Вы тут

На «Беларусь 1» пачалі паказ мастацка-публіцыстычнага праекта «Партызанскі рубеж»


На «Беларусь 1» пачалі паказ мастацка-публіцыстычнага праекта «Партызанскі рубеж», які стаў другой часткай ваеннай трылогіі Белтэлерадыёкампаніі (пачатак ёй быў пакладзены ў маі праектам «Крылы Перамогі»). Гэтым разам тэлеаўдыторыю чакаюць 12 серый пра подзвігі народнага супраціўлення на акупаваных нямецкімі захопнікамі землях у гады вайны.


Фота з архіва Белтэлерадыёкампаніі.

Асновай сцэнарыя праекта сталі нядаўна рассакрэчаныя дакументы з расійскіх і беларускіх архіваў. Напрыклад, у першай прэм'ернай серыі аўтары «Партызанскага рубяжа» робяць аналіз 1938 года і дзеянняў савецкіх уладаў на фоне таго, як рэйх далучыў да сябе Аўстрыю, а ў дыпламатычных колах гучала інфармацыя пра перадзел Еўропы...

Аповед працягласцю ў 156 хвілін, што атрымаўся з архіўных матэрыялаў, складаецца з шэрага дакументаў — інструкцый, указаў і г. д. Варта адзначыць, што ў кожнай серыі стваральнікі прытрымліваюцца галоўнага прынцыпу — падаваць інфармацыю дакладна. Аналіз архіўных дакументаў робіць тут не журналіст, а гісторык, уладальніца медаля Францыска Скарыны Наталля Голубева, на рахунку якой ужо не адзін дзясятак дакументальных фільмаў. У адным з нядаўніх інтэрв'ю на «Беларусь 1» напярэдадні старту новага праекта (у ім яна задзейнічана і як сцэнарыст) Наталля Аляксандраўна адзначыла, што мэта новага цыкла — дапоўніць веды аўдыторыі пра тое, што адбывалася на тэрыторыі беларускіх зямель у ваенны час і наколькі важны быў партызанскі рубеж у кантэксце агульнай перамогі над ворагам: «Мы ўпершыню прадставім арыгінальныя допыты калабарантаў, якіх лавілі, каго ў Польшчы, каго ў Чэхіі, а каго ў беларускіх лясах... Людзі, якія асэнсавана ішлі забіваць іншых. І якія б апраўданні ні прыводзіліся, гэта быў генацыд беларускага народа. І ў ім, на жаль, брала ўдзел пэўная частка беларускага насельніцтва. Нямецкія дакументы, што распавядаюць пра ўзаемадзеянне нямецкага кіраўніцтва і калабарацыі, рассакрэчаныя. І гэта ўсё мы ўбачым».

А вось галоўным апавядальнікам ваеннай трылогіі выступае акцёр тэатра і кіно, заслужаны артыст БССР Уладзімір Мішчанчук. Напярэдадні прэм'ернага паказу артыст адзначыў, што ў працэсе работы ён адкрывае і для сябе факты, якія дагэтуль не ведаў, хоць пра тыя падзеі яму расказвалі некалі яго бацькі.

Навінка ад творчай групы медыяхолдынга з дапамогай эксклюзіўных і раней невядомых звестак раскажа сапраўдную гісторыю партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі — ад стварэння першых спецыялізаваных школ у 1938 годзе да ўдзелу народных атрадаў у разгроме верхматаўскай групы армій «Цэнтр».

Для здымак працягу ваенна-гістарычнага цыкла ў найбуйнейшай студыі Белтэлерадыёкампаніі на 600 метраў «аднавілі» партызанскі лагер, стварыўшы натуралістычныя дэкарацыі.

У найбліжэйшых серыях праекта тэлегледачы даведаюцца пра змест «чырвоных папак» і пра сакрэтныя планы камандуючых савецкай арміяй на выпадак «Навальніцы» — прамой пагрозы ваеннага ўмяшання гітлераўцаў. Таксама нам раскажуць пра баявыя поспехі партызанскага руху і яго знакамітых лідараў — Васіля Каржа, Ціхана Бумажкова, Фёдара Паўлоўскага, Міная Шмырова, Аляксандра Далідовіча і іншых камандзіраў першых атрадаў.

Праект «Партызанскі рубеж» выходзіць у вячэрнім эфіры тэлеканала «Беларусь 1» адразу пасля выпуску «Панарамы». Калі ж з нейкіх прычын вы не паспееце паглядзець тую ці іншую серыю, знайсці іх можна на афіцыяльным сайце медыяхолдынга www.tvr.by пасля выхаду ў тэлеэфіры.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Вайна без грыфа «сакрэтна»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.