Вы тут

Даніловіч: Мы павінны глядзець на сваю гісторыю вачыма свайго народа


Гісторыя — вельмі складаны ланцужок, кожнае са звёнаў якога мае значэнне. Выцягнеш адно звяно, і ўжо не скласці аб'ектыўнай карціны пра падзеі, у якія была ўцягнута наша краіна ў 30—40-я гады мінулага стагоддзя. А без гэтых ведаў узнікае і неразуменне месца і ролі беларускага народа ў еўрапейскай і сусветнай прасторы. Каб зразумець прычыны працэсаў, якія адбываюцца сёння, важна са спакойнай галавой разабрацца з мінулым, а гэта немагчыма без звароту да першакрыніц.

Гаворкі аб тым, што дата ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі павінна вярнуцца ў дзяржаўны каляндар, ідуць ужо не адно дзесяцігоддзе, і толькі сёлета мы будзем святкаваць дату на належным узроўні. Ці не спазніліся мы з яе вяртаннем (такое свята адзначалася ў даваенныя гады, а пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі Польшча стала палітычным і эканамічным саюзнікам Савецкага Саюза, яго адсунулі на другі план)? І ці маглі б мы не дапусціць фальсіфікацыі ваеннай гісторыі, калі б раней сталі адзначаць такі дзень? Адказы на гэтыя пытанні гучалі падчас прэс-канферэнцыі «Рыжскі мір у лёсе беларускага народа».


Фота: БелТА

«Мы атрымалі, з аднаго боку, стыгматызацыю даты 17 верасня ў гістарычнай памяці польскага народа, для іх гэта трагедыя. З іншага боку, у нашым грамадстве з'явіліся адчуванні, што нешта з гэтай датай не тое, — заўважыў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч. — Любы нород мае права на інтэрпрэтацыю гістарычных падзей, але нельга скажаць і фальсіфікаваць гісторыю. А сёння дайшло да таго, што гэтыя скажэнні адбываюцца ўжо на міжнародным узроўні. У Еўрапейскім саюзе ўжо спрабуюць паставіць знак роўнасці паміж нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам і нават абвінаваціць СССР у развязванні Другой сусветнай вайны. Але ёсць дакументы, якія сведчаць, што гэта не адпавядае рэчаіснасці, што лёс Польшчы быў вырашаны яшчэ да таго, як быў заключаны пакт Молатава—Рыбентропа аб ненападзенні паміж СССР і Германіяй. Нам няма чаго саромецца гэтай даты. Заключэнне падобных дагавораў і сакрэтных пратаколаў было нармальнай практыкай 1930-х гадоў. Сама ж Польшча выкарыстала гэты механізм, калі яшчэ ў 1934 годзе падпісала дагавор аб ненападзенні з Германіяй, а ў 1938-м заключыла з Германіяй тайнае пагадненне, па якім частка Чэхаславакіі адышла ў склад Польскай дзяржавы. Мы павінны глядзець на сваю гісторыю вачыма свайго народа: аб'ектыўна, спакойна, з разуменнем таго, што станоўчага ці адмоўнага прынеслі для нашага народа пэўныя гістарычныя падзеі».

Загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН кандыдат гістарычных навук Сяргей Траццяк упэненны, што з вяртаннем свята народнага адзінства мы фактычна «ўскочылі ў апошні вагон»: «У 2019 годзе засталася незаўважанай славутая дата — 80 гадоў уз'яднання вялікага беларускага народа ў адзінай дзяржаве. Спатрэбіліся падзеі мінулага года, каб людзі згадалі пра тое, што былі раз'яднаны, і ўз'яднанне заклала падмурак той беларускай дзяржаве, у якой мы зараз жывём. Калі б не было падзей 17 верасня 1939 года, мы б аказаліся ў зусім іншай краіне. Тое, што свята з'явілася ў календары, я лічу аднаўленнем справядлівасці».

Але мы вярнулі не проста чырвоную дату — за ёй стаіць узнаўленне гісторыі, і згадваць пра гэта трэба не раз на год, а працаваць пастаянна. Дагэтуль не быў зняты ніводзін мастацкі фільм, прысвечаны падзеям уз'яднання. Тэма існавання беларусаў як падзеленай нацыі на працягу двух дзесяцігоддзяў засталася дзесьці на задворках і ў гістарычным успрыманні, і ў гістарычнай адукацыі.

Беларусы не лічылі міжваенную Польшчу сваёй радзімай, і гэта, на думку Сяргея Аляксандравіча, ясна паказалі падзеі верасня-кастрычніка 1939 года. Калі б было іначай, ніякага Вызваленчага паходу ў тым выглядзе, як мы ведаем, проста не адбылося б. Можна згадаць пра падзеі ў Фінляндыі, дзе ў 1939 годзе высветлілася, што фіны не лічаць Савецкі Саюз сваёй айчынай, а Савецкую армію — вызваліцельніцай.

