Вы тут

Арабскі рукапіс ХІV стагоддзя на выставе «5+5+5» у НББ


Хочаце ўбачыць арабскі рукапіс ХІV стагоддзя? Гэта самы стары (1377 год) рарытэт у фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які некалі захоўваўся ў гомельскай калекцыі графа Паскевіча. А можа, вам карціць даведацца пра найбольш старую кнігу беларускага паходжання?


Евангелле, надрукаванае Пятром.

Гэта богаслужэбны рукапіс праваслаўнай царквы — Мінея службовая на снежань. Пэўны час лічылі, што яна адносіцца да ХVІІ стагоддзя. Але пасля даследчыкі высветлілі, што ў гэты час кніга рэстаўрыравалася. Тады яна займела новы пераплёт, таксама было ўзноўлена некалькі старонак. Прычым старажытны рэстаўратар імкнуўся стылізаваць пісьмо адноўленага фрагмента пад почырк арыгінала. Рукапіс аказаўся на два стагоддзі старэйшы. Альбо вас зацікавяць рэдкія старадрукі часоў Гутэнберга ці аўтограф Максіма Багдановіча на адзіным яго прыжыццёвым зборніку «Вянок»? Максім перадаў кнігу свайму сябру Мікалаю Какуеву, у сястру якога Ганну быў закаханы. У 1971 годзе сын Ганны Мікалай Лілееў асобнік з каштоўным аўтографам перадаў бібліёграфу Нацыянальнай бібліятэкі, даследчыцы спадчыны Багдановіча Ніне Ватацы...

Усе гэтыя скарбы можна пабачыць на выстаўцы «5+5+5», якая днямі адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы. Мэта выстаўкі — паказаць самыя каштоўныя, але пры гэтым амаль невядомыя экспанаты з фондаў Нацыяналкі. Некаторыя з іх выстаўляліся толькі аднойчы і, відаць, зноў экспанавацца будуць не ў хуткім часе, усё ж рукапісы і старадрукі патрабуюць асаблівага абыходжання, і важна іх захаваць для нашчадкаў.

Першая пісьмовая згадка пра Музей кнігі была зроблена ў 1929 годзе на планах архітэктара Лаўрова, які праектаваў будынак на Чырвонаармейскай, дзе бібліятэка працавала да 2006 года. У плане на трэцім паверсе як музей былі пазначаны два памяшканні. Гэтая мара спраўдзілася, толькі калі Нацыянальная бібліятэка перабралася ў вялікі сучасны будынак. Наталля Марцінкевіч, якая ў 2005—2007 годзе ўзначальвала аддзел музейна-экскурсійнай дзейнасці, згадала, як здабывалі спецыяльныя вітрыны для будучага музея, бо старадрукі патрабуюць спецыяльных умоў. Музейшчыкі адстойвалі перад Міністэрствам культуры думку, што на такім абсталяванні нельга эканоміць. Калі ж дарагія вітрыны прыбылі з-за мяжы, іх трэба было падняць на трэці паверх пры дапамозе кранаў. Нахваляваліся тады супрацоўнікі бібліятэкі, бо ў той дзень быў моцны, штармавы вецер.

— Тут упершыню з'явілася магчымасць паказаць нам самім, беларусам, наколькі багатую кніжную спадчыну мы маем, — заўважыў падчас адкрыцця выстаўкі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр СУША. — Калі пра іншую спадчыну, мастацкую, архітэктурную, літаратурную, было багата манаграфій, каталогаў, паказальнікаў, пра кнігі ведалі найменш. На той час беларусы былі ўпэўнены, што ў нас нічога не засталося. Кнігі Скарыны ездзілі глядзець у Лондан, Пятра Мсціслаўца шукалі дзе заўгодна, толькі не тут.

Адкрыццё выставы.

І Музей кнігі ўзяў на сябе пачэсную місію — паказаць, наколькі багатую кніжную спадчыну мы маем. На працягу 15 гадоў у яго сценах адбыліся цудоўныя выстаўкі, якія не проста адкрывалі багаты кніжны свет, але і выхоўвалі інтэлектуалаў, абуджалі гонар за сваю краіну. Можна згадаць цудоўнае святкаванне 500-годзя кнігадрукавання, якое рабілася супрацоўнікамі Музея кнігі, аддзелам выставачнай дзейнасці ды іншых структурных падраздзяленняў. Помнікі прыбывалі з розных краін. Адны толькі выданні Скарыны ўпершыню вярталіся з шасці краін свету, было прадстаўлена больш чым пяцьдзясят кніг. Дзякуючы музею кнігі, сюды падцягнуліся і маштабныя сусветныя праекты. Калі запрацавала выстаўка «Беларусь і Біблія», за адзін месяц у Музей кнігі прыйшло каля 30 тысяч наведвальнікаў, і гэта на невялікай выставачнай пляцоўцы! Былі і іншыя вельмі яскравыя праекты з інтэрактывам, супрацай з дзеткамі. На працягу апошніх гадоў развіваецца музейная педагогіка. Многія праекты аказаліся сапраўды наватарскімі. Паступова ўстанова абзавялася сябрамі, якія пачалі перадаваць экспанаты, у тым ліку прадметы накшталт старых пёраў і чарніліц.

