Вы тут

Гісторыя музея Валянціна Таўлая


Нельга лепш раскрыць тэму палітыкі польскіх улад на заходніх землях Беларусі ў 1921—1939 гадах, чым праз лёсы беларусаў, якія жылі ў тых мясцінах і змагаліся за права гаспадарыць на сваёй зямлі. Адзін з такіх людзей — Валянцін Таўлай, ураджэнец Наваградчыны.


Будучы вязнем, падарваў здароўе і заўчасна адышоў праз хворае сэрца. Імя паэта носіць Народны літаратурна-краязнаўчы музей, што працуе ў баранавіцкай сярэдняй школе № 4.

Стварыла школьны музей настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Яхант, краязнаўца, руплівіца, улюбёная ў сваю радзіму, як адгукаюцца пра яе калегі. Прыйшла працаваць у школу ў 1968 годзе — у той час навучальная ўстанова была перапоўнена вучнямі: у класах — па сорак дзяцей. Добрая палова з іх не вывучала беларускую мову — яны былі дзецьмі ваенных. Настаўніца разумела: навучэнцаў трэба зацікавіць. Але як? Прыдумала — краязнаўчай працай, праз паходы, экскурсіі… Але ўмовай, каб ездзіць з настаўніцай у паездкі, было вывучэнне беларускай мовы. Дзеці пачалі гуртавацца вакол агульнай справы, паўсюль збіралі аўтэнтычныя матэрыялы. Калі іх назбіралася досыць шмат, настаўніцы параілі стварыць музей. Звярнулася ў гарадскі краязнаўчы — там прапанавалі заняцца вывучэннем жыцця і творчасці Валянціна Таўлая. Ёй гэта было блізка, бо сама Алена Яхант з Навагрудчыны, адтуль, дзе жылі бабуля і бацька пісьменніка. Пачаліся новыя экспедыцыі… Алена Яхант сустракалася з літаратарамі, якія ведалі Валянціна Таўлая: Максімам Танкам, Янкам Брылём. Завязалася перапіска. Так, у музеі захоўваюцца лісты Максіма Танка да Алены Яхант.

Тыя, хто ведаў Таўлая, пачалі дарыць музею кніжкі, іншыя матэрыялы. Адшукалі сваякоў паэта: дачку і сястру.

Тагачасны дырэктар навучальнай установы, Уладзімір Тамко, добра разумеў значэнне музея для школы. Таму было прынята рашэнне, што музей будзе мець не толькі літаратурную частку, але і краязнаўчую — адвялі пад яго 4 залы. Каб напоўніць экспазіцыю, і дзеці, і настаўнікі пачалі прыносіць самабытныя артэфакты, этнаграфічныя рэчы. Але галоўным заставалася даследаванне жыцця і творчасці Валянціна Таўлая. Ідэю, пакладзеную ў аснову экспазіцыі літаратурнай залы музея, дапамог распрацаваць майстар, рэзчык па дрэве Павел Сахарчук. Партрэты знакавых асоб айчыннага пісьменства ў яго выкананні з’яўляюцца аздобай літаратурнай залы музея. 8 лютага 1992 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музея — ён пачаў прымаць наведвальнікаў. З 2003 года загадвае ўстановай пераемніца стваральніцы музея Ніна Шавель — калі яна прыйшла на працу ў школу настаўніцай гісторыі, неабыякавыя да культурнай спадчыны свайго краю жанчыны сталі сяброўкамі і паплечніцамі, разам арганізоўвалі мерапрыемствы для вучняў. Алены Яхант ужо няма. Але ў школе штогод адзначаюць яе дзень памяці — праводзяць вечарыны, запрашаюць літаратараў, чытаюць яе вершы. — Вершы яе простыя, немудрагелістыя, але якія яны добрыя, колькі ў іх святла! Я вельмі задаволена тым, што сустрэла на сваім шляху гэтую жанчыну, — згадвае Ніна Шавель. — Мусіць, Алена Яхант любіла сваю радзіму так, як і Валянцін Таўлай. А ён быў перакананы: беларус на сваёй зямлі павінен быць гаспадаром, а не тутэйшым.

Лёс Валянціна Таўлая адлюстраваны ў цэнтральнай экспазіцыі музея пры дапамозе кніг, архіўных здымкаў паэта і яго родных, рукапісаў, успамінаў сяброў, сучаснікаў. На адной з фотакартак — прыгожы пяшчотны дзявочы твар.

