Вы тут

Студэнцкі будаўнічы атрад «Эўрыка» заняў першае месца сярод усіх студатрадаў БРСМ сёлета


Студэнцкі будаўнічы атрад «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза В. І. Яронькі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта не першы год займае лідарскую пазіцыю сярод усіх студатрадаў БРСМ па выніках Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Горад маладосці». Вось і сёлета ён зноў быў прызнаны найлепшым. Мы даведаліся ў камандзіра і камісара «Эўрыкі», як ім удаецца трымаць першынство, а таксама распыталі іх аб вопыце работы на БелАЭС.


22-гадовы студэнт спецыяльнасці «Аўтамабільныя дарогі» Вадзім ЛОЖАЧНІК пачаў удзельнічаць у студатрадаўскім руху з першага курса, кажа, што матывацыяй паслужыла жаданне весела і з карысцю праводзіць летні час.

— Першы год быў байцом, ці кандыдатам, як у нас кажуць, а калі прайшоў «цаліну» (адпрацаваць два месяцы на аб'екце) — стаў камандзірам. Пасада адказная, аднак мне вельмі падабаецца такая дзейнасць. Мы працавалі малярамі другога разраду на першым і другім энергаблоках АЭС у Астраўцы. Я сачыў за ўмовамі для байцоў: каб яны атрымлівалі добры заробак, актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, не сумавалі і матываваліся на добрыя вынікі. Вярталіся дадому каля 20 гадзін увечары. Зразумела, стамляліся, аднак зараджаліся энергіяй, калі рыхтаваліся да конкурсаў, спаборніцтваў, адпачывалі, камунікуючы адзін з адным. Без справы не сядзелі ні хвіліны. Першакурснікам спачатку было цяжэй, чым старшым байцам, але ўсе ўсё роўна казалі, што такога цікавага і насычанага лета ў іх яшчэ не было.

Дарэчы, адбор у «Эўрыку» быў сур'ёзны — шэсць чалавек на месца. «Самых творчых, спартыўных, мэтанакіраваных узялі да сябе. Многія кандыдаты прыходзяць у атрад замкнёнымі, аднак пасля «цаліны» становяцца адкрытымі, крэатыўнымі, ініцыятыўнымі. Вучацца працаваць з задавальненнем, радавацца дробязям, якасна адпачываць, знаёміцца і сябраваць з новымі людзьмі. За гэта і трэба цаніць досвед работы ў студатрадах.

Тое, што мы сталі найлепшым студатрадам Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, дае нам вялікую матывацыю. Чым больш перамагаеш — тым больш хочацца яшчэ. Планую і надалей працягваць удзельнічаць у студатрадаўскім руху з «Эўрыкай», ёсць і магчымасць, і вялікае жаданне».

Камісар «Эўрыкі», 20-гадовы студэнт спецыяльнасці «Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій» Аляксей БАЧКО таксама ўступіў у студатрад яшчэ на першым курсе. Прайшоў складаны адбор, даказваў сваю матываванасць два гады, і сёлета хлопец ужо паехаў на «цаліну», займаючы адказную пасаду.

— Праяўляў свае таленты па максімуме. Я вельмі творчы чалавек, актыўна займаюся спортам, таму любое заданне або конкурс для мяне ў радасць. Сёлета семестр доўжыўся з канца чэрвеня да канца жніўня. У Астравец з атрада паехалі 17 чалавек, большасць — першакурснікі. Глядзеў на іх і ўспамінаў пра свой першы працоўны семестр. Зразумела, з кожным годам атмасфера на будоўлі становіцца больш звыклай, аднак захоўваюцца і прымнажаюцца цікавыя моманты. Працоўны дзень пачынаўся а сёмай гадзіны раніцы: нас адвозілі на аўтобусе на аб'екты, там мы пераапраналіся ў спецыяльную форму, распісваліся за тэхніку бяспекі і ішлі на работу. Пасля нас завозілі на вячэру, а затым пачыналася камісарская дзейнасць: мы праяўлялі творчыя і спартыўныя здольнасці. Быў вельмі шчыльны графік. Многа працавалі, крыху недасыпалі, стараліся, каб нас адзначылі як найлепшы атрад Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Дзякуючы нашай арганізаванасці, сяброўскай атмасферы і мэтанакіраванасці ўсё атрымалася.

— Менавіта я арганізоўваў для свайго атрада розныя мерапрыемствы, каб яны запомніліся на ўсё жыццё. Без вясёлых момантаў не абышлося. Упэўнены, першакурснікі будуць з нецярплівасцю чакаць наступнага лета. Сёлета да нас на будоўлю прыехалі хлопцы і дзяўчаты са студатрадаў з Ніжняга Ноўгарада. З імі мы абмяняліся вопытам, яны расказалі аб сваім Усерасійскім студатрадаўскім руху, мы — аб сваім. Пасля такіх сустрэч заўсёды знаходзіш новых сяброў і карысныя кантакты. Спадзяёмся, у найбліжэйшы час сустрэнемся з імі. Увогуле лічу, што праца ў студатрадзе дае многае: гэта выдатная для студэнтаў магчымасць паспрабаваць сябе ў прафесіі, ды і ў звычайным жыцці могуць спатрэбіцца тыя навыкі, якія мы набылі падчас працы на аб'ектах. На жаль, для мяне гэты трэці працоўны семестр аказаўся апошнім, бо ў наступным годзе ўжо атрымаю дыплом ва ўніверсітэце і пачну рэалізоўвацца па сваёй спецыяльнасці. Але абавязкова буду працягваць удзельнічаць ва ўсіх праектах і конкурсах БРСМ.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва герояў матэрыяла

Загаловак у газеце: «Эўрыка» зноў «руліць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.