Вы тут

Каварныя «васьмёркі». Калі і чаму 32 — не норма?


Зубамі мудрасці называюць восьмы зуб у шэрагу ад цэнтра. Праразаюцца яны звычайна значна пазней за астатнія ці не з'яўляюцца ўвогуле. Стаматолагі лічаць такія выпадкі нормай, а не паталогіяй. Навукоўцы мяркуюць, што восьмы зуб — рудыментарны орган, неабходнасць у якім арганізм страціў. Як бы там ні было, сучаснаму чалавеку зуб мудрасці можа даставіць масу нязручнасцяў. У якіх выпадках ад яго лепш пазбавіцца, расказала хірург-стаматолаг 7-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі з Мінска Вольга КОМАР.


Патрэбныя ці не?

— Вольга Раманаўна, чым адметныя «васьмёркі»? У якім узросце яны з'яўляюцца?

— «Васмёркі», ці зубы мудрасці, як іх яшчэ называюць, з'яўляюцца пасля таго, як малочныя зубы ўжо цалкам замешчаны пастаяннымі, найчасцей у перыяд з 18 да 25-27 гадоў. Гэта вельмі індывідуальна, у некаторых яны ў спячым становішчы могуць знаходзіцца ўсё жыццё. Напрыклад, у адной маёй 80-гадовай пацыенткі «зубы мудрасці» пачалі расці пад ціскам устаноўленага пратэза.

Нашым продкам гэтыя зубы былі неабходныя, бо яны перажоўвалі пераважна цвёрдую ежу, і сківіца ў людзей была большых памераў. У ходзе эвалюцыі харчаванне станавілася больш мяккае і рафінаванае, дзякуючы чаму «васьмёркі» цяпер можна назваць рудыментарнымі элементамі. Добра, калі яны праразаюцца ў зубной дузе і займаюць правільнае становішча. Але часта ім не хапае месца, яны давяць на іншыя зубы, ствараючы дэфіцыт месца і скучанасць. З-за гэтага з'яўляюцца праблемы з прыкусам. Таму сёння іх часта выдаляюць.

Ды і праразанне гэтых зубоў нярэдка суправаджаецца болем, павышэннем тэмпературы, запаленчым працэсам, ацёкам і асіметрыяй твару.

— Ці азначае гэта, што як толькі пачалі праразацца «зубы мудрасці», варта паспяшацца да хірурга і выдаліць іх?

— Зусім не. Сярод паказанняў — знаходжанне па-за зубной дугой, размяшчэнне ў так званым шчочным ставішчы, калі яны націраюць слізістую. А хранічнае яе траўміраванне, як вядома, можа прыводзіць да перадраку і раку. Або калі яны ссоўваюць пастаянныя жавальныя зубы. Часта ніжнія «васьмёркі» нахілены медыяльна ў бок «сямёрак» і ўпіраюцца ў іх сваімі выпукласцямі. Пры жаванні парадонт зуба нязначна, але рухаецца, і «сямёрка» такім чынам пераціраецца. Утвараецца карыес ці нават пульпіт, таму для папярэджання страты сёмага зуба выдаляюць восьмы. Часта на выдаленне «васьмёрак» накіроўваюць артадонты: так ствараецца дадатковая прастора, куды можна рассунуць зубы.

— Ці праўда, што зубы мудрасці больш слабыя і іх часцей пашкоджвае карыес?

— Карыес узнікае, бо да іх складаней дабрацца і пачысціць. Там больш за ўсё назапашваецца налёту. А па структуры яны такія ж, як і астатнія.

Толькі адзін ці ўсе чатыры?

— Калі выдаляць зубы мудрасці, то ўсе чатыры? Ці можна абмежавацца адным?

— Нашы верхнія і ніжнія зубы з'яўляюцца антаганістамі — дзейнічаюць адначасова ў супрацьлеглых кірунках. Яны дапаўняюць адзін аднаго. Калі мы выдаляем ніжні зуб, то верхні страчвае апору і ссоўваецца. Гэта так званы феномен Папова-Гадона — зрушэнне зубоў у розных кірунках пасля ўтварэння дэфекту ў зубной дузе. Зуб, які пазбавіўся апоры, расхістваецца, ствараецца хранічная «кішэня», куды трапляюць рэшткі ежы. Акрамя таго, ён можа нават абмяжоўваць рух сківіцы. Таму калі выдаляецца ніжні зуб, то варта выдаляць і верхні. Як правіла, выдаляюць усё «васьмёркі», але робіцца гэта паэтапна, планава.

— А ці магчыма адзін раз «адмучыцца» і выдаліць усе чатыры?