Нават у часы ковіду кожная выстаўка ў Музеі кнігі збірае шмат наведвальнікаў. Гэта сапраўды феномен беларускай культуры, пры гэтым музей фактычна не мае сваёй калекцыі — ён найперш паказвае фонды Нацыянальнай бібліятэкі. Хаця можна сказаць, што і ўся бібліятэка працуе на гэта сваё структурнае падраздзяленне, супрацоўнікі музея карыстаюцца навуковымі здабыткамі калег.

Чароўны білецік

Загадчык Музея беларускага кнігадрукавання — філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Славіна ГАЎРЫЛАВА заўважыла, што раней музеі былі пераважна прыватнымі, закрытымі, імі валодалі заможныя людзі. А сёння мы атрымалі білецік як самыя шаноўныя князі, бароны, самыя вартыя людзі, якіх гаспадары запрасілі дакрануцца да сваіх скарбаў. Сапраўды, дзякуючы Музею кнігі любы наведвальнік, у тым ліку самыя юныя чытачы, можа сустрэцца са старажытнымі кніжнымі багаццямі нашай краіны.

Выстаўка «5+5+5», то-бок пятнаццаць, сімвалічна абвяшчае юбілейную дату Музея кнігі, які пачаў працаваць пры бібліятэцы з 2006 года. За кожнай пяцёркай — пяць сюрпрызаў. Так, першая пяцёрка — гэта ўнікальныя рукапісы. Акрамя вышэйзгаданых самых старажытных артэфактаў, што маюцца ў фондзе бібліятэкі, тут можна пабачыць адзін з самых цікавых помнікаў — «Тайна тайных», або «Арыстоцелевы вароты» ХV стагоддзя. Ён складаецца з твора перакладной беларускай літаратуры, а таксама з артыкулаў, якія прысвечаны варажбе, прадказанням, утрымлівае астралагічныя даныя і табліцы. Тэкст упрыгожаны выявамі сімвалаў задыяка і планет. На палях шмат пазнак, зробленых рознымі почыркамі ў ХVІ—ХVІІІ стагоддзях, што сведчыць: зборнікам часта карысталіся. І сам рукапіс, і запісы яго чытачоў падказваюць: кніга была створана і захоўвалася на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага.

На выстаўцы таксама экспануецца Скрутак паморскі стараверскі ХІХ стагоддзя даўжынёй 11 м 70 см — і гэта адзіны прыклад пісьмовага помніка старавераў, які, паводле сведчанняў, выкарыстоўваўся ў асяродку вернікаў Сібіры, Браншчыны і Гомельшчыны.

Арганізатары вырашылі паказаць у тым ліку і кнігі, звязаныя з сусветнымі кніжнымі традыцыямі. Так, кніга-потхі на пальмавых лістах ХІХ стагоддзя прыбыла з Індыі. Пласцінкі, надпісы на якіх рабіліся завостраным інструментам, звязаны паміж сабой скураным матузком. Выкладзены ў гэтай кнізе-потхі сакрэты народнай індыйскай медыцыны (Аюрведа).

У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца 10 кніг Францыска Скарыны, выдадзеных у Празе ў 1517—1518 гадах. Яны былі набыты ў 1925 годзе ў Ленінградзе ў мясцовага бібліяфіла Камарніцкага. Адна з іх — Біблія. Чатыры з гэтых кніг выстаўляюцца на юбілейнай экспазіцыі.

Таксама тут можна пабачыць Евангелле, надрукаванае Пятром Мсціслаўцам у Вільні ў 1575 годзе. Гэта першае і адно з найбольш дасканалых выданняў друкарні Мамонічаў. Друкарская праца Пятра Мсціслаўца, які працаваў тут у1574—1576 гадах, у далейшым паўплывала на развіццё кніжнай гравюры. Так, у Евангеллі гравюры з выявамі евангелістаў выкананы ў асаблівым стылі фігурных выяў.

Сёння толькі дасведчаныя асобы могуць ведаць пра старадрук Аляксандра Гваньіні «Хроніка еўрапейскай Сарматыі». Хаця гравюры (выявы гербаў, князёў, батальных сцэн), напэўна, вядомы любому школьніку — іх запазычваюць у сучасныя падручнікі менавіта з гэтай кнігі. «Хроніка еўрапейскай Сарматыі» — адна з першых друкаваных гісторый беларускіх зямель. Яна выйшла пад аўтарствам гісторыка і вайскоўца, які быў камендантам Віцебска і займаўся ўмацаваннем абарончых пабудоў.

Вартае ўвагі і першае прыжыццёвае выданне знакамітага трактата нашага суайчынніка і тэарэтыка артылерыі, аднаго з заснавальнікаў сусветнай ракетнай балістыкі і касманаўтыкі Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі». Між іншым, кніга, прадстаўленая на выстаўцы, надрукавана ў Амстэрдаме ў 1650 годзе! Даследаванне, якое ўключае гравюры з малюнкамі, створанымі па эскізах аўтара, было перакладзена на многія еўрапейскія мовы.

