Вы тут

Вытворчы траўматызм: 56 чалавек загінулі, 320 — атрымалі траўмы


Такія даныя за паўгоддзе бягучага года агучылі ў тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ. Хто вінаваты і што рабіць? 


Фота: pixabay.com

Трэба адразу сказаць, што трагедый магло быць нашмат больш, каб не ўвага да гэтага пытання з боку прафсаюзных спецыялістаў, якія ўвесь час выконваюць маніторынг за выкананнем норм і правіл бяспечнай працы на рабочых месцах ва ўсіх сферах дзейнасці. Так, за мінулае паўгоддзе па патрабаванні прафсаюзаў ліквідавана каля 25 тысяч парушэнняў аховы працы. Такія лічбы агучылі пры падвядзенні вынікаў дзейнасці тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ за паўгоддзе, паведамілі ў прэс-службе нацыянальнага прафцэнтра. 

— Па сутнасці, папярэджаныя тысячы патэнцыйных няшчасных выпадкаў. Паколькі, як паказвае практыка, у сферы аховы працы не бывае нязначных парушэнняў. Кожная недапрацоўка, сама па сабе або разам з іншымі, можа прывесці да трагедыі, — падкрэсліў галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Павел Манько.

Сумесная дзейнасць з сацыяльнымі партнёрамі дазволілі некалькі знізіць паказчыкі вытворчага траўматызму. Тым не менш, няшчасныя выпадкі па-ранейшаму фіксуюцца ў большасці сфер эканомікі. Так, за першае паўгоддзе 320 чалавек былі цяжка траўмаваныя, 56 — загінулі. Найбольш складаная сітуацыя ў сферы сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай сферы.

— Пры гэтым, як і ў папярэднія гады, адна з найбольш частых прычын няшчасных выпадкаў — гэта ігнараванне патрабаванняў аховы працы самімі пацярпелымі. Нярэдка да трагедыі прыводзіць і тое, што кіраўнікі і адказныя спецыялісты не выконваюць свае абавязкі па ахове працы і не ў поўнай меры забяспечваюць неабходны рэгламент работы, у тым ліку дапускаюць супрацоўнікаў да працы без неабходнага навучання, стажыроўкі, дапускаюць выкарыстанне няспраўнага абсталявання, не кантралююць належным чынам стан работнікаў, — сцвярджае Павел Манько.

Варта адзначыць, што тэхнічныя інспектары ФПБ прымаюць удзел у расследаванні няшчасных выпадкаў. Галоўная задача — абараніць інтарэсы работнікаў.

— У калектыўным дагаворы, як правіла, утрымліваюцца нормы аб дадатковых кампенсацыях для тых, хто пацярпеў на вытворчасці. Так, большасць дагавораў гарантуюць работніку атрыманне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў памеры аднаго сярэдняга заробку за кожны працэнт страты працаздольнасці. Але ў некаторых выпадках наймальнікі па тых ці іншых прычынах затрымліваюць гэтыя выплаты. Для абароны сваіх інтарэсаў работнікам у такіх сітуацыях неабходна звярнуцца ў галіновы прафсаюз або ў Нацыянальны прафцэнтр, — звярнуў увагу галоўны тэхнічны інспектар Федэрацыі прафсаюзаў.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.