Вы тут

УЗДОЎЖ МЯЖЫ – ПЕШШУ


Нататкі пра падарожжа, якое пакуль ніхто не паўтарыў


Працяг. Пачатак ў №2,3,4,6

Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”

У той, 12-ы дзень вандроўкі раніца была халаднаватай. Начавалі ў лесе за вёскай Медрыкі: Смаргонскi раён. Прачынацца не хацелася: праяўлялася стома штодзённай хады. Настрой, аднак быў прыўзняты, бо месца на начлег выбіралі без дыскусіі, дзе стаць лепш. У каторы раз пераконваемся, наколькі моцна ўплывае настрой на фізічны стан. Таму і выйшлі на маршрут аж у 10.15, сабраўшыся без спеху. Тое-сёе нават падрамантавалі.

Праходзячы мястэчка  Солы, зайшлі ў касцёл. Пасядзелі там падчас службы. Гучаў арган. Касцёл пабудаваны перад вайной на сродкі прыхаджанаў. У касцёле звярнулі ўвагу на дошку-памятку пра мясцовых  жыхароў, хто загінуў ў часе войнаў. Тыя, у каго мы пыталіся, не ведаюць: адкуль назва Солы. Нават старэйшыя.

Ідучы ў Кушляны, прадаўжалі падлікі сустрэтых буслоў: 56. І пачынаем блытацца паціху, дзе раней начавалі ды што было там адметным. Таму занатавалі сёе-тое для памяці. А зранку ў той дзень слухалі радыёперадачу "Беларуская маладзёжная": нашы калегі праводзілі 26 красавіка радыёмарафон, прысвечаны 10-годдзю Чарнобыльскай трагеды. Лагоднасць і цеплыня ў прыродзе, прыгожы ранішні лес, у якім начавалі, спрыяў добраму настрою. Каб дайсці да Кушлян, мясцін, звязаных з Францішкам Багушэвічам, мы адхіляліся ад асноўнага маршрута — рухаліся з Медрыкаў на Солы, далей на Асіпаны, Гаўдзевічы ды Кушляны.

Запіс Івана пасля гутаркі з вясковым дзедам пры дарозе: "От, хай бы той бусел і быў," — кажа дзед. Ён і рамаў старых назацягваў на старыя дрэвы пры хаце — а буслы чамусьці ў яго не вядуцца. У ліпе, кажа, ім дакучаюць пчолы. Мы пра такое i не ведалі — а вось жа... Не ўсе суседзі буслам падабаюцца. Затое сарока, прадоўжыў дзед, "без усяго вывелася". Значыць, спрабуем разважаць, можа не ўсё ў парадку ў дзеда з энергетыкай — бусел не селіцца абы дзе.

Развагі яго ж наконт нацыянальнасці: "Мы ж — палякі. Бо ходзім да касцёла і молімся па-польску. У нас вера польская. Бацькі былі палякамі. Тут была Польшча да 1939 года"... А вось паэт Алесь Жамойцін аніколькі не сумняваецца ў тым, хто ён ёсць.

Алесь Жамойцін цудоўна ведае спадчыну Францішка Багушэвіча

Сустрэча з паэтам Алесем Жамойціным, які пажадаў нам моцы і святла на духоўнай дарозе.

Як прыйшлі ў Кушляны,  то  адразу — на пошту. Паставілі пячатку: знак таго, што мы там былі. Заадно даведаліся, дзе знайсці Алеся Жамойціна, мясцовую знакамітасць.

Наступны прыпынак — Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча. Знаёмімся з наглядчыцай, Рэгінай Сідаровіч, вельмі прыветнай жанчынай. Пакуль чакаем Алеся, яна расказвае, што нарадзіўся Францішак Багушэвіч у Свіранах — цяпер гэта Вільнюскі раён — 9 сакавіка 1840 года. Вучыўся ў Віленскай гімназіі... Памёр у 1900-м... А магіла яго — у Жупранах, пры касцёле на могілках. Тыя агульнавядомыя, даступныя і ў інтэрнэце факты пазначаем у дзённіку.

