Вы тут

Кожны дзень — добрая справа


З такімі людзьмі, як акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАН, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя, заўсёды прыемна сустрэцца, пагаварыць. З імі ніколі не бывае сумна, бо яны, прыцягваючы да сябе, валодаючы вялікай унутранай энергіяй, даюць усім, хто кантактуе з імі, жыццядайную сілу. Нават тыя, хто ў хвіліны роспачы ці няўдачы гатовы апусціць рукі, быццам нанава нараджаюцца на свет, напаўняюцца новымі планамі, задумамі, гатовыя адразу ж прыступіць да работы.


Па-спартыўнаму падцягнуты, пастаянна ў добрым настроі, аптыміст і жыццялюб, Аляксандр Аляксандравіч і іншых заражае гэтай сваёй няўрымслівасцю, бадзёрасцю, светлым поглядам на свет і людзей.

У гэтым неаднойчы ўпэўніўся і я, сустракаючыся з ім. З якім бы настроем да яго ні зайшоў, абавязкова адыходзіш з цудоўным. Хоць, па праўдзе кажучы, і развітвацца асабліва не хочацца. Бо ледзь не на парозе ўжо ён абавязкова скажа нешта такое, што не можа не зацікавіць, прымусіць прыпыніцца. Адразу адчуваецца, што энергія ў яго б’е, як кажуць, цераз край. Што ж, гэтаму застаецца толькі па-добраму пазайздросціць. І лішні раз парадавацца, што ёсць у наш час такія людзі, якія аптымізмам сваім, высокім прафесіяналізмам, апантанасцю ў працы паказваюць прыклад, як трэба жыць.

І, безумоўна, прыклад у тым, як трэба працаваць і ўпэўнена глядзець у заўтрашні дзень.

Мне ж асабіста радасць сустрэчы з ім прынесла ўжо першае знаёмства. Працуючы першым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларуская думка», па нейкай справе зайшоў да яго, тады дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Разгаварыліся і высветлілася, што, хоць у юныя гады мы жылі ў розных вёсках, у нас быў адзін настаўнік — Павел Ліннік. Павел Якаўлевіч поруч з іншымі стаяў каля вытокаў партызанскага руху на Капыльшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён з’яўляўся адным са школьных настаўнікаў Аляксандра Кавалені, а пасля, калі мае бацькі пераехалі ў Крывасёлкі, сённяшнія Навасёлкі, ужо быў дырэктарам мясцовай сярэдняй школы.

Аляксандр Каваленя ніколі не збіраўся шукаць лёгкіх шляхоў. Скончыўшы дзевяць класаў, паступіў у Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 23. Адначасова наведваў заняткі і ў школе рабочай моладзі, дзе, як і ў вучылішчы, вучыўся толькі на выдатна. Працуючы на будоўлі, займаўся ў Мінскім аэраклубе і радыёшколе. Вайсковую службу праходзіў у элітных дэсантных войсках.

Цікавасць да гісторыі, жаданне лепш ведаць мінулае свайго народа, а таксама імкненне спасцігаць жыццё ва ўсёй яго складанасці прывялі на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, цяперашні Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Потым было так, як і павінна быць у жыцці і дзейнасці тых, хто мэтанакіравана ідзе сваёй дарогай, вызначыўшы даследчыцкія арыенціры: аспірантура, дактарантура.

Аднак у 1995 годзе адклікалі з вучобы і выбралі загадчыкам кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі педуніверсітэта. Давялося не толькі ствараць навукова-педагагічны калектыў, але  і вызначаць навукова-метадычны кірунак дзейнасці кафедры. Была распрацавана канцэпцыя гістарычнай адукацыі студэнтаў негістарычных спецыяльнасцей, падрыхтавана праграма курса «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі». У вучэбны працэс укараніліся якасна новыя, напоўненыя сучаснымі навукова-метадычнымі падыходамі і патрэбамі грамадска-палітычнага жыцця незалежнай Рэспублікі Беларусь, спецкурсы: «Гісторыя маладзёжнага руху», «Маладзёжны рух на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны» ды іншыя.

