Вы тут

Качанава: Каб мець будучыню, мы не павінны забывацца на гістарычную праўду


Сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Белаурсь адкрылася тэматычная выстава «17 верасня — Дзень народнага адзінства», якая дзейнічае ў рамках рэспубліканскага музейнага праекта, прысвечанага Дню народнага адзінства. Удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця выставы прыняла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.


— Я шчыра рада вітаць усіх на гэтай выставе, якая прысвечана тэме ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Бо менавіта тады, у верасні 1939 года, наша краіна набыла тэрытарыяльную цэласнасць, і наш народ быў аб’яднаны, — звярнулася да ўдзельнікаў адкрыцця Старшыня Савета Рэспублікі. — Вядома, гэта знакавая падзея ў жыцці нашай краіны, і вельмі сімвалічна, што выстава адбываецца напярэдадні свята, якое мы будзем адзначаць упершыню, — Дня народнага адзінства. 

Яна прыгадала словы Кіраўніка дзяржавы, агучаныя падчас уручэння дзяржаўных узнагарод учора: калі б не было таго дня, не было б сённяшняй краіны. Пацвярджэннем гэтаму могуць служыць гістарычныя дакументы, якія экспануюцца на тэматычнай выставе.

Важным спікер верхняй палаты парламента лічыць і тое, што аналагічныя выставы разгорнуты ва ўсіх абласных цэнтрах, як і тое, што гэтая экспазіцыя будзе пастаянна дзеючай на працягу года — Года народнага адзінства. 

— Мы павінны ведаць гісторыю сваёй краіны, бо без гісторыі і без мінулага няма будучыні, — пераканана Наталля Качанава. — І мы павінны ведаць самае галоўнае — гістарычную праўду. І павінны аб гэтым расказваць. Мы павінны памятаць свае карані, сваю гісторыю. 

Спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла: неабходна зрабіць усё магчымае, каб адзіная краіна і адзіны народ былі заўсёды. 

— Каб у такой цудоўнай краіне, у якой сёння жывём мы, жылі тыя пакаленні, якія ідуць за намі, — акцэнтавала яна ўвагу. — Асабліва сёння, калі мы адчуваем ціск на нашу краіну, мы павінны зрабіць усё, каб традыцыі, якія былі закладзеныя нашымі папярэднікамі, старэйшымі пакаленнямі, якія калісьці абаранілі свабоду і незалежнасць нашай краіны, былі працягнутыя з гонарам і годнасцю.

Адзначым, што Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі і ўсімі абласнымі музеямі падрыхтаваны рэспубліканскі музейны праект, які прысвечаны Дню народнага адзінства. Тэматычныя экспазіцыі гістарычнага і абласных музеяў былі прэзентаваны падчас цырымоніі адкрыцця з дапамогай тэлемоста.

Як расказаў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр ХРАМЫ, падчас невялічкай экскурсіі, арганізаванай ім для ўдзельнікаў, матэрыялы выставы расказваюць аб вызваленчай барацьбе, якая вялася на тэрыторыі Заходняй Беларусі, аб дзейнасці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, Беларускай сялянска-рабочай грамады, Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. 

Члены гэтых арганізацый падвяргаліся пераследам і арыштам з боку тагачасных польскіх улад, аб чым сведчаць шматлікія дакументы і фатаграфіі. У асобнай вітрыне можна пабачыць комплекс вядомага палітычнага дзеяча Заходняй Беларусі Сяргея Прытыцкага. На выставе экспануюцца шматлікія плакаты, транспаранты, улёткі, якія прыадкрываюць гістарычныя вехі на палітычную сітуацыю таго часу ў Заходняй Беларусі.

Акрамя таго на выставе прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя побыту беларускіх сялян, Таварыству беларускай школы, культуры і адукацыі. Тут можна ўбачыць школьныя падручнікі, сшыткі, фотаздымкі, дакументы, якія сведчаць аб тым, што да 1939 года ў Заходняй Беларусі не было ніводнай школы з беларускай мовай навучання дзяцей.

Своеасаблівай разынкай выставы можна назваць маляўнічае палатно, напісанае беларускімі мастакамі Ісаакам Давідовічам і Яўгенам Ціхановічам. На ім адлюстравана важная падзея ў гісторыі Беларусі — пасяджэнне Народнага сходу ў Беластоку, якое заканадаўча замацавала ўваходжанне Заходняй Беларусі ў БССР.

Таксама падчас выставы была арганізавана прэзентацыя ўнікальнага выдання калекцыянера, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава, выкананага Выдавецкім домам «Звязда» па падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 

— Нам, магчыма, цяжка ўявіць, як беларускі народ сто гадоў таму прымусова падзялілі на дзве часткі, аднак пасля гэтага мы не перасталі быць адным народам. Больш з тое, нашы суайчыннікі з заходніх абласцей амаль 20 гадоў вялі актыўную барацьбу за права быць беларусамі. І менавіта з найбольш яскравымі эпізодамі гэтай барацьбы можна пазнаёміцца на старонках новай кнігі Уладзіміра Ліхадзедава, — падкрэсліў падчас прэзентацыі выдання першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй КУНЦЭВІЧ. 

Дарэчы, першы памятны экзэмпляр аўтар падарыў Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. 

Працяг разгляду актуальнай тэмы ўз’яднання Заходняй і Усходняй частак Беларусі ўдзельнікамі адбыўся падчас тэматычнага круглага стала «Дзень народнага адзінства як сімвал кансалідацыі беларускага народа». 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».