Таксама ў пяцёрку старадрукаў увайшоў «Гербарый», надрукаваны ў Майнцы ў 1484-м Петэрам Шоферам, які пачынаў працаваць з еўрапейскім першадрукаром Іаганам Гутэнбергам. «Гербарый» паходзіць з Нясвіжскага кнігазбору Радзівілаў.

У топ-5 рэдкіх кніг трапілі кнігі з аўтографамі Максіма Багдановіча і Марка Шагала. Апошні пакінуў дароўны надпіс на кнізе, якая выйшла ў Парыжы ў серыі «Новыя французскія мастакі», і гэта было першае даследаванне творчасці майстра.

Трапіла ў чароўную пяцёрку і арт-кніга ў выглядзе альбома, якая выйшла тыражом усяго ў 300 экзэмпляраў, Поля Валеры «Прыпавесці да 12 акварэляў Лу Альбер-Лазар», выдадзеная ў Парыжы ў 1935 годзе. Поль Валеры — французскі паэт, эсэіст, філосаф, які неаднаразова намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры і шмат сваіх прац прысвячаў мастацтву, гісторыі, музыцы і літаратуры. Дарэчы, сёлета святкуецца 150-годдзе з дня яго нараджэння.

Выстаўляюцца і мініяцюрныя кнігі. Выданне нямецкага календара 1854 года памерам 85 на 50 мм. Штогод такія кішэнныя календары мелі пэўнае афармленне. У дадзеным экзэмпляры змешчаны каляровыя гравюры да літаратурных твораў, вельмі папулярных у той час. Адны з іх прысвечаны вершу Фрыдрыха Шылера «Песня звона», іншыя з'яўляюцца ілюстрацыямі да рамана амерыканскай пісьменніцы Гарыет Бічэр-Стоў «Хаціна дзядзькі Тома».

Яшчэ адна кніжка-малеча на выстаўцы памеру 100 на 65 мм. Гэта зборнік вершаў Сяргея Законнікава, Анатоля Зэкава і Алеся Пісьмянкова з дароўнымі надпісамі аўтараў. Дадзеная кніга існуе ў адзіным экзэмпляры. Яна адмыслова была зроблена ў 1999 годзе і перададзена ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі.

Прамоўтары кнігі

У свой юбілей Музей кнігі сабраў навукоўцаў, калег і сяброў за круглым сталом. Акрамя супрацоўнікаў сталічных музеяў, з якімі Нацыянальная бібліятэка ладзіць сумесныя праекты, прыехалі госці з раённых і абласных цэнтраў, каб разам абмеркаваць будучыню музеяў, абмяняцца вопытам.

Прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ Аляксандр Гужалоўскі заўважыў, што сёння ўсё часцей пачынае выкарыстоўвацца тэрмін «музейная індустрыя», і калі раней бізнес і музей падаваліся несумяшчальнымі, то цяпер выкладаецца курс «Музейны менеджмент».

Музеі робяць вялікі ўнёсак у адукацыйную сферу. Так, Музей кнігі абуджае цікавасць да кніжнай спадчыны і чытання ўвогуле, шмат увагі ўдзяляе дзіцячым праектам і выхоўвае будучых чытачоў. Ужо назапашаны вопыт музейна-педагагічных праектаў, і сёння яго трэба вывучаць і пашыраць, выкладаць курс музейнай педагогікі ў ВНУ.

Таццяна РОШЧЫНА, якая доўгі перыяд узначальвала аддзел рукапісаў рэдкіх кніг і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі, падзялілася перадгісторыяй стварэння музея пры бібліятэцы. Думкі аб неабходнасці такой установы яшчэ ў 1980-я гады на старонках прэсы выказаў тагачасны загадчык аддзела рэдкай кнігі Ігар Жолудзеў. Створаныя па яго ініцыятыве выстаўкі «Мікола Гусоўскі і яго час» і «Гартаючы вечныя старонкі» фактычна былі першымі спробамі музейных праектаў, але ў старым будынку катастрафічна не хапала месца. Разглядаліся планы аб стварэнні музея на базе Пушкінскай бібліятэкі на вуліцы Інтэрнацыянальнай, але ў складаныя 1990-я гады здзейсніць тую задуму не ўдалося. Супрацоўнікам бібліятэкі таксама давялося адстойваць сваю ідэю перад Мінкультуры, якое прапаноўвала стварыць музей беларускай літаратуры. Усё ж музей кнігі павінен быў працаваць зусім у іншым кірунку.

Як заўважыла загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга ГУЛЕВА, яе ўстанова ўдзяляе вялікую ўвагу не проста асобным кнігам як выніку працы аўтараў, але і цэлым пісьменніцкім архівам. Сёння кніга аб'ядноўвае многія ўстановы, з'яўляецца найважнейшым сродкам масавай інфармацыі, адукацыі і вельмі важным элементам культуры. А ў супрацы папулярызаваць кніжную культуру значна прасцей і цікавей.

Матэрыялы падрыхтавала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Іншыя матэрыялы аўтара

Загаловак у газеце: Сімвалічныя пяцёркі, альбо Як пагартаць гісторыю?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?