Калектыў кафедры распрацаваў вельмі актуальную тэму: «Беларусь у сусветным гістарычным працэсе». Гэта дазволіла за кароткі час стварыць грунтоўны навуковы падмурак і наладзіць падрыхтоўку шэрагу метадычных дапаможнікаў, якія сталі трывалай асновай для арганізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу на 14 факультэтах універсітэта.

Пачаткам асабістага глыбокага асэнсавання Аляксандрам Каваленем складаных праблем нядаўняга мінулага ў суаднясенні іх з днём сённяшнім стала яго першая манаграфія «Беларусь у гады Другой сусветнай вайны (1939—1945)», станоўча ацэненая ў навуковых колах і адзначаная Другой прэміяй з прысуджэннем дыплома лаўрэата БДПУ імя Максіма Танка за 1997 год. Гэтая тэма ў самых розных аспектах, прынамсі, даследаванне праблем патрыятычнага руху беларускай моладзі ў барацьбе супраць германскіх акупантаў, стала ў яго навуковай дзейнасці вызначальнай. Дарэчы, падобны кірунак даследавання стаў адным з першых не толькі ў айчыннай, але і ў замежнай гістарыяграфіі.

Публікацыі Аляксандра Кавалені заўсёды вызначаюцца глыбінёй асэнсавання, узважанасцю ацэнак і высноў. Яскравы прыклад — артыкул «Камсамольска-маладзёжнае падполле Беларусі — фактар уключэння нацыянальных меншасцей у барацьбу з ворагам (1941—1944 гг.)». А манаграфія «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941—1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць» адкрыла новы кірунак у гістарычнай навуцы — асэнсаванне маладзёжнай палітыкі нацысцкай Германіі на акупаваных тэрыторыях краін Еўропы ў 1939—1945 гадах. На выхад яе ахвотна адгукнуліся многія перыядычныя выданні. Праца, у прыватнасці, вызначаецца смелым увядзеннем у навуковы ўжытак новых дакументаў, падачай іх без купюр і скарачэнняў, што лішні раз сведчыць аб высокай аб’ектыўнасці. Гэта ж датычыцца і манаграфічнага даследавання «Беларусь. 1939—1945: Война и политика».

Вялікі ўклад Аляксандра Кавалені ў стварэнне праграмы і вучэбна-метадычнага комплексу «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» для вучняў і студэнтаў ВНУ. Як вядома, у сувязі з 60-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка прыняў у 2003 годзе рашэнне ўвесці для вучняў старшых класаў факультатыў, а для студэнтаў ВНУ — аналагічны спецкурс і падрыхтоўку праграмы і падручнікаў. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь тэрмінова стварыла навуковы калектыў на чале з Аляксандрам  Каваленем. Аналагаў падобнага падручніка не мелася ні ў былым СССР, ні ў СНД, ні ў краінах Еўропы.

Працуючы дырэктарам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аляксандр Аляксандравіч зарэкамендаваў сябе і выдатным арганізатарам гістарычнай навукі, а калі глядзець шырэй, то і ўвогуле навук гуманітарных. Інстытутам было зроблена надзіва шмат. У тым ліку і ў рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры» на 2006—2010 гады, кіраўніком якой яго прызначылі. Над ёй працавалі і даследчыкі Інстытута мастацтвазнаўства, прадстаўнікі вядучых кафедраў ВНУ краіны. Усяго каля чатырох соцень навукоўцаў. У рамках здзяйснення праграмы падрыхтавана і выдадзена 136 манаграфій, 91 зборнік навуковых прац і канферэнцый, 140 падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, 174 атласы і карты для ВНУ і агульнаадукацыйнай школы. Выдадзена 41 брашура, 1 археалагічны каталог, 19 даведачна-бібліяграфічных і археаграфічных выданняў, 28 навукова-папулярных кніг і альбомаў.

