Вы тут

Пенсіянеры ўсё часцей становяцца ахвярамі махляроў. Хто вінаваты і як з гэтым змагацца?


Усё часцей пенсіянеры трапляюць на кручок да не вельмі сумленных прадпрымальнікаў. Пра розныя формы віртуальнага махлярства гаворыцца і пішацца пастаянна. Даводзіцца толькі здзіўляцца, чаму людзі да гэтай пары, здараецца, усё ж «вядуцца» на выкрутасы віртуальных злодзеяў і страчваюць грошы з рахункаў і картак. Нам ужо і эсэмэскі на тэлефоны прыходзяць з папярэджаннем, і міліцыянеры з усіх трыбун выступаюць, і сродкі масавай інфармацыі ў адзін голас трубяць. Але то там, то тут зноў паяўляюцца заявы — і, адпаведна, інфармацыя ў міліцэйскіх зводках.


Фота: pixabay.com

Відаць, такія ўжо мы людзі, даверлівыя, наіўныя. Гэта калі сказаць мякка. А калі ўжыць больш строгія катэгорыі, то ў наяўнасці прававая неадукаванасць і татальная неабачлівасць. Ну і, вядома, новыя формы падману, якія раней не былі характэрныя. Як падаецца, вучымся на памылках і стратах. Памятаеце, як было з паручыцелямі па крэдытах? Прайдзісветы літаральна падхапіліся з месцаў і рушылі ў банкі. Іх не спыніла, што падманваць давядзецца знаёмых, часам сваякоў, не цікавіла, як яны будуць глядзець тым людзям у вочы. Некаторыя суайчыннікі, дарэчы, да гэтай пары выплачваюць чужыя крэдыты. Навучыліся на горкім вопыце, і цяпер не так проста знайсці таго, хто б згадзіўся выступіць паручыцелем.

А раней мы з лёгкасцю ішлі ў банк ці да натарыуса, каб засведчыць плацежаздольнасць знаёмага альбо калегі.

Па ўсім відаць: аматары лёгкіх грошай не спыняюцца ў сваіх пошуках, яны асвойваюць іншыя формы і метады «работы». У іх ёсць свая тэорыя: маўляў, у свеце многа прастакоў, якія гатовыя падзяліцца сваімі сродкамі, трэба толькі знайсці падыход. І знаходзяць. Пры гэтым даволі часта робяць тое законна, каб, як той казаў, і камар носа не падаткнуў. Вядома, спісваць з картак чужыя грошы лягчэй, калі ўгаварыць небараку назваць запаветныя лічбы. Але пры гэтым, як пападзешся, «свеціць» рэальны тэрмін, і немалы. А калі зрабіць усё прыгожа, падсунуць чалавеку дагавор, які ён падпіша, тут ужо не асабліва падкапаешся.

Так і дзейнічаюць асобныя прадстаўнікі цяперашняга сегмента бізнесу, які хутка набірае абароты. Многія працуюць у вялікіх гарадах, дзе патэнцыяльных кліентаў багата. Іншыя не лянуюцца ісці на вёску, рабіць падваровыя абходы, доўга і падрабязна тлумачыць людзям перавагі свайго тавару, каб суразмоўнікі нарэшце здаліся і падпісалі дагавор.

Так было і ў адной з вёсак Навагрудскага раёна. Ветлівыя агенты адной фірмы прыходзілі да гаспадара і расказвалі яму, якія цяжкія наступствы мае ўжыванне неачышчанай вады. Прыводзілі лічбы і факты, паказвалі табліцы, ілюстрацыі, а пасля падрабязнай лекцыі даставалі з торбы цуда-фільтры, якія, маўляў, проста неабходна паставіць у сістэму водаправода, каб піць чыстую і карысную ваду. Многія пагаджаліся: 250 рублёў — не такія ўжо вялікія грошы, калі супаставіць траты з рызыкай захворванняў нырак, кішэчна-страўнікавай сістэмы, печані. Дагаворы падпісваліся, фільтры ўстанаўліваліся. Рухавыя прадаўцы ішлі далей — шукаць новых кліентаў. І ўсё б нічога, каб сын ці дачка некага з тых навагрудскіх пенсіянераў не ўбачылі ў магазіне такі ж фільтр за 90 рублёў.

Тады пажылыя людзі палічылі сябе пакрыўджанымі і сталі пісаць скаргі. Асобныя звярнуліся да свайго прадстаўніка ў Савеце Рэспублікі Таццяны Рунец, якая прыехала ў Баранавічы і правяла цэлую нараду па дадзеным пытанні. Рэч у тым, што прадпрымальнік, які прадаваў фільтры, зарэгістраваны ў Баранавічах. Гэта яго супрацоўнікі падпісвалі дагаворы ад яго імя.

