Вы тут

Вядучыя кардыёлагі сабраліся ў Мінску


Другі зезд Еўразійскай арытмалагічнай асацыяцыі і восьмы з’езд кардыёлагаў, кардыяхірургаў і рэнтгенэндаваскулярных хірургаў Беларусі праходзяць 16-17 верасня ў Мінску.


 БелТА

Мерапрыемствы арганізаваны на базе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У форумах бяруць удзел спецыялісты з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Літвы, Канады, Аргенціны і іншых краін.

На пленарным пасяджэнні прагучаць даклады дактароў медыцынскіх навук з Беларусі, Расіі і Украіны па сучаснай тактыцы лячэння фібрыляцыі перадсэрддзяў, стратыфікацыі рызыкі і прафілактыцы раптоўнай сардэчнай смерці, павышэнню эфектыўнасці лячэння хранічнай сардэчнай недастатковасці, у тым ліку хірургічнаму лячэнню, тактыцы абароны органаў-мішэняў у перыяд пандэміі COVID-19. Пройдзе Конкурс маладых навукоўцаў імя акадэміка Г.І.Сідарэнкі «Наперад да ведаў, моладзь!».

Здароўе грамадзян заўсёды было і застаецца прыярытэтным напрамкам сацыяльнай палітыкі дзяржавы, адзначыла падчас цырымоніі адкрыцця Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Паводле яе слоў, пры дзяржпадтрымцы ўзводзяцца новыя аб’екты аховы здароўя, рэканструююцца, мадэрнізуюцца дзеючыя, закупаецца новае сучаснае абсталяванне. Прэзідэнт надае самую пільную ўвагу развіццю медыцыны ў нашай краіне. Наталля Качанава зачытала прывітанне ўдзельнікам мерапрыемства ад кіраўніка дзяржавы.

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што для аказання кардыялагічнай дапамогі накіроўваюцца істотныя рэсурсы. 

Паводле яго слоў, у наступным годзе скончыцца будаўніцтва вялікага корпуса РНПЦ «Кардыялогія». У бліжэйшы час адкрыецца новы корпус транспланталогіі Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, у якім таксама ёсць магутная кардыяхірургічная служба. Будуюцца новыя аб’екты і ў рэгіёнах.

— На вельмі высокім узроўні, як інавацыйны цэнтр, працуе Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Упраўлення справамі Прэзідэнта. У планах — пабудаваць новы корпус кардыяхірургіі ў Мінскай абласной бальніцы. У Магілёўскай абласной бальніцы ў лістападзе мы таксама адкрыем новы корпус. Гэта вельмі важны кампанент у рэсурсным напаўненні, — засяродзіў увагу Дзмітрый Піневіч.

Акрамя таго, нагадаў міністр, у рамках праекта па паскораным развіцці гарадоў (іх у праграме 12) у кожным ствараюцца ангіяграфічныя цэнтры, дзе аказваецца перш за ўсё дапамога пацыентам з вострым каранарным сіндромам.

Арганізавалі форум Еўразійская арытмалагічная асацыяцыя, Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія», Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.