўнікаў. Усе яны вельмі яркія, каларытныя асобы, арыгінальныя сваімі паводзінамі і ў вучэбным працэсе, і ў непасрэдных стасунках, і ў побыце.

Аўтар распавядае пра фізмат Магілёўскага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, але маштаб яго разважанняў — аб фізіка-матэматычнай адукацыі ў Беларусі, яе традыцыях, дасягненнях і перспектывах.

Як заўважыў аўтар уступнага артыкула да выдання Алесь Карлюкевіч, у айчыннай мемуарнай літаратуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя няма вялікіх традыцый. Альбо амаль няма саміх мемуараў. Прычыну гэтага А. Карлюкевіч бачыць зусім не ў тым, што беларусам няма чаго сказаць альбо адсутнічаюць аўтары, за якімі няма патрэбнага жыццёвага, сацыяльнага, грамадскага і палітычнага досведу — але не могуць яны выказацца разняволена, вольна…

Доктар педагагічных навук, чалавек, які аддаў дзесяцігоддзі свайго жыцця навуцы, адміністрацыйнай, дзяржаўнай і палітычнай рабоце, Аляксандр Радзькоў парушае звыклыя падыходы да беларускай мемуарыстыкі. «Ён проста распавядае, што ведае», — падкрэслівае А. Карлюкевіч. Выбітныя вучоныя і выкладчыкі Пётр Машкоўскі, Святаслаў Фаменка, Фёдар Вайтовіч, Уладзімір Эцін, Соф’я Гальдштэйн, Аляксандр Ігнаценка і многія іншыя сталі героямі расповедаў Аляксандра Радзькова.

Не менш цікавае выданне А. Радзькова — «Дыскрэтны падыход да назірання жыцця» («Мастацкая літаратура», 2020). Як і папярэдняя, гэтая кніга выдадзена ў серыі «Люстэрка лёсу».

Назва выдання, на першы погляд, можа заблытаць, бо «дыскрэтны» — гэта навуковы тэрмін, які азначае якасць, супрацьлеглую непарыўнасці — перарывістасць. Але ў гэтым — своеасаблівая аўтарская іранічная задума. У кнізе аўтар прыводзіць свае эпізадычныя ўражанні ў выглядзе невялікіх і зусім кароценькіх гісторый, эсэ, расповедаў пра вучобу і працу ва ўніверсітэце, службу ў арміі і пра дзяржаўную службу, а таксама пра сустрэчы і размовы з вядомымі палітыкамі, вучонымі, пісьменнікамі, артыстамі і спартсменамі. «Чытачы знойдуць для сябе некаторыя парады і пажаданні, змогуць скарыстацца досведам аўтара для арганізацыі ўласнай працы і жыцця», — значыцца ў анатацыі.

Гісторыі, якія згадваюцца на старонках выдання, тэматычна аб’яднаныя ў раздзелы: «Сям’я», «Універсітэт: вучоба», «Армія», «Універсітэт: праца», «Урад», «Навука», «Мастацтва, літаратура, спорт». У апошнім з раздзелаў у фокусе зроку аўтара — многія вядомыя творцы, прычым не толькі сучасныя. Некаторыя з расповедаў выглядаюць сапраўднымі перлінкамі: і павучальныя, і з гумарам. Так, аўтар упадабаў азначэнне славы Ханса Крысціяна Андэрсена — казачніку яна ўяўлялася як жанчына гіганцкага росту, якая ўважліва назірае за кожным чалавекам. Раз-пораз слава нахіляецца, бярэ каго-небудзь з натоўпу, уздымае да ўзроўню сваіх вачэй, уважліва разглядае. Потым кідае на зямлю, прыгаворваючы: «Ізноў не той!»

Гісторыі, расказаныя пад вокладкай кнігі, вартыя самай шырокай увагі: іх можна пераказваць сябрам, у многіх прыхаваная сапраўдная мудрасць, а некаторыя выклікаюць глыбокі роздум.

Матэрыялы падрыхтавала Марыя ЯРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.