Вы тут

Транспарт, жыллё і школьнае пытанне — Рыжанкоў правёў прыём грамадзян


Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў правёў прыём грамадзян у Пастаўскім райвыканкаме, перадае БелТА


Першай на прыём звярнулася жыхарка вёсцы Вярэнькі: скарацілі колькасць рэйсаў пасажырскага аўтобуса Паставы — Гуменнікі. Дзецям па часе нязручна дабірацца са школы дадому. Асаблівасць у тым, што школьнікі з Пастаўскага раёна ездзяць ва ўстанову адукацыі ў Мядзельскі раён, але гэта іншы рэгіён. Максім Рыжанкоў адзначыў, што разбярэцца з пытаннем у Мінску, пагутарыць з мясцовай уладай і транспартнай арганізацыяй.

Пенсіянеры з Маладзечна звярнуліся з праблемай немагчымасці пражывання ў прыватным доме з-за будаўніцтва побач шматпавярховіка. Райвыканкам і гаспадары дома не могуць знайсці кампраміснае рашэнне: пабудаваць новы дом, выдаць уладальніку дзве кватэры, роўныя па метражы прыватнаму дому, або кампенсаваць суму, роўную кошту жылля. Мясцовай уладзе даручана за месяц абмеркаваць пытанне з уладальнікам і знайсці рашэнне. Калі праблема застанецца, то Максім Рыжанкоў мае намер сам прыехаць да заяўнікаў і паглядзець усё на месцы.

З калектыўным зваротам прыйшлі бацькі школьнікаў. Іх дзеці раней вучыліся ў базавай школе № 5 Паставаў, яе нядаўна закрылі, хоць навучальную ўстанову нядаўна адрамантавалі. Па іх словах, ім не патлумачылі прычыны закрыцця ўстановы адукацыі і своечасова пра гэта не апавясцілі — бацькі даведаліся пасля рашэння райвыканкама. Яны незадаволеныя такім стаўленнем, а цяпер яшчэ дзецям нязручна дабірацца да школы, першакласнікам трэба ехаць з некалькімі перасадкамі. «Столькі зваротаў, звязаных з закрыццём школ, як з Віцебскай вобласці, не паступае да нас ні з аднаго іншага рэгіёна краіны», — адзначыў Максім Рыжанкоў. Пасля прыёму грамадзян ён вырашыў з’ездзіць у былую школу, каб лепш вывучыць сітуацыю.

Падчас прыёму людзі таксама звярнуліся па пенсіённай тэме, жыллёвым пытанні і пытаннях медыцынскага абслугоўвання. Размаўляючы з журналістамі, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што ён хацеў прыехаць у Пастаўскі раён, каб паглядзець, як тут рэалізоўваць прынятыя рашэнні па развіцці інфраструктуры, вытворчасці ў райцэнтрах. «Прыемна ўразілі новыя вытворчасці — аграаб’яднанне на базе малочнага завода. Прыгожае і сучаснае прадпрыемства, прадукцыя якога карыстаецца попытам не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Таксама добрае прадпрыемства дрэваапрацоўкі, прадукцыя яго ідзе на Захад. Пры наяўнасці такога роду вытворчасцяў, дасведчаных кіраўнікоў можна казаць пра далейшае развіццё рэгіёна», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Ён падкрэсліў, што калі моладзь будзе заставацца ў родных мясцінах, то гаворка аб развіцці школьнай інфраструктуры таксама будзе ісці. У выпадку зваротных працэсаў прыйдзецца прымаць непапулярныя рашэнні па аптымізацыі ўстаноў адукацыі. «На жаль, не ўсе нашы чыноўнікі на месцах навучыліся прадукцыйна размаўляць з людзьмі, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні. Так, напэўна, неабходная аптымізацыя школ з улікам дэмаграфічнай сітуацыі ў невялікіх населеных пунктах, райцэнтрах. Але з людзьмі трэба размаўляць, паказваць перавагі пераезду дзяцей з малакамплектнай школы, дзе, можа, і няма настаўнікаў па многіх прадметах. Калі ідзе аптымізацыя з горшага ў лепшае, ствараюцца камфортныя ўмовы, змяняецца графік руху транспарту і людзям пра гэта кажуць, то нідзе не ўзнікае пытанняў. А калі мясцовая ўлада прыняла рашэнне, школу закрыла, і думайце, што хочаце, пры гэтым не заўсёды пайшлі насустрач па вырашэнні спадарожных пытанняў для навучання ў новым месцы, то ўзнікаюць праблемы. Тады няма ніякай нагоды наракаць на бацькоў за празмерныя звароты ў розныя інстанцыі, таму што іх многія пытанні не пачулі» , — дадаў Максім Рыжанкоў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта пагутарыў з работнікамі малочнага завода. Людзі зноў узнялі тэму закрыцця пастаўскай школы. Іх таксама цікавілі пытанні цэнаўтварэння, павышэння пенсіённага ўзросту.

Фота Ганны Анышкевіч, «Пастаўскі край»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.