Вы тут

​Параалімпійскія гульні — вынікі турніра. Спаборніцтвы, дзе ніхто не прайграе


У Токіа скончылася чарговая яркая спартыўная гісторыя — завяршыліся XVІ Параалімпійскія гульні. Пераадоленне ўсіх чалавечых магчымасцяў, барацьба з абставінамі і неверагодная сіла духу — вось што робіць гэты форум непаўторнай і незвычайна цікавай падзеяй. Традыцыйна удзел у гэтым прымаюць і беларусы.


Едучы ў Токіа, беларуская каманда «брала» не колькасцю, а якасцю. Краіну прадстаўляла ўсяго 20 спартсменаў, якія выступалі ў шасці відах спорту. Дадому параалімпійцы прывезлі сем медалёў. Дарэчы, такую ж колькасць медалёў у Токіа сабралі і алімпійцы. Магія лічбаў ці банальная спартыўная няўдача? Але ці можна ў дачыненні да параалімпійцаў назваць гэта няўдачай? Так, на мінулых Параалімпіядах беларусы заваёўвалі больш медалёў. У Лондане і Рыа іх было па дзесяць. Аднак і колькасць беларускіх удзельнікаў на летніх Параалімпіядах памяншаецца ад цыкла да цыкла. Скажам, у 2012 годзе пад беларускім сцягам выступалі 35 атлетаў. Не трэба быць вялікім матэматыкам, каб разумець, што колькасць медалёў залежыць ад колькасці ўдзельнікаў. Напрыклад, у пераможцы медальнага заліку, кітайскай зборнай, — 207 медалёў. Кітай у Токіа прадстаўлялі 250 спартсменаў, якія выступалі ў 20 з 22 відах спорту.

Беларуская мэта на Токіа была канкрэтная і філасофская — «не горш, чым раней». На жаль, «не горш» не атрымалася. Беларусь у медальным заліку размясцілася на 27-й пазіцыі, што таксама не найлепшы вынік спартсменаў. «Карацей кажучы, мы разлічвалі на дзясятак медалёў, а атрымалася сем. Але ўсё роўна каманда ва ўмовах пандэміі і з улікам іншых аб'ектыўных прычын выступіла дастойна», — заўважыў Алег Шэпель, старшыня Нацыянальнага параалімпійскага камітэта.

Ігар Бокій

Трыумф у басейне

Сенсацыю традыцыйна стварыў плывец Ігар Бокій. З сямі беларускіх медалёў яму належаць пяць. І ўсе залатыя. Ігар з кожных стартаў вяртаецца ў статусе чэмпіёна. З Рыа ён прывёз шэсць узнагарод найвышэйшай пробы, з Лондана — пяць. Цяпер Ігар Бокій — 16-разовы параалімпійскі чэмпіён. Першы медаль Ігар заваяваў у першы дзень Гульняў. На дыстанцыі 100 метраў батэрфляем у класе S13 ён паказаў вынік у 53.80 секунды і не проста перамог, а устанавіў новы рэкорд Параалімпіяды ў гэтым відзе. На другі дзень зноў былі медаль і рэкорд — гэтым разам на 100 метрах на спіне. У 2016 годзе ён праплыў такую дыстанцыю за 56,68 секунды і ўстанавіў сусветны і параалімпійскі рэкорды. У Токіа «залатым і рэкордным» часам сталі лічбы 56,36 секунды. Трэцяя пераможная дыстанцыя была на 400 метраў вольным стылем, якую спартсмен пераадолеў за 3 хв. 58.18 секунды. Вольны стыль прынёс Ігару «золата «і на дыстанцыі 50 метраў. Тут выніковы час — 23,21 секунды. Юбілейнае пятае «золата» і новы сусветны рэкорд прынесла дыстанцыя на 200 метраў комплексным плаваннем. Пераможны час — 2 хв. 02.70 секунды. Міма п'едэстала Ігар праплыў толькі ў адным відзе праграмы — на 100 метрах брасам, дзе стаў пятым. Але якое гэта ўжо мае значэнне?!.

У Токіа Ігар выступаў толькі на шасці дыстанцыях, у адрозненне ад Рыа, дзе стартаваў сем разоў. На гэтых Параалімпійскіх гульнях была скарочана яго любімая дыстанцыя — 100 метраў вольным стылем. У чэрвені ў інтэрв'ю «Звяздзе» трэнер Генадзь Вішнякоў адзначаў: «Я так падазраю, не ўсім падабаецца, што Ігару ўдаецца заваёўваць столькі медалёў. Таму цяпер мы рыхтуем шэсць дыстанцый — пяць профільных і адну эксперыментальную — 100 метраў брасам».

