Вы тут

Бабіна лета: як надоўга лагоднае восеньскае цяпло затрымаецца ў Беларусі?


Ранняя восень славіцца няўстойлівым надвор’ем. Здаецца, яшчэ ўчора мы скардзіліся на холад, і вось незаўважна на змену арктычнаму ўварванню, на тэрыторыю Беларусі прыйшоў цёплы антыцыклон. Той самы, які ў верасні-кастрычніку прыносіць малавоблачнае, сухое, ціхае і камфортнае надвор’е з вялікім сутачным адрозненнем тэмпературы: ноччу ўжо не лета, а днём яшчэ не восень. Сумненняў няма: да нас прыйшло класічнае бабіна лета! 


«Гэтая пара паводзіць сябе, як сапраўдная дама-летуценка», — гаворыць вядучы прагнозу надвор’я на тэлеканале АНТ Дзмітрый Рабаў. — «У некаторыя гады бывае два, а то нават і тры бабіных лета. А раз на сем гадоў, яно наогул да нас не прыходзіць». 

Згодна з народным календаром пачатак ранняга бабінага лета прыпадае на свята Успення Прасвятой Багародзіцы — 28 жніўня. Старое бабіна лета прынята адлічваць з 14 верасня — Дня Сімяона Летаправодца. Менавіта на гэты перыяд прыходзіцца пік нараджэння павучкоў. У паветры можна ўбачыць срэбнае павуцінне, падобнае на сівые пасмы жаночых валасоў. Менавіта таму гэтая пара і называецца «старым бабіным летам». 

«Віноўнікам» цёплага восеньскага надвор’я, ад якога зараз мы ўсе атрымліваем асалоду, з’яўляюцца блакіруючыя антыцыклоны, якія на доўгі час перакрываюць доступ вільготнага прахалоднага паветра з Атлантыкі«, — адзначае сіноптык. — «У гэты час паветраныя масы ў антыцыклоне ўсё больш праграваюцца, высушваюцца і спыняюць працэсы ўтварэння аблокаў і ападкаў. Менавіта вынік гэтых атмасферных працэсаў мы бачым зараз у нашай краіне. Такое цёплае надвор’е з тэмпературай паветра днём +22 ..+27 градусаў характэрна для жніўня».

На жаль, подых восені не спыніць: нават падчас яснага надвор’я удзень — ночы ўжо даволі прахалодныя. «Справа ў тым, што акіян астывае нашмат павольней, чым суша, і паміж імі павялічваюцца тэмпературныя адрозненні», — тлумачыць Дзмітрый. — «Гэта спрыяе пераносу з захаду на ўсход марскіх паветраных мас, якія нясуць з сабой пахмурнае надвор’е з Атлантыкі. Такім чынам, у пачатку наступнага тыдня чакаецца істотнае зніжэнне температуры і невялікія дажджы. Ну, а каб крыху падсаладзіць горыч прагнозу, адзначу: па папярэдніх даных у Беларусі чакаецца яшчэ адно ўмерана цёплае бабіна лета!»

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».