Вы тут

Беларусы сабралі медальны ўраджай


Мінулы тыдзень быў багаты на спартыўныя падзеі. Расказваем, якія з іх запомніліся больш за ўсё.


Гульні тыдня. У Казані скончыліся І Гульні краін СНД. Падчас спартыўнага форуму 1,5 тысячы атлетаў разыгралі 182 камплекты медалёў у 16 відах спорту. Беларусы заваявалі 69 медалёў: 8 залатых, 32 сярэбраныя і 29 бронзавых.

Чэмпіёнамі першых Гульняў краін СНД сталі Глеб Макаранка, Павел Глінчук (грэка-рымская барацьба), Фёдар Каўтун, Яўген Федарынчык, Альбіна Посах (тайскі бокс), Павел Мураўёў (стральба), Настасся Грышчанка (самба), Лізавета Зоркіна (мастацкая гімнастыка). У медальным заліку беларуская каманда размясцілася на пятай пазіцыі.

Падчас Гульняў краін СНД у Казані праходзіў міжнародны форум «Расія — спартыўныя дзяржава». У пленарным пасяджэнні «Спорт-2030. Шлях да ўстойлівага развіцця» ўдзельнічалі і прадстаўнікі Беларусі: прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, генеральны сакратар НАК Беларусі Паліна Галавіна. Беларуская дэлегацыя на сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада Расійскай Федэрацыі, кіраўнікамі шэрагу міжнародных спартыўных федэрацый абмеркавала перспектывы спорту і фізічнай культуры паміж краінамі, а таксама спосабы ўзаемадзеяння і развіцця адносін з міжнароднымі федэрацыямі па відах спорту.

Каманда тыдня. Хакеісты клуба «Дынама-Мінск» перамаглі ў першым матчы дамашняй серыі рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. На «Мінск-Арэне» яны абыгралі сапернікаў з казанскага «Ак Барса». Вынік сустрэчы — 5:2. Пасля пяці праведзеных у гэтым сезоне гульняў «зубры» маюць пяць балаў, што дазваляе ім займаць чацвёртае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі. Наступны матч «Дынама-Мінск» правядзе 18 верасня ў гасцях уфімскага клуба «Салават Юлаеў».

Героі тыдня. Зборная Беларусі па пляжным футболе ўпершыню стала сярэбраным прызёрам Еўралігі.

У вырашальным паядынку суперфіналу беларусы ўступілі камандзе Партугаліі 4:7. Для нашай зборнай Беларусі — гэта найлепшы вынік за ўвесь час выступленняў у Еўралізе. Да гэтага беларусы двойчы (2018, 2019) фінішавалі пятымі. Партугальская зборная заваявала свой трэці запар і восьмы ў гісторыі тытул найлепшай каманды Старога Свету.

Медалі тыдня. На чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў і моладзі да 23 гадоў беларусы заваявалі шэсць узнагарод. У стартах старшай узроставай катэгорыі вызначыліся байдарачнікі Аліна Неўмяржыцкая і Раман Захаранка, якія выйгралі «золата» ў міксце на дыстанцыі 500 м. На аналагічнай дыстанцыі ў гонках байдарак-двоек у мужчын найлепшымі былі Раман Захаранка і Уладзіслаў Кравец. У гонках байдарак-адзіночак на 1000 метраў Уладзіслаў Кравец заваяваў «бронзу». Старты жаночых байдарак-двоек на 200 м прынеслі перамогу Вераніцы Леанюк і Марыі Каваленцы. На дыстанцыі 500 метраў яны сталі бронзавымі прызёрамі. Скарбонку беларускай каманды папоўнілі канаісты Аляксандр Зубок і Ілья Бурканаў.

У юніёрскіх спаборніцтвах на 500 метраў яны заваявалі сярэбраны медаль. У медальным заліку рэгаты па выніках спаборніцтваў у дзвюх узроставых групах беларусы занялі шостае месца.

Лічба тыдня. 20 медалёў рознай вартасці заваявалі беларускія барцы на 50-м Міжнародным турніры Гран-пры па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. У актыве беларусаў — 8 залатых, 5 сярэбраных і 7 бронзавых узнагарод. Чэмпіёнамі турніру сталі Андрэй Бякрэнаў (62 кг), Амаргаджы Магамедаў (92 кг), Дзяніс Храмянкоў (125 кг), Арыян Цютрын (57 кг) і Азамат Нурык (74 кг). У спаборніцтвах сярод жанчын не было роўных Вераніцы Івановай (62 кг). Залатыя ўзнагароды таксама заваявалі Марыя Мамашук (65 кг) і Хрысціна Сазыкіна (59 кг).

Поспех тыдня. Беларусы заваявалі 25 медалёў падчас XXV Міжнароднага турніру катэгорыі «А» па самба на прызы Прэзідэнта Беларусі, які прайшоў на «Чыжоўка-Арэне». Спецыяльных прызоў ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «За волю да перамогі» і «Найлепшую тэхніку» ўдастоены беларуска Таццяна Мацко і расіянін Уладзімір Пятроў.

Сенсацыя тыдня. Завяршыўся Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе. Пераможцам US Open у жаночым адзіночным разрадзе стала 18-гадовая брытанка Эма Радукану, якая займае 150-е месца ў сусветным рэйтынгу. У вырашальным фінальным матчы яна перамагла прадстаўніцу Канады Лэйлу Фернандэс (73-ы нумар рэйтынгу WTA) — 6:4, 6:3. Эма стала першай тэнісісткай у гісторыі Адкрытага чэмпіянату ЗША, якая выйшла ў фінал турніру з кваліфікацыі.

У мужчынскім адзіночным разрадзе пераможцам стаў другі нумар сусветнага рэйтынгу расіянін Данііл Мядзведзеў.

У фінале ён абыграў першую ракетку планеты серба Новака Джокавіча — 6:4, 6:4, 6:4. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 15 хвілін. Да гэтага Данііл Мядзведзеў двойчы няўдала выступаў у фіналах «Вялікага шлема»: на US Open — 2019 ён саступіў швейцарцу Роджэру Федэрэру, а на Australіan Open — 2021 — Новаку Джокавічу.

Валерыя СЦЯЦКО

фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.