І што цікава, спецыялісты, якія правяралі работу ўказанага прадпрыемства, асаблівых парушэнняў не знайшлі. Дакументы аформлены правільна. Калькуляцыя праведзена так, што ўсё падрабязна распісана, як і якім чынам закупачная цана ператвараецца ў выніковую: затраты прадпрыемства. Праўда, у гэтым канкрэтным выпадку, калі пачаліся праверкі, бізнесмен палічыў за лепшае вярнуць грошы заяўнікам. А калі б дайшло да суда, то яшчэ невядома, якое было б вынесена рашэнне. У яго, як відаць, юрысты даволі кваліфікаваныя.

Такіх вось прадпрымальных дзялкоў цяпер колькі хочаш. Ходзяць па дамах і кватэрах, правяраюць вокны, дзверы, нейкімі прыборамі спрабуюць зафіксаваць уцечку газу, каб прапанаваць «незаменны» спосаб адсочваць непаладкі. Вельмі часта яны даводзяць, што ажыццяўляюць важную дзяржаўную праграму, і амаль заўсёды спасылаюцца на рашэнне гарвыканкама ці аблвыканкама.

У кватэру да аўтара гэтых радкоў у адзін з выхадных таксама пазванілі маладыя людзі, сказалі, што па рашэнні гарвыканкама яны праводзяць праверку надзейнасці аконных рам. Я папрасіла паказаць названы дакумент з нумарам і выхаднымі данымі, і яны адразу зніякавелі, потым павярнуліся і пайшлі. А вось калі дзверы адчыняюць пажылыя людзі, пускаюць у дом, такія візіцёры нярэдка пачынаюць праяўляць настойлівасць, а часам і прамы псіхалагічны ціск, паводзяць сябе такім чынам, што чалавек не можа адмовіцца і падпісвае дакументы, якія яму падсоўваюць. Такім чынам нядобрасумленныя фірмы атрымліваюць новыя заказы на выраб вокнаў, на ўстаноўку розных фільтраў, прыбораў для ўлоўлівання газу і іншага.

Нядаўна ў размове са знаёмым даведалася такі факт. Яго сын уладкаваўся ў падобную фірму. Раней гэты 40-гадовы гараджанін зарабляў тым, што рэгулярна ездзіў у Польшчу і перапрадаваў купленыя там тавары. Калі з пачаткам пандэміі магчымасць такога «пагранічнага» шопінгу скончылася, ён стаў прыглядаць работу. Вось і знайшоў прымальнае для сябе, каб асабліва не напружвацца фізічна, а даход мець. Галоўнае, дзейнічаць у рамках закона, а мараль да ўвагі не бярэцца — разважаюць такія новаспечаныя агенты фірмаў і ціснуць на званок у кватэру. Калі ўдалося ўгаварыць гаспадара і дагавор падпісаны, цяжка бывае нешта выправіць альбо перайначыць.

Таму застаецца адно — папярэджанне альбо прафілактыка. У вёсках тое закліканыя рабіць сельскія Саветы з іх актывам, участковыя інспектары; у гарадах — ЖЭСы, вулічныя, дамавыя камітэты, арганізацыі сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Цікава было даведацца, што ў Баранавічах папераджальную інфармацыю змяшчаюць на адваротным баку жыровак.

Людзям трэба любымі спосабамі даводзіць, што не варта давяраць незнаёмцам, тым больш падпісваць нейкія паперы пасля адной гутаркі. Калі візіцёры прадстаўляюцца работнікамі той ці іншай дзяржаўнай арганізацыі, трэба не саромецца і прасіць прад'яўляць дакументы.

Але ж іх формы работы ўвесь час мяняюцца, яны знаходзяць новыя шчыліны, ужываюць вытанчаныя псіхалагічныя прыёмы, і прадугледзець усё немагчыма. Тым больш ва ўмовах, калі пажылыя людзі маюць патрэбу ў чалавечых зносінах і заўсёды гатовыя пагаварыць.


Афіцыйны прадстаўнік Брэсцкага абласнога УУС Наталля САХАРЧУК:

— Сёння на першы план выступае прафілактычная работа сярод дарослых дзяцей і іншых сваякоў. Гэта таксама іх абавязак — засцерагчы бацькоў ад махляроў. Мала проста правесці гутарку-інструктаж наконт таго, што нельга адчыняць дзверы незнаёмцу. Спецыялісты-псіхолагі ўказваюць, што неабходна мець з бацькамі цёплыя, даверлівыя адносіны. Важна, каб стары чалавек не баяўся лішні раз патурбаваць дарослых дачку ці сына і параіцца наконт паслуг, якія прапануюць, альбо расказаць пра візіты, аб якіх дамаўляюцца па тэлефоне. Словам, трэба заўсёды быць на сувязі з імі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт