Вы тут

Чаму нарачанскія рыбакі паўсталі супраць польскіх улад


Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай,

Раскінуўшы сінія хваляў палотны,

Калі ў непагоду сумуеш маркотна

З рыбацкаю песняй, з зялёным чаротам.

Люблю твае буры, твае навальніцы.

Ў іх чую, бы ў песнях, жыццё маладое.

І хочацца блізка грудзьмі прытуліцца

Да чорных ад гневу кіпучых прыбояў.


Гэта радкі з паэмы «Нарач» народнага паэта Беларусі Максіма Танка, якую ён напісаў у 1937 годзе. У творы расказваецца аб падзеях 1935 года, калі супраць польскіх улад выступілі рыбакі Мядзеля і навакольных вёсак. Паэма была надрукавана ў часопісе «Каласы». Але з-за перашкод цэнзуры найбольш вострыя моманты, якія паказвалі барацьбу сялян супраць самавольства ўлад, былі выкраслены. Ды і гэта не дапамагло, часопіс быў канфіскаваны. Толькі ў 1940 годзе ўдалося цалкам аднавіць паэму.

Да бунту і супрацьстаяння рыбакоў падштурхнулі вымушаныя абставіны. Спрадвеку іх дзяды лавілі рыбу ў возеры Нарач, пакідалі ўлоў для асабістых патрэб, лішак прадавалі. Возера не давала нікому пухнуць з голаду. Аднак летам 1935 года ўлады забаранілі свабодную лоўлю рыбы. А гэта пагражала голадам тысячам сем'яў, паколькі займацца раслінаводствам на Нарачы было марнай справай — пясчаныя глебы. Гэта вымусіла рыбакоў да бунту.

Яшчэ ў 1932 годзе польскі ўрад выдаў закон, паводле якога нацыяналізаваліся рэкі і азёры. У выніку возера Нарач перайшло пад юрысдыкцыю Дырэкцыі дзяржаўных лясоў, якая аддала яго ў арэнду пану Яблонскаму. Рыбакам прапанавалі ісці да яго наёмнымі работнікамі. А той у сваю чаргу будзе плаціць ім грошы за ўлоў. Але гэтая прапанова рыбакоў не задаволіла. У чэрвені 1935 года, нягледзячы на забарону і папярэджанні арандатара, яны выйшлі на возера. Прыехала паліцыя, пачала ганяцца за імі, каб адабраць улоў. Але жонкі рыбакоў, якія назіралі за пагоняй, перакулілі паліцэйскую маторную лодку. Гэтыя падзеі пацягнулі за сабой пераследаванні і судовыя працэсы над удзельнікамі выступленняў.

Ды гэта не напалохала сялян. Яны па-ранейшаму выходзілі на возера. Да іх нават прыязджалі павятовы стараста з Пастаў, ваявода з Вільні. Яны ўгаворвалі пайсці на работу да арандатара, які будзе забяспечваць прыладамі для лоўлі рыбы. Рыбакі ў адказ запатрабавалі замест возера выдзеліць ім прыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі надзелы зямлі. Ім адмовілі.

У выніку выступленняў сялян Яблонскі быў вымушаны пайсці на саступкі, якія, аднак, не задаволілі мясцовых рыбакоў, і ў наступныя гады яны працягвалі арганізавана выступаць за свабодную лоўлю рыбы без арэнднай платы.


Каментарый

Наталля Бурак, дырэктар Мядзельскага музея народнай славы:

— Вясной 1935 года больш як 5 тысяч сялян з 40 навакольных нарачанскіх вёсак аб'явілі ўладам забастоўку. Да лета яны выбралі забастовачны камітэт, сфарміравалі дружыны самаабароны, праганялі ахову і не дапускалі да возера штрэйкбрэхераў, якімі іх хацелі замяніць. Кіраўніцтва забастоўкай ажыццяўляла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Па заданні ЦККПЗБ на возера тайна прыехалі член Маладзечанскага камітэта партыі Аляксандра Счасная, інструктар Аляксандр Багданчук. У чэрвені 1935 года быў створаны забастовачны камітэт, у які ўвайшлі найбольш аўтарытэтныя і актыўныя рыбакі. Удзельнікаў выступленняў не палохалі ні пагрозы, ні арышты, барацьба працягвалася, і даволі паспяхова. Гэта прызнала і буржуазная газета «Слова»: «Барацьба сялян закончылася перамогай, паколькі яны выкарысталі прамаруджванне дырэкцыі і ўсе як адзін выйшлі лавіць рыбу без ніякага дазволу».

Барацьбу рыбакоў Нарачы падтрымалі рыбакі Браслаўскіх азёр, Віленскага ваяводства. Пра канфлікт стала вядома ў Варшаве. Газета «Варшаўскі дзённік» у 1936 годзе пісала : «У выніку канфлікту паміж рыбакамі і Дырэкцыяй дзяржаўных лясоў, пад ціскам салідарнай барацьбы сялян дырэкцыя фактычна адмовілася ад правоў уладальніка возера».

Гістарычнае паўстанне рыбакоў на Нарачы — падзея, якая навечна захавалася ў памяці жыхароў азёрнага краю і якой яны ганарацца. Гэта адна з яркіх старонак нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Дзень і ноч бушавалі азёры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?