Вы тут

Зварот дэпутатаў і членаў Савета Рэспублікі да міжнароднай супольнасці ў сувязі з сітуацыяй вакол Беларусі


Дэпутаты ўсіх узроўняў і члены Савета Рэспублікі прынялі зварот да міжнароднай супольнасці ў сувязі з сітуацыяй вакол Беларусі.


«Мы, дэпутаты і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — паўнамоцныя прадстаўнікі беларускага народа, звяртаемся да сусветнай супольнасці з заклікам непрадузята ацаніць сітуацыю, якая складваецца вакол нашай краіны, калі пад выглядам барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці па сутнасці маюць месца агрэсіўны ўсебаковы ціск на суверэнную дзяржаву і яе грамадзян, грубае парушэнне базавых прынцыпаў міжнароднага права па неўмяшанні ва ўнутраныя справы дзяржаў. Такія дзеянні ствараюць рэальную пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, парушаюць агульнапрызнаныя палажэнні Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адной з заснавальніц якой была і наша краіна, — гаворыцца ў звароце.

Незалежнасць, развіццё чалавечага патэнцыялу, эканамічны рост і ўмацаванне Беларусі з’яўляюцца як відавочнай асновай дабрабыту жыхароў нашай краіны, так і залогам геапалітычнай стабільнасці ў велізарным рэгіёне, які злучае Еўропу, Расію і Азію.

Аўтары звароту лічаць, што замест падтрымкі і развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва цэлы шэраг дзяржаў актыўна спрыяе дэстабілізацыі становішча ў Рэспубліцы Беларусь — супраць нас разгорнута масіраваная інфармацыйная агрэсія, накіраваная як на ўцягванне нашых грамадзян у дэструктыўную дзейнасць з мэтай здзяйснення дзяржаўнага перавароту, так і на фарміраванне вельмі негатыўнага вобразу краіны на міжнароднай арэне.

«Уводзяцца беспрэцэдэнтныя і неабгрунтаваныя санкцыі. Абсурднымі выглядаюць дзеянні па пазбаўленні Рэспублікі Беларусь правоў на правядзенне міжнародных спартыўных спаборніцтваў, удзел у творчых і прафесійных конкурсах, забарона на ажыццяўленне авіязносін, дыскрымінацыя кампаній і арганізацый, а ў канчатковым выніку — звычайных грамадзян нашай краіны. Беларусы вытрымліваюць гэтыя выпрабаванні, таму што нам ёсць што губляць. У XX стагоддзі мы двойчы аднаўлялі сваю краіну — з руін Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў і рэшткаў разбуранага ў 1991 годзе СССР. Таму не толькі моцная дзяржаўная ўлада і моцныя органы правапарадку не дазволілі ператварыць Беларусь у чарговую гарачую кропку на палітычнай карце свету, але і кожны беларус адчувае датычнасць да стварэння краіны, разумее сваю адказнасць за яе будучыню», — акцэнтуецца ўвага ў дакуменце.

Дэпутаты і сенатары падкрэсліваюць: сёння палітычны і эканамічны ціск на нашу краіну не спыняецца, а толькі ўзмацняецца. Заяўленая мэта — садзейнічанне ўмацаванню дэмакратычных каштоўнасцяў і свабод. Аднак фактычны вынік цалкам іншы — падрыў эканамічнага патэнцыялу нашай краіны, запаволенне развіцця, скарачэнне сацыяльных праграм, зніжэнне дабрабыту людзей і, як вынік, — злом суверэннай беларускай дзяржаўнасці, фарміраванне зоны эканамічнай, геапалітычнай, сацыяльнай нестабільнасці ў самым цэнтры Еўропы, якая і так перажывае цэлы шэраг крызісаў — міграцыйны, эканамічны, пандэмію COVID-19. 

«Мы звяртаемся да нашых замежных партнёраў з заклікам — выконвайце прынцыпы і нормы міжнароднага права ва ўзаемаадносінах з Беларуссю, бо разбурыўшы іх аднойчы, зноў надаць ім значнасць будзе складана. Мы гатовыя да дыялогу, але не да прымусу, і адказна заяўляем аб бесперспектыўнасці і недальнабачнасці любых замахаў на наша права самастойна выбудоўваць шлях развіцця Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў звароце. 

Напрыканцы яго аўтары заклікаюць сусветную супольнасць выступіць супраць неабгрунтаванай, контрпрадуктыўнай і дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, праявіць салідарнасць з нашай краінай у адстойванні права на суверэнітэт і мірнае жыццё, вярнуцца да адказнага і канструктыўнага ўзаемадзеяння на карысць усіх краін і народаў, у імя міру, бяспекі і росквіту.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.