Падчас урачыстай сустрэчы ў мінскім аэрапорце Ігар расказаў журналістам, што Параалімпіяда ў Токіа была цяжэйшая за Лондан і Рыа. І таму сваімі вынікамі, медалямі і рэкордамі ён задаволены. «Мы прыехалі ў Токіа за тыдзень да старту і праз два дні ў нас два чалавекі здалі станоўчыя тэсты, мы ўжо падумалі, што могуць і ўсю каманду «закрыць». Прыйшлося кожны дзень здаваць ПЛР-тэсты, таму ўсё было досыць напружана. Тым не менш, калі заваяваў першы медаль, хваляванне спала, гэта збіла перадстартавы мандраж і потым усё пайшло лягчэй: я ўспомніў, што гэта далёка не першыя мае старты, і ўсё ўвайшло ў звыклую каляіну», — падзяліўся чэмпіён.

Цяпер у планах Ігара Бокія — адпачынак пасля напружанага сезона. І пасля — трэніроўкі і далейшыя выступленні. У наступным годзе плывец плануе выступіць на чэмпіянаце свету і рыхтавацца да Параалімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы. «А ў далейшым планую працягнуць выступленне, сілы яшчэ ёсць, так што буду старацца на кожным турніры выступаць як мага лепш, імкнуцца дасягнуць свайго максімуму», — падзяліўся Ігар. Тым больш што 16 залатых медалёў з галоўных стартаў — далёка не мяжа. Майкл Фэлпс, з якім часта параўноваюць Ігара (хоць беларусу такое параўнанне не падабаецца), падчас сваёй кар'еры сабраў 23 залатыя алімпійскія медалі. А рэкардсмен Параалімпійскіх гульняў Трыша Зорн мае 55 залатых медалёў з васьмі Параалімпіяд. Ігару яшчэ ёсць да чаго імкнуцца.

Ёсць куды імкнуцца і маладому беларускаму плыўцу Ягору Шчалканаву. У Токіа ён стаў сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 100 метраў на спіне з вынікам 1 хв. 75 сек. Гэты вынік прынёс Ягору і асабісты рэкорд. Напярэдадні Параалімпійскіх гульняў на чэмпіянаце Еўропы Ягор заваяваў два бронзавыя медалі. Тады ён шакіраваў трэнерскі штаб і кіраўніцтва, паказаўшы свае найлепшыя вынікі. Такога прагрэсу Ягор дасягнуў усяго за паўтара года. «Ён адзін з самых перспектыўных спартсменаў, наша будучыня. Спадзяюся, у Парыжы ён зможа змагацца за самыя высокія месцы. Пакуль рана казаць пра Токіа», — за два месяцы да Параалімпіяды разважаў Генадзь Вішнякоў. І гэта той самы выпадак, калі памылка трэнера аказалася шчаслівай.

Пра сябе Ягор заявіў яшчэ пяць гадоў таму. Тады 15-гадовы спартсмен на Сусветных юнацкіх гульнях ІWAS (Сусветныя Юнацкія гульні Міжнароднай федэрацыі калясачнікаў і ампутантаў. — «Зв.») заваяваў тры медалі. Цяпер на яго рахунку — «серабро» Параалімпійскіх гульняў. І наперадзе — неабмежаваныя магчымасці, каб плысці далей і дасягаць свайго максімальнага выніку.

Без медаля, але з поспехам

Інтарэс да параалімпійскіх спаборніцтваў у Токіа падаграваў і ўдзел чалавека, які, здаецца, можа ўсё. У басейне «Акватык-цэнтра» выступаў Аляксей Талай, — акрамя таго што параалімпіец, яшчэ і матывацыйны спікер, бізнесмен, грамадскі дзеяч, член Канстытуцыйнай камісіі. У красавіку 2021 года ён аднавіў сусветны рэкорд на дыстанцыі 50 метраў брасам. А на чэмпіянаце Еўропы стаў бронзавым прызёрам на гэтай жа дыстанцыі. У Токіа Аляксей застаўся без медалёў. І падрыхтоўка спартсмена тут ні пры чым. Па-першае, на Параалімпіядзе Аляксей выступаў не ў сваім самым цяжкім класе S1 (спартсмены з максімальнымі пашкоджаннямі здароўя), а ў класе S2, то-бок яго сапернікі мелі фізічную перавагу і іх функцыянальныя магчымасці былі большыя. А па-другое, алімпійскі від праграмы Аляксея — плаванне на спіне. А яму больш падыходзіць плаванне на грудзях, з яго канечнасцю лепш плысці брасам. Але ў брасе не знайшлося спартсменаў, здольных выканаць алімпійскі нарматыў для адбору ў Токіа.

На Параалімпіядзе каронная дыстанцыя прынесла спартсмену поспех. У папярэдніх заплывах на 50 метраў на спіне Аляксей паказаў вынік у 1 хв. 24.86 секунды. Гэта новы рэкорд Параалімпійскіх гульняў, які трымаўся з 1992 года і лічыўся амаль што вечным. У фінальным заплыве Аляксей на дасягнутым не спыніўся і ўдасканаліў уласны вынік. Цяпер ён праплыў дыстанцыю за 1 хв. 23.16 секунды. На жаль, гэтага часу не хапіла для п'едэстала, у выніковым пратаколе беларус размясціўся на 7-й пазіцыі. Але двойчы перапісаць 29-гадовы рэкорд Гульняў — таксама вялікае дасягненне і ўклад у параалімпійскую гісторыю. Менавіта выступленне ў іншым класе не пусціла рэкардсмена на п'едэстал.