Гонарам навуковага калектыву стаў выхад фундаментальных выданняў «Беларусь в годы Великой Отечественной войны. 1941—1945», «Беларусь: Народ. Государство. Время», «Белавежская пушча: вытокі запаведнасці, гісторыя і сучаснасць», «Энциклопедия Победы: Беларусь — Москва», "Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…" Верасень 1939 г. — 1956 г.: дакументы і матэрыялы» ў 2 кнігах, «Зямля сілы. Белавежская пушча. Фотаальбом», «Вялікі гістарычны Атлас Беларусі», першы том,  «Национальная академия наук Беларуси: историко-документальная летопись, 1929—2009 гг.», «Национальная академия наук Беларуси. 1929—2009 гг.: документы и материалы» і іншыя.

Асабліва актыўна разгортвалася работа па напісанні грунтоўных манаграфічных даследаванняў і арганізацыі навуковых канферэнцый, сімпозіумаў, круглых сталоў, брыфінгу. Іх было арганізавана каля сотні. І не толькі ў Мінску і абласных гарадах, але і ў раённых цэнтрах, нават вёсках. У мерапрыемствах актыўны ўдзел прымалі і замежныя даследчыкі, і шырокія колы мясцовых краязнаўцаў, настаўнікі і вучні, шматлікія жыхары. Гэта заўсёды значная падзея, асабліва ў рэгіёнах, дзе яны набываюць навукова-святочную афарбоўку, суправаджаюцца конкурсамі дзіцячай творчасці на найлепшы малюнак, сачыненне, фотаздымак і ўзмацняюцца выступленнямі навукоўцаў.

Яшчэ больш шырокія і плённыя абсягі дзейнасці Аляксандра Кавалені на пасадзе акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Толькі да адказнасці яму не прывыкаць. Як трэба працаваць, паказвае ўласным прыкладам. А навуковыя дасягненні яго належным чынам адзначаны. Аб гэтым сведчыць ужо тое, што Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прысвоіў яму званне «Вучоны года НАН Беларусі». У складзе аўтарскага калектыву за стварэнне картаграфічнага выдання «Вялікі гістарычныатлас Беларусі» ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне». Вядома, Аляксандру Аляксандравічу прыемна ўвага і павага землякоў. Ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Капыльскага раёна.

Ён пастаянна знаходзіцца на службе ў Кліо. Як вядома, Кліо — адна з дзевяці алімпійскіх муз. Была яна дачкой усёмагутнага Зеўса і яго жонкі Мнемасіны. У старажытных грэкаў лічылася натхняльніцай гісторыі. Уяўлялі яе ў выглядзе жанчыны са скруткам і грыфельнай палачкай у руках. Па прыродзе Кліо была спакойнай і належала да тых багінь, якія ў сваёй асобе спалучалі і натхняльніц, і ахоўніц. Яна, у прыватнасці, спрыяла таму, каб людзі ашчадна ставіліся да свайго мінулага, не забывалі пра тое, што дакладна выказаў прадстаўнік яшчэ адной даўняй цывілізацыі — выдатны прамоўца, адвакат, пісьменнік і палітычны дзеяч Старажытнага Рыма Марк Пулій Цыцэрон: «Гісторыя — настаўніца жыцця».

А капрызлівай Кліо стала не па сваёй волі. У розныя часы знаходзіліся ахвотныя карэкціраваць мінулае.

Адны падзеі падганяліся так, што светлае станавілася чорным, добрае — благім ці наадварот. Тое ж самае тычылася і пэўных асоб. Гледзячы, якая задача ставілася перад гэтым. На ролю пераніцоўшчыкаў былога запрашаліся прафесійныя гісторыкі, каб выконваць гэтую чорную работу. Толькі тыя з іх, хто прывык жыць годна, не здраджвалі яму. 

Да таго, што робіць Аляксандр Аляксандравіч і як робіць, добра стасуецца сказанае Львом Талстым: «Упрыгожвай кожны дзень добрай справай». Ды і  выказванне Жан-Жака Русо як нельга падыходзіць: «Працуй для таго, каб атрымліваць задавальненне». Самому Аляксандру Каваленю вельмі блізкае меркаванне Антона Чэхава: «Прызванне кожнага чалавека ў духоўнай дзейнасці — у пастаянным пошуку праўды і сэнсу жыцця». Гэта для яго як свайго роду праграма на кожны дзень. Своеасаблівае маральнае крэда, якому ён ніколі не здраджваў і здраджваць не збіраецца.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.