Гэта — першае каханне паэта, адлюстраванае ў вершы. Ёсць дакументы, якія сведчаць пра час, праведзены за кратамі ў польскіх турмах: і ў Гродне, на Лукішках, і ў Лідзе, і ў Слоніме, і ў Вільні, і ў Маладзечне… Упершыню Таўлай быў зняволены ў 15 гадоў. Бацька пісьменніка, дарэчы, таксама зазнаў пераслед за сваю актыўную нацыянальную пазіцыю. Старэйшы Таўлай быў звольнены з дзяржаўнай службы і пазбаўлены казённай кватэры.

Валянціна ж у 1925 годзе выключылі са Слонімскай настаўніцкай семінарыі, у 1928-м — з Віленскай гімназіі. Васемнаццацігадовым юнаком уступіў у КПЗБ.

Захаваліся звесткі пра тое, што польскія служкі Феміды часам зачытваліся і вершамі асуджаных. Так, у 1936 годзе на чарговым працэсе пракурор назваў Валянціна Таўлая самым таленавітым і здольным паэтам, але патрабаваў пазбавіць яго волі аж на восем гадоў!..

І, толькі дыхнуўшы вольным паветрам у 1939-м, паэт стаў удзельнікам баявой дружыны! Яе ў хуткім часе абяззброілі палякі і… дружыннікі былі асуджаны да найвышэйшай меры пакарання. Але пакуль выконвалі ўсе неабходныя працэдуры, падаспела савецкая ўлада… Народжаны для змагання за свой край, нядоўга «адпачываў» Валянцін Таўлай пасля вызвалення з польскай дэфензівы і ўз’яднання Беларусі. У часы Другой сусветнай вайны змагаўся з гітлераўцамі ў партызанскім атрадзе. Пад шклом музейнай вітрыны — фотаздымак яго паплечніцы Кацярыны Главінскай падчас сустрэчы са стваральніцай музея Аленай Яхант. Так, па крупінках збіралася і захоўвалася памяць пра гэтага незвычайнага чалавека.

Да Дня народнага адзінства, 17 верасня, у музеі запланавана літаратурная імпрэза, прысвечаная Валянціну Таўлаю. Будуць гучаць яго вершы, зачытвацца ўспаміны — жыццё пісьменніка вартае быць прыкладам мужнасці і нязломнасці, самаахвярнага служэння Айчыне. — Гэта той чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў уз’яднанню беларускай зямлі. З трыццаці трох гадоў ён восем правёў у турме, амаль усе вершы яго напісаны за кратамі… — распавядае падчас экскурсіі Ніна Шавель.

Маякоўскі па-сяброўску радзіў

Не збываць адразу вершы з рук:

Напісаў — замкні яго ў шуфлядзе,

Як адлежыцца — судзі, здавай у друк.

Не забыцца добрае парады,

Колькі мог, і пан мне «дапамог»,

Замыкаючы замест шуфляды

З вершамі і аўтара ў астрог…

 распавядаў сам паэт у творы «Аб маіх вершах».

Упрыгожвае музейную экспазіцыю і барэльеф В. Таўлая, створаны скульптарам Аляксандрам Траяновічам, сябрам музея.

Не змог Валянцін Таўлай патрымаць у руках свой першы зборнік пад назвай «Выбранае», які пабачыў свет у 1947-м. Аркадзь Куляшоў назваў выхад кнігі самай значнай падзеяй таго года. А Анатоль Клышка, даследчык творчасці Валянціна Таўлая і сябар музея, быў перакананы, што, калі б паэт пражыў больш, мы мелі б талент, блізкі да Янкі Купалы і Якуба Коласа… — На прыкладзе Валянціна Таўлая выхоўваеш дзяцей, вучыш, як трэба любіць сваю зямлю. А як лепей можна патлумачыць тэму «Палітыка польскіх улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі» падчас урокаў, калі не прачытаць успаміны самога пісьменніка пра навучанне ў польскай гімназіі: заходзіць у клас настаўнік і давай пытацца, маўляў, што, гэта за мова такая, беларуская? Першы раз чую. Што гэта за нацыянальнасць — беларусы, дзе яны жывуць, ці не ў Амерыцы? Па вачах дзяцей бачу, што іх гэта ўражвае… Нельга дапусціць, каб мы на сваёй зямлі былі тутэйшымі. Валянцін Таўлай аддаў жыццё за права беларусаў быць на ёй гаспадарамі… Творчасць Валянціна Таўлая натхняе мясцовых літаратараў. Паэтэса Таццяна Яцук кіруе літаратурным аб’яднаннем «Купальскія зоры» пры цэнтральнай бібліятэцы імя паэта, ледзь не ў кожнага з удзельнікаў якога ёсць пранікнёныя радкі, прысвечаныя знакамітаму земляку.

Матэрыялы падрыхтавала Марыя ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?