Музей Багушэвіча — наводдаль ад вёскі, якраз там, дзе была яго сядзіба. Помняцца прыгожыя краявіды-прасторы навокал, і што прагуляліся мы па алеі да альтанкі. Вось як пішуць пра яе ў інтэрнэце: "На тэрыторыі сядзібы захаваўся парк, дрэвы ў ім саджаў сам пісьменнік. Адна з алей, каштанавая, вядзе да любімай альтанкі паэта — месца яго творчага натхнення на Лысай гары". Краязнаўцы сцвярджаюць, што Багушэвіч будаваў яе разам з сябрамі ў памяць пра ахвяры паўстання 1863-64 гадоў, у якім і сам актыўна ўдзельнічаў. Раней у альтанцы стаяў драўляны крыж (не захаваўся), і называлася месца тое "Распятай воляй". Недалёка, на ўзлессі, яшчэ адзін важны элемент ансамбля: камень-патайнік. Кажуць, пад ім беларускі класік хаваў свае рукапісы, каб пазбегнуць ганенняў за вальнадумства. Пасля смерці пісьменніка невядомы майстар на камені выбіў надпіс у памяць пра Мацея Бурачка (псеўданім Багушэвіча).

Алеся Жамойціна ўрэшце дачакаліся. Перад тым заходзілі да яго дадому, ды нікога не засталі. Заўважылі: у вядры з вадой на падворку, пры доме, ляжала сякера. Відаць, гаспадар збіраўся калоць дровы. Бо з вясковага досведу Іван ведае: сякерышча ад вільгаці разбухае, сякера мацней на ім сядзіць. І вуллі былі пры сядзібе: Жамойцін яшчэ і пчаляр. На той час цяперашні загадчык Музея-сядзібы Францішка Багушэвіча "Кушляны" трымаў і ўласнага каня, скарыстоўваючы яго і па гаспадарцы, і дзеля патрэбаў музея.

Жупранскі краявiд з касцёлам

Працаваць у музеі паэт пачаў у 1988-м, прыкіпеў, казаў, сэрцам да гэтага краю. Сам Алесь з Брэстчыны: родам з вёскі Малахоўцы Баранавіцкага раёна. У музеі пачаў навуковым супрацоўнікам, а з 1989-га — загадчык музея, дырэктар. Кушлянскі перыяд жыцця і творчасці Алеся Жамойціна звязаны з рэстаўрацыяй сядзібы, арганізацыяй новай экспазіцыі, наданнем музею сапраўды мемарыяльнага статусу. Музей-ся-дзіба "Кушляны" заснаваны ў 1990-м у рэканструяваным доме, які Францішак Багушэвіч пабудаваў у 1896-м і правёў апошнія гады жыцця. Дом той — адзіны, відаць, на ўсю Беларусь аўтэнтычны прыклад пісьменніцкай сядзібы XІX стагоддзя. Там і вядзе справы Алесь Жамойцін, дасведчаны ў многіх таямніцах жыцця, спадчыны паэта, знаёмы з яго нашчадкамі. Бывае ў яго і за дзве тысячы экскурсій на год, і для кожнай групы шукае свой падыход. Дарэчы, пра тое ды наогул пра нашага крэатыўнага суразмоўцу ёсць падрабязныя звесткі ў Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, пісала пра яго і "Гродзенская праўда".

Па ходзе размовы з Алесем і пасля рабім запісы. У той час ён займаўся навуковай працай, вывучаў ёгу, акультызм і міфалогію "з праекцыяй на Беларусь". Гадоў 20 збіраў матэрыялы. А ў 1996-м у навукоўца, як ён прызнаўся, была "стадыя

 сістэматызацыі". Да таго ж удзельнічаў у ансамблі народнай музыкі, для якога нават сінтэзатар набылі. А дачка Зарынка, пахваліўся, піша музыку. На тую пару сеткавае радыё ў Кушлянах ужо зліквідавалі. Гаворым наогул і пра рэчы глабальныя. Пра сусветны крызіс, напрыклад. І пра тое, што вучоны-сацыёлаг Бястужаў-Лада, па словах Алеся, "дае цывілізацыі 60+20 гадоў, каб адумацца і не скаціцца канчаткова ў прорву". Жонку паэта завуць Тэрэза, ёсць у іх і дачка Вольга.

