Вы тут

Андрэйчанка: група ўплывовых краін спрабуе падмяніць міжнароднае права прыдуманымі правіламі


Група ўплывовых краін спрабуе падмяніць міжнароднае права прыдуманымі ёю правіламі. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў відэазвароце да ўдзельнікаў вочнай часткі V Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў, піша БелТА.


Фота: БелТА.

«Тэма нашай канферэнцыі як ніколі актуальная. Колькасць пагроз міру і бяспецы не змяншаецца. Мэты ўстойлівага развіцця становяцца ўсё больш уяўнымі. Пандэмія абвастрыла ранейшыя і справакавала новыя негатыўныя працэсы. Замест разрадкі напружанасці, умацавання даверу і супрацоўніцтва павялічваюцца персанальныя абмежаванні, эканамічныя санкцыі, блакады і кампаніі па падрыве суверэнітэту. Група ўплывовых краін спрабуе падмяніць міжнароднае права прыдуманымі ёю правіламі», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Паводле яго слоў, пашырэнне НАТА на Усход, каляровыя рэвалюцыі, што насаджаюцца звонку, і спробы калектыўнага Захаду перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны — гэта шляхі, якія вядуць свет да катастрофы.

«Мы, парламентарыі, не можам гэтага дапусціць. Нельга дабіцца доўгатэрміновага справядлівага вырашэння пытанняў міжнароднага значэння сілавым шляхам. Інакш у свеце будзе панаваць права сілы, а не сіла права. Беларусь як дзяржава — сузаснавальнік ААН надае выключнае значэнне захаванню асноўных прынцыпаў міжнароднага права. Яны гарантуюць кожнай дзяржаве магчымасць выбіраць палітычную, сацыяльную, эканамічную і культурную сістэмы ў адпаведнасці з воляй свайго народа, — сказаў спікер. — Асаблівыя надзеі ўскладаем на ініцыятыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб правядзенні шырокага міжнароднага дыялогу для аднаўлення даверу і ўмацавання бяспекі. Разлічваем на вашу падтрымку ў яе рэалізацыі, у тым ліку для вырашэння такіх задач, як барацьба з усімі відамі і формамі сучаснага рабства, гандлем людзьмі і незаконным абаротам наркатычных рэчываў».

Уладзімір Андрэйчанка паведаміў, што, прытрымліваючыся Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН, Беларусь прапануе актывізаваць выпрацоўку выразных падыходаў па барацьбе з тэрарызмам у сетцы Інтэрнэт ва ўсіх яго формах і праявах. На дасягненне гэтай жа мэты накіравана ініцыятыва кіраўніка беларускай дзяржавы аб фарміраванні «пояса лічбавага добрасуседства».

«Сярод усё большых глабальных рызык сусветнага развіцця застаюцца экалагічныя выклікі і праблемы, якія параджаюцца імі. Заклікаем выкарыстаць правядзенне 26-й Канферэнцыі ААН па змяненні клімату ў горадзе Глазга ў лістападзе 2021 года для ўмацавання супрацоўніцтва ў справе іх пераадолення і папярэджання. Беларускія дэпутаты актыўна далучыліся да кампаніі міжпарламенцкага саюза „Я гавару „Так“ моладзі ў парламенце“. Бо моладзь — наша будучыня. Неабходна больш увагі надаваць павышэнню яе ролі ў пабудове бяспечнага і квітнеючага свету, — заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Мы гатовы і далей разам працаваць над мірнымі аб’яднаўчымі ініцыятывамі у Міжпарламенцкім саюзе ў мэтах умацавання шматбаковасці, міру і ўстойлівага развіцця. Беларусь і парламентарыі нашай краіны адкрытыя для раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага супрацоўніцтва».

V Сусветная канферэнцыя спікераў парламентаў праходзіць у два этапы. Першая частка канферэнцыі прайшла ў анлайн-рэжыме ў жніўні 2020 года. У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Андрэйчанкі. Вочная частка V Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў, а таксама саміт жанчын-спікераў праходзяць з 6 па 8 верасня ў Вене.

Тэма канферэнцыі — «Парламенцкае лідарства ў імя эфектыўнага шматбаковага падыходу, які забяспечвае мір і ўстойлівае развіццё народанасельніцтву і планеце». Прадугледжаны дэбаты і панэльныя дыскусіі па актуальных тэмах, якія накіраваны на прамое ўзаемадзеянне паміж лідарамі парламентаў. Завершыцца канферэнцыя прыняццем палітычнай дэкларацыі высокага ўзроўню.

Асноўная мэта вочнай часткі V Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў — наладжванне прамога дыялогу паміж кіраўнікамі заканадаўчых органаў дзяржаў свету, а таксама кіраўнікамі міжнародных і міжпарламенцкіх арганізацый для далейшага паглыблення і пашырэння ўзаемадзеяння для больш эфектыўнай шматбаковасці, што забяспечвае мір і ўстойлівае развіццё для людзей і планеты.

Пасля V Сусветнай канферэнцыі спікераў 9 верасня адбудзецца першы Глабальны парламенцкі саміт па барацьбе з тэрарызмам. Адпаведныя мерапрыемствы арганізуюцца Міжпарламенцкім саюзам у цесным супрацоўніцтве з ААН і парламентам Аўстрыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».