Вы тут

Вольга Петрашова: Нельга дзяліць народ на сваіх і чужых


Вольга Петрашова, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах:


— У панядзелак я прымала ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Уплыў глабальных эканамічных выклікаў на сацыяльна-працоўныя правы чалавека». Ініцыіраваная канферэнцыя была Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Мы вельмі горача і актыўна разам з міжнароднай супольнасцю абмяркоўвалі тэму санкцый, якія ўводзяць заходнія краіны супраць нас. Пасля адкрыцця мы разышліся па розных секцыях, дзе абмяркоўвалі гэтую тэму, шукалі адказы на глабальныя выклікі сучаснасці, каб змяненні, якія адбываюцца ў свеце, адкрывалі магчымасці годнага жыцця на зямлі для ўсіх краін і народаў.

Мы вельмі ганарымся, што Беларусь — краіна, якая прапагандуе мір і добрасуседскія адносіны, дзе створаны роўныя магчымасці для развіцця кожнага чалавека. Рабочыя, чыноўнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, лідары грамадскага жыцця, прадстаўнікі бізнесу, спорту, культуры сабралася, каб выказаць свой пункт гледжання на тую агрэсіўную палітыку, якую праводзіць Захад. Гэта не сяброўская рыторыка, якая гучыць у наш адрас, а не што іншае, як парушэнне міжнароднага права. Мы ўпершыню сутыкнуліся з такім беспрэцэдэнтным эканамічным і палітычным ціскам і разумеем, што мэта нядобразычліўцаў — падарваць нашу суверэнную дзяржаву, якая сёння праводзіць незалежную ўнутраную і знешнюю палітыку. Канешне ж, іх мэта — разбурыць нашу эканоміку, сарваць міжнародныя прамысловыя кантракты, дагаворы па рэалізацыі нашай прадукцыі, каб разбуралася наша сацыяльная сфера. Відавочна, што гэта робіцца з мэтай пагоршаць узровень жыцця нашых грамадзян, спарадзіць сацыяльную незадаволенасць.

Вялікая колькасць людзей сабралася з адным і тым жа пажаданнем, інтарэсам, мэтай — сказаць тым, хто там, за мяжой, заклікае да санкцый, каб яны не прыкрываліся імем беларускіх работнікаў. Каб не стваралася ўражанне, што быццам працоўныя сёння самі жадаюць застацца без работы і зарплаты і ініцыіруюць гэтыя пагаршэнні для сябе. Ёсць вялікае жаданне прыпыніць санкцыі і дэклараваць місію — усё для людзей.

Як намеснік старшыні камісіі па міжнародных справах я неаднаразова наведвала з выступленнямі розныя форумы ва Узбекістане, Туркменістане, краінах постсавецкай прасторы і бачыла, як паважліва ставяцца да нас там, як цэняць нашу прадукцыю, узровень медыцыны, адукацыю, дагледжанасць вуліц і гарадоў.

Веру, што дэстабілізаваць абстаноўку ў нашай краіне не атрымаецца. Людзі сталі адной сям'ёй, яны зацікаўленыя ў тым, каб наша незалежная Беларусь развівалася. Санкцыі пабуджаюць нас аб'яднацца, знайсці новыя метады і падыходы ў рабоце. Самае галоўнае — я ўбачыла аб'яднанне людзей, іх агульны інтарэс і жаданне сказаць у адказ гэтым агрэсіўным і беспадстаўным дзеянням, што выпрацуем свой імунітэт, і гэта зробіць нас больш моцнымі і згуртаванымі. Мы выстаім і захаваем нашу краіну.

Нежаданне ўлічваць рэальныя памкненні людзей, якія гаварылі з усіх пляцовак, секцый, толькі дыскрэдытуе сёння Еўрасаюз. І мы разумеем, што не павінны ісці скарацца тым, хто сёння сее разлад, дзеліць грамадства на сваіх і чужых. Мы будзем жыць сваім розумам, выбіраючы мірную будучыню і не паддаючыся на правакацыі.

Запісала Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».