Яшчэ ў памяці засталася вячэра са смачнаю варанаю бульбай: гаспадары накрылі гасцям стол. Мы іх распытваем пра жыццё, яны нашымі планамі цікавяцца. Тэрэза расказвае пра містычныя падзеі ў тых месцах. Як у 1996-м перад Калядамі пацыенты шпіталю ў Смаргоні бачылі: днём з'явілася ў небе вясёлка, і яе канцы злучалі касцёл і царкву. Потым у адной з палат было з'яўленне Маці Божай, Ісуса Хрыста — на праваслаўныя Каляды і на Грамніцы.

Пазней мы запісалі ў дзённік, што ў Алеся Жамойціна ёсць спроба паяднання жыцця на зямлі з жыццём у сферах духоўных, сферах ведаў. Свой конь, карова, каза, свінні, куры... І нават сабачка, нямецкі шпіц — але ж ёсць і заняткі навукай, жаданне адуховіць зямлю, зразумець, дзе мы жывём. Адкуль мы, і як нам жыць далей. Жонка больш займаецца гаспадаркай і дзецьмі, Алесь — навукай і пчоламі. Кажа: падабаецца яму асяродак вясковай інтэлігенцыі. Там адзначаюць угодкі знакамітых людзей, надаюць увагу жыццю душы.

Але мы так і не зразумелі: ці рэалізуе Алесь свой творчы патэнцыял у глыбінцы? Ці зарыентаваны ў пошуках на плён працы ўжо дасведчаных у навуках людзей? Ці ўмее даць "кожнаму па свядомасці"? Хочацца ў тое верыць. Так мы думалі-пісалі тады. Рады ён, што знайшоў у Крэве (нарэшце!) язычніцкае капішча. Падобнае, казаў, да знакамітага Стоўнхенджа! З рознымі ўзроўнямі камянёў, з месцам для галоўнага Агню-Зьніча. Ён таксама сцвярджаў, што друіды — гэта былі дасведчаныя людзі з кельтаў. А кельты ж — з арыяў, і цалкам магчыма, што друіды ў назвах па поўначы Беларусі пакідалі знакі сваёй прысутнасці: Друя, Друйка, Дрывяты, Дрысвяты... Да таго ж, па словах Алеся, рэлігія зораастрыйцаў ёсць у аснове спрадвечнай веры беларусаў — нашага язычніцтва.

ВРЕЗКА. Гатычны касцёл

святых Пятра і Паўла,

так званы

Петрапаўлаўскі касцёл — галоўная

славутасць аграгарадка

Жупраны, пабудаваны ў 1854 годзе.

Само паселiшча знаходзіцца

ў Ашмянскім раёне

Гродзенскай вобласці;

на ўчастку трасы Р63

паміж Смаргонню

і Ашмянамі.

Жупраны вядомыя

тым, што з 1407 года вёскай валодалі

Радзівілы.

Але сапраўдную

папулярнасць вёска

набыла

ў XІX стагоддзi.

Як абярэг нам у дарогу Алесь Жамойцін намаляваў у дзённіку на 60-й старонцы раўнабедраны трохкутнік са знакамі-сімваламі, упісанамі ўнутры яго. А ўнізе надпісы. "І рече Бог да будеть свет! І бысть свет!" (Скарынінская Біблія). Далей пажаданне: "Моцы вам і святла на духоўнай дарозе! Алесь Жамойцін. 26.VІ.1996. Кушляны". І выгарала ўжо за 25 гадоў без пасты адбітая пячатка: "Музей-сядзіба... Кушляны".

Каменка. Фота на памяць. Марыя Місевіч (злева ад Валянціны) разам з сынам Ігарам і пляменніцай Таццянай

