Вы тут

Утрымацца на плаву. Як дзяржава дапамагала бізнесу выжыць


У СААЗ заяўляюць, што да завяршэння пандэміі COVІD-19 яшчэ вельмі доўга, а аднаўленне сусветнай эканомікі ў гэтым годзе шмат у чым будзе залежаць ад паспяховага і хуткага правядзення кампаніі вакцынацыі супраць каранавіруса. Аднак эканоміка ўсё ж уступіла ў перыяд павольнага аднаўлення. У сувязі з тым, што на сёння ў сусветнай эканоміцы сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП) з'яўляецца асноўным генератарам працоўных месцаў, а таксама крыніцай росту, уклад якога дасягае каля 50 % сусветнага ВУП, вельмі важнымі становяцца захады дзяржавы, якія прымаліся для яго падтрымкі. Разбіраемся з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці і Міністэрствам эканомікі краіны, наколькі эфектыўнымі аказаліся такія захады.


...Спачатку Мікалай папрасіў адтэрміноўку плацяжу за арэнду ўсяго на месяц. Рэзкае закрыццё межаў прывяло да імгненнага спынення грашовых паступленняў на рахунак яго турыстычнай кампаніі, а трэба было выплаціць заробак супрацоўнікам, дапамогу дэкрэтніцам, да таго ж на носе былі штомесячныя плацяжы па падатках. Арэндадаўцы з разуменнем паставіліся да просьбы Мікалая, бо яго кампанія аказалася сярод тых, што больш за іншых пацярпелі ад абмежаванняў, звязаных з пандэміяй.

— Здавалася, усё гэта ненадоўга, — прызнаецца Мікалай КАЯЛА, кіраўнік кампаніі «Юніверс-Трэвэл». — Але неўзабаве прыйшло ўсведамленне, што пандэмія зацягваецца, і справы ў нас ідуць вельмі дрэнна. Я нясу адказнасць не толькі за свой бізнес, але і за супрацоўнікаў, у якіх ёсць сем'і. Каб зберагчы калектыў, прынялі рашэнне перавесці супрацоўнікаў на чвэрць стаўкі. Але разуменне таго, што на 125 рублёў (прыкладна столькі сталі атрымліваць супрацоўнікі) проста не выжыць, прымушала мяне шукаць выйсце і магчымасці дапамагчы людзям. Мы чакалі дапамогі дзяржавы,
некаторыя сталі звальняцца.

Арэндадаўцы разумелі, з чым сутыкнуліся турфірмы, і ішлі насустрач, давалі растэрміноўкі на арэнду офісаў, некаторыя не патрабавалі аплаты ўвогуле ў самы востры перыяд. А ва ўрадзе якраз рыхтавалі дакумент аб падтрымцы эканомікі падчас пандэміі.

— Калі прымалі пакет стабілізацыйных мер, урад і Нацбанк арыентаваліся на неабходнасць стварэння такіх умоў у няпростай эпідэміялагічнай абстаноўцы, каб прадпрыемствы не спынялі сваю работу, — расказвае намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч. — Першы блок мер меў на мэце падтрыманне фінансавай устойлівасці прадпрыемстваў, забеспячэнне іх своечасовай дзяржпадтрымкай і крэдытнымі рэсурсамі. Мы вызначылі пералік галін, найбольш уразлівых ва ўмовах абвастрэння эпідэміялагічнай сітуацыі. Усе яны маглі скарыстацца падтрымкай у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 2020 г. № 143 «Аб падтрымцы эканомікі». Акрамя таго, суб'ектам гаспадарання далі магчымасць неналічэння амартызацыі ў 2020 годзе, растэрміноўкі па выплаце дывідэндаў за 2019 год, пераносу курсавых розніц на даходы (выдаткі) будучых перыядаў. Нацбанк у сваю чаргу прымаў меры рэгулятарнага паслаблення. Дадаткова кропкава падтрымліваліся асобныя прадпрыемствы. Другі не менш важны кірунак, — сацыяльная падтрымка грамадзян. З бюджэту былі кампенсаваныя выдаткі на зарплату работнікаў бюджэтных арганізацый, якія ў звычайнай сітуацыі фінансаваліся за кошт іх уласных даходаў, а медыкам і сацработнікам устаноўлены надбаўкі да заробку за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

-— Памятаю, нам далі тады згоду на даплаты супрацоўнікам, — успамінае бізнесмен. — Паколькі ў чэрвені 2020-га наш калектыў працаваў на 1/4 стаўкі (каля 125 рублёў), то па факце многія атрымалі зарплату меншую за мінімальную, якая на той час складала 375 рублёў. Субсідыя дазволіла кампенсаваць гэтую розніцу.

