Вы тут

На Гродзеншчыне паспяхова расследуюць справы, звязаныя з кіберзлачыннасцю


Усё больш правапарушэнняў апошнім часам здзяйсняецца ў сферы інфармацыйных тэхналогій. І калі яшчэ некалькі гадоў таму большасць падобных злачынстваў раскрываць было цяжка, то цяпер следчыя дасягнулі пэўных поспехаў у расследаванні дадзенай катэгорыі крымінальных спраў, а таксама ва ўстанаўленні віноўных асоб.


Крадзеж у сацсетцы

Начальнік аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і незаконнага абароту наркотыкаў следчага ўпраўлення УСК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Ігар ЧАРНЯК адзін з першых на Гродзеншчыне сутыкнуўся з падобнымі злачынцамі, якіх за руку не зловіш ды не заўсёды і ўбачыш. Расследаваць правапарушэнні ў сферы высокіх тэхналогій падпалкоўнік юстыцыі пачаў яшчэ да таго, як у 2011 годзе быў створаны Следчы камітэт.

— Першая такая справа была заведзена мною з прычыны несанкцыянаванага доступу да аднаго з інтэрнэт-рэсурсаў жыхара Гродзенскай вобласці, — успамінае следчы. — Не адразу, але падазраваная асоба была ўстаноўлена. Тады мала хто ведаў, як расследаваць падобныя злачынствы: ніякіх методык і алгарытмаў не існавала. Усё вывучалі самі, у тым ліку ў інтэрнэце. Звярталіся па вопыт да старэйшых таварышаў у Мінск.

У верасні 2016 года на фоне росту злачынстваў у сферы ІТ ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці быў створаны асобны аддзел, які стаў устанаўліваць, а таксама прыцягваць да адказнасці кіберзлачынцаў, а таксама асоб, якія маюць дачыненне да распаўсюджвання наркотыкаў праз інтэрнэт. З кожным годам правапарушэнняў у ІТ-сферы станавілася больш, але не драмалі і следчыя. Сёння ў аддзеле служаць высакакласныя спецыялісты, якія хоць і не бачаць сваіх падазраваных у твар, але добра ведаюць, як іх вылічыць і прымусіць панесці пакаранне.

Некалькі гадоў таму, напрыклад, на слыху былі крадзяжы грашовых сродкаў пры дапамозе сацыяльнай сеткі «УКантакце». Ажыццяўляўся ўзлом персанальных старонак сацсеткі, і ад імя ўладальнікаў злачынцы пісалі віртуальным сябрам. Як правіла, у гэтых паведамленнях утрымліваліся просьбы падзяліцца рэквізітамі сваёй банкаўскай карты. І са ста чалавек абавязкова знаходзілася некалькі, хто перадаваў персанальныя даныя зламыснікам.

— Усяго пацярпелымі па гэтай справе было заяўлена звыш 230 чалавек у больш чым 300 эпізодах: гэта і ўзломы персанальных старонак, і блакіроўкі, і крадзяжы грашовых сродкаў амаль у ста чалавек, — згадвае дэталі гэтай справы Ігар Чарняк. — Была праведзена каласальная аналітычная работа сумесна з калегамі з упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці УУС Гродзенскага аблвыканкама, у следчых падраздзяленнях краіны вывучаліся некаторыя нераскрытыя справы па аналагічных фактах злачынстваў, атрымлівалася інфармацыя ў рамках міжнародна-прававой дапамогі. Пазней устанавілі, што да гэтых правапарушэнняў мае адносіны адзін з жыхароў Брэсцкай вобласці. Яго віна ва ўсіх здзейсненых эпізодах злачынства была пацверджана сабранымі матэрыяламі крымінальнай справы. Матэрыяльную шкоду, якую абвінавачаны прынёс грамадзянам, ён кампенсаваў.

Абараніце свае рахункі!

За апошнія тры гады злачынствы ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у рэгіёне павялічыліся амаль у 10 разоў. Калі ў 2018 годзе было ўстаноўлена 300 правапарушэнняў у ІТ-сферы, у 2019-м — 930, то летась следчыя падраздзяленні вобласці расследавалі ўжо больш чым 2700 спраў, звыш 2460 з якіх звязаныя з крадзяжамі грашовых сродкаў з рахункавых картак грамадзян — менавіта яны складаюць аснову ўсіх злачынстваў у кіберпрасторы.