Ад Жамойціных позна выбіраемся і рухаемся ў красавіцкую ноч: каб знайсці начлег у Жупранах, у школе. Ад Кушлян да Жупран кіламетраў 10. Спачатку да трасы (на картах дарога Р-63: Ашмяны — Смаргонь), потым улева па ёй у бок Ашмян. А цемень ужо беспрасветная. Калі глянуць на карце участак, ад Асіпан да Жупран, то ўбачыш немалыя лясныя масівы справа ад дарогі. Як жа яны запомніліся нам! Вільготна было ў паветры — прайшоў дождж. І неяк трывожна, як тое апісваецца ў якім-небудзь творы-фэнтэзі. Хмары. Цемра. І лес надта цямнюшчы. А яшчэ, як цяпер кажуць,"крутая" доўгая чорная машына некалькі разоў прыпыняецца, бы суправаджае нас. Як танцуе: то ўперад паедзе, то дасць назад. Нехта, пэўна ж, праз зацемненае шкло нас разглядае. Пра тое мы прыцішана гаворым, а імкнемся не глядзець у бок аўто. А хто ў ім? Для чаго за намі назірае? 90-я ж гады, і ўсяго на дарогах хапала. Іван дык на ўсялякі выпадак выцягвае з пакункаў ды кладзе сякеру бліжэй, пад руку: каб у выпадку чаго паспрабаваць абараніцца. І нават чытаем малітвы, і стараемся не ўпадаць у трывогу — не падпарадкоўвацца страху, хоць яўная небяспека ёсць, як кажуць, зусім побач — руку працягні...

Абышлося. Магчыма, перагаворваемся, гэта святая Еўфрасіння нас абараніла. Яе заступніцтва, мы ў тое верым, было з намі ва ўсім "Хаджэнні ў трыдзясятае царства". А чорную машыну ў чорным лесе часта згадваем. Бадай, тое быў адзіны вялікі страх, які спрабаваў нас на моц ў вандроўцы. Таму і сон у тую ноч быў трывожны.

Дзень 13-ы. Жупраны — Каменка. Школа ў Жупранах. Дзеці-школьнікі, іх уяўленні пра шчасце і асноўны закон у Сусвеце. Касцёл у Жупранах ды помнік Францішку Багу­­шэвічу. Садзім каштаны.

Магіла Францішка Багушэвіча ў Жупранах

Апісанне дня падаецца ў адпаведнасці з падрабязным зместам дзённікаў, які зрабіла Валя восенню 1996-га, праглядваючы запісы.

Учора, 26 красавiка, прайшлі 29 км. Дзень быў напружаны і па хадзе, і па сустрэчах. Начавалі ў Жупранскай школе-інтэрнаце. Прыйшлі позна вечарам, а скіравала нас туды наглядчыца музея: дачка-настаўніца ў школе працуе. Паклаліся позна, бо апынуліся на школьным падворку ў 22.30. З дзённіка (піша Валя): "Іван адразу пайшоў дамаўляцца ў інтэрнат. Я ж у поўнай цемры адна, хвілін 20, яго чакала — разам з чорнаю кошкай, што круцілася побач. І трохі баялася: нібы нейкія шматкі "страху з чорным аўто" да думак ліплі. Спалі па-паходнаму, між ложкамі на падлозе: складана было раскруціць спальнікі. Раніцай, як прачнулiся, хутка сабраліся, бо запрасілі нас у школу: на сустрэчу з вучнямі старэйшых класаў. Падлеткі — з прасветленымі тварамі. Падаравалі хлопцу і дзяўчыне нашу візітку. (Хто, жупранцы, тую сустрэчу памятае? Адгукніцеся!) Ды яшчэ дзяўчынцы Тоні гаварыў Іван пра асноўны закон быцця: закон прычын і наступстваў. Пра тое, што чалавек заўсёды, кожны момант робіць нейкі выбар. Пра вучэнне зараастрызму... Дырэктарка школы — вельмі прыемная жанчына. Мяккая жаноцкасць ёй уласцівая ў адрозненне ад дырэктарак строгіх і "властных", калі не сказаць жалезных. На дарогу дала нам цукерак!"

На сустрэчы задаем вучням 8, 9 і 10 класаў пытанне: што шукаюць людзі ў трыдзясятым царстве? Адказваюць: шчасце, лепшую долю, сваю каханую... А на другое пытанне, пра асноўны закон у свеце, гавораць: любоў да  бліжняга.  Па  ўсім  бачна,  што ў Жупранах дзеці выхоўваюцца ў хрысціянскім духу. Дарэчы, цяпер гэта — "Жупранская сярэдняя школа імя Ф.К. Багушэвіча". На той час у школе было 222 вучні і 24 настаўнікі. А настаўнік геаграфіі ды спеваў Віктар Кавалёнак — падарожнік, як і мы. Вандруе, водзіць паходы на лодках і раварах.

А вось што казала нам дырэктарка школы Соф'я Іосіфаўна Кавалёнак. Яе развагі — у дзённіку. Цытуем:"Хацелася б зрабіць больш. Але паглынаюць шмат часу і сіл гаспадарчыя справы. Зімой, напрыклад, вельмі мерзлі: бо выйшла са строю кацельня. Грэлі батарэі на працягу тыдня паяльнымі лямпамі — бацькі паклапаціліся. Што тычыцца духоўнасці, то лічу: законы дабрыні — асноўныя ў свеце. Я ўсё магу вучням дараваць, акрамя падману. І каб не білі адно аднаго". Дачку сваю, якая вучыцца ў 8 класе, акрамя таго спявае, удзельнічае ў конкурсах, спадарыня Соф'я імкнецца так выхоўваць.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Жупранская школа iмя Ф.К. Багушэвiча"

З размовы з дырэктаркай мы яшчэ помнім, як яна з гордасцю згадвала пра тое, што ў школе бываў вядомы зямляк Франц Клінцэвіч, расійскі палітык, кандыдат псіхалагічных навук — ён родам з вёскі Крэйванцы Ашмянскага раёна. Нарадзіўся ў 1957-м. У 2006 годзе яшчэ рашэннем Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў за адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку (удзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане; палкоўнік запасу. — Аўт.) , вялікі асабісты ўнёсак у развіццё і ўмацаванне сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, актыўную грамадскую дзейнасць на карысць горада Ашмяны і Ашмянскага раёна прысвоена званне "Ганаровы грама-дзянін горада Ашмяны". Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай зоркі, ордэнам Пашаны, Дружбы, ордэнам Аляксандра Неўскага, ордэнам "Пашаны" Рэспублікі Беларусь, ордэнам "Зорка" ІІІ ступені Рэспублікі Афганістан, 12 медалямі СССР і Рэспублікі Афганістан.

Пасля сустрэчы ў школе ідзем у касцёл, які быў пабудаваны ў 1875 годзе. Знаёмімся з ксяндзом Кшыштафам. Цяперашнія звесткі пра гэты храм наступныя: "У 1875-м храм дабудаваны і асвечаны 12 кастрычніка 1875 года ў імя апосталаў Пятра і Паўла". І яшчэ: "каля 1550 г. — заснаваны першы драўляны храм. Канец XVІ стагоддзя — прыстасаваны пад кальвінскі збор. 1854 г. — пачатак будаўніцтва мураванага касцёла па фундацыі графа А. Чапскага. У працах прымаў удзел будучы беларускі пісьменнік Францішак Багушэвіч. Праз недахоп грошай і паўстанне 1863 году будаўніцтва было прыпыненае".

Помнік Багушэвічу стаіць і ў аграгарадку Жупраны. Пастаўлены ён у 1958 годзе ў скверы. Аўтар помніка — вядомы скульптар Заір Азгур.

З запісаў Івана пасля гутаркі з ксяндзом: "Людзі  ў  Жупранах  у  большас-ці — палякі. Па-беларуску ў касцёле не моляцца, хоць кожны святар адкрыты да нацыянальнай мовы. Літургічная частка — на лацінскай ідзе. Няма вывучэння катэхізісу і ў школах. І ксёндз у школу не ходзіць...Тут ёсць такое падзяленне: як католік — то паляк, як праваслаўны  —  то  рускі. Пётр  і  Павел — патроны касцёла".

Ксёндз яшчэ казаў, што дзяцей 30-40 у касцёл ходзяць. У паселішчы на пахаваннях алкаголю няма: такі ён завёў парадак: "Водка, — тлумачыў, — не патрэбная ні памерламу, ні п'яніцу яшчэ жывому. І як няма яе, то ёсць эканомія. Хто цэніць алкаголь — няхай шукае іншага ксяндза: я не хачу ўдзельнічаць у такой імпрэзе". Некаторыя запісы ў дзённіку ідуць пра асаблівасці каталіцкага набажэнства, жыцця вернікаў. Пазначаем, што святар свой час размяркоўвае сам. Гаворым пра ружанец, святарскую малітву, імшу...