Пераемнасць пакаленняў

Прыемна парадавала на Параалімпійскіх стартах і 19-гадовая Лізавета Пятрэнка. Спартсменка выступае ў класе F13 (парушэнні зроку). У кіданні кап'я яна заваявала бронзавы медаль, закінуўшы снарад на 38.04 метра. Напярэдадні Гульняў генеральны сакратар Нацыянальнага параалімпійскага камітэта Мікалай Шудзейка адзначаў, што галоўнае для Лізаветы — справіцца з нервамі і хваляваннямі. Як відаць, дзяўчыне гэта ўдалося. Тым больш яна сама расказвала, што ляцела ў Токіа па медаль. Цяпер Лізавета настроена яна яшчэ больш сур'ёзную барацьбу са сваімі саперніцамі. На шляху да Токіа лёгкаатлетка паказвала дастойныя вынікі. На ўнутраных спаборніцтвах сярод здаровых спартсменаў устанавіла асабісты рэкорд — 38,04 метра. А на міжнародных стартах яе найлепшы вынік — 36,11 метра.

Ведаючы, хто яе трэнер, здаецца, іншага шляху як паказваць пастаянны прагрэс, у Лізаветы няма. Яна — вучаніца легенды параалімпійскай лёгкай атлетыкі Ігара Фартунова. Больш чым за 30 гадоў выступленняў ён сабраў дзевяць параалімпійскіх медалёў — адзін залаты, тры сярэбраныя і адзін бронзавы, дзевяць разоў станавіўся чэмпіёнам свету. Цяпер сваім багатым вопытам дзеліцца са спартсменамі ў Маладзечне. «Бронза» Лізаветы Пятрэнкі — паказчык таго, наколькі паспяхова ў яго гэта атрымліваецца.

Адваротны бок спорту

Свае карэктывы ў выступленне беларускай параалімпійскай каманды ўнёс і галаўны боль усяго свету — пандэмія каранавіруса. На жаль, ён не абмінуў і беларусаў. Перад самым стартам здалі тэсты і атрымалі станоўчы вынік плыўцы Максім Вашкевіч (клас S12 — праблемы са зрокам сярэдняй ступені цяжкасці) і Рыгор Зудзілаў (клас S11 — татальная слепата). Максіму Вашкевічу пашанцавала больш, ён «адсядзеў» правёў дзесяцідзённы каранцін і паспеў выступіць на ста метрах, дзе заняў сёмае месца. А Рыгор Зудзілаў так і не выйшаў на старт.

За крок ад п'едэстала на спаборніцтвах у Токіа спыніліся тытулаваныя беларускія параалімпійцы. Алеся Макрыцкая ў фехтаванні на інвалідных калясках з рапірай пацярпела паражэнне ў 1/4 фіналу. Яе калега Андрэй Праневіч у спаборніцтвах на шпагах застаўся на чацвёртым радку выніковага пратакола. У плаванні Наталля Шавель на дыстанцыі 200 метраў комплексным стылем заняла пятае месца. Людміла Воўчак у паравеславанні ў лодцы-адзіночцы ў фінале Б заняла трэцяе месца, у канчатковым выніковым пратаколе яна размясцілася на дзявятай пазіцыі. У скачках у даўжыню ў класе Т12 (парушэнні зроку) выступалі легендарныя беларускія лёгкаатлеты Ганна Канюк і Сяргей Бурдукоў, у фінале спаборніцтваў яны размясціліся на шостых месцах.

Звычайна, падводзячы вынікі галоўных стартаў, кажуць, што ўдзел у Гульнях — ужо вялікі поспех. У алімпійскіх сталіцах збіраюцца найлепшыя спартсмены з усяго свету. Часцей за ўсё гэта ўспрымаецца як суцяшэнне і прыгожыя словы. Кожны спартсмен марыць толькі аб перамогах ці хоць бы пра прызавыямесцы Але ўсе ўдзельнікі Праалімпіяд ужо атрымалі галоўную перамогу — над самім лёсам і ўсімі яго выпрабаваннямі.

«Па меры таго, як мы будуем лепшы свет, 15 працэнтаў насельніцтва свету не могуць заставацца без увагі. Мы павінны глядзець не толькі на спартсменаў, якія так добра выступілі тут. Але і на 1.2 міліярдалюдзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яны могуць і жадаюць быць актыўнымі грамадзянамі ў інклюзіўным свеце», — падкрэсліў прэзідэнт Міжнароднага праалімпійскага камітэта Эндру Парсанс падчас урачыстай цырымоніі закрыцця Гульняў у Токіа.

Лепш і не скажаш...

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Параалімпійскія гульні — турнір пераможцаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.