Вы тут

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Беларускі тэатр «Лялька» пачне трыццаць шосты тэатральны сезон 19 верасня


Асаблівасць гэтага добра вядомага далёка за межамі нашай краіны віцебскага тэатра ў тым, што ў яго рэпертуары спектаклі — не толькі для дзяцей, падлеткаў, але і для дарослых. Прыезджым тутэйшыя абавязкова раяць наведаць «Ляльку». І моўны бар’ер (усе пастаноўкі на беларускай) не перашкода для іншаземцаў. Мова лялек, дзякуючы таленавітым артыстам, хутка становіцца зразумелай усім, незалежна ад краіны пражывання.


Традыцыйна і ў першы афіцыйны дзень новага творчага года будзе што паглядзець, як кажуць, і малым, і старым. Тым, хто 19 верасня наведае тэатр, лялечнікі падрыхтуюць сюрпрызы, якія пакажуць і па-за глядзельнай залай. Адбудзецца «Восеньскі баль для дзяцей» з удзелам артыстаў тэатра перад спектаклем «Папялушка», які пачнецца а адзінаццатай гадзіне раніцы. Дарослых запросяць на танцавальную вечарыну, перад тым як у шэсць гадзін вечара пачнуць паказваць «Спакусу» паводле аповесці А. Чэхава «Чорны манах». Цікава, што сярод шасці пастановак для дарослых — «Дэкамерон» (імправізацыя на тэмы Джавані Бакача). А яшчэ — «Ладдзя роспачы» (па творы Уладзіміра Караткевіча), «Нататкі вар’ята» (па аповесці Мікалая Гогаля) і іншыя.

У канцы кастрычніка або ў пачатку лістапада плануюць адсвяткаваць 75-ю гадавіну з дня нараджэння Віктара Ігнатавіча Клімчука, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, нязменнага мастацкага кіраўніка тэатра. Ён быў адным з заснавальнікаў і першым рэжысёрам лялечнай трупы, якую ў 1985 годзе стварылі пры Беларускім дзяржаўным драмтэатры імя Якуба Коласа. А 20 красавіка 1986 года адбылася першая прэм’ера калектыву — спектакль «Дзед і Жораў» па творы Віталя Вольскага. Гэты дзень лічыцца днём нараджэння «Беларускага тэатра «Лялька».

Віктар Клімчук вельмі паважліва адносіцца да беларускай драматургіі, многае зрабіў для таго, каб ужо некалькі пакаленняў гледачоў шанавалі беларускую мову, нацыянальнае мастацтва. Ён ставіць спектаклі не толькі ў Беларусі, атрымлівае запрашэнні быць членам журы міжнародных лялечных фестываляў. Яго спектаклі шмат разоў прызнаваліся лаўрэатамі.

У канцы верасня, дарэчы, віцебскія лялечнікі паедуць на міжнародны фестываль «Белгародская забава» (Расія). Пакажуць спектакль «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех», які паставіў сын мастацкага кіраўніка «Лялькі» Міхась Клімчук. Гэты ж малады рэжысёр нядаўна паставіў спектакль «Пятрушка» (народную камедыю на адну дзею), яе ўбачаць гледачы ў верасні. А ў лютым 2022 года плануе паказаць прэм’еру «Чарамара» паводле твора эстонскай пісьменніцы Айно Первік.

Тэатр «Лялька» і наваколлі, пачынаючы з 2014 года, — «сталіца» праекта «Лялечны квартал». Гэта — фэст тэатраў лялек, які штогод праводзяць у ліпені падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Гараджане і турысты там маюць магчымасць пабачыць спектаклі для дзяцей і дарослых на сцэне «Лялькі», а таксама разнастайныя вулічныя пастаноўкі і перформансы. Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца найцікавейшыя калектывы з краін блізкага і далёкага замежжа, здатныя спалучаць традыцыі з плённымі пошукамі ў рэчышчы сучаснага мастацтва.

Сёлета ў «Лялечным квартале» прынялі ўдзел трупы з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пензы, Пскова і Арэнбурга. Практычна ўсе мерапрыемствы прайшлі з аншлагам. А па-іншаму ў «Ляльцы» і не бывае. Напрыклад, сёлета прыйшлося двойчы паказваць акцёрскі капуснік у гонар 35-й гадавіны тэатра, бо ўсе ахвотныя трапіць у залу не змаглі падчас запланаванага аднаго паказу. Усяго ў мінулым тэатральным сезоне віцебскія лялечнікі сыгралі каля 360 спектакляў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».