18 сакавіка 1921 года быў заключаны Рыжскі мір — гэта трагічная дата беларускай гісторыі, калі тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж Польшчай і СССР. Развіццё абедзвюх частак ішло ў розных кірунках, і толькі ў верасні — лістападзе 1939 года гэта гістарычная несправядлівасць была пераадолена. «Могуць сказаць, што гэта стала магчымым толькі ў абстаноўцы пачатку Другой сусветнай вайны і краху Польскай дзяржавы, — заўважае Сяргей Траццяк. — Але Польская дзяржава Рыжскім дагаворам падпісала сабе смяротны дагавор з адкладзеным выкананнем, а ўсё з-за апасенняў, што любое з'яўленне савецкіх войск на тэрыторыі Заходніх Беларусі і Украіны прывядзе да страты гэтых тэрыторый, нават калі тыя ступяць туды як саюзнікі. Усё гэта і прывяло Польскую дзяржаву да катастрофы верасня 1939 года. У рэшце рэшт, не варта забываць, што заходнія дзяржавы, якія ў лістападзе 1938 года здалі Гітлеру Чэхаславакію, пачынаючы перагаворы з Савецкім Саюзам аб ваенным пакце супраць Германіі, не збіраліся ваяваць з Гітлерам усур'ёз. Разлік быў на тое, што Савецкі Саюз стане ваенным гарантам Польшчы. Але не прымалася ў разлік, ці хоча гэтага Польшча, і ці гатовы да таго Савецкі Саюз. Перадваенны крызіс 1938—1939 гадоў у Еўропе ясна паказаў, да чаго здольны прывесці народы і дзяржавы палітычныя эліты, апантаныя ідэяй уласнага інтарэсу і неадкладнымі мэтамі і задачамі. Тое, што Савецкі Саюз у апошні момант ухіліўся ад удзелу ў нявыгаднай для яго на той момант вялікай вайне ў Еўропе і атрымаў магчымасць два гады праводзіць самастойную палітыку ўзброенага нейтралітэту, трэба лічыць не патаканнем агрэсару, а, наадварот, падрыхтоўкай да будучага адпору».

Сапраўды разабрацца ў гістарычных падзеях 1920—1940-х гадоў няпроста. Але беларускія даследчыкі паклапаціліся аб тым, каб усе факты раскласці па палічках і давесці да ведама шырокай грамадскасці. Праведзена каласальная работа. Выдадзены тры кнігі, прысвечаныя падзеям, звязаным з узнікненнем Беларускай Рэспублікі і трагічным дагаворам 1921 года. Прычым дастаткова вялікім тыражом — у тысячу экзэмпляраў. І нагодай для выдання, як прызнаўся рэдактар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын, сталі не толькі стагоддзе з падпісання Рыжскага мірнага дагавора і тое, што ў нас упершыню шырока будзе адзначацца Год народнага адзінства, а сітуацыя, што складваецца ў свеце, калі ў выніку перайначвання гісторыі беларусаў сталі рабіць датычнымі да развязвання Другой сусветнай вайны.

Зборнік дакументаў «Польшча — Беларусь. 1921—1953 год» — вынік супрацы Інстытута гісторыі НАН, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага архіва КДБ РБ, Фонду «Гістарычная памяць» (Масква). Тут прадстаўлена падборка дакументальных матэрыялаў па розных аспектах узаемаадносін Польшчы і Беларусі, можна прасачыць перадумовы падзей і наступствы, якія пасля былі з імі звязаныя. Захоплены і пасляваенны час, бо шлях да міру і згоды быў даволі складаным: толькі ў 1953 годзе былі ліквідаваны апошнія прадстаўнікі польскага
нацыяналістычнага падполля, якое ў пасляваенныя гады скацілася да простага бандытызму, грабяжоў і гвалту.

Таксама ў выдавецтве «Беларусь» выйшаў двухтомнік «Рыжскі мір у лёсе беларускага народа», які ўяўляе сабой сінтэз калектыўнай манаграфіі і зборніка дакументаў. Тут разглядаюцца розныя аспекты працэсаў, якія адбываліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў грамадска-палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, духоўна-культурнай сферах. У міжваенныя гады Польшча аказалася шматнацыянальнай дзяржавай, палякі ў ёй складалі толькі 64 працэнты, тэрыторыю ж Заходняй Беларусі наогул на 70 працэнтаў засялілі беларусы, але, нягледзячы на гэта, курс быў узяты на паланізацыю і асіміляцыю. Кожны раздзел двухтомніка падмацоўваецца падборкай дакументаў і матэрыялаў.

Як паведаміла старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра агульнай гісторыі, міжнародных адносін і геапалітыкі Інтытута гісторыі НАН Беларусі Вольга Бароўская, у выданнях былі пададзены многія з крыніц, якія раней не былі даступныя даследчыкам, да некаторых з іх толькі нядаўна адкрыўся доступ. Сярод іх — дакументы з архіва Знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, якія праліваюць святло на Рыжскі мірны дагавор і савецка-польскія перагаворы 1920—1921 гадоў. У прыватнасці, там захоўваецца перапіска Іофе і Чычэрына. Уведзены ў навуковы абарот зусім новыя крыніцы Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі. На аснове крыніц падрыхтаваны матэрыял, які паказвае новыя факты, звязаныя з заключэннем Рыжскага мірнага дагавора. Так, стала вядома, што была магчымасць дапушчэння беларускай дэлегацыі ў якасці чацвёртай краіны-ўдзельніцы, але польская дэлегацыя выказалася супраць знаходжання беларусаў за сталом перагавораў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Дзень уз'яднання: вяртанне памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».