Вы тут

Як сёлета мяняліся жыроўкі


Традыцыйна «камуналка» ў Беларусі даражэе на пяць долараў на год і мяняецца двойчы: у студзені і чэрвені. Сёлета некаторыя змены адбыліся і ў пачатку восені.


Найноўшыя правілы ў аплаце жыллёва-камунальных паслуг пачалі дзейнічаць з 1 верасня. Цяпер налічэнне сумы за некаторыя ЖКП будзе разлічвацца зыходзячы з плошчы кватэры. Падобная «метражная» практыка існавала ў Беларусі, дарэчы, да 2016 года.

Наяўнасць «вялікіх метраў» адаб'ецца, прынамсі, на кошце тэхабслугоўвання ліфта. Тарыф будзе 0,0584 рубля за кожны квадратны метр кватэры. Нанава (па колькасці метраў жылля, а не пражываючых у ім чалавек) пералічаць і кошт прыборкі пад'ездаў ды электрычнасці, патрачанай на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання (за выключэннем работы ліфта).

У Міністэрстве ЖКГ лічаць, што вяртанне да папярэдняй практыкі аплаты згодна з колькасцю квадратных метраў будзе больш справядлівае для жыхароў. Многія маюць ва ўласнасці не адзін аб'ект нерухомасці і не жывуць у некаторых кватэрах, дык няхай такія ўласнікі і плацяць прапарцыянальна набытым метрам. Акрамя таго, набываючы жыллё, чалавек становіцца ўласнікам не толькі таго, што ўнутры кватэры, але і таго, што па-за яе межамі (часткі агульнай уласнасці). А вось памер долі чалавека ў агульнай уласнасці вызначаецца набытымі «квадратамі», і будзе правільна, калі ўладальнік «трохпакаёўкі» будзе плаціць больш, чым уладальнік аднапакаёвай кватэры.

Перад гэтым сёлета камунальныя плацяжы мяняліся 1 чэрвеня. Тады ж, дарэчы, у некаторых жыроўках з'явіўся новы радок — «кіраванне агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання» з тарыфам 0,0165 рубля за 1 м2. Агульная маёмасць — усё, што знаходзіцца на прыдамовай тэрыторыі, а да работ адносяцца ямачны рамонт, азеляненне, уладкаванне кантэйнерных пляцовак і іншае.

З пачатку лета падраслі тарыфы на льготнае цеплазабеспячэнне (ацяпленне і падагрэў вады). З 1 чэрвеня 1 Гкал каштуе 21,9245 рубля. Кошт халоднай вады пакуль застаўся ранейшы.

Тэхабслугоўванне (комплекс прафілактычных работ па забеспячэнні бесперабойнага функцыянавання інжынерных сістэм дома і кантролі яго тэхнічнага стану, якія праходзяць, як правіла, незаўважна для жыхароў) з пачатку лета разлічваецца па звычайным і па льготным тарыфах. Першы павялічыўся яшчэ ў пачатку года і пакуль не змяніўся. Цяпер ён складае 0,1419 рубля за 1 м2. Другі (ільготны) — 0,1238 рубля за 1 м2 — будуць прымяняць, калі ў кватэры ёсць зарэгістраваныя жыхары.

Некаторыя тарыфы з 1 чэрвеня паменшыліся. Тэхабслугоўванне ліфта на аднаго жыхара стала 1,43 рубля (было 1,5 рубля). Прыборка пад'ездаў паменшала да 0,85 рубля ў сталіцы (была 0,88 р.) і 0,71 рубля — у абласцях (была 0,74 р.). Паменшаў і кошт вывазу смецця, незалежна ад наяўнасці ў доме смеццеправода. Сталічны «куб» адходаў каштуе 7,4469 рубля (быў тарыф 7,5920 р.), у іншых раёнах — 8,9418 рубля (быў тарыф 9,2583 р.).

Мінжылкамгас таксама вызначыў нормы накладных выдаткаў і нарматывы для арганізацый, якія займаюцца эксплуатацыяй жыллёвага фонду і аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП), на 2022 год. Нарматывы тэхналагічных страт цеплаэнергіі павінны складаць не больш за 9,6 %, а нормы страт і няўлічаных расходаў — не больш за 12 %. Новыя лічбы не датычацца арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Мінэнерга, паведамляецца на партале https://pravo.by/.

Згодна з Пастановай МЖКГ № 12, накладныя выдаткі на адзін кубічны метр рэалізаванай на ўласнае халоднае водазабеспячэнне вады складуць не больш за 0,1799 рубля. Кубічны метр адведзеных у каналізацыю сцёкаў будзе абыходзіцца ў 0,1375 рубля.

За рэалізацыю адной гігакалорыі ўласнай вытворчасці для цеплазабеспячэння і гарачага водазабеспячэння прадугледжана норма расходу не больш як 10,5831 рубля. За тэхабслугоўванне жылля — не больш за 0,0227 рубля за 1 м2 агульнай плошчы.

Абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі ўстаноўлена на ўзроўні не больш як 1,2457 рубля на 1 м3 смецця і не больш як 8,9051 рубля — за тону. Тэхабслугоўванне ліфта на аднаго жыхара стане не большае за 0,3827 рубля і не большае за 0,158 — на 1 м2 агульнай плошчы дома. Змена лічбаў адлюструюцца і ў радках «камуналкі» для жыхароў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».