У Міністэрстве эканомікі растлумачылі, што падтрымка бізнесу ў складаны перыяд пандэміі насіла комплексны характар. Прадпрымальнікам даваліся ў асноўным адтэрміноўкі і растэрміноўкі, зніжаліся выплаты па падатковых і арэндных плацяжах, аплаты прададзенай з растэрміноўкай дзяржмаёмасці, а таксама стаўкі адзінага падатку для ІП, пералічвалася запазычанасць за энергарэсурсы.

— Каб быць больш канкрэтным, прывяду некалькі лічбаў: у мінулым годзе пералічана запазычанасць за энергарэсурсы на 114,5 мільёна рублёў і дадзены льготы па падатковых і арэндных плацяжах на 65 млн рублёў, — гаворыць Дзмітрый Ярашэвіч.— Адтэрміноўкі, растэрміноўкі, зніжэнне сум падатковых плацяжоў атрымала каля 1,4 тысячы суб'ектаў гаспадарання, ільготы па арэндзе — каля 7,3 тысячы. Акрамя таго, для 42,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў былі зніжаны стаўкі па адзіным падатку ў ІІ і ІІІ кварталах 2020 года. Больш за тое, у сувязі з распаўсюджваннем другой хвалі каранавіруса дзеянне асобных пунктаў Указа № 143 было падоўжанае. Ужо ў першым паўгоддзі бягучага года падтрымкай скарысталіся каля дзвюх тысяч плацельшчыкаў. Сума дапамогі перавысіла 17,3 мільёна рублёў.

Калі Мікалай Каяла пачуў, што яго кампанія можа атрымаць дапамогу, узрадаваўся, але даведаўшыся аб памерах, вырашыў, што яна будзе недастатковай.

— Гэта было ў самыя цяжкія, першыя, месяцы пандэміі, — успамінае Мікалай. — Аднак час паказаў, што той падтрымкі, якая была аказана з боку дзяржавы, нам хапіла, каб утрымацца на плаву. Але каб выжыць, трэба было і самім яшчэ нешта прыдумаць. У маім выпадку мы звярнулі ўвагу, што некаторыя катэгорыі грамадзян усё ж працягваюць выязджаць за мяжу і маюць патрэбу ў нашых паслугах. Мы сталі дапамагаць афармляць дакументы людзям, якія працавалі за мяжой. З кожным месяцам з'яўлялася ўсё больш магчымасцяў для перасячэння мяжы, таму паціху працавалі... Канешне, у нас па-ранейшаму ёсць даўгі перад арэндадаўцамі. Але мы іх закрываем: вось у гэтым месяцы з адным арэндадаўцам цалкам разлічыліся. Праўда, з аднаго офіса нам прыйшлося сысці. Але пандэмія не будзе доўжыцца вечна. Спадзяёмся, што, як толькі адкрыюць мяжу, наша кампанія будзе гатова да гэтага, і мы хутка адновімся.

— Дзесьці чвэрць суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў той ці іншай меры скарысталіся падтрымкай дзяржавы, — лічыць сустаршыня праўлення, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна ТАРАСЕВІЧ

— Акрамя таго, бізнес перафармаціраваў сваю дзейнасць, пачалі з'яўляцца новыя віды сэрвісаў. Напрыклад, дыстанцыйная работа, дастаўка ежы і лекаў, навучанне і кансультаванне з дапамогай рознага кшталту інтэрнэт-рэсурсаў і лічбавых тэхналогій, новыя віды страхавання. Бізнес пачаў больш думаць аб кааперацыі адзін з адным, у працэс кіравання пачалі ўключацца самі работнікі, а таксама рэалізоўваць розныя сацыяльныя праграмы, што станоўча паўплывала на лаяльнасць кліентаў. Пандэмія дала сапраўдны імпульс для значнага руху наперад у засваенні лічбавых тэхналогій. І яшчэ адзін момант: як бы мы першапачаткова не ставіліся да таго, што ў краіне не ўведзены лакдаўн, але і тут час паказаў, што рашэнне было правільным і гэта станоўча паўплывала на захаванне бізнесу. Аказалася, што пандэмія — не толькі шлях да крызісу, але і магчымасць для развіцця.

У Мінэканомікі паведамілі, што па выніках мінулага года ВУП краіны знізіўся на 0,9 працэнта. Але, для параўнання, у большасці еўрапейскіх краін і Расійскай Федэрацыі, дзе ўводзіліся лакдаўны, падзенне ВУП было больш значным: у Расіі — 3 працэнты, Еўразоне — 6,5 працэнта. Дзякуючы прынятым мерам у краіне ўдалося значна змякчыць уздзеянне на эканоміку пандэміі і падтрымаць прадпрыемствы і працоўныя калектывы.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.