З намі яшчэ гутарыла, праводзіла нас да магілы Багушэвіча школьная тэхнічка Таццяна Багушэвіч — на той час завочніца Варшаўскага педуніверсітэта. Крыж на магіле Францішка Багушэвіча пастаўлены быў да ягонага 150-годдзя ад часу нараджэння. І партрэт у касцёл вернуты — да 150-х угодкаў. Таццяна ж расказала, што ў былой плябані адкрыты араторыум — дом для моладзі. У той час вера вярталася ў паўсядзённае жыццё жупранцаў.

Далей у дзённіку невялічкі запіс ужо ў Ашмянах. Анічога прыкметнага для нас там не адбылося: толькі пазначаны тэлефон галоўрэда газеты "Ашмянскі веснік" Юрыя Мікалаева, і што рэдакцыя месціцца па вул. Савецкай, 36. Патрапілі мы ў райцэнтр у суботу, 27 красавіка, ды яшчэ ў абед: не працавала рэдакцыя. А тое, як выса-дзілі 5 кушлянскіх каштанаў пры дарозе ад Ашмянаў (за 4-5 км), помніцца. Было вельмі холадна, ішлі мы ў цёплых куртках. І, абедаючы, нават грэліся ля вогнішча.

З вялікай ўдзячнасцю — пра бібліятэкарку Марыю Місевіч. Яе гасціннасць і вялікую цікавасць да жыцця.

Па дарозе на Гальшаны начлежылі ў вёсцы Каменцы. Дом Уладзіміра і Марыі Місевічаў — пры дарозе, справа. Уладзімір на той час працуе на ферме, гаспадыня — бібліятэкарка. Знаёмімся. Бачна, як Марыя ўсхвалявана: журналісты з Мінска не кожны дзень на падвор'е заходзяць, ды просяцца яшчэ пераначаваць. Таму і спяшаецца пра ўсё расказаць. Малы сын Ігар — 6-гадовы, пляменніца Таццяна. Сашка — старэйшы. Сама закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Да Гальшанаў ад вёскі — 6-7 кіламетраў. Ёсць у Гальшанах гарадзішча і замак. А недалёка, пры вёсцы Людвікаўшчына, хутар Зялёнка, які мы прайшлі, жыве знахар Іван Казіміравіч Мацкевіч. Пытаем у Марыі: ці можна будзе ўранні туды схадзіць. Абяцае нам "конную экспедыцыю" — паехаць на возе.

Сям'я Місевічаў небагатая, але гасцінная. Нам адводзяць у доме цэлы пакой-святліцу. Марыя, шануючы гасцей, засцілае ложкі чыстымі прасцінамі, кладзе высокія падушкі... А мы, брудныя і здарожаныя, адчуваем сябе ніякавата, не хочам парушаць чысціню, і таму па вандроўнай звычцы ўладкоўваемся на падлозе, на свае спальнікі. Чым не ілюстрацыя, скажыце, беларускай ментальнасці: як з боку гаспадароў, так і гасцей...

А ўранні была сонечная нядзеля, шчасце-купанне ў ванне (упершыню за амаль два тыдні штодзённай хады), смачныя бліны гаспадыні і — дзень нараджэння яе старэйшага сына Сашы. А паколькі дарыць нам хлопцу не было чаго, то Іван напісаў яму верш, здаецца, на вандроўнай паштоўцы-візітцы. Хацелася падбадзёрыць ціхмянага, добрага, працавітага падлетка, які, паводле слоў маці, быў на той час не надта ўпэўненым у сваіх сілах. Пішучы нататкі ў 2021-м, разважаем: цікава, як склаўся лёс хлопца, кім стаў? Ці памятае Марыя нашу сустрэчу?

Канешне ж, памятае! Мы дазваніліся ў Каменку, і Ядзвіга Дакурна ўзялася дапамагчы зладзіць з ёй кантакт. Пераказала Марыі, што "знайшліся" падарожнікі-госці яе даўнія. Дарэчы, Ядзвіга вельмі добра гаварыла пра сваю аднавяскоўку. Яна жыве з малодшым сынам, Ігарам, той гэтым летам працуе памочнікам камбайнёра. Сын Саша, як і муж, пайшлі з жыцця. Марыя па-ранейшаму працуе ў бібліятэцы, і хоць лёс у яе няпросты, на жыццё не крыўдуе. Нас памятае: ані разу ж больш журналісты начлежыць да яе не прасіліся. Добра помніць, як вазіла нас да мясцовага знахара.

