Вы тут

Не толькі прагноз надвор'я. Чым займаецца Белгідрамет?


Што абывацель ведае пра Белгідрамет? Мабыць, толькі тое, што гэтая ўстанова складае прагноз надвор'я, які агучваецца ў СМІ. На самай жа справе дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» (гэта афіцыйная назва Белгідрамета) складае дзясяткі спецыялізаваных прагнозаў.


Спецпрагноз дапаможа ўсім

Сучаснае абсталяванне і кваліфікаваныя спецыялісты Белгідрамета дазваляюць атрымліваць загадзя дакладныя прагнозы надвор'я. І калі для абывацеля раніцай актуальнае пытанне — браць ці не браць сёння парасон, то для многіх галін эканомікі архіважна мець дакладны прагноз надвор'я, каб добра арганізаваць сваю работу альбо своечасова падрыхтавацца да прыродных катаклізмаў.

Белгідрамет наладзіў адраснае абслугоўванне з улікам асаблівасцяў дзейнасці арганізацый у розных галінах эканомікі. Напрыклад, для лесагаспадарчых прадпрыемстваў, у тым ліку для запаведнікаў і нацыянальных паркаў, ажыццяўляецца падрыхтоўка разлікаў і прагнозаў магчымага ўзгарання лясоў на 1-3 сутак.

Для прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу складаюцца аграметэаралагічныя прагнозы рознай своечасовасці і спецыялізаваныя даклады, удакладненне агракліматычных паказчыкаў: сум актыўных тэмператур, пачатку і працягласці вегетацыйнага перыяду і інш. Падрыхтоўваюцца лічбавыя прагнозы надвор'я па наступных метэаралагічных параметрах: вецер, ападкі, навальніцы, тэмпература паветра, вышыня снежнага покрыва і іншае з дэталізацыяй па раённых цэнтрах краіны.

Звесткі аб сярэднясутачнай тэмпературы на пунктах размяшчэння энергааб'ектаў, прагнозы вясновага прытоку вады ў вадасховішчах, яе максімальных узроўнях падчас вясновай паводкі, тэрміны ўскрыцця рэк і пачатак лядовых з'яў — такія звесткі дапамагаюць арганізацыям паліўна-энергетычнага комплексу найбольш эфектыўна арганізаваць работу.

Як доўга будзе доўжыцца ацяпляльны сезон, залежыць у тым ліку і ад сіноптыкаў. Бо яны даюць прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі інфармацыю аб пераходзе тэмпературы паветра праз 0 °С у бок паніжэння, сярэднядзённую тэмпературу. На аснове гэтых даных і вызначаюцца тэрміны ўключэння і адключэння ацяплення.

Будаўнічыя арганізацыі атрымліваюць звесткі аб чаканай хуткасці ветру 12—14 м/с і больш. Гэта важна для бяспекі людзей, якія працуюць на вышыні.

Для транспартных прадпрыемстваў неабходна мець інфармацыю аб гідралагічных даных, аб узроўнях вады ў рэках каля мастоў і прагноз іх затаплення, а таксама аб прагнозах пераходу тэмпературы паветра праз +25 °С у бок павышэння.

Ад універсальнага да асабістага

Для ўсіх патрэбны ўніверсальны загадзя складзены прагноз надвор'я і спецыялізаваная экалагічная і радыяцыйная інфармацыя. Яна ўтрымлівае звесткі аб радыяцыйнай абстаноўцы, аб стане зямель (глебы), паверхневых вод па гідрабіялагічных паказчыках, атмасферным паветры (ападках, снежным покрыве). Таксама праводзяцца хімічныя даследаванні глеб, атмасфернага паветра, гідрабіялагічныя і радыёхімічныя даследаванні, дазіметрычныя, радыёметрычныя, гама-спектраметрычныя вымярэнні і інш.

Сустракаюцца сітуацыі, калі для чалавека ці арганізацыі важна дакладна ведаць, напрыклад, пра тое, што ў пэўны прамежак часу ў тым ці іншым раёне назіраліся небяспечныя з'явы надвор'я. Такія даведкі атрымліваюць у Белгідрамеце.

Не ўсе ведаюць, што Белгідрамет прапаноўвае эксклюзіўную паслугу — пашпарт надвор'я. А на якую дату заказаць гэты дакумент? Можна на дзень вяселля ці дзень нараджэння дзіцяці. У пашпарце надвор'я ўтрымліваюцца пэўныя звесткі аб умовах надвор'я ў любым пункце краіны ў знамянальны дзень заказчыка. Бонус — віншаванне ад Белгідрамета з важнай падзеяй у жыцці.

Шмат хто з нас карыстаецца мабільным дадаткам ад Белгідрамета — «Надвор'е ў кішэні». Зазірнуўшы ў хатнія або працоўныя камп'ютары, амаль ва ўсіх у закладках убачым сайт Белгідрамета — pogoda.by.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».