Вы тут

Навошта нам чарговы фестываль «Арт-Мінск»?


Гэты фестываль раней упадабалі жыхары сталіцы: тры папярэднія разы ён адстойваў неабходнасць злучэння мастацтва з публікай. Ён быў найперш падзеяй для народа, хоць і мастакоў актывізоўваў: існаваў адбор твораў, якія выстаўляліся. Але фестываль, які меў статус міжнароднага, імкнуўся прыцягваць як мага больш новых цікаўных гледачоў, паказваў, што мастацтва — гэта тое, што можа ўпрыгожыць жыццё, што яно не толькі для музеяў і галерэй, але і для дамоў і кватэр (творы можна набываць), што яно можа заспакоіць ці ўзрушыць — тут ужо хто чаго шукае. Арганізатары «Арт-Мінска» ў папярэднія гады запэўнівалі: з мастацтвам (якое яно ні было б незалежна ад густаў) лепш, чым без яго, і менавіта таму гэтая падзея павінна працягвацца. Сёлета — чацвёрты раз — наведваць выстаўкі, якія запланаваныя арганізатарамі ў межах фэсту, варта і з той самай першаснай прычыны, але ёсць і іншыя.


1. Цікавасць да жыцця і любых яго праяў

Галоўная экспазіцыя размясцілася ў Палацы мастацтва, але вызначана сем выставачных пляцовак (сярод іх Нацыянальная бібліятэка Беларусі, прастора «Арт-фабрыка», галерэя «Мастацтва» і шэраг іншых). Творы, якія сёлета склалі галоўную экспазіцыю, належаць да розных відаў мастацтва, розных плыняў, тэхнік, традыцый. Журы адабрала 229 удзельнікаў фестывалю. Гэта значыць, што мы бачым столькі ж поглядаў на жыццё, яго адчуванняў і ўяўленняў, якія ўлавілі і адлюстравалі аўтары — як вядомыя творцы, так і маладыя мастакі.

Але мастацтва — не простая праява жыцця, а яго вобразнае ўвасабленне. «Арт-Мінск» і раней дапамагаў выявіць стан беларускага сучаснага мастацтва і наогул стан жыцця, якое яго натхняла. Мы разважалі пра тое, якія тэндэнцыі развіцця мастацтва Беларусі, у чым яго асаблівасць і адметнасць. Адзначалі традыцыі ў жывапісе, разважалі пра школу беларускай графікі, адметнасць дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, крокі ў канцэптуальным ды фотамастацтве, ідэі інсталяцый ды відэаарту. І гэтыя развагі, як ні дзіўна, мелі значэнне не столькі для мастакоў, колькі для гледачоў: больш пільна ўглядацца, больш аналізаваць і разумець. А некаторыя саспявалі да таго, каб набываць творы: калі зачапіла і захацелася весці размову з аўтарам штодзень. Бо твор — любы — так ці інакш нараджае дыялог: ці то мы з ім згодны, ці не, ці ўбачылі ў ім нешта сваё і дадалі ўласныя развагі да аўтарскага пасылу. А сёлета магчымасць для дыялогу даюць больш за 800 твораў. Работы ў класічнай традыцыі — адна размова. Творы абстрактныя, выкананыя ў сучасных тэхніках, — іншы ўзровень дыялогу. Але каштоўнасць менавіта ў тым, што чалавек намацвае свой погляд, шукае аргументы, каб выказаць уласную думку. Такім чынам, творы мастацтва не проста існуюць самі па сабе і адлюстроўваюць асобны мікрасвет — яны з'яўляюцца свайго роду тэстам на здольнасць гледача адчуваць эмоцыю і ўключацца ў жыццё. Ёсць жа сучасныя творы — арт-аб'екты ды інсталяцыі, якія наогул гуляюць з гледачом і ўцягваюць яго ў працэс, ператвараючы ў сутворцу (няхай і не надта развіты ў нас кірунак). Ці не гэта важна для чалавека ў няпросты час, калі людзі сталі больш размежаваныя і паселі па хатах, вось з-за той жа пандэміі. Зрэшты, з-за яе «Арт-Мінск» сёлета пазбаўлены міжнароднай праграмы.