Памятаем і мы, як пасля снедання жыхары Каменкі назіралі такую карціну: мажная спадарыня Марыя, "восседая" з лейцамі на возе, вязе нас у саломе, размораных купаннем і снеданнем, "сталічных журналістаў" — так прадстаўляла сустрэчным, на хутар да Казіміравіча. Ехалі "браць інтэрв'ю". Сустрэчы з лекарам не адбылося (гаспадара не заспелі дома), але ж былі мы ве-е-льмі задаволены вандроўкай! Асабліва гараджанка Валя, для якой паездка на вазку — экзотыка. Тым больш пасля двух тыдняў хады...

Тут варта заўважыць: ідэю цалкам пешага хаджэння вакол Беларусі той парадны выезд на возе аніколькі не парушыў! Бо мы з'ездзілі "да Казіміравіча" і назад — хто жадае, гляньце па карце! — пройдзенай намі дарогай. Потым вярнуліся ў Каменку, сабралі-спакавалі каляску-Лялечку, сфатаграфаваліся на памяць з Марыяй і дзецьмі ды рушылі па шашы далей, на Гальшаны з іх знакамітым замкам. А верш для  Сашы Місевіча няхай застанецца на старонках часопіса: як памяць пра яго.

У вершы ёсць пажаданне веры i моцы. На жаль, Саша моцным не стаў... А пра знахара нам расказвала яго дачка, Леона Мацкевіч. Гаварыла, бацьку ад Бога сіла дадзена, каб лячыць людзей. Ён настоі робіць — з траў ды кветак. Дапамагае тым, у каго псарыяз, эпілепсія, ушчамленне нерва... У яго "сільны, бальшы гіпноз". Гадоў шэсць ужо людзей лечыць. "Нітку вывяжэ і за руку хворага падзержыць. А бывае, што патрымае руку і ўжо расказвае, што каму баліць." У адной жанчыны быў страшны зубны боль. Таблетак наелася, а не прайшло. А ён вылечыў. Нервовая сістэма калі ў каго не ў ла-дзе — супакойвае, потым здымае стрэс. Неяк нехта нагу зламаў, дык таму чалавеку тата зняў боль. І нага сама сабой зраслася, без гіпса: быў закрыты пералом. Суправаджае лекаванне малітвай. Кнігі чытае. Ён католік, ходзіць да касцёла. Раней хадзіў у калгас. Цяпер на пенсіі.

Як мы зразумелі, лекар усё на сабе правярае — усе рэцэпты, якімі карыстаецца, а потым і людзям раіць. Па словах дачкі, цікавасць да лекавання ў бацькі выклікаў нямецкі ўрач, жыў у тых месцах, "застаўся з вайны". Тады Іван Казіміравіч маленькім быў, але нешта ў ім ускалыхнулася. У дзяцінстве, як пабіўся моцна, заўважыў: падзяржаўся рукой за пабітае месца — і прайшло. Усё ягонае жыццё праходзіць у вялікай працы. Да 33-х і не бярогся, не звяртаў увагі на здароўе. Раз на дзень есць, а то і зусім не — пакуль усіх не прыме. Строгі да п'яніц, як выпіваеш — ён цябе і лячыць не будзе.

Хата знахара — пры дарозе з Ашмянаў на Гальшаны справа, слупок пры ёй: 54 км.  Ідзем на Гальшаны. Адчуваем, што добра адпачылі. Засталася за неба-схілам гасцінная Каменка, і хвілін праз 45, як у нас было заведзена, робім невялічкі прыдарожны перадых.

Мясцовасць там узгорыстая: найбольш узвышаныя мясціны ля Каменкі, казалі нам, называюць Каўказамі. Ад хады па такой дарозе, як па велізарных хвалях, ад пругкай радасці пераадолення сябе пасля разморанасці ўзнікае ў душы адпаведны настрой. У дзённіку ёсць такі запіс Валянціны: "Іван напісаў цудоўны верш, які прысвяціў мне". А гэта большпозняя рэмарка Івана пра Валю: "Яна годна і мужна пераносіла ў даволі няпростым 120-дзённым пешым падарожжы разам са мной усе выпрабаванні. Помніцца, як мяне ўшчуваў, ужо на Палессі, адзін сустрэчны: "Ну, з табой зразумела — захацеў, пайшоў. Ты моцны мужык! А навошта жанчыну мучыш?". Паклон табе і ўдзячнасць, мая спадарожніца!".

