Вы тут

XXІV Рэспубліканскі злёт юных ратавальнікаў-пажарных сабраў каля 300 юнакоў і дзяўчат з усёй краіны


У Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» з’ехаліся пераможцы абласных і Мінскага гарадскога злётаў юных ратавальнікаў-пажарных, а таксама каманда спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны.


Фота аўтара

Як заўважыў першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр ХУДАЛЕЕЎ, адкрыццё злёту адбылося напярэдадні новага для беларусаў свята — Дня народнага адзінства. «Сёння патрыятызм, згуртаванасць і адзінства нацыі вельмі запатрабаваныя ў нашым грамадстве, — адзначыў генерал-маёр унутранай службы. — Праводзячы падобныя мерапрыемствы, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях імкнецца закласці падрастаючаму пакаленню асновы любові да Радзімы. З улікам спецыфікі нашай дзейнасці вельмі важна зрабіць нашу будучыню бяспечнай. Гэтыя актыўныя і крэатыўныя хлопцы і дзяўчаты неўзабаве стануць на варту бяспекі нашай краіны».

На працягу двух тыдняў падлеткі з розных рэгіёнаў Беларусі будуць не толькі адпачываць, але і спаборнічаць паміж сабой — арганізатары падрыхтавалі для іх шэраг спартыўных і творчых конкурсаў. Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты прадэманструюць свае магчымасці ў дысцыплінах пажарна-ратавальнага спорту.

— У тых конкурсах, якія праводзім, не толькі выхоўваем у дзяцей патрыятызм, пачуццё ўзаемадапамогі — закладваем у іх і асновы прафесіі: падлеткі знутры бачаць, што значыць быць ратавальнікам, дапамагаць людзям, — акцэнтавала ўвагу начальнік Цэнтра даследаванняў у галіне бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю палкоўнік унутранай службы Алена ДЗМІТРУК. — І калі гэтыя юнакі і дзяўчаты прыходзяць да нас на службу, яны больш падрыхтаваныя — як фізічна, так і маральна. Злёт з’яўляецца прафесійным арыенцірам для многіх яго ўдзельнікаў: за 24 гады, якія ён праходзіць, каля 300 школьнікаў абралі прафесію ратавальніка. Вельмі прыемна сустракаць і былых удзельнікаў рэспубліканскага злёту, якія ў выніку сталі ўрачамі.

Настасся Ахотнікава з’яўляецца капітанам каманды Гомельскай вобласці. Адзінаццацікласніца марыць дапамагаць людзям, таму і прафесію пасля заканчэння школы выбера адпаведную. На злёце юных ратавальнікаў-пажарных яна ўжо другі год запар. «Зубраня» — тое месца, куды хочацца вярнуцца, — мяркуе дзяўчына. — Тут не толькі адпачываеш, але і вучышся нечаму новаму, набываеш сяброў, з якімі ў цябе аднолькавыя погляды на жыццё«.

У конкурсе «Інтэрнэт-пошук» школьнікі атрымаюць заданне за вызначаны час адшукаць праўдзівую інфармацыю ў глабальнай сетцы і правільна яе аформіць. А ў адным з самых відовішчных спаборніцтваў — «Агляд строю» — члены журы будуць ацэньваць найперш згуртаванасць каманд. Вопыт, атрыманы дзецьмі падчас конкурсаў «Аказанне першай медыцынскай дапамогі», «Ратаванне на водах», а таксама «Знаўцы асноў бяспечнай жыццядзейнасці», спатрэбіцца ім і ў рэальным жыцці. Не будуць лішнімі і веды, якія ўдзельнікі злёту набудуць падчас выканання заданняў выпрабавання «Зводныя палявыя вучэнні». Хлопцы і дзяўчаты адпрацуюць алгарытм дзеянняў падчас правядзення пошукава-ратавальных работ пры падзенні верталёта, пры ратавальных мерапрыемствах у балоцістай мясцовасці і лясных завалах, на паверхні вады. 

Акрамя таго, правядуць эвакуацыю пацярпелых з дапамогай сродкаў для плавання, патушаць умоўны пажар, знойдуць пацярпелых у задымленым памяшканні.

— Мы разлічваем толькі на перамогу, — адзначыла прадстаўніца каманды Міншчыны Кацярына Васько. — Выпрабаванні не самыя лёгкія, канкурэнцыя вялікая, але мы абавязкова справімся.

Дарэчы, падчас злёту дзеці не адарваныя ад вучэбнага працэсу. Для іх арганізаваны заняткі, таму, адпачываючы ў «Зубраняці», яны ніякім чынам не прапускаюць школьную праграму.

Разам з удзельнікамі злёту юных ратавальнікаў-пажарных адпачываюць на беразе Нарачы і школьнікі з Данецкай вобласці. Як расказала дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Надзея АНУФРЫЕВА, адна з функцый установы — аказанне дапамогі дзецям, якія трапілі ў жыццёва складаную сітуацыю. «І калі да нас звярнуліся прадстаўнікі Дабрачыннага фонду Аляксея Талая з просьбай аздаравіць дзяцей з Украіны, мы, вядома, гэтую ініцыятыву падтрымалі, — удакладніла кіраўнік цэнтра. — Зараз у „Зубраняці“ адпачывае 131 дзіця з Данецкай вобласці».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.