— За адзін раз чатыры зубы, як правіла, амбулаторна не выдаляюць. Бо гэта аперацыя часам дастаткова складаная і траўматычная. Лепш па адным у вольным рэжыме. Калі ёсць такая тэрміновая патрэба, то чатыры «васьмёркі» выдаляюцца ў стацыянары. Амбулаторна можна выдаліць адначасова два зубы — верхні і ніжні. Пацыент мусіць есці, і хоць бы адзін бок павінен заставацца рабочым.

Наступствы і рызыкі

— З чаго пачынаецца аперацыя?

— Калі пацыент прыходзіць на кансультацыю да стаматолага, першае, што ён мусіць зрабіць, — гэта здымак. Ён патрэбны, каб паглядзець форму каранёў, іх размяшчэнне. Падыходзяць два варыянты: панарамны здымак, гэта плоскасная выява, і ЗD-здымак, гэта аб'ёмная выява, дзе відаць усе нюансы, у тым ліку як скрыўлены карані. Я аддаю перавагу 3D-здымкам, яны больш інфарматыўныя і дазваляюць лепш спрагназаваць вынік аперацыі.

У «васьмёрак» сустракаюцца і чатыры, і пяць каранёў. Часам карані зуба літаральна аплятаюць ніжнесківічны канал, тады «васьмёрку» лепш не чапаць, каб не пашкодзіць нерв, бо ёсць вялікая рызыка, што адчувальнасць часткі сківіцы знікне на ўсё жыццё. Тут толькі ўрач вырашае, ці ёсць сэнс выдаляць зуб.

— Зубы мудрасці выдаляюць, як правіла, маладым пацыентам?

— Узроставых абмежаванняў няма. Выдаляюць і ў 40-50 гадоў, калі яны не да канца прарэзаліся, пакрытыя слізістай, пад якую забіваецца ежа, і маецца хранічнае запаленне. Але маладыя пацыенты пераважаюць, бо яны цяпер больш увагі аддаюць правільнаму прыкусу.

— Колькі цягнецца аперацыя і на што варта звярнуць увагу пасля яе?

— У залежнасці ад складанасці зуба і шчыльнасці косці — ад 15 хвілін да 1,5 і нават дзвюх гадзін. У аднаго з маіх пацыентаў зуб прыйшлося выдаляць паўтары гадзіны: фрагментамі, распільваючы каронку і карані — настолькі шчыльная была косць. Чым глыбей размяшчаецца зуб і чым больш ён нахілены, тым складанейшая і даўжэйшая аперацыя.

Звычайна верхнія зубы паддаюцца лягчэй, хутчэй праходзіць і пасляаперацыйнае аднаўленне. Моцнай балючасці звычайна няма. Ніжнія ў гэтым плане больш складаныя. Пасля выдалення могуць быць ускладненае глытанне і жаванне, цяжка адкрыць рот, з'яўляюцца ацёк, павышаная тэмпература, але гэта звычайныя пасляаперацыйныя ўскладненні. Каб не далучылася бактэрыяльная інфекцыя, прызначаецца антыбіётык, а таксама абязбольвальныя прэпараты, спаданню ацёка садзейнічае прыкладанне «холаду». Калі пасля аперацыі адчуваецца аняменне сківіцы, то не варта зацягваць, трэба звяртацца да ўрача, які зробіць дадатковыя прызначэні — таблеткі, фізіяпрацэдуры. На раннім этапе аднавіць адчувальнасць куды прасцей. Выдаленне варта планаваць загадзя і разумець, што могуць быць пасляаперацыйныя наступствы. Затым выключыць фізічныя нагрузкі, лазню і саўну. У момант абвастрэння запалення зуб лепш не выдаляць, бо горш бярэцца анестэзія, ёсць і іншыя нюансы. Таму спачатку лепш запаленне падлячыць.

Важны момант — гігіена. Пасля аперацыі таксама неабходна чысціць зубы. Некаторыя пацыенты баяцца гэта рабіць з-за швоў ці магчымага болю. Але гэта важны момант, каб не дадаць інфекцыі і паскорыць зажыўленне.

— Ці праўда, што зубы мудрасці можна выдаліць яшчэ да таго, як яны выраслі?

— Цяпер нярэдка выдаленне «васьмёрак» адбываецца ў падлеткавым узросце. Калі карані не сфарміраваныя канчаткова, можна выдаліць зачаткі. У такім выпадку зуб нашмат прасцей выходзіць. Гэта робіцца для папярэджання скучанасці і далейшага артадантычнага лячэння.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».