Шукаючы ў "Хаджэнні..." сярод іншага і адказ на пытанне: "Што такое шчасце?", мы чулі розныя меркаванні на гэты конт. І ўрэшце, асэнсоўваючы назбіраны вопыт, знайшлі такую яго формулу: шчасце і ў тым, каб у працы не таміцца — працай радавацца. Вядома ж, гэта не азначае: гультаяваць альбо працаваць напаўсілы. Тут найперш важны аптымістычны настрой душы на працу. І душэўная настроенасць вылушчыць радасць ад зробленага.

ВРЕЗКА. Сашу з вёскі

Каменкi ў дзень 16-годдзя

Шаснаццаць!

І вясновая пара...

Дарог яшчэ напера-дзе так многа!

Няхай сумненні ўсе твае згараць

У полымі чаканых перамогаў.

І спраўдзяцца ўсе мары! Толькі вер,

Што ўсё — у нас: і боль, і радасць наша.

Дык выбірай,

і смела, шлях цяпер:

Усё-ўсё збудзецца,

як будзеш моцным, Саша!

"Гэтая работа нас пазадушвае, працуем як рабы" — і такое мы чулі ад людзей, з якімі сустракаліся. І гэта, на жаль, зусім не працоўны настрой, а жыццё ў стрэсе, разбалансаванасць, а то і хвароба душы. З такім настроем і томішся хутка, і радасці ад працы не адчуваеш, і хваробы, сапраўды, побач ходзяць, каб "задушыць". А сустракалі ж мы і аптымістаў, якія робяць свае справы ў светлым настроі: "Дзякуй Богу, што дае сілы працаваць, здабываць хлеб сабе і блізкім. Дзякуй Богу, што я магу навесці парадак у сваёй гаспадарцы, што будзе прыбытак у дом". Пагадзіцеся, гэта ўжо зусім іншая працоўная мелодыя!

Калі напружваць свядомасць, трымаць такі настрой у душы, то, нават і моцна стаміўшыся, як мы ўжо казалі, будзеш адчуваць радасць. Настрой душы — мусіць, менавіта ён стамляе ці бадзёрыць нас у працы. А найлепшы, найсалодкі адпачынак — вядома ж, пасля моцнага напружання і зробленай справы. Радасць ад працы, радасць ад спакою і адпачынку — думаецца, гэтак лепш жыць, каб не наракаць потым ні на лёс, ні на людзей, ні на Бога.

У Гальшанах пабачылі цуд. Штук 5 двароў — нумары дамоў прыкладна 60-65 — стаяць пры Замкавым узвышшы — на ручаі. Яго вада ў руху ўвесь час. Уверсе пад гарою ёсць крыніца. Ручай без назвы. (Магчыма, пазней глянулі, гэта ручай Карабель? Такая назва сустракаецца ў апісаннях гальшанскіх краязнаўцаў.) Ручай упадае ў рэчку Гальшанку. З яго п'юць каровы, у ім людзі мыюць твары ўранні. З яго бяруць ваду для піцця. Калі пусціць па ручаі караблік, то ён заплыве да рэчкі Беразіны. Вось які цуд. Але ж людзі з ім звыкліся. Таму і не лічаць ручай пры хатах вялікім цудам. Бо ён заўсёды побач. А тое, што побач і заўсёды, для нас — гэта звычайнасць, рэальнасць.

Нават уявіць такое прыемна: ва ўласным двары чысты ручай — паміж, скажам, домам ды садам! Не проста недзе за ваколіцай ці ля сядзібы. А ў двары! Нам бы такога хацелася.

Далей мы пайшлі да дырэктара краязнаўчага музея Эдуарда Корзуна дадому — і была нядзеля, і ён адпачываў... Але ж музей нам паказаць пагадзіўся... Цяпер няма ўжо на гэтым свеце Эдуарда Сямёнавіча, руплівага даследчыка Ашмянскага краю, а Гістарычны краязнаўчы музей у Гальшанах па праве носіць яго імя.

Іван і Валянціна Ждановічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.