— Раней такія крымінальныя справы практычна не раскрываліся, бо грошы паступалі на рахункі прадстаўнікоў іншых дзяржаў, — удакладняе падпалкоўнік юстыцыі. — Мы праводзілі вялікую работу з праваахоўнымі органамі тых краін, але не заўсёды гэта было паспяхова: грошы пераводзіліся на рахункі падстаўных асоб, а віноўныя, якія знаходзіліся за межамі краіны, выкарыстоўвалі схемы забеспячэння ананімнасці ў сетцы інтэрнэт. Апошнім часам непасрэднымі ўдзельнікамі злачынных груповак сталі выступаюць жыхары Беларусі, адказныя за арганізацыю вываду скрадзеных грашовых сродкаў праз падстаўных людзей. У шэрагу выпадкаў яны самі распрацоўваюць схемы крадзяжоў, непасрэдна ўдзельнічаюць у супрацьпраўных дзеяннях. Цяпер мы навучыліся выяўляць пасрэднікаў у гэтых крымінальных справах, якія з'яўляюцца нашымі грамадзянамі. У Следчым камітэце запушчана і паспяхова выкарыстоўваецца сістэма аналізу ідэнтыфікатараў, якая дазваляе, не выходзячы з кабінета, адсачыць злачынствы серыйнага характару, зарэгістраваныя на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Колькасць званкоў, падчас якіх людзі давалі незнаёмцам рэквізіты сваіх банкаўскіх рахункаў, дзякуючы комплекснай прафілактычнай рабоце, на шчасце, удалося знізіць. Але, нягледзячы на тое што ўжо ледзь не з кожнага праса праваахоўныя органы папярэджваюць грамадзян нікому не паведамляць гэтую канфідэнцыяльную інфармацыю, следчым работы хапае — кіберзлачынцы прыдумляюць усё новыя спосабы выманьвання матэрыяльных сродкаў. Апошнім часам яны называюцца ўжо не супрацоўнікамі банкаў, а прадстаўнікамі праваахоўных органаў.

Гучная справа

Гродзенскія следчыя ў тым ліку расследуюць справу, звязаную з крадзяжом грашовых сродкаў у людзей, якія планавалі арандаваць кватэру і траплялі на фэйкавыя аб'явы, размешчаныя ў інтэрнэце. Зламыснікі прапаноўвалі патэнцыйным кватэраздымшчыкам перавесці перадаплату на пэўны рахунак і завалодвалі чужымі грашыма. Затым прасілі ў тых, хто ўжо пералічыў грошы, рэквізіты банкаўскай карты, каб вярнуць перадаплату (маўляў, потым заплаціце ўсю суму). Аднак рахунак у людзей не папаўняўся, а, наадварот, з яго спісваліся ўсе сродкі. Колькасць новых эпізодаў злачыннай дзейнасці абвінавачаных расце з кожным днём.

Паспяхова следчыя аддзела некалькі гадоў таму завяршылі расследаванне і заблытанай крымінальнай справы. У міліцыю звярнуліся прадстаўнікі аднаго з айчынных банкаў, які вымушаны быў выплаціць больш чым 40 тысяч долараў замежным банкам за махлярскія расходныя аперацыі з картачных рахункаў іншаземцаў, праведзеныя ў адным з гродзенскіх казіно. Супрацоўнікі гульнявой установы разводзілі рукамі: маўляў, мы не маем да гэтых крадзяжоў ніякага дачынення. Грамадзянін Расіі на працягу паўтара тыдня наведваў казіно, разлічваючыся за набыццё гульнявых фішак пластыкавымі картамі. Гэта не выклікала ў касіра падазрэнняў. Дзе шукаць расіяніна, ніхто не ведаў.

Следчым аддзела трэба было разблытаць хітрую афёру, якую ажыццявілі дырэктар, уладальнікі і некаторыя супрацоўнікі казіно. Як высветлілася, той, хто набываў гульнявыя фішкі, быў падстаўным гульцом у распрацаванай зламыснікамі схеме. Сутнасць злачынства заключалася ў крадзяжы грашовых сродкаў з кампраметаваных банкаўскіх рахункаў, якія прапаноўваліся для продажу ў ценявой частцы інтэрнэту.

Вераніка КАНЮТА

Фота Марыі ТРУШЫНСКАЙ

Загаловак у газеце: У фокусе — нябачныя зладзеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?