2. Выйсці з дома

Магчымасць далучыцца да культуры ў небяспечным варыянце. Канешне, адкрыццё культурнай імпрэзы заўсёды збірае шмат людзей, як гэта было 3 верасня. Але наведаць выстаўку ў іншыя дні да 26 верасня можна ў зручным і бяспечным рэжыме. Экспазіцыя вялікая, але, нягледзячы на тое, што размешчана ў закрытым памяшканні, кожны можа спыняцца і разглядаць асобны твор на адлегласці ад іншых наведвальнікаў. Сам факт выхаду ў людзі — ужо перамога над станам нейкага ўнутранага здранцвення, які чалавецтва, верагодна, будзе адчуваць яшчэ некаторы час, нават калі адступяць непрыемнасці, выкліканыя тым жа ковідам. Пры тым, што ў Беларусі культурнае жыццё ў апошні год не прыпынялася, людзі самі сталі больш асцярожныя ў наведванні масавых мерапрыемстваў, што зразумела: інстынкт самазахавання — самы моцны ў чалавеку. Тут можна доўга спрачацца, добра гэта ці дрэнна. Але на цяперашнім этапе, падаецца, гэта станоўчая рыса. Бо як бы там ні было, а трэба жыць. Нам трэба выжыць і самазахавацца. Імкненне глядзець мастацтва якраз дэманструе гатоўнасць да самазахавання. Бо гэта просты і дзейсны спосаб падтрымліваць прагу пошуку гармоніі, здольнасць перажываць эмоцыі, жаданне адчуваць узрушанасць і гульню ўяўлення, што ёсць прыкмета жывой душы. Урэшце, выстаўка — гэта падстава для натхнення на ўласныя справы, стваральная ніць, якую нельга згубіць ні ў якія часы. Мастацтва ў гэтым сэнсе рэабілітуе — адраджае і лечыць. А што да спрадвечных спрэчак пра добрае і дрэннае мастацтва...

3. Паглядзець у люстэрка

Як бы дзіўна ні гучала, але гэтую ролю мастацтва адмяніць немагчыма ні ў якія часы. Які я чалавек? Як успрымаю рэчаіснасць? Што для мяне істотна ў гэтым свеце? Пытанні, якія мы пазбягаем задаваць самім сабе наўпрост (бо яны могуць быць часам нязручныя), усё адно сядзяць у свядомасці, нават калі мы іх загналі глыбока. Бо так ці інакш, а пытанні гэта вечныя, на якія чалавек павінен даць адказ на працягу жыцця. Нездарма шэраг твораў на выстаўцы апелюе да ўнутранага дыялогу — нават праз назвы. А мастацтва дае магчымасць сказаць сабе тое, чаго пазбягаеш ці не абмяркуеш з кімсьці іншым. Яно працуе вельмі ашчадна з чалавечым розумам, нараджаючы тыя думкі, да якіх мы гатовыя на гэтым этапе. Вось чаму мастацтва лічыцца люстэркам эпохі. Праз яго ідзе інтэлектуальная праца па асэнсаванні рэчаіснасці, што мы бачым у вялікіх майстроў мінулага. Мастакі сучаснай Беларусі робяць тое ж самае. Цікава назіраць, што адбываецца ў іх асяродку, што мяняецца, дзе ёсць развіццё, у якія формы ідзе самавыяўленне. Сёлета на выстаўцы філасофскі складнік вельмі адчувальны, калі аўтары звяртаюцца за міфалагічных ці біблейскіх сюжэтаў, выбіраюць адметных герояў і разважаюць пра шлях ды чалавечыя радасці. У сёлетняй выстаўкі падкрэслена-спакойная інтанацыя, за якой, тым не менш, можна разглядзець наш спрадвечны глыбінны клопат. Праўда, як і ў папярэднія гады, галоўная экспазіцыя фестывалю — гэта вялікая салата, дзе шмат розных інгрэдыентаў, на розны густ (такі фармат). Што нам падабаецца сёння больш: дэкаратыўныя творы ці сучасныя формы? І чаго тут больш: традыцыйнага ці творча-прарыўнога? А калі нейкія работы падаюцца нам надта мудрагелістымі, то гэта таксама ж невыпадкова. Нават дэкаратыўныя творы, прапанаваныя на продаж, ілюструюць агульны фон, уласцівы нашай рэчаіснасці. Насамрэч гэты фестываль — не столькі пра стан мастацтва, колькі пра стан публікі, прычым не матэрыяльны, хоць цэны на творы пазначаны. Некаторыя дасягаюць нават шасцізначных лічбаў, але ёсць і іншыя варыянты. Большасць твораў можна сапраўды набыць (дзеля гэтага яны прадстаўленыя на анлайн-платформе). Але глядацкія прыхільнасці больш выразна адлюструе галасаванне: па выніках будуць адзначаныя тры пераможцы (няўжо зноў Алеся Скарабагатая?..). Гэта заўсёды інтрыгуе, як і магчымасць паўплываць на працэс. Таму што жаданне разважаць пра творчасць азначае гатоўнасць да сутворчасці: кожны з нас так ці інакш стварае жыццё тут і цяпер (глядзі пункт першы)... Няўдзел — усяго толькі ілюзія. Вось як з мастацтвам: яно можа існаваць без увагі, толькі потым, калі ласка, без пытанняў.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Мастацтва існаваць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.